Вы тут

Карэспандэнты «Звязды» далучыліся да акцыі «Дом без насілля!»


Акцыя — частка Нацыянальнага плана дзеянняў па забеспячэнні гендарнай роўнасці ў Рэспубліцы Беларусь на 2017—2020 гады, зацверджанага пастановай урада. Яе мэта ў тым, каб прыцягнуць увагу да праблемы, а таксама падабраць меры індывідуальнай прафілактыкі правапарушэнняў да асоб асацыяльных паводзін. Для працы з такімі грамадзянамі ствараюцца міжведамасныя групы, да рэйду адной з якіх — у Партызанскім раёне сталіцы — далучыліся карэспандэнты «Звязды».


«На ўлік выпадкова не трапляюць»

Збор удзельнікаў групы, у склад якой уваходзяць участковы інспектар міліцыі і афіцыйны прадстаўнік Партызанскага РУУС г. Мінска, супрацоўнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, упраўлення сацыяльнай абароны адміністрацыі раёна і работнік паліклінікі, прызначаны на вячэрні час, каб прасцей было застаць дома «вядомых» дэбашыраў. Галоўная роля адводзіцца ўчастковаму інспектару, ён складае план наведванняў і маршрут руху.

На гэтай пасадзе ўчастковы інспектар міліцыі Партызанскага РУУС г. Мінска, капітан міліцыі Максім КРЫКУНОЎ знаходзіцца ўжо шэсць гадоў. Гісторыю кожнага са сваіх падапечных — а такіх, на жаль, нямала — ён ведае дасканала. Аснову ўчастка складаюць невялікія пяціпавярховыя дамы, якія адносяцца да пасёлка Трактарнага завода. Пакуль мы накіроўваемся да першага «пункта», участковы інспектар міліцыі перыядычна паказвае на пэўнае акно, расказваючы пра тое, што за кватэра за ім хаваецца і якія праблемы ў яе гаспадароў.

— Ёсць некалькі тыпаў уліку. Асобна — сямейныя скандалісты, асобна — тыя, хто злоўжывае алкаголем, нямала і тых, хто адносіцца адразу да двух тыпаў. Для таго каб трапіць на ўлік, напрыклад, «па лініі алкаголя», згодна з Законам «Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў», трэба здзейсніць два і больш адміністрацыйных правапарушэнняў у стане алкагольнага ап'янення на працягу года. Так што «выпадкова» апынуцца ў спісе немагчыма, — адзначыў Максім Крыкуноў.

Новае жыццё. З панядзелка

Нягледзячы на тое, што акцыя носіць назву «Дом без насілля!», ахоп праблем, якія ўзнімаюцца, выходзіць за рамкі адной гэтай тэмы. Так, па першым адрасе пражывае толькі адзін мужчына. Не так даўно памерла яго маці, а са смерці бацькі, які падзяляў згубную прыхільнасць сына да алкаголю, і ўвогуле прайшло ўсяго некалькі тыдняў. Сам мужчына нідзе не працуе, зарабляе сабе на жыццё зборам бутэлек і кардону, асноўны свой час ён марнуе на распіццё спіртных напояў, прычым аддае перавагу гэтаму занятку ў «цеплым коле сяброў», за што яго кватэра атрымала статус «прытон».

Калі ж мы з'яўляемся на парозе каля сямі гадзін, «вечарынка» толькі пачынаецца. У памяшканні, дзе моцна накурана, ужо сабраліся трое мужчын: гаспадар і двое яго прыяцеляў, кожны з якіх таксама добра знаёмы ўчастковаму інспектару міліцыі.

— Чаму сабраліся? — кідаючы погляд на налітыя чаркі, сурова пытаецца ўчастковы.

— А што рабіць? Людзі прыходзяць, мне хоць ежу прыносяць, — адказвае гаспадар, які размаўляе ўжо не зусім выразна, ківаючы на напоўнены даверху пакет, з якога відаць батон, зеляніна і бутэлька малака.

— Працаваць не спрабаваў?

— Я ж спецыяльна для гэтага і прыйшоў, — уступае ў размову адзін з дружбакоў. — Працу хачу яму прапанаваць, са мной разам — дарожнікам.

— Ты сам спачатку даведку адтуль прынясі, — нагадвае ўчастковы.

