Вы тут

Чым звычайная швейная майстэрня можа дапамагчы радзiльням


Што можна купiць за тысячу долараў? Пуцёўку на мора, канапу з крэсламi ў кватэру, ноўтбук апошняй мадэлi. Шанц на выратаванне для немаўлят у дзесяцi рэанiмацыях. Рамеснiца i наша калега Марына БЕГУНКОВА запусцiла сацыяльны праект: яна шые чахлы на боксы для неданошаных дзяцей, каб бясплатна перадаць у раённыя радзiльнi.


Партыю чахлоў на боксы для неданошаных дзяцей ужо перадалi ў маладзечанскую радзiльню

— Я прывыкла быць сацыяльна карыснай: прафесiя журналiста ж таксама нясе сацыяльную функцыю. Калi стала шыць (падчас дэкрэтнага Марына занялася дзiцячым тэкстылем. — Аўт.), перыядычна сутыкалася з мамамi, у якiх дзецi нарадзiлiся неданошанымi. Для таго, каб такiя немаўляты нармальна развiвалiся, iх кладуць у боксы i накрываюць спецыяльнымi чахламi. Але накiдкi ёсць далёка не ва ўсiх радзiльных дамах, — расказвае Марына пра тое, як узнiкла iдэя праекта.

Навошта патрэбны чахлы? Адна з сур'ёзных праблем дзяцей, якiя нарадзiлiся заўчасна, — недаразвiтая сятчатка. Вочы немаўляцi хваравiта рэагуюць на любое святло, можа ўзнiкнуць рэцiнапатыя неданошаных. Таму ў агульнасусветнай практыцы празрыстыя боксы-кювезы накрываюць чахламi, каб рэгуляваць колькасць святла. Акрамя таго, зацямненне часткова ўзнаўляе ўмовы, у якiх немаўля знаходзiцца ва ўлоннi мацi. Яшчэ адна важная дэталь: накiдкi з сiнтэпонавым напаўняльнiкам дазваляюць пазбегнуць лiшнiх цепластрат.

На жаль, спецыяльныя чахлы маюць толькi 10 працэнтаў радзiльных дамоў. Астатнiя выкарыстоўваюць коўдры, пялёнкi цi не накрываюць боксы зусiм. Марына вырашыла, што некалькi рэанiмацый яна зможа забяспечыць на дабрачыннай аснове. Патрэбны былi толькi грошы на расходны матэрыял. Тысячы долараў хапiла б на 60 накiдак для дзесяцi радзiльных дамоў (па шэсць у кожны). Палову сродкаў рамеснiца сабрала з дапамогай краўдфандынгу, палову — ахвяраваў мецэнат, якога ўдалося знайсцi дзякуючы конкурсу сацыяльных праектаў Social Weekend.

Згодна з указам Прэзiдэнта №300 ад 1 лiпеня 2005 года, займацца дабрачыннасцю можа любы чалавек. Але Марына для падстрахоўкi напiсала яшчэ i лiст у Мiнiстэрства аховы здароўя: там далi «зялёнае святло».

Распрацоўваць выкрайку прыйшлося самастойна. У iнтэрнэце яе няма, а адзiная беларуская фiрма, якая некалi шыла накiдкi па дзяржзаказе, пасля першай партыi спынiла iх вытворчасць.

— У вынiку гатовы чахол на пару дзён пазычыў Рэспублiканскi навукова-практычны цэнтр «Мацi i дзiця», — успамiнае Марына. — Разам з мамай — яна прафесiйная швачка — мы ўночы рабiлi выкрайку. Пасля я наведвала яшчэ радзiльны дом №2 у Мiнску. Там мне паказалi чахлы ў дзеяннi, расказалi, якiя плюсы ў розных вiдаў.

Накiдка ад замежных вытворцаў каштуе каля тысячы еўра, сабекошт Марынiнай — 15 еўра. Адкуль такая рознiца? Па-першае, вядомыя кампанii накручваюць цану з-за брэнда. Па-другое, чахлы прадаюць у камплекце з боксамi, якiя каштуюць 15—20 тысяч еўра: у дадатак да гэтага тысяча ўжо не здаецца такой вялiкай сумай. Па-трэцяе, замежныя вытворцы выкарыстоўваюць спецыяльную медыцынскую тканiну, а ў Марынiным варыянце — стапрацэнтная бавоўна. Першая, вядома, больш трывалая, але яе нельга мыць пры высокiх тэмпературах, як гэта робяць з усёй бялiзнай у бальнiцах.

Калi рамеснiца расказала пра свой праект у сацыяльных сетках, знайшлiся жанчыны, гатовыя дапамагаць у вырабе чахлоў. «Але сутыкнулася з праблемай, што яны не ўмеюць шыць. Трэба спачатку арганiзоўваць майстар-клас для iх: усё ж такi работа павiнна быць якаснай. Таму ахвотным я даручаю пакуль распаўсюджваць iнфармацыю. А з шыццём дапамагае мама. Такi сямейны праект», — усмiхаецца Марына Бегункова.

