25 Верасень, аўторак

Вы тут

Магілёўскі тэхнапарк апякуе ініцыятыўных людзей


Без крэатыўных і таленавітых людзей любая эканоміка будзе прабуксоўваць. Сёння, калі мы ледзь паспяваем знаёміцца з навінкамі тэхнічнага прагрэсу, вельмі важна не апынуцца ззаду планеты ўсёй. Часам здаецца, што ўсе разумныя даўно раз'ехаліся па еўропах і амерыках. Як жа мы памыляемся. Дастаткова было наведаць магілёўскі тэхнапарк, каб ў гэтым пераканацца. Гэта тая ўстанова, якая садзейнічае прасоўванню інавацыйных прадуктаў і апякуе ініцыятыўных людзей. Знаёмцеся, наша суразмоўніца — першы намеснік генеральнага дырэктара закрытага акцыянернага таварыства «Тэхналагічны парк Магілёў» Дзіна ХОМЧАНКА.


Дзі­на Хом­чан­ка з за­да­валь­нен­нем да­па­ма­гае іні­цы­я­тыў­ным лю­дзям.

Трэба падтрымліваць сваіх інвестараў

— Словазлучэнне «крэмніевая даліна» стала сімвалам бліскучага поспеху і росквіту бізнесу ва ўсім свеце. Што перашкаджае астатнім наблізіцца да ідэалу? — пацікавіліся мы ў спецыяліста.

— Гэта ўнікальнае ўтварэнне, якое не могуць паўтарыць у поўнай меры ні ў Еўропе, ні ў Азіі. Бо вельмі розныя бюджэты. Калі бюджэт аднаго амерыканскага ўніверсітэта, які знаходзіцца ў «крэмніевай даліне», большы, чым бюджэт асобных краін, ці можна нешта паўтарыць? «Крэмніевая даліна» была створана даўно, і спробы яе скапіраваць прадпрымаліся не раз. Калі ў Еўропе сталі стварацца тэхнапаркі, прадставілася ўнікальная магчымасць зрабіць такое і ў нас.

Гэтым скарысталася група людзей, якая ўзнікла ў навуковай супольнасці. Сярод іх былі наш цяперашні генеральны дырэктар Васіль Малачкоў і былы супрацоўнік Інстытута тэхналогіі металаў Валерый Півавараў. Яны падалі заяўку на ўдзел у праграме Трансформ і... выйгралі! Так з'явіўся рэсурс для прыцягнення праекта. Паявілася магчымасць правядзення ў яго рамках міжнародных канферэнцый у Магілёве. Сюды прыехалі эксперты з Германіі, іншых краін. І калі прадстаўнікі мясцовай улады прыйшлі на канферэнцыю і пачулі пра тэхнапаркі, якіх у нас яшчэ не было, яны выказалі зацікаўленасць. Так у Магілёве паявіўся першы ў краіне тэхнапарк. У 1998 годзе будынак, дзе мы цяпер знаходзімся, быў рэканструяваны пад ключ і перададзены тэхнапарку. І мы адкрылі дзверы для будучых кампаній. Спачатку іх было няшмат, а цяпер у нас няма ніводнага вольнага месца.

— Што важна для таго, каб бізнес развіваўся? І па якіх прыкметах можна распазнаць будучага бізнесмена?

— Важнае ўзаемадзеянне ўлады, навукі, адукацыі і бізнесу, тады гэта дае эфект. А мы павінны ствараць сувязі паміж гэтымі складальнікамі. Каб узнікаў новы бізнес і новы сегмент у эканоміцы.

Прадпрымальныя людзі заўсёды ставяць перад сабой амбіцыйныя задачы. Яны часта пачынаюць справы, у якія ніхто не верыць, — ні сям'я, ні сябры. Калі чалавек укладвае грошы ў нейкую ідэю, яго ніхто не разумее. Кажуць, навошта займаешся глупствам, лепш машыну купі. А ён праводзіць даследаванні, распрацоўвае нейкі софт. У гэтым і ёсць сіла прадпрымальніка, яго праніклівасць. І ў гэтым усе прадпрымальныя людзі аднолькавыя. Яны ўсе свае сродкі ўкладваюць у ідэю. І нават калі сродкаў няма, не супакойваюцца.

— І вы ім дапамагаеце?

