Вы тут

Дзе лечаць злачынцаў, прызнаных судом псiхiчна хворымi?


Жонка два гады труцiла мужа. У прамым сэнсе: падсыпала атруту яму ў ежу. Мужчыну станавiлася ўсё горш, але ён цярпеў i прасiў жонку перастаць так рабiць. Тая толькi аджартоўвалася. У адзiн дзень ён не вытрымаў: нанёс жанчыне 14 смяротных нажавых раненняў. Хацеў забiць i дачку, што была з ёй у змове, але тая паспела збегчы. Нягледзячы на цяжар злачынства, у турму мужчыну не пасадзiлi. Адправiлi на прымусовае лячэнне. «Насамрэч нiхто яго не труцiў. У мужчыны развiлася трызненне. Я расказаў гiсторыю з яго слоў, каб вы разумелi, у якiм стане знаходзiцца псiхiчна нездаровы чалавек, калi здзяйсняе правапарушэнне», — з самага пачатку ашаламiў намеснiк дырэктара па медыцынскай частцы РНПЦ псiхiчнага здароўя Сяргей ОСIПЧЫК.

У Навiнках для такiх правапарушальнiкаў адведзена некалькi аддзяленняў. Як лечаць злодзеяў i забойцаў, якiя судовай экспертызай прызнаны бессвядомымi? I што адбываецца з iмi пасля?


Бальнiца ўзмоцненага рэжыму

Правапарушальнiкаў, якiх прызналi псiхiчна нездаровымi, трымаюць у асобным корпусе. Парадак забяспечваюць аўчаркi за агароджай, краты на вокнах i два перыметры аховы — вакол корпуса i на ўваходзе. Плюс вiдэаназiранне. У аддзяленнi мiлiцыянераў не пускаюць: там ужо дзяжураць санiтары i медыцынскiя сёстры. Праз кожныя паўтара метра ў калiдорах знаходзяцца трывожныя кнопкi, таму ў выпадку форс-мажору мiлiцэйскую брыгаду могуць хутка выклiкаць.

— Ёсць чатыры вiды прымусовых мер бяспекi i лячэння, — уводзiць нас у курс справы Сяргей Осiпчык. — Строгi рэжым (самы цяжкi, у бальнiцы ў Гайцюнiшках), узмоцнены (у нас), звычайны (у псiхiятрычных стацыянарах, якiя ёсць у кожнай вобласцi) i амбулаторны (чалавек абавязаны з'яўляцца ў дыспансер па месцы жыхарства). Якi з iх назначыць чалавеку, вырашае суд. Тэрмiн залежыць ад ступенi цяжару ўчынку i сур'ёзнасцi псiхiчнага расстройства. Ёсць тыя, хто i 15 гадоў у нас лечыцца.

Цяпер у Навiнках на ўзмоцненым наглядзе знаходзяцца 140 правапарушальнiкаў (100 мужчын i 40 жанчын) i прыкладна столькi ж на звычайным. Раз на паўгода камiсiя ацэньвае стан псiхiчнага здароўя пацыента i або рэкамендуе суду перагледзець рэжым, або пакiдае чалавека на цяперашнiм.

— Лячэнне адбываецца, як у звычайным псiхiятрычным стацыянары. Мэта — забяспечыць адэкватныя паводзiны. Прыбраць трызненнi, галюцынацыi. Узрушаны стан — гэта дыскамфорт перш за ўсё для самога хворага, — тлумачыць намеснiк дырэктара.

«Дзiравы» Пушкiн i пачуццё вiны

Жыццё ў аддзяленнях — па раскладзе. Сняданак, працэдуры, перакур... Два разы на тыдзень дазволены сустрэчы з роднымi i прыём перадач. Часцей за ўсё дасылаюць прысмакi — цукеркi, печыва — i цыгарэты. Двойчы на тыдзень у аддзяленне прыходзiць цырульнiк (пры РНПЦ ёсць цэлы штат цырульнiкаў з пяцi работнiкаў).

На калiдоры стаiць пах фарбы: у некаторых пакоях iдзе рамонт. У палатах, якiя зачыняюцца на грувасткi металiчны замок, жыве па 4—6 чалавек.

