Вы тут

Як ахоўваўся парадак у адселенай чарнобыльскай зоне?


Калі гаворка заходзіць пра значныя гістарычныя падзеі, на першы план часцей за ўсё выходзяць самыя яркія гісторыі і гераічныя лёсы. А вось тыя, хто штодня выразна і самааддана выконваў свае абавязкі, нярэдка застаюцца ў цені. У гэтым кантэксце паспрабуем на чарнобыльскую катастрофу паглядзець з нязвыклага ракурсу: перад вамі ўспаміны супрацоўніка міліцыі, які апынуўся ў зоне паражэння ў кастрычніку 1986-га. У той час Пётр Іванавіч Вараб'ёў служыў камандзірам узвода патрульна-паставой службы Заводскага РУУС г. Мінска.


«Галоўная задача — не дапусціць марадзёрства»

— Тады арганізоўвалі зборныя атрады з усіх падраздзяленняў, у якія ўваходзілі ад радавых да маёраў. Ніякага прымусу — «пойдзеш менавіта ты» — не было, мы самі вызначалі, хто адправіцца ў зону. Імкнуліся не чапаць зусім маладых хлопцаў, у якіх яшчэ ні сем'яў, ні дзяцей не было, таму што ніхто дакладна не ведаў, як на здароўі можа адбіцца радыяцыя, — дзеліцца ўспамінамі Пётр Іванавіч. — Я асабліва не сумняваўся, быў членам партыі і разумеў, што гэта мой абавязак. Да таго ж, было занадта мала вядома пра магчымыя наступствы, каб апасацца.

Старшы лейтэнант Вараб'ёў аказаўся ў 6-м зводным атрадзе, сфарміраваным з супрацоўнікаў міліцыі, якія прыбылі з Мінска для службы ў Нараўлянскім раёне. Усяго ў атрадзе было каля 150 чалавек, Пятра Іванавіча прызначылі камандзірам узвода. Пасялілі ўсіх у пасёлку Цешкаў у мясцовай школе. Галоўная задача на перыяд службы — не дапусціць старонніх у зону адсялення.

— Жылі ў гэтым раёне да аварыі вельмі заможна. Побач Прыпяць, шмат у каго маторныя лодкі. Калі людзі ў спешцы з'язджалі, многія пакідалі ўсе свае рэчы. Так што ахвотнікаў да чужога дабра было шмат — затрымлівалі каго-небудзь практычна кожную ноч. Дапусціць марадзёрства было нельга, таму мы кругласутачна дзяжурылі.

Да таго часу ўсе дарогі, якія вядуць у зону адсялення, ужо былі перакрытыя. На асноўных стаялі пасты, на тых, што паменш, былі ўсталяваныя шлагбаумы. Акрамя таго, у кожным населеным пункце пастаянна знаходзіліся міліцыянеры, ад двух у самых маленькіх вёсачках да пяці ў сёлах.

Нягледзячы на ўсе меры засцярогі, людзі ўсё роўна спрабавалі трапіць у зону. «Палявалі» за тэлевізарамі, маторамі ад лодак, катламі, нават гадзіннікамі і вудамі. Усе дамы стаялі апячатаныя, іх трэба было ахоўваць, таму што гаспадары ў любы момант маглі вярнуцца за сваімі рэчамі, а ім была гарантаваная іх захаванасць. Для таго каб трапіць у зону, неабходна было атрымаць дазвол у раёне. Хоць многія спрабавалі абысці правілы і «дамовіцца» з супрацоўнікамі міліцыі.

— Мы прапускалі толькі тых, у каго былі адпаведныя дакументы. Прычым не толькі прапускалі, але і суправаджалі на працягу ўсяго часу, пакуль яны знаходзіліся ў зоне. Інструкцыі былі вельмі выразнымі, дзеянні толькі строга па справе: забраў рэчы — на выезд, ніякіх «настальгічных прагулак». Некаторыя прыязджалі для таго, каб пахаваць блізкіх там, дзе яны пражылі ўсё жыццё. Але нават у гэтых выпадках час знаходжання быў строга абмежаваны, — расказвае Пётр Іванавіч.

