Вы тут

Ці будуць этыкеткі тавараў выключна беларускамоўнымі?


Што адбылося: абмежаванне правоў беларускай мовы або неразуменне дакумента?

Нядаўна некаторыя беларускія вытворцы апынуліся ў нечаканай сітуацыі: інфармацыю на этыкетках харчовых тавараў цяпер можна пісаць альбо на рускай, альбо на рускай і беларускай мовах. Гэта звязана з новым дзяржаўным стандартам СТБ 1100-2016, які ўвёў дадатковыя патрабаванні да афармлення этыкетак. Карэспандэнт «Звязды» пагутарыў з вытворцамі і Дзяржстандартам, каб разабрацца ў сітуацыі.


Намеснік кіраўніка лікёра-гарэлачнага завода Алег КАВАЛЁЎ лічыць, што ўказанне інфармацыі на дзвюх мовах выліваецца ў падвойныя выдаткі. Яго кампанія вырабляе беларускі нацыянальны напой. «Ёсць контрэтыкетка, і яе абавязковая ўмова — я не магу прапісваць інфармацыю толькі на беларускай мове. Што такое контрэтыкетка? Ёсць пярэдні бок этыкеткі, а ёсць задні — гэта і ёсць контрэтыкетка. На ёй мне абавязкова трэба прапісаць усё яшчэ і на рускай мове, — тлумачыць Алег. — Нават калі я і сутыкнуўся з некаторымі складанасцямі, заканадаўства ніхто змяняць не будзе. Няма ніякага сэнсу плыць супраць цячэння. Але не забывайце, што ўсё сёння каштуе грошай — дадатковыя выдаткі на вытворчасць нявыгадныя. Мы вымушаны былі прапісаць і на рускай, хоць хацелі толькі на беларускай мове». Таксама Алег дадаў, што калі ў будучыні нешта зменяць, то ён пяройдзе толькі на беларускую мову ў вытворчасці.

Супрацьлеглага меркавання прытрымліваецца намеснік дырэктара па маркетынгу цукрарафінаднага камбіната Павел ШКАТУЛА. Яго прадпрыемства нядаўна пачало рабіць варэнне пад гандлёвай маркай на беларускай мове. «Мы першапачаткова рабілі прадукт на дзвюх мовах, таму што мы арыентуемся і на замежных кліентаў, напрыклад на Расійскую Федэрацыю, — адзначыў Павел. — Двухмоўе ўніверсальнае.

Каб да канца разабрацца ва ўсіх тонкасцях новага стандарту, мы звярнуліся ў Дзяржстандарт. Як адзначылі ў ведамстве, указанне інфармацыі для спажыўца на харчовую прадукцыю на рускай або рускай і беларускай мовах, прадугледжанае ў новай рэдакцыі дзяржаўнага стандарту СТБ 1100-2016, гарманізавана з патрабаваннямі абавязковага ў краінах ЕАЭС тэхнічнага рэгламенту «Харчовая прадукцыя ў частцы яе маркіроўкі» (ТР МС 022/2011) і палажэннямі Дагавора аб ЕАЭС.

Такі падыход, калі інфармацыя для спажыўца прыводзіцца на рускай мове і на мове дзяржавы — члена ЕАЭС, дзе прадукцыя рэалізуецца, узгоднены ўсімі краінамі-членамі і ўжываецца пры продажы прадукцыі на іх рынках. Таму этыкеткі з інфармацыяй для спажыўца толькі на беларускай мове могуць прымяняцца на харчовую прадукцыю, прызначаную для рэалізацыі толькі на тэрыторыі нашай краіны.

Калі вытворца прыняў для сябе такое рашэнне, то ён павінен разумець, што доступ яго вырабаў на рынак іншых дзяржаў ЕАЭС абмяжоўваецца. Інфармацыя на рускай мове абавязковая пры экспарце прадукцыі ў любую з краін-членаў.

«Практыка таксама паказвае, што сёння, пры адкрытасці межаў, нельга гарантаваць, што тавар, прызначаны толькі для ўнутранага рынку, не можа быць набыты якой-небудзь арганізацыяй і пастаўлены ёю ў іншую краіну ЕАЭС. А ўжо там, калі падчас нагляду будзе ўстаноўлена неадпаведнасць прадукцыі дзеючым патрабаванням, могуць быць ужыты меры ўздзеяння, што не на карысць іміджу вытворцы і краіны», — падкрэслілі ў Дзяржстандарце.

Каб паменшыць падобныя рызыкі для айчынных кампаній, падрыхтавана змяненне, згодна з якім дэкларацыі адпаведнасці на харчовую прадукцыю, якая прызначана для выпуску ў абарачэнне толькі на тэрыторыі Беларусі і якая прадугледжвае нанясенне інфармацыі для спажыўца толькі на беларускай мове, будуць прымацца ў Нацыянальнай сістэме пацвярджэння адпаведнасці Рэспублікі Беларусь.

Важна звярнуць увагу вытворцаў і яшчэ на адну дэталь: не трэба забываць аб спажыўцах, напрыклад, якія наведваюць нашу краіну і не валодаюць беларускай мовай, але хацелі б ведаць склад прадукту, умовы захоўвання і рэкамендацыі па выкарыстанні, перш чым яго набыць. Інфармацыю на рускай мове ў такім выпадку рэкамендуецца размяшчаць не на этыкетцы, а на лісце-ўкладышы, улётцы.

Што датычыцца менавіта назваў харчовай прадукцыі, то яны могуць друкавацца на беларускай мове і не патрабуюць перакладу на рускую мову. Ні ТР МС 022/2011, ні СТБ 1100-2016 не ўстанаўліваюць патрабаванняў па выкарыстанні пэўнай мовы пры нанясенні падобных назваў, дадалі ў Дзяржстандарце.

Адначасова варта згадаць, што СТБ 1100-2016 з'яўляецца добраахвотным для прымянення. Абавязковымі з'яўляюцца патрабаванні тэхнічных рэгламентаў Мытнага саюза, якія распаўсюджваюцца на харчовую прадукцыю. Сёння гэта не толькі ТР МС 022/2011, але і тэхнічныя рэгламенты на сокі, алейна-тлушчавую, мясную, малочную і іншыя віды прадукцыі. СТБ 1100-2016 акумулюе ў сабе патрабаванні гэтых дакументаў і можа з'яўляцца кіраўніцтвам па іх выкананні ў частцы маркіроўкі прадукцыі.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

lukashevich@zvіazda.by

Загаловак у газеце: «Этыкет» для этыкетак

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.