Вы тут

Прэзідэнт павіншаваў лаўрэатаў дзяржаўных прэмій і ўзнагарод


У Палацы Незалежнасці ўчора было як ніколі святочна. І не дзіўна: на ўрачыстую цырымонію ўручэння дзяржаўных прэмій і дзяржаўных узнагарод былі запрошаны найлепшыя дзеячы з розных сфер: ад навукі і тэхнікі да літаратуры, мастацтва і архітэктуры.


Аляк­сандр Лу­ка­шэн­ка ўручыў беларускай тэнісістцы Вікторыі Азаранка ордэн Пашаны.

Для лаўрэатаў перад афіцыйнай цырымоніяй была арганізавана змястоўная экскурсія па Палацы Незалежнасці. Нягледзячы на тое, што будынку ўсяго некалькі гадоў, ён вядомы ўжо далёка за межамі краіны. Менавіта тут адбыліся знакамітыя перагаворы «нармандскай чацвёркі» па сітуацыі ва Украіне, тут праходзяць афіцыйныя перамовы з лідарамі замежных краін, прадстаўнікамі дзелавых колаў, міжнародных арганізацый, дыпламатамі... Яшчэ адзін цікавы факт — амаль усё ў Палацы Незалежнасці зроблена беларусамі: архітэктарамі, будаўнікамі, мастакамі, дызайнерамі. Прычым на самым высокім узроўні. Цікавы прыклад: у зале, вядомай пад назвай «універсальная», або «зала для прэс-канферэнцый», можна ўбачыць вельмі прыгожую жырандолю. Першапачаткова яе хацелі заказаць за мяжой, але там не ўзяліся за гэтую працу з-за сціслых тэрмінаў. У выніку жырандолю зрабілі лідскія майстры. Яна, дарэчы, уваходзіць у дзясятку самых вялікіх асвятляльных прыбораў свету.

У холе другога паверха Палаца размясцілася новая выстаўка. «Звязда» ўжо пісала пра экспазіцыю пейзажаў Валерыя Шкарубы. А літаральна днямі там выставілі карціны другога вядомага беларускага мастака — Сямёна Дамарада.

Паглядзець сапраўды было на што. Тым не менш галоўнае мерапрыемства — узнагароджанне — чакала наперадзе.

— Ва ўрачыстай абстаноўцы напярэдадні майскіх свят мы ўшаноўваем найлепшых людзей, чые працоўныя і творчыя дасягненні прыносяць славу і павагу нашай маладой суверэннай дзяржаве, — адзначыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, вітаючы лаўрэатаў. — Пачуццё гонару выклікаюць прысутныя тут лаўрэаты дзяржпрэмій Рэспублікі Беларусь у галіне навукі, тэхнікі, мастацтва, літаратуры, архітэктуры за 2016 год.

Яны годна вытрымалі строгі адбор. З прадстаўленых на конкурс дваццаці работ найлепшымі прызнаны чатыры.

У першым шэрагу навуковых дасягненняў ідуць прадстаўнікі медыцыны:

— Імі выкананы і ўкаранёны ў шырокую практыку найскладанейшыя аперацыі па трансплантацыі комплексаў органаў. Стварэнне новага кірунку і прымяненне высокіх тэхналогій даюць магутны імпульс дынамічнаму развіццю айчыннай аховы здароўя, упэўненаму вываду яе на лідзіруючыя пазіцыі ў свеце. Думаю, дасягнуць гэтай мэты нам пад сілу з такімі адоранымі людзьмі, як нашы лаўрэаты з Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра трансплантацыі органаў і тканак 9-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска, Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра «Кардыялогія». Гэта маякі, на якія павінны арыентавацца і іншыя ўстановы галіны.

У навукова-прамысловай сферы Дзяржаўная прэмія прысуджана навукоўцам і спецыялістам Акадэміі навук, адкрытых акцыянерных таварыстваў «Інтэграл» і «Планар» за стварэнне новага класа вырабаў мікраэлектронікі. Вобласці іх прымянення самыя розныя — ад касмічных апаратаў і сістэм узбраенняў да абсталявання прадпрыемстваў электроннай сферы. Навуковыя распрацоўкі ўжо ўкаранілі ў вытворчасць. Як падкрэсліў Прэзідэнт, серыйна засвоены 137 тыпаў вырабаў двайнога і спецыяльнага прызначэння. Атрыманы нядрэнны эканамічны эфект — аб'ём іх экспартных паставак склаў звыш 300 мільёнаў долараў ЗША.

— Важна і тое, што зроблены рэальны крок у стварэнне высокатэхналагічнай вытворчай базы, якая адпавядае пятаму і шостаму тэхналагічным укладам, — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

У галіне мастацтва прысуджаны дзве дзяржаўныя прэміі. Адна — творчаму калектыву Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета за пастаноўку спектакля «Сівая легенда». Гэта маштабны музыкальна-сцэнічны праект, які адлюстроўвае гісторыю нашага народа. Ён увайшоў у залаты фонд Вялікага тэатра і стаў важнай вехай у развіцці нацыянальнага мастацтва. Другая прэмія прысуджана кампазітару Уладзіміру Кандрусевічу — за стварэнне цэлага шэрагу музыкальных твораў.

Многія атрымалі высокія дзяржаўныя ўзнагароды за працоўныя дасягненні.

— Ордэнамі адзначаны поспехі ў працы прадстаўнікоў Мінскага электратэхнічнага завода імя Казлова, «Гроднапрамбуд» і «Дарожнабудаўнічага трэста №3», — звярнуў увагу Прэзідэнт. — У аднаго — будаўніцтва Беларускай атамнай электрастанцыі, авіярамонтнага завода, жылых дамоў і школ. У іншага — рэканструкцыя аўтадарог Мінск — Магілёў, Мінск — Гомель, узвядзенне другой кальцавой аўтамабільнай дарогі вакол Мінска.

Усцешна, на думку Прэзідэнта, што сярод узнагароджаных нямала людзей з багатым вопытам паспяховай арганізатарскай і творчай дзейнасці. Такіх асабліва цэняць, таму што за іх плячыма — прафесійнае майстэрства, шматгадовая работа з людзьмі, уменне вырашаць адказныя задачы. І як прызванне іх заслуг — прысваенне ганаровых званняў.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Соль нашай зямлі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

АЭС у Астраўцы гатова да імітацыі работы ядзернага рэактара

АЭС у Астраўцы гатова да імітацыі работы ядзернага рэактара

Першы энергаблок Беларускай АЭС гатовы на 95 %, другі — на 70 %. 

Грамадства

У Мінску прайшоў фінал ІV Рэспубліканскага конкурсу «Сям'я года»

У Мінску прайшоў фінал ІV Рэспубліканскага конкурсу «Сям'я года»

Самыя актыўныя і пазітыўныя шматдзетныя сем'і з усіх абласцей краіны сабраліся ў сталічным Палацы культуры прафсаюзаў.

Грамадства

Фітнес-трэнер для матуль у дэкрэце Святлана Немірка распавядае пра сакрэты прафесіі

Фітнес-трэнер для матуль у дэкрэце Святлана Немірка распавядае пра сакрэты прафесіі

Актыўная мама — гэта не толькі трэнд, але і жыццёвая неабходнасць у сучасным свеце.

Грамадства

«Тата вернецца, калі ападуць усе лісцікі». Чаму сямейная падтрымка неацэнная для салдата

«Тата вернецца, калі ападуць усе лісцікі». Чаму сямейная падтрымка неацэнная для салдата

Трывалая сувязь з блізкімі і роднымі вельмі важная для чалавека, які служыць у войску.