Да яе цяпер часта прыходзяць лiсты падтрымкi. А маладыя мамы дзеляцца сваiмi гiсторыямi. I просяць дапамогi. Так, Марыне нядаўна пiсала жанчына з Санкт-Пецярбурга. Пыталася, цi прадаюцца чахлы. Аказалася, што яна беларуска, паехала з мужам адпачываць у Пiцер i там нечакана нарадзiла раней за тэрмiн. Дзiця выходжваюць у расiйскай бальнiцы, транспартаваць пакуль нельга, а накiдак на боксы ў рэанiмацыi не хапае. Некалькi штук рамеснiца перадала ў тую бальнiцу.

Для пашыву чахлоў  спецыяльна выбiралiся яркiя тканiны.

Партыю чахлоў завезлi ўжо i ў радзiльню ў Маладзечна.

— Нашы вырабы цяпер чакаюць у рэгiёнах: у Бабруйску, Баранавiчах, Магiлёве. У адной радзiльнi расказвалi, што яны пакiдалi заяўку на накiдкi — iм два гады прывезцi не могуць.

Праблемы на шляху таксама былi. У адной з бальнiц, напрыклад, спачатку пагадзiлiся прыняць чахлы, а потым, калi пачулi, што iх будзе толькi шэсць ды яшчэ прыедзе прэса (паведамляць пра далейшы лёс праекта важна, бо ён рэалiзуецца за народныя грошы), сказалi, што не хочуць напружвацца...

У планах Марыны — працягваць шыць рэчы, неабходныя для неданошаных дзяцей. Ёсць папярэдняя дамоўленасць з адной баранавiцкай фабрыкай на бясплатную пастаўку тканiны для чахлоў. Акрамя гэтага, рамеснiца збiраецца ствараць коканы-гнёзды (спецыяльныя матрацы, медыкi
iх вельмi рэкамендуюць) i адзенне для нованароджаных.

— Хачу займацца сацыяльным прадпрымальнiцтвам. 50 працэнтаў вырабаў шыць на заказ за грошы, 50 працэнтаў — аддаваць на дабрачыннасць, — дзелiцца Марына Бегункова. — Гэта складана: весцi перамовы з радзiльнямi, знаходзiць сродкi, сiлы, цярпенне. Самае важнае для мяне — не «выгараць». Але ўсё роўна сацыяльнае прадпрымальнiцтва — гэта цудоўна. Я ведаю, што многiя ўдзячны за мой праект, i гэта мяне вельмi натхняе.

Афiцыйна

Наталля СВIРЫДА, намеснiк галоўнага ўрача па дзяцiнстве i родадапамозе Маладзечанскай цэнтральнай раённай бальнiцы:

— На працягу года ў нашым радзiльным доме выходжваецца ў сярэднiм каля 45—50 неданошаных дзяцей. Гэта прыкладна 2,5 працэнта ад усiх нованароджаных. Стварэнне аптымальных умоў выходжвання з'яўляецца адной з найбольш важных задач арганiзацыi дапамогi неданошаным дзецям у медыцынскiх установах. Адзiн з фактараў, якiя спрыяе абароне немаўлят ад яркiх крынiц святла, гукавых раздражняльнiкаў, — выкарыстанне чахлоў на iнкубатары. Чахлы аснашчаны асобнымi «пялёсткамi», якiя не абмяжоўваюць доступ для медыцынскiх манiпуляцый i дазваляюць праводзiць сеансы фотатэрапii, рэнтгеналагiчнае даследаванне i iншыя, не дастаючы дзiця з кювеза.

Даведка

За 2015 год у краiне з'явiлася на свет пяць тысяч неданошаных немаўлят. За апошнiя пяць гадоў працэнт неданошаных сярод усiх нованароджаных вагаецца ў межах чатырох працэнтаў.

Усяго ў Беларусi 110 радзiльняў. У рэанiмацыi звычайна стаiць 8—10 боксаў-кювезаў.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zviazda.by

Фота Сяргея ЛЕСКIЧА

Загаловак у газеце: Тое, што трэба!

Каментары

Желаю Марине успеха в ее добром деле. Маленькие детки не оставляют никого равнодушным. Их проблемы должны решаться в первую очередь! Такие беззащитные. Всего киллограм или два. Они трогают любое сердце, но далеко не любое сердце окажет необходимую помощь. Спасибо, Марина. За ваше добро жизнь оплатит сторицей. Все хорошие дела умножаются, делают мир лучше!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Догляд займае не больш за хвіліну». Як правяраюць наведвальнікаў перад уваходам у фан-зону?

«Догляд займае не больш за хвіліну». Як правяраюць наведвальнікаў перад уваходам у фан-зону?

Пералік рэчаў, забароненых да праносу, змешчаны на ўваходзе ў кантрольна-прапускны пункт.

Эканоміка

Што мы купляем праз інтэрнэт, і чаму айчынны гандаль у сеціве прайграе

Што мы купляем праз інтэрнэт, і чаму айчынны гандаль у сеціве прайграе

Электронны гандаль у нашай краіне працягвае расці. 

Грамадства

Мінчанка трымае ў аднапакаёвай кватэры жывога пітона

Мінчанка трымае ў аднапакаёвай кватэры жывога пітона

У Машы Афанасій жыве каля года. Такі незвычайны падарунак ёй зрабіў сябар.