Вы тут

Заахвоцім тату даглядаць дзiця


Псіхолаг Людміла Аўсяннік: «На шчасце, часы, калі бацька, прыйшоўшы дадому, адразу садзіцца на канапу і ўключае тэлевізар, а дзіцем займаецца толькі маці, сыходзяць у мінулае…».


Фота: paidagogos.com

– Займацца выхаваннем дзіцяці павінны абое бацькоў. І пачынаць гэта трэба ад першага крыку немаўляці. Успомніце прытчу, калі маці з дзіцем на руках прыйшла да мудраца і спыталася, калі трэба пачынаць выхоўваць дзіця. Старац пацікавіўся: «Колькі малому гадоў?». – «Тры». – «Вы спазніліся роўна на тры гады».

Перавядзем гэтую сітуацыю на адносіны мужчын да дзяцей. Часам яны кажуць: «Буду выконваць ролю таты пазней, калі мой сын/дачка падрасце», – і сур’езна памыляюцца.

Не сакрэт, што зараз, асабліва на Захадзе, папулярнымі становяцца сумесныя, або партнёрскія роды. Гэта практыка ўсе актыўней распаўсюджваецца і ў нас (узгадаем, напрыклад, Дар’ю Домрачаву і яе мужа Уле-Эйнара Б’ерндалена, які прысутнічаў на родах). І гэта цудоўна! У мужчын, якія назіраюць за нараджэннем сваіх дзяцей, «бацькаўскі інстынкт» з’яўляецца амаль адразу ж. Галоўнае – яго не прыглушыць. Бо як часта ад жанчын можна пачуць такія папрокі да мужа: «Не так робіш, не ўмееш, я сама». І пасля такіх слоў жаданне клапаціцца аб маленькім дзіцяці ў мужа, безумоўна, прападае. А жонка потым злуецца, што ён не дапамагае займацца выхаваннем малога.

Аднак жанчына павінна разумець: дзіця – гэта не першае кола сямейных адносін, першае – муж і жонка. Запамінайце галоўнае правіла: МЫ – бацькі, дзіця – НАША. І не пакідайце мужа ў пазіцыі назіральніка.

Калі вы хочаце, каб у вашага дзіцяці быў уважлівы і клапатлівы бацька, дазвольце яму даглядаць за малым. Давярайце мужу. Няхай купае немаўля, надзявае паўзункі, гугукае і люлюкае з ім. Калі муж будзе ў баку ад клопатаў, паміж ім і дзіцем прадказальна ўзнікне псіхалагічная аддаленасць.

Вядома, займацца дзіцем з першых дзён жыцця трэба ўмець. І калі мужчына элементарна не ведае, як і што рабіць, з якога боку падысці да малога – не злуйцеся, а па-добраму, цярпліва вучыце, падказвайце і тлумачце яму. Магчыма, ён сам вырас у сям’і, дзе не было магчымасці на- вучыцца гэтаму. Раскажыце мужу, як прайшло ваша дзяцінства, як тата бавіў з вамі свой час, што вы разам рабілі, куды хадзілі і г. д. Раю жанчы- нам больш пільна прыгледзецца і да сям’і свайго выбранніка. У большасці выпадкаў ён будзе выкарыстоўваць тыя ж метады выхавання, што былі ў яго дзяцінстве.

Дарэчы, сення у нашай краіне адпачынак па догляду за дзіцем можа аформіць не толькі маці, але і бацька (ці іншыя блізкія родзічы). У мінулым годзе такой магчымасцю скарысталіся каля 3-х тысяч мужчын (гэта 1 %). Лічба невялікая, аднак, на мой погляд, і гэта добра. Ды і ў таты не атрымаецца, як бы ён ні стараўся, цалкам замяніць маму.

Мужчына павінен разумець сваю адказнасць за сям’ю і адчуваць, што да яго прыслухоўваюцца.

Часта ў падлеткавым узросце дзіця нешта хоча ад таты, але просіць гэта праз маці. Такім чынам, жанчына становіцца пасярэднікам паміж імі. Далікатна парайце дзіцяці самому пагаварыць пра гэта з татам. Інакш ён прывыкне да таго, што ўсё ў сям’і вырашае мама.