— Абавязкова. Вось пасля выхадных я з раніцы за ім зайду, пабуджу і завяду на працу. Гэта ж усё для справы, хачу дапамагчы.

У гэты час погляд капітана міліцыі падае на другога наведвальніка прытона: «А ты па якім адрасе зараз пражываеш?»

— Не па прапісцы. Я ж толькі з рэйса вярнуўся, вось сябра зайшоў адведаць, — увесь час хаваючы твар ад камеры, расказвае малады мужчына.

Кожнаму з трох участковы прызначае дзень і час, калі трэба прыйсці адзначыцца. Далей ідзе прафілактычная размова, галоўная сутнасць якой: не хочаш у ЛПП — а да гэтага ўжо рукой падаць — пераставай піць. Мужчыны дэманстратыўна прыбіраюць чаркі і клятвенна запэўніваюць, што прыйдуць у дакладна прызначаны час. І на працу ўладкавацца, з панядзелка.

Cямейныя каштоўнасці

Наступныя, да каго мы адпраўляемся, — сям'я, што сутыкнулася як з праблемай алкагалізму, так і, як следства, з праблемай дамашняга гвалту. Сітуацыю можна назваць хутчэй нетыповай: саракагадовы муж, які ў мінулым меў праблемы з алкаголем, цяпер абсалютна не п'е, у адрозненне ад сваёй дваццацітрохгадовай жонкі, якая яшчэ некалькі гадоў таму лячылася ў ЛПП і да гэтага часу не можа справіцца са сваёй залежнасцю. Самае страшнае, што ў пары ёсць пяцімесячная дачка, якую маці не заўсёды ў стане даглядаць. Менавіта з-за гэтага нядбайную жонку час ад часу б'е муж. Вось і цяпер на твары юнай дзяўчыны, якая нягледзячы на ўсё захавала прывабнасць, тоўсты пласт танальнага крэму, які хавае велізарны сіняк. І ўсё ж далікатная асоба не дае сябе ў крыўду. Так, нядаўна на яе мужа «выпадкова ўпаў карніз».

— Вы памірыліся? Больш не б'яцеся? — цікавіцца ўчастковы.

— Ды вы што! У нас усё добра, — перапалохана адказвае дзяўчына.

Незадоўга да гэтага абследаванне кватэры праводзіла сацыяльная служба. Вердыкт несуцяшальны: дзіця знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Усяго за дзень маладая мама паспела прывесці кватэру ў прыстойны выгляд. Пакуль яна гутарыць з намі, з іншага пакоя даносіцца вясёлае «агуканне» малой.

Цяпер сям'я павінна прыйсці на сустрэчу з камісіяй, якая вынесе рашэнне пра лёс дзяўчынкі. А мама павінна пачаць наведваць сходы групы ананімных алкаголікаў.

Калі разабрацца ў праблемах гэтай пары досыць лёгка, то ўнікнуць у перыпетыі жыцця наступнай сям'і атрымліваецца далёка не з першага разу. У трохпакаёвай кватэры жыве пажылая жанчына са шматгадовай алкагольнай залежнасцю, яе сын, які нядаўна вярнуўся з турмы, дачка — адзіны непраблемны член сям'і. У апошняй двое сваіх дзяцей, і сын, і дачка — у якой у 20 гадоў ужо двое сыноў ад розных бацькоў, — ніколі не адмаўляюцца прыкласціся да чаркі. Апошні канфлікт узнік якраз у іх — брат з сястрой пабіліся.

Калі прыходзім мы, дзяўчыны не аказваецца дома: пайшла на дзень нараджэння. Малодшае дзіця ўкалыхвае прабабуля, у якой тут жа побач накрыты святочны стол. Старэйшы хлапчук бегае сам па сабе, не так даўно ён вярнуўся дадому з бальніцы, праз недагляд ён атрымаў хімічны апёк.

— Чаму ваша дачка не глядзіць дзяцей? — пытанне адрасавана сумнай стомленай жанчыне.

— Я яе сама адпусціла. Ёй жа трэба крыху адпачыць, а так яна наогул не п'е, — гэта «не п'е» жанчына паўтарае як мантру на працягу ўсёй гутаркі.

