Вы тут

Наталля Бардзілоўская: Цяжка застацца ў памяці гледача. Але магчыма


Амаль штодзень з тэлеэкрана ў праграмах навін яна нам расказвае пра асноўныя падзеі, што адбыліся ў культурным жыцці краіны. Здаецца, ніводная выстаўка, прэм'ера спектакля, юбілей творцы не застаюцца па-за яе пільнай увагай. Пра адметнасці працы ў галіне культурнай тэлежурналістыкі, прынцыпы выхавання і строгасць да сябе мы сёння гутарым з журналісткай Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі, рэпарцёрам, вядучай Наталляй БАРДЗІЛОЎСКАЙ.


— Спадарыня Наталля, вы заўсёды марылі працаваць на тэлебачанні?

— Напэўна, я трапіла сюды невыпадкова. Мой бацька працаваў журналістам, вёў радыёпраграму, пісаў у газету. Калі ён працаваў на радыё, я гуляла ў прафесію. Былі спецыяльныя машынкі, якія запісвалі гук, я рыхтавала нейкія «праграмы», якія мы дома ўсе разам слухалі. Потым захацелася паступаць у Мінск на факультэт журналістыкі. Але бацька не адпусціў, бо лічыў, што вялікі горад (я родам з Магілёва) не прынясе карысці. Ён вырашыў, што я павінна развівацца як музыкант. Таму я скончыла музычную школу, вучылішча і кансерваторыю па класе фартэпіяна. І здавалася б, што ўсё складаецца ў тым кірунку. Але не, на мясцовым тэлебачанні быў конкурс для маладых, у якім я ўдзельнічала, сачыла за тым, як працавалі старэйшыя калегі. Так усё пачалося. Цяжка было, але хацелася, паступова набіралася вопыту. Я веру, што, калі ёсць жаданне, можна горы перавярнуць. Бо журналіст — гэта не толькі адукацыя, гэта лад жыцця.

— Але ж у працы яшчэ і шмат выпрабаванняў...

— Журналіст — гэта той чалавек, які хоча працаваць, мець стасункі з людзьмі. Я прайшла ступень навучання ў Магілёве, потым у Мінску. Калі прыязджаеш у вялікі калектыў, у вялікі горад, заўсёды нешта трэба даказваць. Цяпер усё пройдзена, гэтыя вяршыні ўзятыя, і я разумею, што на сваім месцы працую. Задавальненне ёсць, ёсць і цяжкасці, але яны прыемныя. Наша работа шчаслівая тым, што мы маем магчымасць сустракацца з рознымі людзьмі, адчыняць розныя дзверы, бачыць тое, што звычайны чалавек не пабачыць. Вядома, расказваць пра гэта.

— Чаму менавіта культуру абралі ў якасці сваёй асноўнай тэмы?

— Напэўна, кожны журналіст мае сваю скіраванасць. Мне сфера палітыкі, эканомікі не такая цікавая, і, можа, яна ў мяне не атрымалася б зусім. Я з лічбамі ніколі не сябравала, сумна расказваць пра практычныя, сухія факты. Мне важны, цікавы свет культуры, мастацтва, духоўнасці, рэлігіі. Люблю апавядаць пра чалавека. Магчыма, гэта звязана з тым, што я займалася музыкай. Думаецца, правільна, што кожны журналіст прызначаны для сваёй тэмы. Мы не з кожным чалавекам можам сябраваць, не кожнага пакахаем. Таму і тэма для працы выбіраецца паводле памкненняў.

— Столькі гадоў расказваючы пра культуру, магчыма, вы самі ўжо сталі сваім чалавекам сярод мастакоў, акцёраў, спевакоў?

— Не магу сказаць, што свая для ўсіх. Нехта прывячае, нехта — не. Але часта, калі я прыязджаю ці тэлефаную, ёсць момант пазнавання. Гэта проста вопыт і ўзрост. Калі прадстаўляешся, не трэба доўга тлумачыць, хто ты. Ёсць многа сяброў сярод артыстаў, мастакоў, усе яны вельмі цікавыя людзі, шчырыя, безабаронныя. Магчыма, не вельмі практычныя ў жыцці. Я заўсёды захапляюся мастакамі. Не кожны зразумее мастака, можа проста ў побыце абразіць. Мне падабаюцца людзі, якія займаюцца сваёй любімай справай, а не проста дзеля прыбытку. Якія трымаюцца і маюць унутраны стрыжань. Гэтаму хочацца ў іх вучыцца.

— Напэўна, праца ў навінах таксама мае сваю спецыфіку, накладае адбітак на рытм жыцця?

— Навіны — гэта асобная дзяржава, тут вельмі цікава, гэтая праца прымушае ўвесь час рухацца, змяняцца, трымаць сябе ў форме, нягледзячы на ўласныя звычкі, сямейныя клопаты. Ты не ведаеш, як складзецца дзень, але прыйдзе навіна — і трэба яе рабіць. Гэта самае цікавае.

— Маеце сакрэт, як заставацца прыгожай на экране, нягледзячы на шалёны тэмп жыцця і працы?