— Па адным не паложана, — тлумачыць загадчык 34-га псiхiятрычнага аддзялення для прымусовага лячэння з узмоцненым наглядам Уладзiмiр ВАСIЛЕЎСКI. — Мiнiмум па двое. Ну вы ўявiце: чалавек нездаровы, а яго аднаго запiраюць. I калi яму раптам дрэнна стане, павiнен жа нехта ўрача паклiкаць.

Заходзiм у адну з мужчынскiх палат. Як той казаў, бальнiчная чысцiня. На прыложкавых столiках — кнiгi i абразкi, у некаторых — шахматныя дошкi. На падаконнiку адзiнока стаiць радыёпрыёмнiк.

— Гэта журналiсты, — прадстаўляюць нас. — Не хвалюйцеся, твары здымаць не будуць.

— З газеты? А вы ведаеце, што мяне незаконна сюды кiнулi? Я не вiнаваты, — ажыўляецца адзiн з пацыентаў.

Мы пасля пагарталi яго справу. Iван Пятровiч раней працаваў iнжынерам у раённай бальнiцы. Пасля таго як з iм не працягнулi кантракт, завалiў пракуратуру i чыноўнiкаў скаргамi на галоўнага ўрача, якога абвiнавачваў у карупцыi i падрыхтоўцы да забойства. Iнфармацыя ў даносах не пацвердзiлася. Спачатку мужчыну паклалi ў Магiлёўскую абласную бальнiцу, але праз буйства перавялi ў Навiнкi.

— У многiх нашых пацыентаў адсутнiчае самакрытыка. Яны не ацэньваюць свае ўчынкi адэкватна, — тлумачыць Уладзiмiр Васiлеўскi.

Сяргей Осiпчык дадае, што суды разглядаюць справу без пацыентаў: яны па сваiм стане не могуць абараняць сябе на пасяджэннях. Таму некаторыя не разумеюць спачатку, куды iх змясцiлi i за што.

Вольны час асуджаныя бавяць за маляваннем i гульнёй у шашкi. Цi чытаюць: у кожным аддзяленнi ёсць свая мiнi-бiблiятэка.

— Кнiгi, якiя трапляюць сюды, праходзяць нейкую цэнзуру? — цiкавiмся.

— Так — цэнзуру на наяўнасць колючых прадметаў, — з усмешкай адказвае персанал.

У бiблiятэчнай калекцыi — царкоўная лiтаратура, дэтэктывы, класiка. «У нас тут поўны збор твораў Драйзера, Чэхава, Гогаля, — расказваюць у 38-м аддзяленнi. — Больш за ўсё бяруць Чэхава i Пушкiна. Апошнi ўвогуле да дзiрак зачытаны. Кажуць жа, што Пушкiн лечыць. Дзецям з парушэннямi сну яго чытаць рэкамендуюць.

Па тэлевiзары — ён ёсць у агульным пакоi — хворыя звычайна глядзяць навiны. Але часам дазваляецца што-небудзь з забаўляльных праграм. У жаночым аддзяленнi прызнаюцца: пацыенткi вельмi любяць расiйскiя серыялы пра ўрачоў.

Праца з жанчынамi, трэба сказаць, мае свае асаблiвасцi. Загадчык 38-га псiхiятрычнага аддзялення для прымусовага лячэння з узмоцненым наглядам Мiкалай МЯЛЕШКА расказвае, што ў мацi, якiя забiлi сваiх дзяцей, будучы бессвядомымi, пасля ўзнiкае пачуццё вiны i думкi скончыць жыццё самагубствам. Урачы мусяць пiльна сачыць за iх станам, каб не дапусцiць гэтага.