«Правілы жыцця былі даволі суровымі»

Дзяжурылі па 12 гадзін запар. Пры гэтым электрычнасці ў вёсках ужо не было, прыходзілася перасоўвацца з ліхтарыкамі.

— Паколькі ў сваім узводзе я размяркоўваў, хто дзе будзе дзяжурыць, то стараўся ставіць так, каб чаргаваўся ўзровень радыяцыі: дзень пабольш, дзень паменш. 7 кіламетраў была мёртвая зона, там мы наогул не павінны былі з'яўляцца. Сама Нароўля — за 30 кіламетраў, вось у гэтым прамежку мы і былі разгрупаваныя.

З намі ўвесь час знаходзіўся ўрач, маёр з Магілёўскага ваеннага шпіталя. Ён даваў нам вітаміны, але не больш за тое. І ніякіх асаблівых сімптомаў ні ў кога не было, максімум, што маглі падхапіць, дык гэта прастуду. І не дзіўна — восень жа! А вось кармілі нас вельмі добра, за месяц усе страшна паправіліся, — усміхаецца Пётр Іванавіч.

Акрамя дзяжурстваў больш ніякай актыўнасці прадугледжана не было. Час знаходжання на вуліцы неабходна было зводзіць да мінімуму. У памяшканні, дзе ўсе жылі, — абавязковая вільготная ўборка кожныя дзве гадзіны. Перад тым як туды зайсці — штодзённая лазня. Пашанцавала, што поруч воданапорнай вежы была падземная крыніца. Асобнае адзенне было для вуліцы, асобнае — для памяшкання, усе гігіенічныя сродкі замяняла надзейнае гаспадарчае мыла. Перад уваходам у школу, дзе ўсе жылі, — паглыбленне, каб памыць абутак. Правілы жыцця даволі суровыя. На розніцу па званні ніхто не звяртаў увагі, выконвалі абавязкі ўсе на роўных.

— Па зямлі пажадана было не хадзіць, лепш па траве. Добра, што рана выпаў сняжок, гэта нас у нейкай ступені абараніла. А вось тым, хто апынуўся там у гарачым пыльным ліпені, прыйшлося нялёгка. Наогул пыл — адна з галоўных праблем. Калі ён падымаўся, нельга было здымаць рэспіратар.

Нам адразу выдалі прыборы, якія вызначалі ўзровень радыяцыі. Але мы імі не карысталіся, думалі, што яны зламаныя, таму што яны ўвесь час зашкальвалі, — успамінае Пётр Іванавіч.

З наступствамі радыеактыўнага заражэння ў выглядзе анамальных прыродных з'яў сутыкнуцца не прыйшлося: ніякіх гіганцкіх пладоў або нестандартна велізарных жывёл там не было. А вось дзікай свойскай жывёлы, сабак і катоў — з лішкам.

«Ніхто не бачыў у гэтым гераізму»

— Самым страшным была не магчымасць заражэння, а тое, што вось стаіць велізарная вёска і ні з адной хаты не ўецца дымок, нідзе не відаць чалавечых слядоў. Поўнае спусташэнне... І тое, што людзі не хацелі супакоіцца, усё спрабавалі на гэтым зарабіць.

Усе рэчы, якія мы насілі на дзяжурствы, пакінулі там. З сабой ні ў кога нават сумкі не было. У адрозненне ад самога часу службы там, год пасля вяртання выдаўся цяжкім. Быў стан, блізкі да дэпрэсіі, пастаянная стомленасць, адсутнасць цікавасці да жыцця. Я ж заўсёды быў фізічна моцным. Вырас у вёсцы без бацькі, у полі працаваў з пяці гадоў. Потым — спартыўныя спаборніцтвы, займаў прызавыя месцы. А пасля Чарнобыля захапленне прыйшло ў заняпад, не засталося сіл.

У адпаведнасці з Законам «Аб сацыяльнай абароне грамадзян, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварый» усе, хто быў там са мной, атрымлівалі дапамогу па 18-м ці 19-м артыкуле. У мяне — 19-ты, больш лёгкі, але ўсё роўна прыходзіцца штогод праходзіць усё больш урачоў. Аднак выпадкаў, каб кагосьці падкасіла знаходжанне там, сярод маіх знаёмых не было. Праблемы ж са здароўем — дык яны ва ўсіх.

