Вы тут

Чатыры тэсты і тры рэзервовыя дні — пачалася рэгістрацыя на ЦТ


Учора ў краіне распачалася рэгістрацыя абітурыентаў на цэнтралізаванае тэсціраванне, якая будзе доўжыцца да 1 чэрвеня ўключна.


Для таго, каб запасціся пропускамі на ЦТ, абітурыентам даецца амаль цэлы месяц, на працягу якога яны могуць завітаць у любы найбліжэйшы да іх месца жыхарства пункт рэгістрацыі. Такіх пунктаў па ўсёй краіне 41. Усе яны падключаны да аўтаматызаванай сістэмы «Агульнарэспубліканскі банк звестак удзельнікаў ЦТ». Сістэма працуе па прынцыпе «аднаго акна»: сама шукае свабодныя пасадачныя месцы і падказвае рэгістратару, у якіх навучальных установах можна здаць тыя ці іншыя прадметы. Асабліва гэта актуальна для сталіцы. Аўтаматызаваная сістэма дазваляе падабраць абітурыенту найбольш зручнае для экзамену месца, нават калі той пажадае здаваць цэнтралізаванае тэсціраванне ў іншым горадзе. Пункты рэгістрацыі будуць працаваць па рабочых днях тыдня з 9.00 да 19.00 і па суботах 13 і 27 мая — з 9.00 да 18.00.

На экзамен — без дзесяцікласнікаў

Летась на цэнтралізаванае тэсціраванне зарэгістраваліся 100 811 чалавек. Сказаць, колькі сёлета знойдзецца ахвотных штурмаваць ВНУ, праблематычна, паколькі выпускнікі школ, ліцэяў і гімназій звычайна складаюць толькі палову ад агульнай колькасці абітурыентаў, а другая палова — гэта выпускнікі прафесійна-тэхнічных, сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, выпускнікі папярэдніх гадоў і студэнты малодшых курсаў платнай формы навучання, якія спрабуюць зноў паступіць на бюджэт. А вось у тым, што колькасць здадзеных чалавека-тэстаў павялічыцца, ніхто не сумняваецца. Па-першае, абітурыентам упершыню прадастаўлена права здаваць на ЦТ чатыры дысцыпліны замест трох. І, можна не сумнявацца, што многія дадатковым шанцам абавязкова скарыстаюцца. Ці зробяць гэта хоць бы з цікаўнасці, тым больш што і сертыфікаты ЦТ цяпер дзейнічаюць два гады. Калі малады чалавек канчаткова вызначыўся з профілем навучання, ён можа здаць цэнтралізаванае тэсціраванне па дзвюх дзяржаўных мовах, а пазней выбраць лепшы з двух сертыфікатаў, забяспечыўшы сабе хоць некалькі дадатковых балаў. Праўда, у прыёмную камісію ВНУ трэба будзе падаваць, як і раней, толькі тры сертыфікаты і два сертыфікаты — у прыёмную камісію ССНУ.

Зарэгістравацца больш чым на чатыры дысцыпліны на ЦТ аўтаматызаваная праграма рэгістрацыі не дазволіць. Як і не дазволіць яна трапіць на ЦТ дзесяцікласнікам.

— Вядома, многія хацелі б праверыць сябе ў «баявых» умовах, але ўдзел у ЦТ людзей, якія не плануюць паступленне ў бягучым годзе, істотна ўплывае на нашу работу, — тлумачыць дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Мікалай ФЯСЬКОЎ. — Для таго каб паспець у вельмі сціслыя тэрміны праверыць усе тэставыя работы і выдаць удзельнікам сертыфікаты ЦТ да пачатку прыёму дакументаў у ВНУ, нашы работнікі вымушаны працаваць у тры змены. Да таго ж удзел дзесяцікласнікаў у ЦТ скажае статыстыку вынікаў, што таксама непажадана...

Пашпарт, а не пасведчанне кіроўцы

У пункт рэгістрацыі на ЦТ абітурыент павінен прыйсці з пашпартам (непратэрмінаваным!) або іншым дакументам, што пацвярджае яго асобу (гэта можа быць пасведчанне на права жыхарства, пасведчанне бежанца ці афіцыйная даведка, якая выдаецца органамі ўнутраных спраў у выпадку страты ці крадзяжу дакумента, што пацвярджае асобу). Ніякія іншыя дакументы, у тым ліку пасведчанне кіроўцы, для рэгістрацыі не падыходзяць.

Выбар мовы, на якой абітурыент жадае здаваць тэсты, ажыццяўляецца менавіта на этапе падачы заявы і рэгістрацыі на ЦТ. Заява запаўняецца ўдзельнікам ЦТ на адной з дзвюх дзяржаўных моў: беларускай ці рускай на выбар. Трэба мець на ўвазе, што пазней на цэнтралізаваным тэсціраванні зона рэгістрацыі бланка адказаў будзе запаўняцца абітурыентам на той жа мове, на якой была пададзена заява пры рэгістрацыі. І сертыфікат удзельніка ЦТ будзе запаўняцца таксама на той мове, на якой падавалася заява.

