Вы тут

Усё пачынаецца з дзяцінства


...Шмат гадоў таму мне, маладому настаўніку рускай мовы і літаратуры, быў давераны 5 «Б» клас у сярэдняй школе №3 г. Жодзіна. Колькасць дзяцей па тых мерках была невялікай: сем дзяўчынак і дваццаць адзін хлопчык.


У тыя гады кожны класны кіраўнік першым пунктам у планах запісваў: выхаваць калектыў. У 5 «Б» клопатам першай настаўніцы Соф'і Несцераўны Зыль ён быў. Дзеці сябравалі, дапамагалі адзін аднаму, збіраліся пасля заняткаў, прыдумвалі розныя мерапрыемствы — разам падрасталі.

І вось — апошні год навучання, а неўзабаве фінал — выпускны баль. Звычайна бацькі тады дамаўляюцца з дырэкцыяй школы аб святочным стале, часта — не без спіртнога...

Дык вось тыя выпускнікі пастанавілі, што ніхто яго ў рот не возьме, ні кроплі! І слова сваё стрымалі. Весяліліся, жартавалі, радаваліся і засмучаліся, як многія, дамаўляліся сустракацца.

Што цікава, і тут не кінулі слоў на вецер: з'язджаюцца, каб пабыць разам, расказаць пра свае сем'і, добрым словам успомніць любімых настаўнікаў, аднакласнікаў. Інжынер і швачка, доктар навук, афіцэр — усе яны роўныя і ўсе — як родныя.

Нязменны арганізатар гэтых сустрэч Фаіна Чарапок на ўсё жыццё запомніла, як, па стане здароўя прапусціўшы адзін навучальны год, трапіла потым у гэты клас і як Валодзя Ляткевіч (цяпер доктар навук) зазначыў: «Ты добра вучышся, дык чаму цябе пакінулі на другі год?» Ужо тады ён бачыў нейкую несправядлівасць і нелагічнасць у адносінах да дзяўчынкі. І праз гады казаў, што менавіта ў школе, у атмасферы павагі і добразычлівасці складваліся іх характары, «матрыцы» паводзін, якія і вызначаюць лёс.

Сашу Садавога з-за маленькага росту ў класе называлі брацікам. Сёння — гэта прыгожы самадастатковы чалавек, які знайшоў сваё месца ў жыцці.

Класная прыгажуня Людміла Дзербан жыла далекавата ад школы, таму заўсёды ўспамінае, як хлапчукі праводзілі яе дадому. Лена Пышанкіна пісала сачыненні на цэлы сшытак. Потым стала дацэнтам, па-ранейшаму піша вершы, захапляецца кветкамі. Пеця Падскробкін, інжынер БЕЛАЗа і арганізатар гарадскога клуба меламанаў, як той казаў, жывы не будзе, калі не прыдумае нешта нерэальнае — на смех і радасць. Света Шчаглова (сёння — доктар навук, прафесар) пасля 8-га класа пераехала ў іншы горад, але кожны год не можа дачакацца таго дня, калі зможа абняць аднакласнікаў...

Усе яны — магу з упэўненасцю сказаць — адбыліся не толькі ў прафесіях, але і ў сем'ях: маюць дзяцей, унукаў...

Зайздросныя лёсы. Але ж яны іх стварылі самі.

Леанід КАВАЛЬЧУК, настаўнік, г. Жодзіна

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.