— У 1993-м, калі ўсё пачыналася, у нас сапраўды было мала інструментаў падтрымкі. Тады яшчэ адсутнічала заканадаўства аб тэхнапарках. Мы маглі дазволіць сабе інструменты, якія потым прыйшлося адмяніць. Напрыклад, у Магілёўскай вобласці была створана сістэма інкубіравання, якая заключалася ў стварэнні дыферэнцыраванай арэнднай платы. На першым годзе прадпрымальнік мог плаціць 10% ад рынкавага кошту, на другім 25, потым 50, 75 і 100. Цяпер заканадаўства забараняе гэта рабіць. Але ўзнікаюць іншыя інструменты падтрымкі інавацый, якія былі недаступныя раней. Адпаведна мы бачым сваю місію ў тым, каб садзейнічаць з'яўленню і росту нацыянальна арыентаваных уладальнікаў, бізнес якіх заснаваны на ведах і навацыях. Чамусьці існавала прадузятасць, што ўмовы трэба стварыць замежнікам. А нашы і так абыдуцца. Але гэта памылка. Бо менавіта тыя, хто жыве ў краіне, будуць укладваць у яе свае сілы і сродкі.

— Як наогул функцыянуе тэхнапарк? Можа яго паслугамі скарыстацца, напрыклад, школьнік, у якога ёсць свой праект?

— У школах ёсць навуковыя суполкі, і таленавітыя дзеці могуць пачынаць з іх. Школьнік можа прыйсці да нас і паўдзельнічаць у адукацыйных праграмах. У нас існуюць стартап-школа і заняткі, дзе прадпрымальнікі або студэнты вучацца пэўным тэмам. Кожны чацвер розныя прадпрымальнікі дзеляцца вопытам па той тэме, якую яны лічаць найбольш важнай.

Для таго каб стаць рэзідэнтам тэхнапарка, трэба абавязкова стварыць кампанію або стаць індывідуальным прадпрымальнікам. Размяшчаць у сябе фізічных асоб мы не можам. Мадэль вырошчвання нашых «птушанят» наступная. Кампанія, якая прыходзіць да нас, трапляе ў інкубатар. Яна тэсціруе сваю ідэю. Мы вучым гэтых людзей, каардынуем іх дзейнасць. У выніку яны падрастаюць і могуць стаць рэзідэнтамі тэхнапарка. Ім даецца інфраструктура, доступ да фінансаў. Калі кампанія разрастаецца да памераў звыш 100 чалавек, яна павінна шукаць іншае месца. Яна набывае зямлю, будуе свае памяшканні. Так з'яўляюцца кампаніі, якія па плошчы большыя за тэхнапарк. Адна з такіх кампанія «Стрым». Яе арганізатары прыйшлі да нас у 2000 годзе. Яны працавалі на заводзе «Зеніт» інжынерамі, хацелі ўкараніць сваю распрацоўку, але на прадпрыемстве гэта было складана зрабіць. Зараз гэта адна з наймацнейшых кампаній, якая робіць сістэмы кіравання для БелАЗаў. Амаль кожная машына змяшчае ў сябе гэтую сістэму. Каманда наогул вельмі актыўная і таленавітая. Ідзе ў нагу з часам. Вось зрабілі зарадку для электрамабіля, так званую запраўку. У горадзе яшчэ толькі ідуць размовы пра гэты від транспарту, а тут ужо гатовая інфраструктура ёсць. Або кампанія «Тэхнапласт», якая пачынала з вырабаў са шклапластыку, а потым пачала рабіць яшчэ і памежныя катары, адзіныя ў Беларусі. Гэтыя катары ахоўваюць паўднёвую мяжу нашай Радзімы. Кампанія выйграла тэндар, дзе змагаліся у тым ліку і замежныя бізнесмены.

Нашы рэзідэнты пастаянна ў пошуку, увесь час прыдумваюць інавацыйныя прадукты.

— Наколькі жорстка адчуваецца канкурэнцыя ў бізнесе?

— Час працуе на тых, хто капіруе. І часта інаватары, калі яны хутка не скарысталіся сваёй ідэяй, прайграюць. Добрую ідэю адразу ж разумеюць, і ўзнікае маса канкурэнтаў. Выйграюць тыя, хто зробіць танней, хто хутчэй будзе прасоўвацца на рынку. Так што, калі ў прадукту няма канкурэнтаў, гэта вельмі падазрона.

Сімвалічны ключ з адкрыцця першага беларускага тэхнапарка і дыпломы, якія пацвярджаюць прызнанне яго заслуг.

— Зараз вытворцы скардзяцца, што ім цяжка знайсці кадры. Маўляў, маладых спецыялістаў часта трэба перавучваць.

— Поспех залежыць ад наяўнасці таленту, забяспечанасці рэсурсамі і якаснай сістэмы кіравання. Павінна існаваць пастаянная сістэма павышэння кваліфікацыі спецыялістаў. Спадзявацца толькі на ўніверсітэты нельга, з-за шэрагу прычын яны не змогуць падрыхтаваць таго, каго трэба, «тут і цяпер». Тым не менш гэта вельмі важны кірунак, куды кампаніі павінны ўкладваць грошы. Браць практыкантаў, даваць нейкія заданні. Павінен выдзяляцца бюджэт на адукацыйныя праграмы і павышэнне кваліфікацыі. Канферэнцыі, стажыроўкі — трэба стварыць цэлую сістэму падтрымкі стандарту якасці персаналу.