— Я не лічу, што сёння так і добра выглядаю (смяецца), час ідзе. У маладосці бярэш адным, а ўжо ў больш сталым узросце — іншым. Можа, нейкі давер гледача з'яўляецца. Мне пашанцавала, бо ад пачатку мяне палюбіла камера. Я ў жыцці нават магу быць не такой, але на экране буду выглядаць прыгожа. Не магу пахваліцца тым, што трымаю сябе ў форме, часам даю сабе паслабленні, маю да сябе шмат прэтэнзій. Лянота — наш вораг, і на яе мы спісваем многае. Але ж насамрэч калі хочаш, то знойдзеш час на ўсё. Варта за сабой сачыць, рухацца, правільна харчавацца. Але разумею, што для мяне як для гледача важная харызма, абаяльнасць чалавека. Часам, бывае, бачыш на экране чалавека з неідэальнай знешнасцю, але ён гаворыць цікава, сам з'яўляецца асобай. Думаецца, гэта самае істотнае ў нашай прафесіі.

— Глядзіце свае эфіры?

— Так, праглядаю. Важна сачыць за сваёй працай, мовай. Бо мы ж не ідэальныя. Калі глядзіш эфір, то разумееш, што можна было б лепш зрабіць, але ўжо ўсё зроблена. Унутраны рэдактар павінен быць заўсёды, супакойвацца нельга. Не для таго, каб любавацца сабой, а каб бачыць свае недахопы і выпраўляць іх, пазбягаць у будучыні. Гэта вучыць. Людзі вучаць, калегі. Раней я абражалася, калі нехта рабіў мне заўвагі, крытыкаваў. А потым я недзе прачытала і пагадзілася з тым, што людзям, якія нас крытыкуюць, не любяць нават, мы вельмі абавязаныя. Дзякуючы ім мы расцём: нас «чапляюць» заўвагі, і мы змяняемся. Калі ж будуць казаць толькі, якія мы харошыя і прыгожыя, то ніякага развіцця не будзе, будзе толькі расслабленне. У выхаванні таксама працуе гэтае правіла. Нельга занадта хваліць дзіця, варта трымацца строгасці, кансерватыўнасці.

— Вы сваю дачку таксама ў строгасці выхоўваеце?

— Здараецца, «наязджаю», як зараз кажуць. Яна сціплая дзяўчынка, спакойная. Нельга, магчыма, з ёй так, але хочацца, каб яна вырасла правільным чалавекам. Мне вельмі не падабаецца, што сышла павага да старэйшых, што вучань можа крытыкаваць настаўніка, сын — бацьку. Раней такое немагчыма было ўявіць...

— На вуліцы вас пазнаюць? Магчыма, у крамах?

— Бывае. З аднаго боку, гэта прыемна, значыць, людзі глядзяць навіны, бачаць маю працу. Гэта ж прафесія такая. Публічнасць нашай работы да многага абавязвае. Тое, што могуць іншыя сабе дазволіць, нам нельга. Трэба сябе заўсёды трымаць у напрузе. На экране ты ўзор і не маеш права яму не адпавядаць у жыцці. Гэта мабілізуе.

— Для журналістаў, якія працуюць у сферы культуры, складана адвабіцца ад працы і адпачыць. Як вы самі адпачываеце?

— Мне падабаецца «культурніцкае» кола. Гэта жывыя людзі, захопленыя сваёй справай, якія ў любым узросце могуць быць як дзеці. У гэтым і наша жыццё. Але калі б мяне нехта запрасіў у тэатр ці на выстаўку, я б не пайшла. Гэта ёсць у нас на працы. Напэўна, мы развучыліся атрымліваць асалоду як гледачы, бо адразу ацэньваем. Мы ж ведаем і некаторыя закулісныя рэчы. Таму, на жаль, культурны адпачынак — не для мяне. З кнігай — так. За праглядам фільма. Але некуды ісці — не. Лепш ужо дома, з самой сабой, дачкой, сям'ёй.

— Хочаце, каб дачка таксама стала тэлежурналістам?

— Самае галоўнае займацца тым, што ты сам выбраў, што сапраўды хочаш рабіць. Мая дачка бачыць, як я працую. Часам нават думаю: як карысна, калі ў дзяцінстве бачыш, як працуюць бацькі. Мы ведаем: адукацыя — гэта адно, а вопыт — іншае. Я б з ёй падзялілася сваімі прафесійнымі здабыткамі.

— Самі ў каго яшчэ вучыцеся?

— Ва ўсіх. Я прыглядаюся да таго, што робяць калегі. Журналісты — як «хапуны», мы многае пазычаем, многае спрабуем. Не магу сказаць, што маю пэўнага чалавека як узор, бо баюся растварыцца і быць падобнай. Важна стаць асобай, бо вельмі цяжка застацца ў памяці гледача. Але можна.

Марына ВЕСЯЛУХА

vеsіаluhа@zvіаzdа.bу

Фота Аляксандра САЛАЎЯ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.