Вы тут

Важныя нюансы, пра якія трэба ведаць абітурыентам


«Прыёмная кампанія ў вышэйшых навучальных установах пройдзе сёлета па новых правілах прыёму. Пашырэнне магчымасцяў для абітурыентаў стане асноўнай яе адметнасцю», — пра гэта паведаміў на прэс-канферэнцыі ў БЕЛТА першы намеснік міністра адукацыі Вадзім БОГУШ.


Адно з важных новаўвядзенняў — магчымасць здачы цэнтралізаванага тэсціравання па чатырох вучэбных прадметах замест трох. Да таго ж сертыфікаты ЦТ будуць дзейнічаць цяпер два гады. Істотным плюсам можна лічыць і з'яўленне трох рэзервовых дзён для здачы ЦТ. Раней быў прадугледжаны ўсяго адзін такі дзень, і калі абітурыент захварэў і прапусціў, напрыклад, два ЦТ, ён быў вымушаны траціць цэлы год.

— Разам з тым пашырэнне кола дысцыплін на ЦТ накладае на абітурыентаў і сур'ёзную адказнасць. Да выбару прадметаў трэба падыходзіць надзвычай прадумана яшчэ на этапе рэгістрацыі на ЦТ, — папярэджвае начальнік упраўлення вышэйшай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей КАСПЯРОВІЧ. — Магчымасць здачы чацвёртай дысцыпліны павялічвае, на жаль, і рызыку дапусціць памылку. У першую чаргу наяўнасць чацвёртага сертыфіката актуальная для тых спецыяльнасцяў, якія знаходзяцца на стыку галін ці прадметных абласцей.

Калі абітурыент дакладна вызначыўся з профілем будучай спецыяльнасці і яму не патрабуецца «падстраховачны» трэці профільны прадмет, ён можа здаваць на ЦТ і рускую, і беларускую мову. І гэта таксама можна разглядаць як пашырэнне магчымасцяў. Але прыёмныя камісіі ўсё роўна будуць прымаць у абітурыентаў толькі тры сертыфікаты. Гэта значыць, што абітурыенту можна будзе арыентавацца на сертыфікат па дзяржаўнай мове з больш высокім балам, бо не сакрэт, што лёс абітурыента нярэдка вырашаюць усяго адзін-два лішнія балы. А вось зарэгістравацца на ЦТ больш чым на чатыры дысцыпліны не атрымаецца, паколькі рэгістрацыя адбываецца ў аўтаматычным рэжыме, і на пятае ЦТ праграма проста «адмовіцца» абітурыента рэгістраваць.

Значна спрашчаюцца і ўмовы для паступлення абітурыентаў на спецыяльнасці сельскагаспадарчага профілю.

— Яны змогуць па выбары або здаваць цэнтралізаванае тэсціраванне і падаваць у прыёмную камісію свае сертыфікаты, або здаваць унутраныя экзамены, — праінфармаваў Сяргей Каспяровіч. — Для ўсіх, хто паступае ў ВНУ сельскагаспадарчага профілю, а таксама ў ВНУ іншага профілю, але на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці, вызначаны адзіны падыход. Абітурыенты будуць здаваць толькі два ўступныя іспыты па профільных прадметах. Здаваць экзамен па дзяржаўнай мове ім не давядзецца.

Разам з тым у Міністэрстве адукацыі раяць усім абітурыентам удзельнічаць у ЦТ — гэта найлепшы спосаб паглядзець на свае дасягненні на фоне іншых прэтэндэнтаў на студэнцкі білет. Не варта яго ігнараваць і выпускнікам профільных педагагічных класаў, у якіх з'явілася магчымасць паступаць на 38 педагагічных спецыяльнасцяў без здачы экзаменаў толькі па выніках гутаркі.

