Вы тут

«Звязда» падтрымала стварэнне музея Адамовічу рублём


Мы працягваем друкаваць матэрыялы ў падтрымку адкрыцця ў пасёлку Глуша Бабруйскага раёна музея, прысвечанага творчасці Алеся Адамовіча.

Вось ужо другі год штомесяц на старонках «Звязды» публікуюцца матэрыялы ў падтрымку стварэння музея беларускаму пісьменніку. За гэты час быў адкрыты разліковы рахунак пры Бабруйскім райвыканкаме і сабраны грошы на праектна-каштарысную дакументацыю. А нядаўна калектыў Выдавецкага дома «Звязда», пад «дахам» якога працуе 10 перыядычных выданняў і кніжнае выдавецтва, папоўніў скарбонку на суму болей чым 500 рублёў.


Дабрачыннасць павінна ісці ад сэрца

«Звязда» і Алесь Адамовіч сёлета юбіляры. Газета ўсяго на 10 гадоў старэйшая за пісьменніка. Таму і лёс недзе аднолькавы. Тая ж партызанская тэма, напрыклад. У гонар звяздоўцаў-падпольшчыкаў устаноўлена 4 помнікі ў Мінску і на Любаншчыне. А да 60-годдзя Перамогі па прапанове Івана Шамякіна сталічны праспект газеты «Известия» быў перайменаваны ў праспект газеты «Звязда». Вуліца Адамовіча таксама ёсць. Толькі ў Глушы. І з'явілася яна дзякуючы ініцыятыве тутэйшых жыхароў. Помніка Адамовічу няма, але ёсць надзея, што будзе музей. Гэта пакуль — мара. Будынак мае патрэбу ў грунтоўнай рэканструкцыі, і на гэта трэба прыблізна 150 тысяч долараў. Грошы велізарныя для невялікага і не самага багатага Бабруйскага раёна. Таму музей ствараецца шляхам прыватна-дзяржаўнага партнёрства. За год ад жыхароў Беларусі і дзяржаўных устаноў на яго паступіла 11 245,5 беларускага рубля (у эквіваленце каля 6 тысяч долараў). Гэта без уліку той сумы, якую сабралі звяздоўцы. «Усё самае трывалае ідзе ад сэрца, ад душы, — кажа дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» Павел Сухарукаў. — Гэта той выпадак, калі адміністрацыйны рэсурс ні пры чым. Павінен быць нейкі душэўны парыў. Дабрачыннасць паняволі пазбаўлена ўсякага сэнсу. Не трэба спадзявацца, што гэта кагосьці падштурхне або камусьці стане сорамна. Я абсалютна ўпэўнены, што наш пачын стане добрым прыкладам для тых людзей, якім гэта тэма цікавая».

Важна адчуць дух творчасці

Алена Мальчэўская, намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Полымя», адна з першых перадала грошы на будучы музей. Падбадзёрыла, што праект вельмі карысны, што яго і далей трэба падтрымліваць. «Бо гэта няправільна, калі памяць такіх пісьменнікаў не ўшаноўваецца, — кажа яна. — Асоба Алеся Адамовіча важная для нашай краіны, для нашай гісторыі. І вельмі важна падтрымаць праяўленне культурных ініцыятыў у рэгіёнах. Таму што зрабіць музей дзесьці ў рэгіёне гэта сапраўды цяжка».

Некаторыя супрацоўнікі Выдавецкага дома «Звязда» ведалі Адамовіча не толькі па творах.

— Адамовіч у нейкім сэнсе мой зямляк, — кажа рэдактар аддзела навукі, крытыкі і літаратуразнаўства часопіса «Полымя» Алесь Марціновіч. — Я хоць нарадзіўся на Случчыне, але ўся мая біяграфія са школьнага ўзросту звязана з Капыльшчынай. А Адамовіч якраз нарадзіўся ў Конюхах. Наогул, Адамовіч — пісьменнік сусветнага маштабу. І яго абавязкова трэба ўшаноўваць. Калі прыходзіш у музей, ты зусім па-іншаму ўспрымаеш пісьменніка. Можна ведаць творчасць, а калі бачыш экспанат, ужо адно адчуванне таго, што гэты чалавек тут жыў, хадзіў, дыхаў — усё ўспрымаецца па-іншаму. Музей — гэта справа не аднаго дня, трэба, каб «Звязда» і далей пісала пра гэтага пісьменніка. Чым часцей гэта рабіць, тым хутчэй з'явіцца музей.

