Вы тут

Што вас натхняе пазнаёміць чытача з кітайскай паэзіяй па-беларуску?


Выдавецкі дом «Звязда» ўжо некалькі гадоў шмат сіл і намаганняў прыкладае для развіцця беларуска-кітайскіх культурных і літаратурных сувязяў. Адзін з адметных і яркіх праектаў — выданне серыі кніг «Светлыя знакі. Паэты Кітая». Тым, хто працаваў над выданнем кніг серыі, мы задалі адно пытанне: што вас асабіста прыцягвае ў жаданні пазнаёміць чытача з кітайскай паэзіяй па-беларуску?


Мікола Мятліцкі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь:

— Мне здаецца, я праходжу яшчэ адну школу творчага жыцця. Працуючы многія гады над пераўвасабленнем лепшых узораў кітайскай паэзіі на беларускую мову, я зрабіў для сябе нямала адкрыццяў. І пераканаўся, што Кітай — унікальная культурная, асветніцкая прастора, якую проста нельга не ўлічваць у жаданнях зазірнуць у заўтра.

Юлія Алейчанка, адказны сакратар часопіса «Полымя», паэт, перакладчык, літаратуразнаўца: 

— Мне даспадобы вершы і Мэн Хаажаня, і Ван Гачжэня, і другіх паэтаў, якія я пераклала для серыі «Светлыя знакі...». Дзякуй маёй памочніцы Дар'і Нечыпарук, якая рыхтуе падрадкоўнікі і фактычна выступае кансультантам многіх акалічнасцяў, што ўзнікаюць у рабоце над тэкстамі. Упэўнена, што ў нараджэнні такога творчага праекта ёсць пэўная заканамернасць. Яна ў тым, што з году ў год Кітай, Усход становяцца бліжэй да нас, да Еўропы. І чаму масты паразумення не трываліць менавіта праз мастацкую літаратуру, праз добрую і прыцягальную паэзію?!

Каміль Камал, жывапісец, кніжны графік:

— Для серыі «Светлыя знакі...» я аформіў ужо чатыры кнігі. Мне вельмі цікава чытаць кітайскую паэзію ў перакладзе на беларускую мову. Знаходжу там шмат сімвалаў, цікавых мастацкіх вобразаў. Асабліва здзіўляе мяне класіка. Кітайцы ўвогуле вялікія малайцы, што столькі стагоддзяў трымаюць у сваёй нацыянальнай памяці ранейшыя традыцыі вершаскладання, памятаюць паэтаў першага тысячагоддзя і нават тых, хто пісаў вершы яшчэ ў другім-трэцім стагоддзях да нашай эры. Такі «ўзрост» памяці не можа не захапляць!..

Дар'я Нечыпарук, выкладчык кафедры кітайскай філалогіі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта:

— Да перакладаў вершаў для серыі «Светлыя знакі...» заахвочваю студэнтаў, аспірантаў, якія ведаюць, вывучаюць кітайскую мову. Такім чынам, творчы, выдавецкі кніжны праект носіць і адукацыйны характар, што па сённяшнім часе ўсталявання, пашырэння кантактаў Беларусі і Кітайскай Народнай Рэспублікі вельмі важна.

Гутарыў Сяргей ШЫЧКО

 

Загаловак у газеце: Святло ідзе з Усходу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?