Пасля падачы заявы абітурыент атрымлівае ў работніка пункта рэгістрацыі рахунак і ажыццяўляе аплату за прыём і афармленне дакументаў для ўдзелу ў ЦТ. Гэта сума складае 0,1 базавай велічыні (2 рублі 30 капеек) за адзін вучэбны прадмет.

Унясенне сродкаў за афармленне і прыём дакументаў ажыццяўляюцца праз АРІП (сістэму адзінай разліковай і інфармацыйнай прасторы): гэта можна зрабіць у інфакіёсках, плацежных тэрміналах і банкаматах, тэрміналах Саsh-Іn, разлікова-касавых цэнтрах банкаў, з выкарыстаннем інтэрнэт-банкінгу і мабільнага банкінгу (непасрэдна ў пункце рэгістрацыі на ЦТ). Абітурыентам цяпер не трэба падаваць у пункт рэгістрацыі дакумент, які пацвярджае факт аплаты, бо ўся інфармацыя аб праведзеных плацяжах акумулюецца ў сістэме АРІП, і ў электронным выглядзе яна даступная і ўстановам адукацыі, і Рэспубліканскаму інстытуту кантролю ведаў.

Пасля заканчэння рэгістрацыі і пацвярджэння факта аплаты абітурыент атрымлівае ў пункце рэгістрацыі пропуск на ЦТ, прад'явіўшы дакумент, які сведчыць яго асобу. Трэба мець на ўвазе, што пропуск для ўдзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні лічыцца зарэгістраваным, калі на ім маецца пячатка ўстановы, вызначанай пунктам рэгістрацыі на ЦТ, подпіс упаўнаважанага прадстаўніка пункта рэгістрацыі і ўказаны рэгістрацыйны нумар.

Абітурыенты, з якіх не спаганяецца плата за прыём і афармленне дакументаў для ўдзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні, пры падачы заявы павінны прадаставіць дакументы, якія пацвярджаюць іх права на льготу.

Замежныя грамадзяне і грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі замежных дзяржаў, могуць накіраваць у пункт рэгістрацыі копію дакумента, які сведчыць іх асобу, і заяву па пошце, а рэгістрацыйны ўзнос аплаціць пасля прыезду ў Беларусь, але не пазней, чым за адзін дзень да пачатку тэсціравання па вучэбным прадмеце.
Заяву можна спампаваць на сайце Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў (rіkz.unіbеl.bу). Арыгінал дакумента, які сведчыць асобу, у гэтым выпадку прад'яўляецца пры атрыманні пропуска для праходжання тэсціравання.

Абставіны, якія нельга прадбачыць

Істотным плюсам новых Правілаў прыёму можна лічыць з'яўленне трох рэзервовых дзён для здачы ЦТ: сёлета гэта 6, 8 і 10 ліпеня. Раней быў прадугледжаны ўсяго адзін такі дзень, і калі абітурыент захварэў і прапусціў, напрыклад, два ЦТ, ён вымушаны быў страчваць цэлы год. Да таго ж спартсмены маглі прапусціць здачу ЦТ з-за важных спаборніцтваў, музыканты — з прычыны ўдзелу ў фестывалях і г. д. Цяпер у іх будзе магчымасць скарыстацца рэзервовымі днямі. Канкрэтнага пераліку ўважлівых прычын няма, кожны выпадак разглядаецца індывідуальна. Напрыклад, страта пашпарта лічыцца ўважлівай прычынай, але ўсё роўна трэба мець даведку, якая пацвярджае гэты факт.

Таксама тры рэзервовыя дні для правядзення ЦТ дадуць шанц паўдзельнічаць у конкурсе на бюджэтныя месцы абітурыентам з Расіі, Казахстана, Кыргызстана і Таджыкістана, якія не паспявалі прыехаць у Беларусь у чэрвені, каб здаць ЦТ разам з беларусамі, паколькі ў гэты ж час яны здавалі свае нацыянальныя экзамены. У іх была адзіная магчымасць стаць студэнтам беларускай ВНУ — праходзіць субяседаванне восенню і паступаць на платную форму навучання як замежным грамадзянам з адпаведнымі «расцэнкамі» за вучобу.

Тэрміны рэгістрацыі абітурыентаў для праходжання цэнтралізаванага тэсціравання ў рэзервовыя дні — з 30 чэрвеня па 3 ліпеня. Пункты рэгістрацыі — БДУ, Беларуска-Расійскі ўніверсітэт, Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я. Купалы, Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт і Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт імя П. В. Сухога. Месцам правядзення вызначаны Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkаlаеvа@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Чатыры тэсты і тры рэзервовыя дні

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.