Рэдактар аддзела пісьмаў газеты «Звязда» Валянціна Доўнар сціпла лічыць, што падтрымаць ініцыятыву наконт музея — гэта самая звычайная, лагічная, нармальная справа, не вартая нейкіх лішніх слоў. «Дастаткова таго, што мы сабраліся разам і паўдзельнічалі, — кажа яна. — Тое, што гэты музей павінен быць, нават не абмяркоўваецца. Вось не запісаў бы ён разам з Калеснікам і Брылём у свой час галасы відавочцаў для моцнага па ўражанні твора «Я з вогненнай вёскі», і сышлі б гэтыя людзі, так нічога не сказаўшы. Несумненна, Святлана Алексіевіч адбылася б у любым выпадку, але яна працягвае справу Адамовіча — размаўляе з жывымі сведкамі. Гэта ад Адамовіча пайшло».

900 адзінак экспанатаў нехта павінен убачыць

— Сёння вельмі востра стаіць пытанне захавання літаратурных музеяў і мясцін, звязаных з літаратарамі. Але добра, што газета займаецца апякунскай справай, — лічыць дырэктар дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Зміцер Яцкевіч. — Дзякуючы таму, што існуюць спонсары, выкуплены Статут ВКЛ для музея гісторыі Магілёва, іншыя каштоўныя рэчы. У нашым музеі захоўваецца 900 адзінак экспанатаў, звязаных з жыццём і творчасцю Алеся Адамовіча, і гэта трэба паглядзець. Каб вырашыць усе пытанні, якія ўзніклі вакол ініцыятывы са стварэннем музея, у найбліжэйшы час выедзем на месца і вывучым сітуацыю. Нельга, каб такая справа праходзіла стыхійна. Зробім апякунскую раду, будзем кантраляваць працэс. А там будзе відаць, пад чый патранаж браць гэты музей.

— Сёлета самы адчувальны ўзнос на рэканструкцыю будучага музея зрабіў Выдавецкі дом «Звязда», — кажа начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бабруйскага райвыканкама Галіна Чарнова. — Гэта добры прыклад для іншых арганізацый, прадпрыемстваў, устаноў. Нашымі спонсарамі сабрана ўжо каля 12 тысяч рублёў, але каб вярнуць да жыцця будынак, неабходна яшчэ шмат грошай. Дабрачынная дапамога сёння патрэбна як ніколі. Спадзяемся, што Выдавецкі дом «Звязда» сваім дзеяннем падштурхне і іншых.

У тэму

Апошнім часам музеі ўсё часцей падтрымліваюць спонсары. Некалькі гадоў таму першы канал Беларускага тэлебачання збіраў сродкі на будаўніцтва музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Самы значны ўклад тады зрабіла ветэран вайны з Гомеля Марыя Сазоненкава, якая пералічыла 17 мільёнаў недэнамінаваных рублёў уласных зберажэнняў.

У Піцеры адзін з даўніх прыхільнікаў творчасці пісьменніка Сяргея Даўлатава журналіст і гісторык Леў Лур'е аб'явіў, што хутка будзе аб'яўлены збор грошай на выкуп камунальнай кватэры, дзе калісьці жыў пісьменнік. Цана пытання 100 тысяч еўра. Лур'е не сумняваецца, што мецэнаты Піцера і іншых гарадоў падтрымаюць ідэю.

Дзяржава падтрымлівае спонсараў

Ёсць Указ Прэзідэнта №300 «Аб прадастаўленні і выкарыстанні бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогі». Ад падатку на прыбытак вызваляюцца арганізацыі (у памеры не больш за 10% валавога прыбытку), якія перадалі сродкі для будаўніцтва або рэканструкцыі аб'ектаў культуры ці выкарысталі 10% прыбытку на аплату рахункаў за аказаныя ўстановам культуры работы і паслугі. Акрамя таго, тэатры і музеі цяпер таксама могуць ствараць апякунскія саветы.

Нагадваем, што дабрачынны рахунак для збору сродкаў на рэканструкцыю будынка пад музей Алеся Адамовіча адкрыты пры аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бабруйскага райвыканкама р/р 3642129272326 у філіяле 703 ААТ СБ «Беларусбанк», код 760 г. Бабруйск, УНП 701226324. Прызначэнне плацяжу «Для вырабу праектна-каштарыснай дакументацыі і рэканструкцыі будынка ў пасёлку Глуша пад музей А. Адамовіча». Увага! Указанне назначэння плацяжу прынцыповае! Гэты доўгі сказ абавязкова павінен быць пазначаны на банкаўскім дакуменце.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zіgulya@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Памяць — справа агульная

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».