Вы тут

«Мы маглі б пакрыць мастацтвам увесь горад»


На плошчы Якуба Коласа адкрылася арт-экспазіцыя.

Гэта ўжо стала звычайным — веданне, што калі ў цёплую пару года ў вечаровых прыцемках ты гуляеш па горадзе, — у добрай кампаніі ці ў адзіноце, бязмэтна ці ў канкрэтным напрамку, — на некаторы час ты можаш завітаць на плошчу Якуба Коласа і спыніцца каля адмысловай выстаўкі пад адкрытым небам, прычыніцца да беларускай арт-прасторы, пачытаць пра тутэйшага мастака, пастаяць каля кожнага твора. 27 красавіка тут — на плошчы — адкрылася чарговая экспазіцыя «Мастак і горад», якая штогадова праходзіць у Мінску ўжо на працягу шасці гадоў. Але гэтым разам праект прадстаўляе гледачам не аднаго мастака, як задумана ў канцэпцыі, а цэлых трыццаць пяць.


Раней на гарадской плошчы экспанаваліся Марк Шагал, Казімір Малевіч, беларускі сюррэаліст Мікалай Селяшчук, упершыню ў якасці выключэння была прадстаўлена падборка беларускіх авангардыстаў, летась тут выстаўляўся Валянцін Губараў. Сёлета «Мастак і горад» зноў робіць выключэнне, бо з'яўляецца часткай маштабнага трыенале — Рэспубліканскай выстаўкі сучаснага мастацтва, што разумее пад сабой прадстаўленне творчасці не аднаго мастака, а нейкага нават зрэзу.

Асноўнай пляцоўкай стаў Палац мастацтваў, дзе 18 красавіка адкрылася прысвечаная 130-годдзю Марка Шагала экспазіцыя, у якой удзельнічаюць больш за дзвесце сучасных аўтараў розных кірункаў і палатно «Закаханыя» ўласна Марка Шагала. Да таго ж у Цэнтры сучасных мастацтваў зараз прадстаўлены аўтары-ўдзельнікі першага конкурсу «Нацыянальная прэмія ў галіне выяўленчага мастацтва». І нарэшце трэцяй часткай становіцца экспазіцыя «Мастак і горад» — праект, які згодна з сучаснай тэндэнцыяй упісвае мастацтва ў гарадскую прастору і робіць яго больш даступным, блізкім і нават папулярным.

Як ужо было сказана, у выстаўцы прадстаўлена трыццаць пяць твораў трыццаці пяці аўтараў — усё гэта нейкім чынам прадстаўляе фонд Цэнтра сучасных мастацтваў, які вырас з фонду Музея сучаснага мастацтва і сёлета адзначае дваццацігоддзе. За гэтыя дваццаць гадоў рознымі шляхамі — і за грошы, і ў якасці падарункаў — фонд сабраў больш за пяць тысяч твораў. Безумоўна, лічба 35 побач з тысячамі палотнаў выглядае сціпла.

«Тым не менш гэта пэўны зрэз. Вядома, суб'ектыўны, бо любая выстаўка — суб'ектыўная, — кажа куратар праекта і дырэктар Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Наталля Шаранговіч. — У Палацы мастацтваў і ЦСМ прадстаўлены больш канцэптуальныя творы, што больш падыходзіць да разумення сучаснага мастацтва. Тут жа — разнапланавыя работы старэйшага пакалення, у тым ліку народных мастакоў. Мы хацелі паказаць, што сучаснае мастацтва — шырокае і датычыцца не толькі маладых, не толькі канцэптуальных авангардных кірункаў, што сюды мы можам аднесці і мастакоў іншага пакалення, якія, магчыма, ужо праз некаторы час стануць гісторыяй, сыдуць у катэгорыю класічнага, музейнага варыянта, але сёння яшчэ знаходзяцца ў разрэзе сучаснага трэнда».

Георгій Скрыпнічэнка, Арлен Кашкурэвіч, Рыгор Сітніца, Леанід Шчамялёў, Сяргей Балянок, Анатоль Кузняцоў, Зоя Літвінава, Юрый Хілько ды іншыя-іншыя выстаўляюцца цяпер на плошчы Якуба Коласа і абвяшчаюцца часткай сучаснага мастацтва. Трыццаць пяць аўтараў для адной выстаўкі — можна сказаць, няшмат, ведаючы, што ў Саюзе мастакоў сёння налічваецца больш за тысячу чалавек, а ёсць яшчэ безліч маладых аўтараў, якія ў саюз не ўваходзяць, але ў пэўным сэнсе вобраз сучаснага беларускага мастацтва фарміруюць. «Калі б мы задаліся такой мэтай і нам бы хапіла спонсараў, мы маглі б пакрыць мастацтвам увесь горад. Але ці патрэбна гэта? Казімір Малевіч лічыў, што патрэбна, што мастацтва павінна з'яўляцца на сценах дамоў, на трамваях і такім чынам пераўтвараць прастору і выхоўваць людзей. Магчыма, мы да гэтага прыйдзем, але цяпер робім тое, што ў нашых сілах».

Выстаўка «Мастак і горад» будзе працаваць чатыры месяцы і закрыецца 9 верасня. Памятаю, як яшчэ ў пачатку, калі праекты на адкрытай прасторы былі навінкай (хаця, калі ведаць пра Віцебск часоў Малевіча, гэта павінна лічыцца для нас натуральнай з'явай), нехта выказваў хваляванне за экспанаты, выстаўленыя на вуліцы. Але падобна на тое, што хвалявацца не было чаго — мастацтва наша публіка і нават вулічныя вандалы паважаюць, бо, здаецца, яно сапраўды нас выхоўвае.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.