Вы тут

Як «выгадаваць» доктара навук?


Адна з найбольш значных праблем у навуковай сферы заключаецца ў малой колькасці дактароў навук ва ўзросце да 45 гадоў, лічыць старшыня Навуковага савета Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў (БРФФД) Сяргей ГАПОНЕНКА. Яна звязана, апроч іншага, з тым, што ў 1990-я гады шмат маладых вучоных, якія цяпер былі б у гэтым узросце, з'ехала за мяжу або змяніла сферу дзейнасці. Тым не менш намаганні для ліквідацыі гэтай праблемы прыкладаюцца, у тым ліку пры дапамозе грантаў, якія заахвочваюць свежыя кадры заставацца ў навуковай сферы.


— Галоўныя аспекты, над якімі нам трэба цяпер працаваць, — гэта ўменне прадаваць вынікі сваіх распрацовак і ліквідацыя разрыву паміж лабараторыямі і прадпрыемствамі, — адзначае Сяргей Гапоненка. — Акрамя таго, эканоміка Беларусі характарызуецца адносна невялікай навуковай ёмістасцю (сумай сродкаў, накіраваных на новыя даследаванні і распрацоўкі). Калі ў развітых краінах гэты паказчык дасягае прыкладна трох працэнтаў ВУП, то ў нас яна меншая за адзін працэнт. Праўда, у той жа Германіі толькі адзін працэнт фінансуецца з бюджэту, усё астатняе ўкладваюць вялікія карпарацыі.

Якраз для рашэння гэтых і шэрагу іншых задач сёлета будзе рэалізавана некалькі новых праектаў. Адзін з іх — першая школа маладога навукоўца пад назвай «Малады вучоны пад ключ». Падчас яе правядзення ўдзельнікаў навучаць шукаць фінансаванне для сваіх праектаў, публікавацца ў навуковых выданнях з высокім індэксам цытавання, прэзентаваць вынікі сваёй працы, супрацоўнічаць з замежнымі калегамі і многаму іншаму.

— Акрамя гэтага, у нас ёсць некалькі ідэй на перспектыву, — расказаў намеснік старшыні Савета маладых вучоных Нацыянальнай акадэміі навук Аляксей ТРУХАНАЎ.
Напрыклад, варта падняць пытанне аб стварэнні наднацыянальнага органа па прынцыпе Рамачных праграм ЕС у межах ЕАЭС, дзе змаглі б удзельнічаць маладыя навукоўцы не з дзвюх, а адразу з трох краін. Ужо сёлета ў кастрычніку мы правядзём традыцыйную канферэнцыю «Моладзь у навуцы» ў новым фармаце, які мы назвалі «2.0.17». Вядома, зменіцца не толькі форма, але і змест, перш за ўсё мы б хацелі больш шырока заявіць пра распрацоўкі нашых маладых навукоўцаў, запрасіць удзельнікаў не толькі з краін СНД, але і з Заходняй Еўропы, а таксама дальняга замежжа.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lуskаvеts@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?