— Цяпер асноўную ролю ў фарміраванні бюджэтаў выконваюць буйныя прадпрыемствы з высокай ступенню дзяржаўнай уласнасці. На ваш погляд, будучае за якімі прадпрыемствамі?

— Тэндэнцыю можна прасачыць па статыстыцы. Калісьці ў нас быў нуль прыватнага капіталу ў структуры эканомікі. А цяпер доля малога і сярэдняга бізнесу складае 27—30%. У розных краінах па-рознаму. Дзесьці да 80—90% даходзіць. Усе залежыць ад палітыкі дзяржавы.

— А чаму вашы рэзідэнты не вельмі ахвотна ўдзельнічаюць у праграме развіцця паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўшчыны па 235-м Указе? Там і інфраструктура, і льготы.

— Пра трыяду поспеху я ўжо казала. І яшчэ паўтаруся: талент, забеспячэнне рэсурсамі і якасная сістэма кіравання. Павінны быць людзі, здольныя вырашаць задачы, а іх там мала. Да таго ж праграма яшчэ мала існуе. Летась мы сустракаліся з супрацоўнікамі Банка развіцця, які курыруе праграму, размаўлялі пра грошы. Яны казалі, што сродкі пад яе яшчэ не выдзяляліся. Сёлета пачаўся працэс. Да нас сталі звяртацца кампаніі, якія жадаюць працаваць у праграме. Яны пачалі рыхтаваць бізнес-планы, і мы ў гэтым ім дапамагаем. Цяпер працуем над праектам набыцця адной з кампаній абсталявання для будавання бетонных дарог у паўднёва-ўсходнім рэгіёне. Гэта не наш рэзідэнт, але мы працуем і з іншымі кампаніямі, чые праекты рэалізуюцца ў Магілёўскай вобласці. Гэта праграма — добры інструмент, каб аднавіць жыццё на праблемнай тэрыторыі. Бо адбываецца дэпапуляцыя рэгіёна, у тым ліку і з-за чарнобыльскай катастрофы. Вялікія тэрыторыі былі адселены. Указ павінен стварыць спрыяльнае асяроддзе, але яго мала напісаць, яго трэба яшчэ і папулярызаваць. Усюды ёсць выхадцы з гэтых раёнаў. Яны настальгіруюць па сваёй малой радзіме і могуць быць ёй карыснымі. Трэба больш расказваць пра новыя магчымасці. Пра гэту праграму мала хто ведае.

— На якой сферы дзейнасці сёння больш засяроджваюцца прадпрымальныя людзі?

— У нас універсальны тэхнапарк, але інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі вельмі моцна ўплываюць на наша жыццё, таму больш кампаній утвараецца ў гэтай сферы. У нас ёсць сужэнцы з Вялікабрытаніі, якія рэалізуюць цікавы праект. Жанчына, дарэчы, з Магілёва. Яны запрашаюць бізнесменаў на абмеркаванне праектаў на англійскай мове. Сёння проста неабходна валодаць гэтай мовай. Шмат чаго новага з'яўляецца менавіта на ёй. І калі чакаць, пакуль з'явіцца пераклад, можна згубіць час. Бізнес не трывае прамаруджвання.

— Ці можна ацаніць прадукцыйнасць работы тэхнапарка?

— Акрамя таго, што мы падтрымліваем інавацыйныя кампаніі, яшчэ распрацоўваем інавацыйныя і інвестыцыйныя праекты і суправаджаем іх. З удзелам тэхнапарка распрацавана больш за 300 праектаў на суму больш як 2 мільярды долараў. Амаль 70% рэзідэнтаў СЭЗ карысталіся нашымі паслугамі.

Эфект нашай работы ў тым, што за мінулы год экспарт нашых рэзідэнтаў вырас амаль у 2 разы. Яны на 5% больш стварылі новых працоўных месцаў, на 30% болей заплацілі ў бюджэт падаткаў. У гэтым і ёсць вынікі нашай работы.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zіgulya@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Школа для бізнесменаў

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чым здзівіў сёлета «Кліч Палесся»

Чым здзівіў сёлета «Кліч Палесся»

Этнафэст стаў вядомым далёка за межамі Беларусі. 

Спорт

Цырымонія развітання з Анатолем Капскім прайшла ў «Барысаў-Арэне»

Цырымонія развітання з Анатолем Капскім прайшла ў «Барысаў-Арэне»

Грамадзянская паніхіда працягвалася больш за дзве гадзіны ў "Барысаў-Арэне".

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.