Некаторыя жанчыны лічаць, што галоўная роля таты ў справе выхавання – прыкрыкнуць альбо пакараць. Атрымліваюцца маніпуляцыйныя гульні паміж бацькамі, маўляў, я лепшая, а ты – горшы. Нічым добрым гэта не скончыцца. І ўвогуле, бацькам вельмі важ- на выпрацаваць адзіныя прынцыпы, знайсці залатую сярэдзіну ў выхаванні дзяцей і не супярэчыць адзін аднаму.

Фота: ivona.bigmir.net

Бацькі ідуць у… школу!

У Беларусі ўсё больш папулярным становіцца праект «Тата-школа», дзе на занятках мужчынам дапамагаюць стаць ідэальнымі бацькамі. 

Першапачаткова «Тата-школы» з’явіліся ў Швецыі 20 гадоў таму. Стваральнікі за аснову ўзялі правіла: татамі не нараджаюцца, імі становяцца. Дарэчы, шведскія вучоныя даказалі, што са з’яўленнем такіх «Тата-школ» колькасць разводаў скарацілася. У 2009 годзе заходні вопыт перанялі і беларусы.

Сёння «выпускнікамі» школ з’яўляюцца больш за сотню бацькоў. Водгукі ад іх толькі станоўчыя. Таты кажуць, што яны глыбей усвядомілі сваю бацькоўскую ролю і адказнасць за развіццё дзетак і ўмацаванне сям’і.

На спецыяльных занятках мужчынам дапамагаюць раскрыць бацькаўскія «інстынкты». Падручнікаў і канспектаў ў гэтых школах няма – ёсць тэмы для абмеркавання і разважання.

– Групы тут набіраюць невялікія, па 7 – 9 чалавек. Увесь курс расцягваецца на пяць-шэсць вячэрніх заняткаў, – кажа Раман Кручкоў, псіхолаг Мінскага гарадскога цэнтра сацыяльнага абслугоўвання сям’і і дзяцей, ка- ардынатар праекта «Тата – школа». – На «ўроках» мужчыны абмяркоўваюць досыць надзённыя праблемы: як у сям’і разам рыхтавацца да родаў, як уладкаваць побыт немаўляці, як змяняюцца са з’яўленнем дзіцяці адносіны паміж мужам і жонкай і як па-новаму іх выбудоўваць.

Нягледзячы на вялікі выбар літаратуры, інфармацыі ў сеціве, на занятках абавязкова разглядаюць і агульныя пытанні псіхалогіі развіцця дзіцяці. Пры гэтым інавацыйнасць праекта заключаецца ў тым, што працуюць з маладымі бацькамі (якія чакаюць нараджэння дзіцяці або якія знаходзяцца на этапе яго выхавання) толькі мужчыны, бацькі, якія маюць практычны вопыт выхавання дзяцей альбо тэарэтычную прафесійную падрыхтоўку па гэтым пытанні.

Важна, што пазітыўным вопытам бацькоўства дзеляцца менавіта ўдзельнікі, а не толькі мадэратар, які хутчэй выконвае ролю суразмоўцы, а не настаўніка. На заняткі часта прыходзяць псіхолагі, педагогі, медыкі. І, што немалаважна, навучанне ў такіх «спецшколах» бясплатнае.

Фота: colady.ru

Цікава, што сярэдні партрэт «вучня» – гэта мужчына 25 – 35 гадоў, які толькі нядаўна стаў татам. А вось прафесіі ў іх самыя розныя: на заняткі прыходзяць бізнесмены, ваенныя, урачы, міліцыянеры і г. д.

– Цудоўна, што ў сучасным грамадстве мужчына становіцца не толькі эканамічнай апорай сям’і, але і сябрам, настаўнікам, памочнікам, адказным бацькам, – дзеліцца сваімі назіраннямі Раман Кручкоў.

У Мінску школ для татаў больш за ўсё, яны адкрываюцца ў гарадскіх і раённых тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання сям’і і дзяцей. Да справы актыўна падключаецца і дабрачынная грамадская арганізацыя «Клуб ільвоў», якая з 2013 года рэалізуе праект па ўключэнні мужчын у сямейнае жыццё.

«Тата –школы» спрыяюць:

  • Умацаванню ўзаемаадносін у маладых сем’ях;
  • Памяньшэнню фактараў рызыкі разводу, якія прыводзяць да распаду сям’і;
  • Прафілактыцы асацыяльных форм паводзін сярод маладых мужчын;
  • Прапагандзе адказнага бацькоўства;
  • Павышэнню ўзроўню псіхалагічнай, педагагічнай і прававой культуры бацькоў. 

Друкуецца ў часопісе «Алеся»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?