Вы тут

«Найлепшы падарунак — час», — лiчаць актрысы бэбi-тэатра «Пацеркi»


У дзяцiнстве большасць дзяўчынак любiла зазiраць у мамiну шкатулку. I перабiраць-прымяраць самыя розныя пацеркi: жамчужныя i бурштынавыя, бiрузовыя i каралавыя, шкляныя i тэкстыльныя... Мае сённяшнiя гераiнi не выключэнне. Калi яны выраслi i ў iх з'явiлiся ўласныя дзецi, то стварылi тэатр для самых маленькiх гледачоў. I назвалi яго «Пацеркi». Бо цвёрда перакананыя, што найкаштоўнейшыя пацеркi ў свеце — гэта пацеркi сумесных уражанняў. А найлепшы падарунак, якi вы можаце зрабiць сваiм блiзкiм, — гэта час, праведзены разам.


Мы сустрэлiся з Ганнай ШАПАШНIКАВАЙ i Златай ГЛОТАВАЙ у душэўным месцы i за кубачкам кавы пагаварылi пра бэбi-тэатр, сямейныя летнiкi, творчых татаў i дзiцячую фантазiю.

«Амаль увесь ганарар трацiм на кнiгi»

— Вы выбралi для сустрэчы не зусiм звычайнае месца — кнiгарню-кавярню «Сон Гогаля». Я так разумею, кнiгi займаюць важнае месца ў вашым жыццi?

Ганна: Мы жывём у розных дамах.

Злата: I ў кожнай з нас свае кнiжныя палiцы на ўсю сцяну.

Ганна: Хоць кнiгамi мы часта мяняемся. Адштурхоўваемся ад прачытанага, i ў нас з'яўляюцца новыя песнi, спектаклi, цiкавыя мерапрыемствы. Бо кнiгi — гэта крынiца натхнення.

Злата: Калi мы з Аняй вяртаемся з гастроляў — як правiла, прывозiм поўныя чамаданы кнiг. У кнiгарнях бываем часцей, чым у крамах адзення. Так здараецца, што практычна ўвесь ганарар сыходзiць на кнiгi.

Ганна: Лiчу, што гэта вельмi разумнае ўкладанне грошай.

— Хто вас натхнiў на стварэнне такога новага для нашай краiны кiрунку, як бэбi-тэатр?

Ганна: З'яўленне ўласных дзяцей. Усё пачыналася з дамашнiх тэатраў. Мы паказвалi спектаклi сваiм дочкам, сябрам, у якiх ёсць маленькiя дзецi. Калi пачалi паглыбляцца ў тэму, даведалiся пра iтальянца Раберта Фрабэцi. Ён ужо 30 гадоў прыдумляе спектаклi для гледачоў ад годзiка да трох. Нам са Златай пашанцавала вучыцца ў яго. Спасылку на навучанне ў «Бэбi-лаб» (тэатральная лабараторыя ў Маскве для акцёраў i рэжысёраў, якiя хочуць працаваць з маленькiмi гледачамi) мне даслала сяброўка. I мы са Златай, не раздумваючы, падалi заяўку. Вучымся там ужо 3 гады...

Злата: I плануем працягваць. Некаторыя думаюць, што тэатр для самых маленькiх немагчымы. Маўляў, у такiм узросце нерэальна надоўга ўтрымаць увагу дзiцяцi. Мы ж даказваем адваротнае. Нашы 30-хвiлiнныя спектаклi з задавальненнем глядзяць нават гадавасiкi. Усё магчыма, проста трэба адчуваць дзяцей, прыслухоўвацца да iх.

— Чым бэбi-тэатр адрознiваецца ад звычайнага?

Ганна: Сцэна тут знаходзiцца на адлегласцi выцягнутай рукi. Каб артысты маглi падтрымлiваць вiзуальны кантакт з кожным гледачом.

Злата: Нашы гледачы сядзяць не ў крэслах, а побач з мамамi на падушачках, на ўзроўнi падлогi. Бо ў малечы ёсць фiзiчная патрэба мяняць становiшча цела кожныя 2—3 хвiлiны. I адчуваць стук мамiнага сэрца.

