Вы тут

Зверка гадзiннiкаў


Каб прааналiзаваць значэнне сустрэчы беларускага i ўкраiнскага кiраўнiкоў дзяржаў i дасягнутыя дамоўленасцi, звернемся да гiсторыi супрацоўнiцтва Беларусi i Украiны. Адносiны дзвюх краiн перажывалi розныя этапы. У пачатку 1990-х назiралася пэўная абыякавасць, калi дзве дзяржавы, якiя перажывалi цяжкiя наступствы распаду СССР, шукалi ўплывовых партнёраў для аднаўлення сваёй эканомiкi i не бачылi адна ў адной пункта апоры. Найбольш праблемнымi яны былi ў 2004—2007 гадах, калi Прэзiдэнт Украiны Вiктар Юшчанка, якi прыйшоў да ўлады пасля майдана, спрабаваў рэалiзаваць iдэю каляровай рэвалюцыi на беларускай тэрыторыi. Адметна, што ў далейшым ён ад гэтай iдэi адмовiўся i стаў актыўна лабiраваць паляпшэнне адносiн Беларусi з Захадам, за што Прэзiдэнт Беларусi неаднаразова выказваў яму ўдзячнасць у наступныя гады.


Мае значэнне i агульная накiраванасць знешняй палiтыкi дзвюх краiн. З беларускага боку найбольшая цiкавасць да Украiны праявiлася ў пачатку XXI стагоддзя, калi беларускi экспарт, якi рос, запатрабаваў новых буйных рынкаў збыту. Найбольшы поспех быў дасягнуты ў 2012 годзе, калi тавараабарот перавысiў рэкордную суму
ў 8 мiльярдаў долараў з вялiкiм станоўчым сальда для Беларусi. З 2013 года пачалося падзенне тавараабароту, якi дасягнуў рэкордна нiзкiх пазiцый у 2015 годзе i пачаў аднаўляцца толькi ў 2016-м. З 2014 года Беларусь таксама iмкнецца прыкласцi ўсе намаганнi, каб урэгуляваць маштабны палiтычны крызiс на тэрыторыi сваёй суседкi. Дамоўленасцi, дасягнутыя на высокiм узроўнi ў лютым 2015 года, i рэгулярныя сустрэчы перагаворшчыкаў супрацьлеглых бакоў адыгралi пазiтыўную ролю ў гэтым працэсе.

Так ужо склалася, што ўкраiнскае кiраўнiцтва традыцыйна нашмат менш аперыруе эканамiчнымi катэгорыямi, чым геапалiтычнымi, у адносiнах з Беларуссю. Да 2014 года Беларусь часта ўспрымалi альбо як закладнiцу састарэлага з пункту гледжання кiеўскiх элiт трэнду арыентацыi на Расiю, ад якога сама Украiна iмклiва адыходзiла, што выклiкала спрэчкi ў адносiнах Мiнска i Кiева, альбо як патэнцыяльнага саюзнiка для дзеянняў супраць Расii. Пасля 2014 года значнасць менавiта геапалiтычных ацэнак адносiн з Беларуссю для Кiева асаблiва ўзрасла. Адначасова стаў набiраць сiлу новы трэнд ацэньвання Беларусi як нейтральнай краiны, якая карысная для ўрэгулявання данбаскага крызiсу i не нясе пагрозы тэрытарыяльнай цэласнасцi Украiны. Для Мiнска асаблiва важна, каб гэты трэнд дамiнаваў у Кiеве, паколькi ён адпавядае прынцыпам добрасуседства i добразычлiвасцi, якiмi Беларусь iмкнецца аперыраваць у дачыненнi да ўсiх сваiх суседзяў.

У кантэксце гiсторыi нашых адносiн сустрэча Аляксандра Лукашэнкi i Пятра Парашэнкi адпавядала трэндам, якiя склалiся ў апошнiя гады. Для ўкраiнскага боку было вельмi важна чарговы раз атрымаць запэўнiваннi, што беларуская палiтыка ў дачыненнi да Украiны мiралюбная i не нясе нiякай небяспекi для Украiны. Паколькi так яно i ёсць, Аляксандр Лукашэнка гэта чарговы раз пацвердзiў. Для беларускага боку найбольшую важнасць мелi пытаннi сумесных намаганняў па пераадоленнi наступстваў чарнобыльскай катастрофы i пытаннi эканамiчнага супрацоўнiцтва. Пытанне цаны чарнобыльскай катастрофы найбольш значнае менавiта для Беларусi, паколькi 70 працэнтаў радыеактыўных выкiдаў пасля выбуху АЭС прыпала менавiта на беларускую тэрыторыю. 23 працэнты тэрыторыi Беларусi пацярпелi ад радыяцыi, для параўнання — Украiна пацярпела ад радыяцыйнага забруджвання на 6—8 працэнтах сваёй тэрыторыi. Iншым важным пытаннем з'яўляецца выкарыстанне вопыту чатырох дзейных АЭС Украiны ў будаўнiцтве i эксплуатацыi новай Беларускай АЭС. Прэзiдэнт Украіны пацвердзiў гатоўнасць максiмальна супрацоўнiчаць у гэтай сферы.

Што датычыцца кааперацыi ў сферы эканомiкi, то яе неабходнасць вiдавочная. Тавараабарот у мiльярды долараў трэба падтрымлiваць канкрэтнымi рашэннямi, якiя дапамогуць яго захаваць i павялiчыць. Першыя месяцы 2017 года ўжо прадэманстравалi сур'ёзную дынамiку ў прыросце як экспарту, так i iмпарту ў адносiнах з Украiнай. Беларусь зацiкаўленая ў стварэннi сумесных прадпрыемстваў з украiнскiм бокам на ўзор ужо iснуючых зборачных вытворчасцяў МТЗ, МАЗа, «Гомсельмаша» i «Магiлёўлiфтмаша» i ў пашырэннi асартыменту прадукцыi, што выпускаецца. Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, наша краiна «гатова павялiчыць пастаўкi ва Украiну аўтамабiльнай i сельскагаспадарчай тэхнiкi, угнаенняў i будматэрыялаў. У сваю чаргу мы зацiкаўлены ў закупках вырабаў з металу, прадукцыi раслiнаводства i жывёлагадоўлi».

Складваецца ўражанне, што энергiчная палiтыка Беларусi па развiццi эканамiчнага супрацоўнiцтва выклiкала водгук ва ўкраiнскага кiраўнiцтва. Хацелася б, каб у наступныя гады менавiта яно стала прыярытэтам нашага супрацоўнiцтва па меры ўрэгулявання ваеннага крызiсу на ўкраiнскай зямлi.

Сяргей КIЗIМА, доктар палiтычных навук

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.