28 верасня, панядзелак

Вы тут

Як рэалізуецца найбуйнейшы транснацыянальны праект сучаснасці?


У Пекіне завяршаецца падрыхтоўка да майскага саміту, прысвечанаму рэалізацыі глабальнага праекта «Адзін пояс, адзін шлях». На яго з'едуцца лідары амаль трох дзясяткаў краін. Усяго ж у форуме будуць удзельнічаць прадстаўнікі 110 дзяржаў. Найбуйнейшы сусветны дыпламатычны саміт 2017 года пройдзе ў кітайскай сталіцы 14—15 мая. Чым так прывабны «Адзін пояс, адзін шлях»?


Справа на $20 трлн

Старшыня КНР Сі Цзіньпін упершыню выклаў бачанне «Пояса і шляху» восенню 2013 года, прапанаваўшы міжнароднай супольнасці сумесна папрацаваць над маштабнай праграмай інфраструктурнага абнаўлення на прасторы ад Пекіна да Лісабона. Характэрна, што поясам былі названы сухапутныя напрамкі з Паднябеснай у Еўропу, а шляхам — маршруты па моры. Вядома, матывацыя Кітая заслугоўвае ўвагі. На працягу пяцітысячагадовай гісторыі Сярэдзінная дзяржава канцэнтравалася на ўнутраных справах і ўзаемадзейнічала з навакольным светам выключна па неабходнасці. Аднак за апошнія трыццаць гадоў карціна кардынальна змянілася: КНР стала «фабрыкай свету» (25% сусветнай прамысловай вытворчасці і 14% сусветнага экспарту), асноўным пакупніком сыравінных тавараў і назапасіла найбуйнейшы ў свеце фінансавы капітал (актывы банкаўскай сістэмы Кітая дасягнулі 33 трлн долараў — удвая больш, чым у ЗША, і ў 25 разоў больш, чым у Расіі). Увесь час, пакуль адбываўся кітайскі эканамічны цуд, не спынялася самая вялікая ў гісторыі чалавецтва будоўля. Напрыклад, толькі за мінулы год інвестыцыі ў асноўны капітал у Кітаі склалі 9 трлн долараў.

Па афіцыйных звестках КНР, ініцыятыва «Пояс і шлях» (сучасны варыянт легендарнага старажытнага Шаўковага шляху) ахоплівае большую частку Еўразіі, а таксама часткова Афрыку, Акіянію, шэраг іншых сусветных макрарэгіёнаў, злучаючы краіны, якія развіваюцца, у тым ліку новыя эканомікі, і развітыя краіны. На тэрыторыі мегапраекта сканцэнтраваны багатыя запасы рэсурсаў, пражывае каля 70 працэнтаў насельніцтва планеты, а мяркуемы эканамічны маштаб ацэньваецца ў астранамічную суму — больш чым 20 трлн долараў. Зараз актыўна ідзе стварэнне двух маршрутаў: сухапутнага, у рамках якога плануецца пракласці тры транспартныя калідоры (паўночны — праз Казахстан, Расію і Беларусь, цэнтральны — праз Цэнтральную Азію і Блізкі Усход, а таксама паўднёвы — праз Паўднёва-Усходнюю і Паўднёвую Азію), і марскога — праз Паўднёва-Кітайскае мора, Індыйскі акіян, Чырвонае і Міжземнае моры.

Кітай плануе інвеставаць у краіны, якія далучацца да глабальнага праекта, 4 трлн долараў, заявіў член Пастаяннага камітэта Палітбюро і сакратарыята ЦК КПК Лю Юньшань. Паводле яго слоў, інвестыцыі будуць накіраваны на стварэнне транспартных калідораў, лагістычных цэнтраў, інфраструктурных аб'ектаў і культурных праектаў. Лю Юньшань таксама адзначыў, што ініцыятыва па стварэнні «Эканамічнага пояса Шаўковага шляху» і «Марскога Шаўковага шляху ХХІ стагоддзя» ў межах канцэпцыі «Адзін пояс, адзін шлях» атрымала шырокае ўхваленне многіх краін. Ініцыятыву падтрымалі больш за сотню дзяржаў, ужо падпісаны пагадненні аб супрацоўніцтве з амаль 50 краінамі і міжнароднымі арганізацыямі. Для рэалізацыі гэтага праекта КНР стварыла Фонд Шаўковага шляху, асобны Азіяцкі банк інфраструктурных інвестыцый (капітал 100 млрд долараў, 57 краін-удзельніц), актыўна разгортваецца Новы банк развіцця БРІКС.