Ганна: Яшчэ наш тэатр можна назваць вельмi далiкатным. Тут няма таго, што нечакана можа напужаць: выключанага святла (гэта адзiн з асноўных момантаў, чаму пачынаюць плакаць маленькiя дзецi ў тэатры), рэзкiх гучных гукаў.

«Цуд можна стварыць са звычайных рэчаў»

— А што вас зблiжае, акрамя любовi да кнiг i тэатра? Як вы наогул знайшлi адна адну?

Злата: З Аняй мы пазнаёмiлiся спачатку завочна. Я была ў захапленнi ад яе крамы «Шарсцяная шафа». I ад майстэрнi, дзе яна вучыла iншых рабiць цацкi з воўны. Там было ўсё супер-пупер аформлена: усялякiя галiнкi, казачныя дрэвы... А я ў гэты час таксама займалася рамеснiцтвам, рабiла лялек. Ездзiла па кiрмашах. Перад чарговым прапанавала Анi арэндаваць адно месца на дваiх. Там ужо была магчымасць пазнаёмiцца блiжэй.

Ганна: Сёння нашаму сумеснаму тэатру ажно 4 гады. Нават не верыцца. Многiя думаюць, што мы сёстры. Вiдаць, з часам сталi падобныя нават знешне: мiмiчныя рэакцыi пераймаем, насы яшчэ больш кiрпатыя становяцца. Што нас яшчэ аб'ядноўвае, акрамя агульных iнтарэсаў? У Златы, як i ў мяне, вельмi творчы муж.

Злата: Гэта асобы тып сям'i, дзе муж з'яўляецца творчым чалавекам на 150—200%. I Вова, i Лёня не толькi ўдзельнiчаюць у нашых спектаклях, але i, калi трэба, па начах дапамагаюць з дэкарацыямi (муж Анi — Леанiд Паўлёнак iграе ў музычным гурце «Нагуаль», муж Златы — Уладзiмiр Глотаў — акцёр драматычнага тэатра iмя Горкага).

Ганна ШАПАШНІКАВА і Леанід ПАЎЛЁНАК з дачушкай Евай

— Наколькi для вас важная падтрымка мужа?

Ганна: Асабiста для мяне вельмi важная.

Злата: I для мяне. Прычым важна ўсё: парады, дапамога, удзел, ацэнка. Калi ён праз нейкi час кажа: «Ведаеш, а вось там можна было зрабiць вось так», значыць, гэта ў яго засталося, жыве ўнутры. «Пацеркi» таксама яго цiкавяць, не менш, чым асноўная работа. I нашы дзецi, якiя ва ўсiм гэтым «варацца», бачаць, што мама цiкавiцца работай мужа, i наадварот. Што яны робяць нешта разам, што яны дзесьцi не згодныя, а пасля прыходзяць да кансэнсусу. Чаго ў нас няма, нi ў сем'ях, нi ў «Пацерках», — дык гэта абыякавасцi. Праўда, Аня?

Ганна: I мне гэта вельмi падабаецца.

— Ваш тэатр — выратаванне для мам, якiя знаходзяцца ў дэкрэце. Я пару месяцаў таму хадзiла ў фiлармонiю на Брандэнбургскiя канцэрты Баха. Дык дзяўчыну са слiнгам не пусцiлi ў залу, нягледзячы на набыты квiток. Сказалi, што з дзецьмi да трох гадоў наведваць вячэрнiя канцэрты нельга.

Злата: Баха, можа, яны ў нас i не пачуюць. Але ў бэбi-тэатры мы стараемся выкарыстоўваць выключна жывую музыку.

Ганна: Узаемадзеянне дзiцячай душы i жывой музыкi — гэта сапраўднае чараўнiцтва. Малеча адразу ж рэагуе на вiбрацыю скрыпкi, стук барабана, бо такiя гукi ў штодзённым жыццi яна чуе вельмi рэдка.

Злата: Бэбi-тэатр — гэта магчымасць для малечы даведацца штосьцi новае пра свет.

— А дачок водзiце на свае спектаклi?

Ганна: Нашы дзецi прысутнiчаюць на рэпетыцыях i абмеркаваннях. I глядзяць спектаклi шмат разоў. Псiхалагiчна даказана, што паўтарэнне для дзiцяцi маленькага ўзросту вельмi карыснае.

