Вы тут

Паміж гельмінтамі і карыесам сувязі няма


«Прачытала ў інтэрнэце аб тым, што прычына карыесу, парадантозу — у гельмінтах, якія насяляюць арганізм. Прапануецца там і нейкі цуд-прэпарат для барацьбы з імі. Нібыта можна будзе забыцца на карыес назаўсёды пасля такога лячэння. Ці так гэта?»

Аксана Аляксееўна, г. Мінск


Тлумачыць дырэктар 9-й стаматалагічнай паліклінікі Мінска Міхаіл ВАЎЧОК:

— Пасля прыёму ежы на зубах застаюцца яе рэшткі. Гэта спрыяе ўтварэнню мяккага зубнога налёту, у якім знаходзіцца шмат розных мікраарганізмаў. У выніку жыццядзейнасці мікробы выдзяляюць малочную кіслату, якая размякчае тканкі зуба — эмаль і дэнцін, і прыводзіць да ўтварэння дзіркі ў зубе, што і ёсць, уласна кажучы, карыес. Ёсць і іншыя прычыны гэтага стаматалагічнага захворвання — прыроджаныя, калі ў дзяцей ад пачатку фарміруюцца зубы з дэмінералізаванай эмаллю. Спрыяць карыёзнаму працэсу можа і рознага кшталту знешняе ўздзеянне, напрыклад работа на хімічнай вытворчасці. Пакуль ніводзін вучоны гэтыя тэорыі паходжання карыесу не абверг. Як, дарэчы, і прычыны ўзнікнення парадантозу — захворвання тканак, у якіх зуб размяшчаецца. Яно ўзнікае таму, што мяккі зубны налёт, які своечасова не выдаляецца, ператвараецца ў цвёрды, або зубны камень. Камень цісне на слізістую, там пачынаюць утварацца пролежні, слізістая запаляецца, ствараюцца ідэальныя ўмовы для развіцця ўсё тых жа мікраарганізмаў, якія і без таго насяляюць нашу ротавую поласць.

Усе мікраарганізмы ў нашым арганізме — або паразіты, якія прыносяць шкоду, або сапрафіты, ад якіх ёсць карысць. Карысць ёсць ад некаторых мікраарганізмаў, якія дапамагаюць выпрацоўцы вітаміну К, або ад кішэчнай палачкі, якая ў малой колькасці не дазваляе развіцца патагеннай мікрафлоры, а вось калі кішэчнай палачкі становіцца шмат, то ўжо сама яна спрыяе паталагічнай флоры. Што да паразітаў, якія насяляюць кішэчнік, то яны заўсёды шкодзяць тым, што парушаюць усмоктванне карысных рэчываў. Усё карыснае адпраўляецца на развіццё саміх паразітаў, а не на тое, каб забяспечваць наш арганізм усім неабходным. Застаецца дадаць, што ў целе чалавека ёсць адкрытыя брудныя месцы — нос, ротавая поласць... Кожнае такое месца мае сваю мікрафлору, і нельга сказаць, што тут ёсць нейкі перакрыжаваны ўплыў. Адзінае, што калі мы прымаем антыбіётыкатэрапію для барацьбы з мікробамі ў адной сістэме арганізма, то, сапраўды, можам адначасова парушыць мікрафлору ў іншай.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».