Драйвер сусветнай эканомікі

Паводле статыстыкі, якую прыводзіць «Жэньмінь жыбаа» анлайн», за першы квартал гэтага года знешнегандлёвы абарот паміж Кітаем і краінамі, якія знаходзяцца ўздоўж «Аднаго пояса, аднаго шляху», склаў больш чым 240 млрд долараў. Адметна, што гэтая заўважная лічба на 26,2% большая ў параўнанні з аналагічным перыядам летась. «Большасць людзей сочаць за інвестыцыйнымі магчымасцямі, аднак насамрэч не варта недаацэньваць значнасць гэтай глабальнай ініцыятывы для развіцця знешняга гандлю», — заявіў малодшы навуковы супрацоўнік Інстытута сусветнай эканомікі і палітыкі кітайскай акадэміі грамадскіх навук Ван Біцзюнь.

Паводле звестак Міністэрства камерцыі КНР, інвестыцыйнае супрацоўніцтва паміж дзяржавамі ўздоўж «Аднаго пояса, аднаго шляху» ўвесь час развіваецца. У першым квартале гэтага года кітайскія прадпрыемствы павялічылі адпаведныя прамыя нефінансавыя інвестыцыі ў 43 краіны, агульны аб'ём капіталаўкладанняў такога тыпу склаў $2 млрд 950 млн. Глабальная ініцыятыва стала новай кропкай росту кітайскай і сусветнай эканомікі. «Аднаўленне сусветнай эканомікі ідзе даволі павольна. Ініцыятыва «Адзін пояс, адзін шлях», сапраўды, адыграе важную ролю ў аднаўленні сусветнай эканомікі, фінансавай глабалізацыі, а таксама ў развіцці кожнага рэгіёна», — заявіў віцэ-старшыня Кітайскага цэнтра па міжнародным эканамічным абмене, былы намеснік міністра камерцыі КНР Вэй Цзяньго. Ён таксама адзначыў, што, пачынаючы з 2015 года, аб'ём знешняга гандлю Кітая з 65 краінамі ўздоўж «Аднаго пояса, аднаго шляху» дасягнуў $1 трлн. Характэрнымі рысамі гэтага працэсу з'яўляюцца стварэнне прамысловых паркаў, выхад прыватных кампаній на міжнародны рынак, развіццё тэкстыльнай прамысловасці, вытворчасці бытавой тэхнікі. Разам з гэтым павялічваецца ўзровень занятасці на месцах.

Рынкавы попыт толькі ў будаўніцтве інфраструктуры складае $1 трлн 120 млрд — 29% ад сусветнага рынку. На думку Вэй Цзяньго, вельмі важнымі цяпер з'яўляюцца асобныя галоўныя будаўнічыя праекты ў вытворчай, энергетычнай, транспартнай і сельскагаспадарчай сферах. «Адзін пояс, адзін шлях» падобны да лініі, якая аб'ядноўвае больш за 20 краін Асацыяцыі дзяржаў Паўднёва-Усходняй Азіі (АСЕАН), палову дзяржаў Афрыканскага саюза (АС), а таксама Лігу арабскіх дзяржаў (ЛАД) і Еўрапейскі саюз (ЕС). У гэтых краінах шматлікія кітайскія прадпрыемствы, асабліва прыватныя, дабіліся вялікага поспеху па выхадзе на міжнародны рынак. Вэй Цзяньго таксама адзначыў, што павышэнне ўзроўню і пашырэнне сфер супрацоўніцтва дазваляюць Кітаю і краінам уздоўж «Аднаго пояса, аднаго шляху» развіваць больш шырокае ўзаемадзеянне. На фоне павольнага аднаўлення сусветнай эканомікі ад наступстваў глабальнага фінансава-эканамічнага крызісу сусветнай супольнасці варта знайсці новую мадэль узаемадзеяння і стварыць новыя механізмы эканамічнага развіцця.

