Вы тут

Што можна будзе ўбачыць летам на фестывальных пляцоўках краіны?


Хор з 1000 чалавек, 48 пар, што выканаюць народныя танцы, адразу тры фестывалі на Аўгустоўскім канале — гэта толькі невялікая частка з таго, што можна будзе ўбачыць і пачуць гэтым летам на фестывальных пляцоўках нашай краіны.


Як расказаў намеснік міністра культуры Васіль ЧЭРНІК, фестываль беларусаў свету пройдзе ў Мінску 7—10 верасня. Ужо атрымана інфармацыя аб усіх беларускіх дыяспарах, якія афіцыйна зарэгістраваныя пры пасольствах Беларусі за мяжой — у хуткім часе ім будуць разасланыя запрашэнні. Усяго чакаецца каля 300 удзельнікаў фестывалю. Урачыстае адкрыццё адбудзецца 7 верасня на сцэне Беларускай дзяржаўнай філармоніі. На свята плануецца запрасіць артыстаў — ураджэнцаў Беларусі, якія сёння вядомыя ў свеце. У наступныя дні фестывалю прадстаўнікі беларускай дыяспары будуць выступаць з канцэртамі ў мястэчках і раённых цэнтрах. У гэтыя ж дні ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі з яго фондаў прадставяць работы беларусаў замежжа.

Начальнік аддзела культуры галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Галіна БАРКЕВІЧ адзначыла:

— У нас праходзіць 10 міжнародных і адзін рэспубліканскі фестываль. Аматарскай творчасці — пяць міжнародных і адзін рэспубліканскі — у іх прымаюць удзел вельмі адметныя творчыя калектывы. 20—21 мая ў Дуброўне сябе пакажуць усе жыхары і прадпрыемствы: пройдуць конкурсы на найлепшы падворак і конкурс народнай творчасці. У конкурсе глінянай свістулькі «Салавейка» прымуць удзел майстры з усёй краіны, а ў конкурсе лялькі «Дубровачка» з намі паспаборнічаюць і жыхары замежжа. На конкурс-свята «Дыван дружбы» кожны калектыў, які выступае, прывозіць частку сваёй краіны на вышываным кавалку тканіны. 27—28 мая падчас фестывалю «Браслаўскія зарніцы» праводзіцца конкурс харавых калектываў. Сёлета хор з тысячы чалавек з Віцебскай вобласці праспявае пяць агульных твораў — для нас гэта вялікае дасягненне. У гэты ж час ладзіцца сярэднявечны фэст «Меч Брачыслава» — там і здабыча агню, і рыцарскія турніры, і старадаўнія танцы XІV і XVІ стагоддзяў, рамёствы і ежа, урачыстае шэсце.

Турнір беларускіх бытавых танцаў, які раней адбываўся падчас «Браслаўскіх зарніц», цяпер будзе праходзіць на пляцоўках «Славянскага базару ў Віцебску». Летась падчас гэтага спаборніцтва 48 пар танцавалі 7 беларускіх танцаў (на выбыццё, калі застаюцца лепшыя). Танцоры з усіх рэгіёнаў танцавалі ў рэканструяваных касцюмах сваёй мясцовасці.

— Гродзенская вобласць уваходзіць у бязвізавую зону, таму ўзаемадзеянне паміж адметнымі фестывалямі і турыстычнымі фірмамі ў нас наладжана належным чынам, — расказала дырэктар Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Ірына Дземянчук. — На Аўгустоўскім канале ў нас праходзіць тры вялікія фестывалі, куды з задавальненнем едуць наведвальнікі. Гэта месца па праве стала брэндам вобласці.

Ужо заўтра ў сталіцы, на тэрыторыі Верхняга горада, пройдзе свята беларускай культуры «Вытокі». На галоўнай сцэнічнай пляцоўцы на плошчы Свабоды выступяць найлепшыя калектывы краіны — народны ансамбль «Вязынка», ансамбль народнай песні «Церніца», Дзяржаўны ансамбль танца. На сцэне карэтнага падворка пройдуць майстар-класы, прагучаць народныя жаночыя вясновыя і мужчынскія, застольныя беларускія песні. На вуліцах Верхняга горада размесцяцца больш за 200 майстроў народнай творчасці і рамеснікаў. Яны прэзентуюць практычна ўсе віды традыцыйных і сучасных нацыянальных рамёстваў. Будзе прадстаўлена і беларуская нацыянальная кухня. Завершыцца свята выступленнем ансамбля «Харошкі».

Поўны спіс фестываляў усіх абласцей з датамі і месцамі правядзення ў хуткім часе можна будзе знайсці на сайце Міністэрства культуры Беларусі.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

Фота Дзмітрыя БАРОЎСКАГА

Загаловак у газеце: Гуляем па-народнаму!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?