Вы тут

Даверчыя лісты Прэзідэнту ўручылі паслы 12 дзяржаў


Наша краіна праводзіць актыўную знешнюю палітыку, для Беларусі няма нецікавых партнёраў. Літаральна кожная дзяржава свету ўяўляе для нас пэўны інтарэс, амаль для кожнай у нас ёсць што прапанаваць.


— У штогадовым Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу мною выразна абазначаны шляхі далейшага развіцця краіны і павышэння дабрабыту грамадзян, — нагадаў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка ў пачатку мерапрыемства. — Менавіта на дасягненне гэтай мэты перш за ўсё накіравана наша знешняя палітыка.

Зараз Беларусь старшынствуе ў Цэнтральна-Еўрапейскай Ініцыятыве. Прэзідэнт Беларусі ўпэўнены: дзякуючы гэтаму ў нас з'явіліся новыя магчымасці для больш шырокага ўцягнення дзяржавы ў еўрапейскія інтэграцыйныя працэсы. Не выпадкова «тытульнай» тэмай беларускага старшынства выбрана прасоўванне сумяшчальніцтва ў Вялікай Еўропе.

— Пагадзіцеся, у кантэксце цяперашняй нестабільнай абстаноўкі і беспрэцэдэнтных выклікаў яна мае асаблівае значэнне, — адзначыў беларускі лідар. — Бягучы год знамянальны тым, што ў Мінску пройдзе сесія Парламенцкай асамблеі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. Падзея для нашай краіны, ды і для ўсёй Еўропы, важная і дужа адказная. На сесіі плануецца абмеркаваць пытанні ўзаемнага даверу і супрацоўніцтва ў рэгіёне АБСЕ. Прымаючы высокі форум, Беларусь мае магчымасць пачаць канструктыўны дыялог з прадстаўнікамі многіх еўрапейскіх дзяржаў.

Беларусь у стане забяспечыць замежным партнёрам выхад на велізарны рынак Еўразійскага эканамічнага саюза. Па словах кіраўніка беларускай дзяржавы, гэта, несумненна, павышае яе прыцягальнасць у гандлёва-эканамічным і інвестыцыйным плане.

Аляксандр Лукашэнка паведаміў замежным дыпламатам, што бягучы год аб'яўлены ў нашай краіне Годам навукі:

— Задачы пастаўлены грандыёзныя. Па прыярытэтных для сябе кірунках даследаванняў Беларусь плануе праз дзясятак гадоў увайсці ў лік дзяржаў-лідараў. У нас захавалася і развіваецца магутная акадэмічная навука, прадстаўленая дзясяткамі буйных даследчых цэнтраў і вышэйшых навучальных устаноў. Спадзяёмся на вашу актыўную дапамогу ў арганізацыі навуковага і студэнцкага абмену, наладжванні ўніверсітэцкіх сувязяў і рэалізацыі сумесных навукова-тэхнічных праектаў.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу: у гэтай зале прадстаўлены амаль усе рэгіёны свету.

— Беларусь высока цэніць партнёрства з вашымі краінамі, — запэўніў ён. — Мы гатовы прымаць вас на ўсіх узроўнях і забяспечваць спрыяльныя ўмовы для рэалізацыі канструктыўных ідэй і прапаноў.

Даверчыя лісты кіраўніку дзяржавы ўручылі паслы Азербайджана, Ірана, Бельгіі, Нідэрландаў, Нарвегіі, Новай Зеландыі, Мальтыйскага Ордэна, Арменіі, Грэцыі, Руанды, Ізраіля, Украіны.

— Беларусы здаўна жывуць у добрасуседстве з украінцамі, — адзначыў Прэзідэнт. — Нас аб'ядноўваюць шматвекавая гісторыя, падобная культура, а таксама вельмі шчыльныя эканамічныя сувязі. Прадаставіўшы мінскую перамоўную пляцоўку для ўрэгулявання сітуацыі ва ўсходняй Украіне, мы будзем рабіць усё неабходнае для аднаўлення там міру і спакою. У гэтым плане вы нам можаце даверыцца.

Як адзначыў беларускі лідар, Беларусь заўсёды выбудоўвала адносіны з Азербайджанам у духу сяброўства і ўзаемапавагі. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што сумеснымі намаганнямі рэалізаваны шэраг буйных праектаў у галіне вытворчай кааперацыі. Трэба максімальна выкарыстоўваць той патэнцыял, які ёсць, і рухацца далей у гэтым кірунку.

Развіццё двухбаковага супрацоўніцтва з Арменіяй для нас уяўляе асаблівы інтарэс. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу: партнёрства ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза адкрывае новыя магчымасці для павелічэння нашага тавараабароту, дыверсіфікацыі паставак і ўвогуле развіцця і паглыблення адносін.

З задавальненнем кіраўнік краіны адзначыў актывізацыю кантактаў на палітычным і гандлёва-эканамічным узроўнях з Бельгіяй. Наша дзяржава гатова працягнуць рэалізацыю сумесных праектаў у лагістыцы, энергетыцы, хімічнай і харчовай прамысловасці...

— Узаемавыгадныя сувязі беларускі бок мае намер развіваць з Грэчаскай Рэспублікай, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Значны патэнцыял для іх пашырэння маецца ў гандлёва-эканамічнай галіне. Для гэтага сумеснымі намаганнямі нам неабходна выпрацаваць доўгатэрміновыя механізмы і эфектыўныя інструменты супрацоўніцтва.

Па словах Прэзідэнта, канструктыўны характар маюць адносіны Беларусі з Мальтыйскім Ордэнам. Ён выказаў словы падзякі за тую ролю, якую адыгрывае гэта краіна, удзельнічаючы ў рэалізацыі рознага кшталту гуманітарных праектаў у Беларусі.

— У дзясятку асноўных эканамічных партнёраў Беларусі традыцыйна ўваходзяць Нідэрланды. Мы падтрымліваем рашэнне аб адкрыцці аддзялення вашага Пасольства ў Мінску. Мяркую, што больш блізкае знаёмства нідэрландскіх дыпламатаў з нашай краінай самым станоўчым чынам паўплывае на ўмацаванне нашых сяброўскіх сувязяў, — упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Разам з тым наша краіна зацікаўлена ў адкрытым і ўзаемапаважлівым дыялогу з Нарвегіяй, якая з'яўляецца адным з найбуйнейшых імпарцёраў нашай прадукцыі сярод скандынаўскіх краін. Разам з тым узаемны гандаль можна пашырыць.

— З прыбыццём у Мінск Пасла Дзяржавы Ізраіль мы ўскладаем вялікія надзеі на каапераванне ў галіне высокіх тэхналогій, адукацыі, аховы здароўя, навукі і культуры, — сказаў Прэзідэнт. — Тут у нас з вамі дастаткова памочнікаў, бо многіх беларусаў і ізраільцян аб'ядноўваюць цесныя, часам сямейныя сувязі.

Вітаючы назначэнне новага Пасла Ірана, кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: гэта краіна з'яўляецца важным партнёрам Беларусі ў Азіяцкім рэгіёне. У выбудоўванні адносін з Новай Зеландыяй Беларусь гатова падтрымаць з задавальненнем любыя ініцыятывы з боку гэтай краіны. Што да супрацоўніцтва з Руандай, то, як звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка, тут ёсць «нерэалізаваныя магчымасці ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы, адукацыі».

Напрыканцы Прэзідэнт пажадаў паслам поспехаў у выкананні высокай дыпламатычнай місіі.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Кожны партнёр важны

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?