— Яна ж збіралася жыць з бацькам свайго малодшага дзіцяці. Што адбылося? — пытаецца ўчастковы, які міжволі ў курсе ўсіх сямейных драм. Натуральна, гэта не марная цікаўнасць, ад гэтага залежыць становішча дзяцей і агульная абстаноўка ў сям'і.

— Яны разам, але жыць пад адным дахам пакуль не атрымліваецца, — разводзіць рукамі жанчына.

У гэты час прадстаўніца самага старэйшага пакалення сям'і скардзіцца на сваё жыццё, маўляў, дачка зводзіць са свету. Пачуўшы гэтую гісторыю першы раз, усё пранікаюцца спагадай да слабай бабулі з хворымі нагамі. Але на самай справе аказваецца, што сітуацыя проста супрацьлеглая, і маці нават спрабавала задушыць сваю дачку. Паколькі канфлікты ў гэтай сям'і ва ўсіх з усімі, участковы тут рэгулярны госць. Апошнія навіны — прабабуля збіраецца прадаць свой пакой і перасяліцца з сынам за горад. Што дзіўна, на пакой ужо нават знайшлося некалькі пакупнікоў. Яшчэ да таго, як мы накіраваліся па гэтым адрасе, Максім Крыкуноў папярэдзіў нас, што сустрэча зацягнецца надоўга. І сапраўды, ён гутарыць з кожным членам сям'і паасобку, з некаторымі — за зачыненымі дзвярыма. І гэта пры тым, што такія сустрэчы праходзяць рэгулярна. Калі мы сыходзім, у доме пануе супакой, які парушае хіба што сабака, які гаўкае. Але ці доўга працягнецца гэтая «сямейная ідылія»?

«Працаваць трэба шмат і з аддачай»

Па адным з адрасоў дзверы ніхто не адчыняе. Здзіўляе, што ў кватэру вядуць добрыя дзверы, якія выгадна вылучаюцца на фоне іншых.

— Гэта муж сястры нашага праблемнага дэбашыра памяняў. Яны разам жывуць, і вытрымліваць такое суседства няпроста, — тлумачыць інспектар.

Ён тэлефануе гэтаму самаму мужу сястры — усе нумары ёсць у тэлефоне, што сведчыць аб тым, што такія званкі — не рэдкасць. Аказалася, той, хто нам патрэбен, з'ехаў «адпачываць» на дачу.

— Добра. Зайду праз дзень, — развітваецца ўчастковы.

Новы адрас і новая драма. Сын, які п'е, але пакуль як-ніяк падзарабляе яшчэ ў ЖЭСе, і яго змучаная жыццём маці.

— Такі хлопец самавіты быў. Усе мне зайздросцілі. Але вярнуўся з войска, стаў жыць у пакоі разам з бацькам, той яго і звёў са шляху, таксама ўсё жыццё піў. Сям'я была, сынок...
Я дамовілася, што заробак цяпер толькі мне ў яго прысутнасці выдаюць. Інакш 5 дзён загулу — і на мелі, — расказвае пажылая жанчына.

Самога мужчыну, падобна, мала што ўжо ў прынцыпе хвалюе, сваю «дозу шчасця» ён сёння ўжо прыняў. Участковы размаўляе з ім па-мужчынску, без прыкрас. На гарызонце ўжо маячыць ЛПП.

Яшчэ ў адной кватэры жанчына відавочна ў «прыўзнятым настроі» адчыняе дзверы, з усмешкай пазіруе на камеру, але прызнаецца, што суседзяў яе няма дома. У гэты час Максім Крыкуноў сочыць за дваром: нярэдка ў такіх выпадках акно выкарыстоўваюць у якасці запаснога выхаду. Дарэчы, камунальныя кватэры, калі асабовыя рахункі падзеленыя, а жыхары не з'яўляюцца сваякамі, у гэтым раёне з'ява даволі распаўсюджаная, што, вядома, колькасць канфліктных сітуацый толькі прымнажае.

— Універсальнага адказу, якія менавіта трэба падбіраць словы ў прафілактычных гутарках, няма. Усё вельмі індывідуальна, гэта грунтуецца як на асабістым вопыце, так і на знаёмстве з гісторыяй і характарамі тых, хто стаіць на ўліку. Але адно дакладна — працаваць трэба шмат і з аддачай, — падводзіць высновы участковы.

Дар'я КАСКО

kasko@zvіazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: У госці да алкаголікаў і дэбашыраў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».