Вы тут

Гэта вельмi карысны занятак — целяпаць нагамi ў паветры


У пятнiцу пад уражаннем ад спектакля «Ша-ша з левага чаравiка» я вучылася целяпаць нагамi. Лепш за ўсё гэта рабiць, калi сядзiш на чым-небудзь высокiм i ногi не дастаюць да падлогi. На камодзе, напрыклад, цi на буфеце. У мяне нi таго, нi другога няма, таму я ўскараскалася на стол.


Гэта вельмi карысны занятак — целяпаць нагамi ў паветры. Ад яго ў любое надвор'е паляпшаецца настрой i хочацца ўсмiхацца. Калi целяпаеш нагамi, адчуваеш сябе маленькай i лёгкай. Здаецца, вось-вось — узляцiш.

Нiколi не забудуся, як на другiм курсе (першы раз у жыццi!) праспала важную лекцыю. Проста дапазна чытала канспект, i ў вынiку ранкам не пачула, як звiнеў будзiльнiк. Пакуль ехала ва ўнiверсiтэт, прыдумляла апраўданнi: «трапiла ў затор», «падвярнула нагу», «пераводзiла бабульку цераз дарогу»...

Галоўная гераiня спектакля — Света — таксама прыдумляла ўсякiя апраўданнi, калi першы раз у жыццi спазнялася на работу. Хоць у яе, як, прынамсi, i ў мяне, нiхто нiякiх тлумачэнняў не патрабаваў. ...Трывожны будзiльнiк звiнеў у галаве дарослай жанчыны штораз, калi яна баялася памылiцца. Так працягвалася да таго дня, пакуль у яе жыццi не з'явiўся Ша-ша.

Маленькi руды пухнаты шар, падобны да джунгарскага хамяка, вылез з левага чаравiка, каб навучыць Свету тром рэчам. Правiльна целяпаць нагамi, рабiць зайцоў з пальчатак i спяваць словы ў лесвiчныя пралёты. А самае галоўнае — каб адшукаць у закутках душы Святланы маленькую Светачку. Тую, якая калiсьцi марыла пабачыць жывога кiта з сэрцам памерам
з аўтамабiль...

Мая знаёмая — працаголiк, якога свет не бачыў. Колькi яе ведаю, пастаянна некуды спяшалася. На днях выпадкова сустрэла Вiку ў горадзе i вушам не паверыла. Мы прагаварылi цэлую гадзiну, i яна нi разу не сказала: «У мяне няма часу».

«Кожны раз, калi мая дачка прымушала мяне адхiлiцца ад раскладу, я мела адгаворку «ў нас няма часу», — пачала сваю гiсторыю Вiка. — «Давай хутчэй, мы спазняемся», «Мы ўсё прапусцiм, калi ты не паспяшаешся», «Хутчэй еш свой сняданак», «Хутчэй апранайся», «Хутчэй чысцi зубы», «Хутчэй кладзiся ў ложак». Гэтыя «хутчэй» i «паспяшайся» я казала сваёй малечы так часта. Нават часцей, чым «я цябе люблю».

Але аднойчы ўсё змянiлася. У той дзень я разам са старэйшай дачкой забiрала малодшую з садзiка. Прыехалi дадому. Выходзiм з машыны. Гэта адбывалася не так хутка, як хацелася б Танi, i яна сказала сваёй малодшай сястры: «Якая ж ты марудлiвая! Давай хутчэй!» Пры гэтым уздыхнула з такой прыкрасцю... I я ўбачыла ў ёй сябе.

Цяпер я не гавару «ў нас няма на гэта часу!» Таму што, па сутнасцi, гэта тое самае: «У нас няма часу на тое, каб ЖЫЦЬ». Бо калi жывеш выключна па плане, тваё бачанне свету становiцца вузканакiраваным — ты бачыш толькi тое, што iдзе наступным на парадку дня. А ўсё, насупраць чаго нельга паставiць галачку ў раскладзе, з'яўляецца пустой тратай часу.

Ведала б ты, якiя неверагодныя намаганнi мне даводзiцца прыкладаць, каб у штодзённай мiтуснi звяртаць увагу на тое, што сапраўды важна. На шчасце, малодшая дачка пастаянна мне пра гэта нагадвае. Калi спыняецца пагаварыць з пажылой жанчынай, падобнай на яе бабулю, просiць прышпiлiць яе любiмую ляльку да сядзення аўтамабiля. Калi хвiлiнамi разглядае розных казюлек ды сваё адлюстраванне ў кроплях расы...»

Светачка напрыканцы спектакля таксама змянiлася да непазнавальнасцi. А ўсё таму, што цяпер у яе галаве замест трывожнага будзiльнiка «звiнiць» стук сэрца кiта.

Пасля таго як таямнiчы Ша-ша выканаў сваю мiсiю, ён развiтаўся са Светай, залез у яе правы чаравiк i знiк. Каб з'явiцца ў новай вiтальнi i навучыць тром жыццёва важным i неабходным рэчам кагосьцi iншага...

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

nadzieja@zviazda.by

Загаловак у газеце: Cэрца кiта

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».