Злата: Мая старэйшая дачка з гледача паступова ператвараецца ў крытыка. Цiкава, што адзiн i той жа спектакль выклiкае ў яе розныя адчуваннi. Ад «Ах, як было цудоўна!» да «А можа, вам варта было б зрабiць вось так». Для нас гэта меркаванне вельмi карыснае.

Ганна: Дарэчы, старэйшая дачка Златы летась намалявала лялек-герояў для нашага беларускамоўнага спектакля «Стойкi алавяны салдацiк».

Злата: Малюнкi Ясны мне вельмi спадабалiся, было цудоўна працаваць з iмi.

Сям'я ГЛОТАВЫХ

— Практычна ў кожным вашым спектаклi ёсць частка з майстар-класам. Падчас якога дзеткi пры дапамозе бацькоў ствараюць нешта сваiмi рукамi.

Ганна: Такiм чынам мы хочам натхнiць бацькоў, каб яны i дома працягвалi гуляць са сваiмi сыночкамi-дочкамi.

Злата: Дзецi гуляюць штодзень, але задача бацькоў зрабiць так, каб гэта гульня была напоўнена сэнсам. Усе хлопчыкi i дзяўчынкi ўмеюць прыдумваць, але не заўсёды выкарыстоўваюць гэты навык. Бо, як правiла, атрымлiваюць яркiя цацкi, якiя самi рухаюцца, самi спяваюць. I нiкога не трэба расфарбоўваць, агучваць, нiчога не трэба рабiць — толькi сядзець i глядзець.

Ганна: А вельмi важна, каб дзiця бачыла, што штосьцi цiкавае можна стварыць нават са звычайных рэчаў: з каменя, з кавалка тканiны... Як у нас у спектаклi «Птушка. Цягнiк. Патэфон», швейная машынка раптам ажывае i пачынае махаць крыламi, разганяцца хуткiм цягнiком i скрыпець старым патэфонам. Мамiны тканiны пераўтвараюцца ў горы i рэкi, маленькiя катушкi пачынаюць стукаць, быццам барабанчыкi...

Злата: Раю бацькам не гнацца за цацкамi з тэлевiзара. Бярыце звычайныя лыжкi, талеркi i ладзьце на кухнi канцэрты. Стукайце, звiнiце, пералiвайце ваду. Вельмi хачу зрабiць у рамках «Пацерак» курс «Тэатр з мамай». Паказаць, як праз гульню, тэатр i кнiгi можна расшыраць фантазiю дзiцяцi. А пакуль будзем гэта рабiць у сямейных летнiках.

— Мае сябры ездзiлi летась у тэатральна-музычны сямейны летнiк, якi вы ладзiлi ў Белавежскай пушчы. Засталiся ў захапленнi.

Ганна: Вельмi iх разумею. Некалькi гадоў таму я сама наведала падобны сямейны летнiк у Славакii. Там была вельмi творчая атмасфера! I мне захацелася зрабiць штосьцi падобнае для беларускiх сем'яў. Сямейныя летнiкi — гэта асобы вiд адпачынку. Дзе дзецi могуць убачыць сваiх бацькоў зусiм з iншага боку. Часта чуем ад мам i татаў: «я ўжо i не памятаю, калi я...», «я нiколi не думаў, што ў мяне атрымаецца». Як у любым творчым працэсе адбываецца вельмi шмат адкрыццяў. У тым лiку ў бацькоў датычна самiх сябе. Са з'яўленнем дзяцей важна не страцiць сябе, не здрадзiць сваiм iнтарэсам. Сямейны летнiк — гэта, па сутнасцi, сюрпрыз для бацькоў i iх дзетак. Для мяне ж гэта магчымасць рэалiзаваць свае самыя вар'яцкiя iдэi.

Злата: У мяне зусiм iншая гiсторыя. Я ў летнiках прапрацавала з 16 да 26 гадоў. I заўсёды была важатай старшых атрадаў. Калi Аня вярнулася са Славакii i прапанавала разам зладзiць сямейны летнiк, я падумала: «Гэта не для мяне. Што там з малечай рабiць?» Але трапiла туды аднойчы і заразiлася гэтай iдэяй. Адзiн старэйшы сябар сказаў мне, што любiць дзiця — гэта праводзiць з iм разам час. Думка мне спадабалася. I менавiта сямейны летнiк заняў адну з самых рэйтынгавых пазiцый па якасцi праведзенага часу, радасцi ад яго. Гэта як прагулка з сям'ёй у лес, але не на гадзiну, а на цэлых 10 дзён.

