Вы тут

Моцарт слова


У Літаратурным музеі Максіма Багдановіча на мінулым тыдні адбылася імпрэза «Не наракаю на цябе, мой лёс». Прэзентаваная й аднайменная выстаўка. Герой падзеі — Рыгор Семашкевіч, чые «Выбраныя творы» сталіся 89-м томам кніжнага праекта «Беларускі кнігазбор». Арганізатарам сустрэчы выступіў Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры.


Лёс Рыгора Семашкевіча трагічна абарваўся ўлетку 1982 года, на трыццаць сёмым годзе жыцця, на ўздыме таленту. А талент вызначаўся шырынёй і шматграннасцю, як зазначыў літаратар Генрых Далідовіч. Вершы Семашкевіч пачаў пісаць яшчэ ў школе, а першая публікацыя адбылася ў 1962 годзе. Проза яго стала новым словам у беларускай літаратуры: неардынарная, цікавая, дасціпная. А эсэ і крытычныя артыкулы вызначаюцца глыбіннай, шчырай любоўю і павагай да чалавека, праніклівасцю, дакладнасцю і арыгінальнасцю. Цяпер яны лічацца хрэстаматыйнымі.

Рыгор Семашкевіч вызначыўся і як навуковец. Падчас вучобы на філфаку ён абраў няпростую для абароны тэму «Беларускі літаратурна-грамадскі рух у Пецярбургу (канец ХІХ — пачатак ХХ стагоддзя)». Дыпломная работа перарасла ў кандыдацкую, а малады даследчык атрымаў званне дацэнта на філалагічным факультэце БДУ.

Сястра пісьменніка Таццяна Станевіч згадала дзіцячыя гады, праведзеныя пад дахам бацькоўскага дома, пра цеплыню стасункаў з братам. Ала Сямёнава, рэдактар першай і апошняй кніг паэта, зазначыла: «Ёсць аўтары, якім бясконца даеш, а ёсць тыя, ад якіх — атрымоўваеш. Рыгор Семашкевіч — менавіта з апошніх».

Казімір Камейша, студэнцкі сябра Семашкевіча, падкрэсліў гумар яго аповесці «Бацька ў калаўроце». Тут — уся яго біяграфія, а ў герояў ёсць прататыпы (некаторыя, хто пазнаў сябе ў іх, дарэмна пакрыўдзіліся). Яшчэ адна ўніверсітэцкая сяброўка Вольга Дэконская распавяла пра сяброўства з Семашкевічам, заснаванае на навуковым інтарэсе і цікавасці да кніг і архіўных даследаванняў. Яна параўнала пісьменніка з Моцартам: так лёгка і віртуозна яму ўсё давалася, што чарнавой працы не бачна — толькі вынік.

Укладальніца пасмяротнага выдання і ўдава пісьменніка Наталля Семашкевіч паведаміла, што падчас падрыхтоўкі выдання сутыкнулася з праблемай: аб’ём не дазволіў уключыць у кнігу яшчэ не друкаваны дзённік творцы. Але, як зазначыў рэдактар «Кнігазбору» Кастусь Цвірка, праблема не з’яўляецца невырашальнай: дзённік Рыгора Семашкевіча варта выдаць асобна.

На выстаўцы ў фае музея экспанаваліся асабістыя рэчы пісьменніка, здымкі з сямейнага архіва, кнігі з дарчымі надпісамі.

Таццяна БУДОВІЧ-БАРАДУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.