Стратэгічны хаб

«Адзін пояс, адзін шлях» на гэты момант найбольш важны ўклад Кітая ў развіццё планеты», — заявіў міністр замежных спраў КНР Ван І. Кітайская ініцыятыва можа разглядацца ў якасці спробы Пекіна ўдыхнуць новае жыццё ў працэс глабалізацыі, лічыць дырэктар Інстытута Далёкага Усходу РАН Сяргей Лузянін. Ён таксама адзначыў, што працэс развіцця класічнай амерыканскай версіі глабалізацыі 1990-х гадоў ужо спыніўся. «На сённяшні дзень ініцыятыва «Адзін пояс, адзін шлях» — гэта абнаўленне працэсу абмену таварамі, паслугамі, капіталам», — адзначыў эксперт. Лузянін нагадаў, што старшыня КНР Сі Цзіньпін падчас свайго выступлення на форуме ў Давосе ў студзені заявіў аб неабходнасці таго, каб краіны сумесна прасоўвалі глабальнае развіццё. «І працэс спалучэння Еўразійскага эканамічнага саюза і эканамічнага пояса Шаўковага шляху — гэта адзін з лакальных варыянтаў прасоўвання супрацоўніцтва, глабальнага развіцця. «Адзін пояс, адзін шлях» — гэта не толькі інфраструктурны, транспартны калідор, але ў больш шырокім кантэксце гэта і сумеснае развіццё краін, уцягнутых у гэты праект, і ў плане транспартных калідораў, і ў плане інвестыцыйнай, гуманітарнай, міжбанкаўскай і турыстычнай кааперацый», — дадаў аналітык. Ён падкрэсліў, што на гэтым этапе «ўжо выразна праглядаюцца пяць-шэсць трэкаў у рамках гэтага кітайскага праекта».

Для Кітая і краін-удзельніц існуюць досыць сур'ёзныя праблемы, якія паўстаюць на шляху да рэалізацыі праекта — пачынаючы ад асаблівасцяў рэльефу і клімату і заканчваючы карупцыяй, лакальнымі канфліктамі і, у тым ліку, некаторай падазронасцю ў дачыненні да сапраўдных мэтаў Кітая пры рэалізацыі будаўніцтва. Велізарная колькасць лагістычных нюансаў, без уліку юрыдычных праблем і іншых падводных камянёў, робіць гэты праект надзвычай складанай задачай, і для яе вырашэння ўсе гэтыя цяжкасці і непаразуменні павінны быць паспяхова пераадолены. Як абвяшчае старажытная кітайская прыказка: «Дарога ў тысячу лі пачынаецца з першага кроку».

Прыемна, што наша дзяржава адыграе заўважную ролю ў развіцці глабальнай ініцыятывы. Гаворка ідзе не толькі пра стварэнне Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка (які, між іншым, старшыня КНР Сі Цзіньпін назваў «жамчужынай Новага Шаўковага шляху», а і пра транзітныя магчымасці ўвогуле. Як заўважыў прафесар інстытута сусветнай эканомікі і палітыкі Кітайскай акадэміі навук Сюе Лі, Кітай разглядае Беларусь як найважнейшы транспартны вузел, хаб (сухапутны порт) на шляху з Азіі ў Еўропу.

Як вядома, Прэзідэнт Беларусі прыме ўдзел у прадстаўнічым міжнародным форуме «Адзін пояс, адзін шлях». Падчас гэтага візіту запланавана двухбаковая сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з Сі Цзіньпінам. «Форум, у якім прыме ўдзел наш прэзідэнт, — гэта прыклад, калі збіраюцца краіны, аднадумцы, якія падзяляюць агульныя каштоўнасці, для таго каб абмеркаваць праблемы і знайсці рашэнне па выхадзе з тых цяжкасцяў, з якімі сутыкаецца сусветная супольнасць», — заявіў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у КНР Кірыл Руды ў інтэрв'ю інфармагенцтву «Сіньхуа». Ён адзначыў, што паколькі Беларусь знаходзіцца на скрыжаванні ў Еўропе і праз яе праходзяць шматлікія гандлёвыя шляхі, то наша краіна зацікаўлена ў перспектывах развіцця гэтага праекта.

«Мы разлічваем, што ў ходзе гэтага візіту прасунецца шэраг практычных кірункаў нашага супрацоўніцтва з Кітаем», — адзначыў прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў падчас сустрэчы са старшынёй Пастаяннага камітэта Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў Чжан Дэцзянам. Відавочна, што для нашай краіны ўдзел у рэалізацыі ініцыятывы «Адзін пояс, адзін шлях» будзе мець значны плён. І насамрэч стане тым самым «поясам дабрабыту».

Захар БУРАК

burak@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Шаўковым шляхам

Выбар рэдакцыі

Рэлігія

Адноўлены Тураўскі крыж паказалі ў Мінску

Адноўлены Тураўскі крыж паказалі ў Мінску

Вячэрняе набажэнства у саборы прайшло, авеянае дарагімі для ўсіх сімваламі вяртання і адраджэння духоўных традыцый.  

Культура

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

Давайце з нагоды пачэснага юбiлею пройдземся па залах музея, у кожнай з якiх свае цiкавосткi.