Ганна пабегла на спектакль. А мы са Златай паспелi яшчэ пагаварыць пра мары i пра тое, як стаць для сваiх дзяцей сябрам...

«Дом — гэта месца, дзе ты павiнен памыляцца»

— Нядаўна знаёмая напiсала: «Калiсьцi я думала, што сям'я — гэта нуда. Цяпер ведаю, што ад мяне штосьцi ўтойвалi: сям'я — гэта найлепшае месца на зямлi».

— Для мяне сям'я — гэта што заўгодна, але толькi не нуда. На нуду ў нас проста часу няма. Сям'я для мяне была i застаецца цудоўнай магчымасцю. Магчымасцю жыць з каханым чалавекам, паставiць у кватэры ўсё, як ты хочаш, падарожнiчаць разам. На наступны дзень пасля вяселля мы з мужам з'ехалi працаваць вулiчнымi артыстамi ў Францыю. У нас было такое вясельнае падарожжа. Яно працягваецца i дагэтуль. I дзецi таксама былi магчымасцю стаць кiмсьцi новым, падзялiцца сваiм вопытам. Мы, напрыклад, не глядзiм тэлевiзар. Бо разумеем, што дочкi не будуць успамiнаць свой найлепшы дзень прагляду перадачы. Таму займаем вольны час адно адным. У нас няма вялiзнай перагрузкi па гуртках, мы не бегаем па развiваючых секцыях. Калi напачатку мне здавалася, што гэта вельмi важна, то цяпер зразумела, што ўсяму свой час. Мы любiм разам штосьцi майстраваць з кардону. А таксама глядзець мюзiклы. Зараз Ясне толькi 8 гадоў, але яна настолькi шмат ведае песень адтуль. Мне здаецца, што гэта ўжо будзе бясцэнным багажом, нават калi яна потым зацiкавiцца космасам. Яшчэ мы фанаты настольных гульняў. Гэта адзiн з самых карысных iнтарэсаў, на мой погляд.

— На пачатку размовы вы сказалi, што збiраеце кнiгi пра падлеткаў. Як застацца для сваiх дзяцей сябрам, калi яны вырастуць?

— Я не ведаю дакладнага адказу. А цiкаўлюся лiтаратурай пра падлеткаў, каб самой зразумець, што рабiць праз пару гадоў. Мы нядаўна з Аняй размаўлялi на гэтую тэму, бо збiраемся рабiць спектакль пра дом. Я зразумела, што для мяне дом — месца, дзе ты павiнен мець магчымасць памыляцца. Гэта абсалютная зона даверу, дзе разбiты кубак не стане прычынай пакарання. Дома ты ў бяспецы. Таму менавiта тут, дзе цябе прымаюць такiм, якi ты ёсць, варта ўсё паспрабаваць i пацярпець няўдачу. Напэўна, мне гэта хацелася самой адчуваць у дзяцiнстве, таму цяпер дома мы дзелiмся не толькi радасцямi i дасягненнямi, але i сваiмi страхамi, падтрымлiваем адно аднаго. Я думаю, што ўся справа ў даверы. Калi ён ёсць у дзяцiнстве, то нiкуды не знiкне i потым. Спадзяюся, менавiта гэта калiсьцi i павiнна спрацаваць.

— Вы вучыце дзяцей фантазiраваць, марыць. А пра што марыце самi?

— Маем з Аняй адну мару на дваiх. Мы вельмi хочам, каб у нас з'явiлася сваё памяшканне для тэатра. Гэта будзе цудоўнае творчае месца для дзетак i iх бацькоў. У нас шмат iдэй. Але калi пачынаеш прыдумляць новы спектакль, першая думка: як ты яго перавязеш, колькi хвiлiн ты яго будзеш манцiраваць. Машына, у якую павiнны змясцiцца ўсе дэкарацыi, — гэта i ёсць абмежавальнiк нашай фантазii. Калi з'явiцца свой дом, мы зможам зрабiць тое, пра што цяпер толькi марым. I нават больш.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

nadzieja@zviazda.by

Загаловак у газеце: Найлепшы падарунак — гэта час

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.