Вы тут

Жыццё ля манітора


Жыццё ля манітора

Залежнасць — гэта амаль заўсёды штука кепская (калі толькі гаворка ідзе не пра рэчы накшталт кіслароду). Камп’ютарныя гульні, здараецца, выклікаюць у нас вельмі моцнае прывыканне і не адпускаюць ад сябе. Мы разумеем, што ўсё не так, але паспрабуйце гэта патлумачыць бацькам, ці, напрыклад, сваёй дзяўчыне/хлопцу. У любым выпадку, каб паспяхова змагацца з нейкай з’явай, трэба ведаць, з чаго яна складаецца. З гульнявой залежнасцю таксама не ўсё так проста, таму класіфікуем гульні па «паражальнаму эфекту».

1. Простыя гульні кшталту «тры ў шэраг», якія часта прыцягваюць самых неспрактыкаваных геймераў. У чым жа іх небяспека? Перадусім, навучыцца гуляць у іх не так і складана. Нават маленькія дзеці здолеюць. А аднойчы вы можаце заўважыць перад маніторам і сваю бабулю. Якасная анімацыя, спецэфекты, адчуванне свайго спрыту і вынаходлівасці, калі шарыкі расстаўляюцца, як трэба. І што самае жудаснае — амаль бясконцы геймплэй. Можна сур’ёзна захапіцца і змарнаваць не толькі свой вольны час, але і працоўны.

2. Гульні, якія маюць элемент спаборніцтва з іншымі людзьмі. Асноўная іх мэта — выклікаць азарт і жаданне працягваць супрацьстаянне, пакуль не пераможаш. А пасля яшчэ разок. Пад гэты пункт трапляе вялікая колькасць праектаў з мульціплэерам, але ў першую чаргу сесіённыя гульні, такія, як Counter Strike ці Dota. У межах такіх праектаў ёсць рэйтынгі, у якіх твая пазіцыя залежыць ад уласных перамог і паражэнняў. Ёсць прафесійныя спартоўцы і сусветныя спаборніцтвы, з прызамі ў мільёны долараў і з мільёнамі ж гледачоў. Чалавек, які ў гэта ўцягваецца, адчувае сябе часткай субкультуры, марыць аднойчы дасягнуць пэўных поспехаў у сваёй гульні. Але звычайна гэтыя мары недасягальныя.

3. Анлайн-гульні кшталту World of Warcraft ці LineAge. Але часам і нейкая «браўзерка» можа захапіць не слабей, чым сусветна вядомы «цяжкі» праект. Тут да спаборніцтва дадаецца атаясамленне гульца са сваім персанажам. Насамрэч ён жыве ў гэтым свеце, працуе, змагаецца, у яго ёсць сябры і абавязкі перад імі. І ўжо падаецца сур’ёзнай прычынай не пайсці ў школу ці на працу тое, што ў твайго клана на пэўны час запланаваная аблога крэпасці. А калі ў такой гульні ёсць магчымасць укладаць рэальныя грошы, каб атрымаць перавагу над іншымі, тут і сапраўды здараюцца сур’ёзныя праблемы, а часам нават крымінальныя справы.

4. Праекты з акцэнтам на «прапампоўку» свайго персанажа ды збіральніцтва. У пэўнай ступені гэта тычыцца і вышэйназваных пунктаў, але поўнага росквіту «хвароба» дасягае ў RPG (ролевыя гульні), а асабліва ў так званых «д’яблоідах» (не, не таму, што гульні ад пекла, а ад назвы заснавальніка жанру — Diablo). Геймер губляе безліч гадзін на прабежку праз сотні амаль аднолькавых пячор, каб толькі замест «мяча+3» знайсці «меч+4», з якім ўжо зможа адправіцца ў іншыя пячоры, на пошукі «мяча+5». Ну, гэта калі груба казаць, але сэнс вы ўхапілі.

Зразумела, гэта не ўсё, на што мы можем «захварэць» перад маніторам. Але, сядаючы за новую гульню, звяртайце ўвагу, чым менавіта яна вас прыцягвае. Калі спакойна прааналізаваць тое, што намагаецца выклікаць у вас залежнасць, то і змагацца будзе прасцей. Але ж зусім закідваць гульні, зразумела, не трэба, асабліва калі яны ўжо не маюць над вамі ўлады. Бо ў іх столькі цікавага!

Мікалай Ізаітка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?