Сёлета колькасць выпускнікоў такіх класаў складзе 1,5 тысячы чалавек. Зразумела, што не ўсе яны пойдуць вучыцца на педагогаў. І не ўсе з іх выпускнікоў адпавядаюць патрабаванням, устаноўленым у Правілах прыёму. Для таго каб скарыстацца такой прывілеяй, адзнакі па профільных прадметах павінны быць не ніжэйшыя за 8 балаў, а па ўсіх астатніх прадметах школьнай праграмы — не ніжэйшыя як 7 балаў. Акрамя таго, старшакласнікі павінны абавязкова засвоіць праграму факультатыву «Увядзенне ў педагагічную прафесію» аб'ёмам 140 вучэбных гадзін за два гады. І нарэшце, кожны прэтэндэнт на льготу павінен будзе атрымаць разгорнутую характарыстыку-рэкамендацыю, зацверджаную педсаветам. А яна выдаецца па выніках створанага адзінаццацікласнікам уласнага партфоліа. Гэта значыць, што школа нясе поўную адказнасць за аб'ектыўнасць выдадзенай рэкамендацыі.

Але сітуацыя, калі на нейкай спецыяльнасці колькасць абітурыентаў, якія паступаюць без здачы ЦТ, можа аказацца большай за колькасць бюджэтных месцаў, усё ж такі не выключаецца. Бо не варта забываць, што без экзаменаў маюць права паступаць на педагагічныя спецыяльнасці таксама і школьныя медалісты, і пераможцы алімпіяд. Плюс прыкладна 20% месцаў будзе забраніравана пад мэтавы набор.

— Калі раптам складзецца конкурсная сітуацыя, у гэтым выпадку ў Парадку прыёму агавораны парадак, якім чынам адбываецца залічэнне. Ёсць пэўны пералік, хто залічваецца ў першую чаргу, хто — у другую і гэтак далей, — растлумачыў Вадзім Богуш. — Логіка ўступнай кампаніі выбудаваная наступным чынам: выпускнікі педагагічных класаў, якія маюць права паступаць без экзаменаў, праходзяць гутарку ў тэрміны падачы дакументаў. І калі іх спроба раптам акажацца няўдалай, яны яшчэ паспеюць падаць свае сертыфікаты ЦТ і паступаць на агульных падставах. Правядзенне гутаркі завяршаецца не пазней чым за два дні да завяршэння тэрміну падачы дакументаў у прыёмныя камісіі для ўдзелу ў конкурсе на бюджэтныя месцы.

Адкрыццё зусім новых спецыяльнасцяў на ўзроўні вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў гэтым годзе не прадугледжана. У асобных ВНУ з'явяцца пэўныя спецыяльнасці, якія раней былі адкрыты ў іншых ВНУ. Напрыклад, у бягучым годзе Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт адкрывае падрыхтоўку па такіх спецыяльнасцях, як «Вытворчасць вырабаў на аснове трохмерных тэхналогій» і «Камп'ютарная мехатроніка». Гэта запатрабаваныя, інавацыйныя спецыяльнасці.

Сяргей Каспяровіч праінфармаваў, што на ўсіх узроўнях прафесійнай адукацыі (ад прафесійна-тэхнічнай да вышэйшай) кантрольныя лічбы набору былі сёлета адкарэкціраваныя ў бок іх змяншэння з улікам рэальнай патрэбы эканомікі ў кадрах і дэмаграфічнай сітуацыі. Так, на ўзровень прафесійна-тэхнічнай адукацыі запланавана прыняць 29,7 тысячы навучэнцаў, на ўзровень сярэдняй спецыяльнай — 24,2 тысячы, а на бюджэтную форму навучання ў ВНУ (і дзённую, і завочную) мяркуецца набраць 27,1 тысячы першакурснікаў.

Што датычыцца кошту платнай формы навучання, то ён будзе сфарміраваны бліжэй да пачатку навучальнага года. Вадзім Богуш растлумачыў: «Кошт фарміруецца штогод зыходзячы з рэальных выдаткаў, якія нясе ўстанова адукацыі па падрыхтоўцы спецыяліста па той ці іншай спецыяльнасці. Таму сказаць адназначна, ці будзе ён змяняцца, я пакуль не магу».

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Фота Анатоля Клешчука

Загаловак у газеце: Чаму ЦТ лепш не прапускаць?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».