Прыкiнуцца бессвядомым немагчыма

Намеснiкам дырэктара ў РНПЦ псiхiчнага здароўя Сяргей Осiпчык працуе з 2013 года. За гэты час многага наглядзеўся. Успамiнае адзiн з выпадкаў, якi яго шакiраваў:

— Жанчына пазнаёмiлася з мужчынам, прыйшлi да яе дадому, выпiлi. Яна ўдарыла яго нажом i адцягнула ў пад'езд на пляцоўку першага паверха. А сама жыла на другiм. Мiлiцыя пачала расследаваць гэту справу, але забойцу не знайшла. Праз год тая ж жанчына выклiкае хуткую дапамогу i кажа, што яе знаёмы ўдарыўся галавой i ляжыць у кватэры. Прыехаў урач. Бачыць — на падлозе мужчына, чвэрць чэрапа адсутнiчае. А потым заўважае на сцяне кавалачкi мозга. «А гэта што ў вас?» — пытаецца ў жанчыны. «Ды нiчога», — кажа яна i пачынае выцiраць мозг анучай. Аказалася, яна таго мужчыну мясарубкай забiла, каля 20 удараў нанесла...

Псiхiчнае расстройства ў вострай стадыi не ўзнiкае адразу. Яно развiваецца паступова. Чаму ж тады сваякi не заўважаюць, што з iх блiзкiм чалавекам нешта не так?

— Прывяду прыклад, — тлумачыць Сяргей Осiпчык. — Iшоў ваш добры знаёмы i разбiў вiтрыну. Яго пытаюць: навошта гэта зрабiў? Адказвае: я не спецыяльна, мяне штурхнулi. Потым у грамадскiм транспарце некага пабiў. Апраўдваецца, што той пасажыр першы ўдарыў. Гэта такiя дробязi, якiя, калi ацэньваць адзiн факт, нi аб чым не кажуць, але, калi прааналiзаваць ланцужок, ужо вiдаць, што развiваецца расстройства. Але ж сваякi не спецыялiсты. Яны не надаюць гэтаму значэння.

Некаторыя злачынцы падчас судовай экспертызы спрабуюць прыкiнуцца хворымi. Але для таго каб гэта ўдалося, кажуць у Навiнках, патрэбна сур'ёзная падрыхтоўка: начытацца медыцынскай лiтаратуры, дэманстраваць расстройства на працягу доўгага часу i пры гэтым не трапiць у бальнiцу. Таму прыкiнуцца практычна немагчыма. «Некаторым здаецца, што калi прызнаюць, што ў момант правапарушэння ты быў у стане бессвядомасцi, то пазбегнеш пакарання. Але ж у любым выпадку на прымусовым лячэннi будзеш адбываць прыкладна такi ж тэрмiн, якi чакаў бы па крымiнальным кодэксе.
У турме нават, пры ўзорных паводзiнах, можна трапiць на ўмоўна датэрмiновае вызваленне i адседзець менш. Тут такога няма, раней не выйдзеш».

Цiкава, што ў Беларусi пры прызначэннi прымусовых мер бяспекi i лячэння чалавека вызваляюць ад крымiнальнай адказнасцi.
У ЗША, для прыкладу, правапарушальнiка не вызваляюць ад адказнасцi: пасля бальнiцы ён iдзе адбываць сваё пакаранне ў турме.

— Любы дыягназ рэальна вылечыць? — пытаемся ў Сяргея Осiпчыка.

— Медыцына не можа вылечыць нi адну сур'ёзную хваробу. Нават пнеўманiя пакiдае пасля сябе наступствы. Так i тут. Наша задача — забяспечыць рэмiсiю, а яна можа цягнуцца i 25, i 30 гадоў.

У звычайнае жыццё чалавека, якi адбыў тэрмiн у бальнiцы, вяртаюць паступова. Пераводзяць спачатку з узмоцненага на звычайны рэжым, потым на амбулаторны. «Дыягназ «псiхiчнае расстройства» не дазваляе абмежаваць былога пацыента ў сацыяльным жыццi, — заўважае намеснiк дырэктара. — Ён мае права жыць, як усе астатнiя. Калi складваецца спрыяльная сiтуацыя — чалавек прымае лячэнне, сям'я глядзiць яго — ён добра адаптуецца». Праўда, тыя, хто вяртаецца ў аддзяленне праз паўторнае правапарушэнне, таксама ёсць.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zviazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: «Датэрмiновага вызвалення тут не бывае»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.