Вы тут

Як ператварыць стратнае прадпрыемства ў прыбытковае?


Універсальнага рэцэпта няма, але відавочна, што пры добрым менеджменце і інвестыцыях вярнуць да працы магчыма амаль любую вытворчасць. Так адбылося і з карданажнай фабрыкай у Заслаўі. Яна пачала страчваць свае абароты пасля развалу Савецкага Саюза, паступова стаўшы незапатрабаванай. Але перспектыву ў ёй убачыла кампанія «Марк Фармэль». Пасля выкупу яна захавала вытворчасць кардону, у тым ліку для ўласных патрэб, і стварыла на тым месцы панчошна-шкарпэткавую вытворчасць. За гэты час аб'ём кардоннай прадукцыі вырас амаль у тры разы, а брэнд «Марк Фармэль» стаў вядомым ужо далёка за межамі Беларусі. Сакрэты правільнага менеджменту нам раскрыў намеснік дырэктара па развіцці рознічнай гандлёвай сеткі Сяргей ЕГОРАЎ.


Адно з важных пытанняў для кожнай новай кампаніі: дзе адкрыць вытворчасць? «Марк Фармэль», якая ўжо развілася ў буйнога вытворцу трыкатажу, пачынала ў 2009 з фабрыкі ва Уздзе і адной фірмовай крамы там жа. Калі выбіралі месца, глядзелі на прадпрыемствы, якія працуюць неэфектыўна і таму прадаюцца праз свабодныя таргі. «Мы ўбачылі, што можам развівацца на базе таго, што ўжо існуе ў Рэспубліцы Беларусь, і ў стане арганізаваць там вытворчасць запатрабаванай прадукцыі», — тлумачыць суразмоўца.

Пасля ўздзенскай фабрыкі было яшчэ некалькі такіх пакупак. Зараз у кампаніі восем вытворчасцяў, але іх спіс пашыраецца. «У нас ёсць шэраг праектаў у Салігорску і Пінску, якія цяпер на стадыі падпісання дагавораў і рэалізацыі. Гэта значыць мы павялічваем колькасць фабрык. Мы ўсё яшчэ шукаем новыя пляцоўкі, таму што на сёння мы можам прадаць больш, чым вырабіць».

Па словах Сяргея Егорава, адзін з асноўных момантаў, на які арыентуецца кампанія пры выбары месца, — гэта наяўнасць людскіх рэсурсаў, якія можна залучыць для працы. Не ў кожным горадзе знойдзеш кваліфікаваных швачак. Перш за ўсё глядзяць на кадры, якія працуюць ці навучаюцца ў гэтай галіне. Так, на заслаўскай фабрыцы працуе каля 300 чалавек, прычым не толькі ўласна з горада, але і з найбліжэйшых населеных пунктаў і са сталіцы. Усяго ў групе кампаній «Марк Фармэль» занятыя каля 2000 супрацоўнікаў. Сярэдняя заработная плата на філіяле — 900 рублёў. Для мінчан кампанія арганізуе праезд са сталіцы да Заслаўя. Падчас працоўнага дня можна зрабіць перапынак з кавай ці чаем за кошт кампаніі.

Чаму адны прадпрыемствы квітнеюць, а другія — наадварот? «Усё стратнае — гэта вынік дрэннага менеджменту, — лічыць Сяргей Егораў. — Кампанія, хутчэй за ўсё, пралічылася яшчэ на этапе, калі вырашалі, што, калі і як яны будуць вырабляць, або памылілася ў даследаваннях. У любым выпадку гэта працэс, якім можна кіраваць, ён не ідзе хаатычна. Нейкі менеджмент ёсць заўсёды, нават калі ты індывідуальны прадпрымальнік. Аадзінага рэцэпта для крызіснай сітуацыі ці стратнага прадпрыемства няма. З вытворчасцямі заўсёды трэба разбірацца ў індывідуальным парадку. Як паказвае сусветная практыка, простае абнаўленне нейкага прадпрыемства, якое выпускае незапатрабаваную прадукцыю, не вырашае пытанне. Прадукцыю ўсё адно не купляюць. Бізнес існуе для таго, каб даць чалавеку прадукт, які яму будзе цікавы, за цану, якую ён гатовы за яго плаціць. Не істотна, ці гэта фізічная асоба, ці гэта іншая вытворчасць. У любым выпадку ты павінен вырабляць тое, што цікавае, і тое, што канкурэнтаздольнае. Гэта два ключавыя фактары».

Расказваючы пра «Марк Фармэль», намеснік дырэктара гаворыць, што яны знаходзяць сваіх пакупнікоў у тым ліку дзякуючы цікаваму афармленню. На дзвярах у кабінет дызайнераў вісіць шыльдачка «Асцярожна, крэатыў!», і сапраўды, зрабіць звычайныя чорныя шкарпэткі можа кожны, а стварыць такія, якія хочацца набыць, — гэта амаль мастацтва. «Марк Фармэль» пачалі рабіць тое, чаго дагэтуль у Беларусі не было. Сакрэт у дробязях. Напрыклад, да іх рызінкі для валасоў заўсёды прывозіліся з-за мяжы. Кампанія заўсёды пашырае лінейку прадукцыі, і ў планах на гэты год запусціць выраб паліямідных калготак. Да таго ж у Заслаўі плануецца пабудаваць новы вытворчы корпус. Цяпер праект знаходзіцца на стадыі экспертызы.

«Марк Фармэль» стварае сабе імя і на міжнародным рынку. Усяго ўжо адкрыта 117 фірменных крам і 700 гандлёвых пунктаў. Працуюць як з краінамі СНД, так і з Заходняй Еўропай, ёсць запыты нават з Амерыкі. Для іх не існуе геаграфічных бар'ераў.

Надзея АНІСОВІЧ

аnіsоvісh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Сакрэт — у дробязях

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?