Задумаўшыся, Пётр Іванавіч падводзіць выснову нашай гутаркі:

— Ведаеце, мы проста выконвалі сваю работу. У нас была пэўная, выразна адпрацаваная схема, якой мы прытрымліваліся. Ніхто не бачыў у гэтым гераізму і не дапускаў думкі, што можна гэтага не рабіць. Напэўна, зараз у мяне было б зусім іншае стаўленне да гэтага задання, але тут адбіваецца не змена нейкіх унутраных каштоўнасцяў, а проста жыццёвы вопыт

У тэму:

Органы і падраздзяленні ўнутраных спраў Беларусі правялі памятныя мерапрыемствы пад дэвізам «Па абавязку службы і поклічу сэрца», прымеркаваныя да 31-й гадавіны трагедыі на Чарнобыльскай АЭС.

— У ліку першых, хто прыбыў ў 30-кіламетровую зону, прылеглую да атамнай станцыі, былі работнікі Міністэрства ўнутраных спраў БССР. Менавіта яны сталі жывым заслонам катастрофе, і ніхто з іх не адмовіўся ад выканання найскладанейшай задачы, — адзначыў намеснік міністра ўнутраных спраў Аляксандр Кобрусеў. — Зводныя атрады дзейнічалі самааддана, годна і мужна, не пахіснуўшыся перад небяспекай. Наўрад ці хто-небудзь з іх меркаваў, што выкананне прафесійнага абавязку пасля будзе лічыцца подзвігам. Аддаючы даніну глыбокай павагі, мы ўдзячныя вам за тое, што вы зрабілі ў вырашальны момант.

Усяго ў ліквідацыі аварыі на Чарнобыльскай АЭС і яе наступстваў прынялі ўдзел больш за 11 тысяч супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і ваеннаслужачых унутраных войскаў рэспублікі. Да памятнай даты па ўсёй краіне было арганізавана ўшанаванне ліквідатараў і членаў сем'яў загінулых супрацоўнікаў, аказвалася ўсебаковая дапамога пенсіянерам і інвалідам, якія пацярпелі ад наступстваў тэхнагеннай катастрофы. 26 красавіка адбылося ўрачыстае ўскладанне кветак да мемарыяльных знакаў «Ахвярам Чарнобыля» і «Камень міру Хірасімы» ў Мінску, пасля чаго кіраўніцтва міліцэйскага ведамства сустрэлася з ветэранамі Чарнобыля ў музеі МУС, дзе іх ўзнагародзілі юбілейнымі медалямі «100 год міліцыі Беларусі».

Дар'я КАСКО

kasko@zvіazda.by

Загаловак у газеце: «Мы проста выконвалі сваю работу»

Выбар рэдакцыі

Спорт

Аляксандра Герасіменя: У кожнага свой рэцэпт поспеху

Аляксандра Герасіменя: У кожнага свой рэцэпт поспеху

Аляксандра Герасіменя — сапраўдны баец, а яшчэ — клапатлівая маці і жонка. І проста працавіты чалавек, які не ведае перашкод.

Грамадства

Якія сацыяльныя ініцыятывы беларусаў атрымалі прызнанне на Sосіаl Wееkеnd

Якія сацыяльныя ініцыятывы беларусаў атрымалі прызнанне на Sосіаl Wееkеnd

Прыз сімпатый гледачоў заваявала ініцыятыва «Школа бацькоўства».

Грамадства

Гісторыя дзяўчыны, якая перамагла анарэксію

Гісторыя дзяўчыны, якая перамагла анарэксію

Здараецца, што ў пагоні за прыгожай фігурай некаторыя дзяўчаты зусім перастаюць есці.

Грамадства

Успаміны былой вязніцы пра Саласпілскі лагер смерці

Успаміны былой вязніцы пра Саласпілскі лагер смерці

Яна добра памятае той летні дзень. За акном сталі чутныя роў матацыклаў і нямецкая гаворка.