Вы тут

Нічыпаравы боты


Нічыпаравы боты

Было гэта вось толькі ўчора. Сядзеў я ўвечары на сваім пагорку ў хмызняку ды слухаў, як шумяць дрэвы. Сяджу я вось так, значыць, ды нікуды не рыпаюся, бо — босы. А пайсці ў вёску ну вельмі ж хочацца. Я б да Гэлькі зайшоў, бо даўно яе не бачыў. А мо і да брата б зазірнуў. Але ж — не магу. Сяджу тут, быццам прыклеены, зоркі лічу ды босыя пяткі чухаю.

Эх, чалавечая жорсткасць…

Раптам чую — чыесьці крокі. Я, значыць, разгарнуў ціхенька хмызняк ды гляджу, хто там. Хоць час ужо позні, але светла, бо якраз поўня. То я адразу і пазнаў Сцяпана Паўлава з нашай вёскі. І хоць ён, вядома, з другога канца, але мне добра вядомы: не раз яго ратаваў. Аднойчы залом у яго жыце выдраў, а ў другі раз яго кабыле капыта загаварыў, як закульгала. Ды яшчэ там дробязі розныя: зелле, каб жонка любіла, настой ад болю ў жываце. Ну, мала што чалавеку трэба.

І вось бачу я таго Сцяпана. Нясе нейкі вузел на плячы і шыбуе, відаць, з мястэчка дадому. Незразумела толькі, чаму так позна і чаму гэтай дарогай? І тут я паглядзеў яму на ногі і аж знямеў ад здзіўлення: ён быў у ботах. І справа не ў тым, што для ботаў занадта горача і амаль ніхто ў іх зараз не ходзіць, а ў тым, што нават у святле месяца я ўбачыў, што яны — жоўтыя.

Святочныя такія жоўтыя боты. На ўсю ваколіцу — у нашым Лыскаве, і ў суседняй Дубніцы, і нават у Петрыкаве, такія былі толькі ў аднаго Нічыпара Чарадзея. Гэта значыць — у мяне.

Я, вядома, разгубіўся. Нават не паспеў раззлавацца. А Сцяпан якраз параўняўся са мной. І я, не падумаўшы як след, вылез з-за кустоў ды гукаю:

— Здароў, Сцяпан!

Ён убачыў мяне і стаў бы укапаны.

— Сцяпане, — кажу. — А ці не мае на табе боты?

Я і раней ведаў, што гэты Сцяпан не вызначаўся розумам, а тут і зусім здурнеў. Пералякаўся, відаць, ад нечаканасці. Замармытаў сабе пад нос — ды як пульне мне ў грудзі тым вузлом, што нёс на плячы. І давай ўцякаць. Толькі мае жоўтыя боты замільгацелі па дарозе.

Такая мяне агарнула крыўда — хоць плач. Вось так бы і зароў на ўвесь лес, як паранены лось. Але тут я ўспомніў: у маіх жа руках застаўся Сцяпанаў вузел.

Вузел быў цяжкі, і ў мяне з’явілася надзея, што я там знайду якісь абутак: мо боты, мо саламянкі, мо хоць жаночыя шнуроўкі. Усё роўна што, абы налезла на ногі. Разгарнуў я, значыцца, посцілку і дастаю спачатку ваўняную шапку-магерку, услед за ёй жаночы каптурык з вушкамі і хустку ў кветачкі. І ўсё, як на злосць, для галавы, а не для ног. Але ж там было яшчэ нешта цяжкае? Гляджу… А гэта газавая лямпа з тоўстага шкла. Ну, не пашчасціла.

Памераў я тады з роспачы хоць шапку. Але навошта, думаю, мне тая шапка? Потым каптурык нацягнуў, сяджу, як дурань, галавой матляю. Каб хто ўбачыў — вось бы смеху было. І тут я падумаў: што, калі на адну нагу магерку, а на другую каптурык уздзець? Ногі ўжо не босыя — можна і ў вёску чухаць. Але так мне стала нешта брыдка ад гэтай думкі, што я скруціў усе Сцяпанавы рэчы ў вузел ды і шпурлянуў яго са злосці на дарогу. Каб табе, думаю.

І тут толькі сцяміў, што можна было з посцілкі анучы зрабіць. Але вузел ужо на дарозе, так што не дастаць.

Можа, паспрабаваць паўзці, быццам той гад?

Паглядзеў я на свае рукі, пачухаў патыліцу і памкнуўся быў кульнуцца ў траву, але пачуў нейкія дзіўныя гукі. Спачатку здалося, што скавыча сабака. Але праз хвіліну я зразумеў, што гэта чалавек. І ён спявае нешта такое самотнае. Але ж каб мяне чэрці на кавалкі рэзалі, я б усё роўна не сказаў, што гэта за песня. Мусіць, Гэльчына каза і то лепей спявае.

Узяла мяне тут цікаўнасць. Хто гэта, думаю, так позна цягнецца? Сяджу, значыцца, чакаю. Але гукі раптам зніклі, стала ціха. Ні спеваў тых, ні крокаў не чуваць. Заснуў ён там ці што? Сядзеў я так хвілін з пяць, а мо і з дзесяць, як зноў пачуў спачатку нейкае мармытанне. А потым гэты ліхадзей як грымне «Яся» благім голасам, я аж падскочыў.

Праз хвіліну бачу: ідзе па дарозе п’яны ў зюзю мужычок, гадоў так пад пяцьдзесят. Здаецца, я яго недзе бачыў, але не магу пазнаць, хто такі. Ведаю толькі, што не з нашай вёскі. Мо з Дубніцы, а мо і з Петрыкава. Пачаставаўся, значыцца, а зараз з шынка дадому чухае. Я ўжо навучаны і першай справай да ног прыглядаюся. А ён, дзякуй Богу, не босы, а ў лапцях. От бы, думаю, мне тыя лапаточкі прыдбаць. Я б у вёску хуценька збегаў і свае боты ў Сцяпана забраў.

А мужычок у той час мяне мінае і бадзёра так, з песняй. І з усяго маху спатыкаецца аб Сцяпанаў вузел ды як грымнецца пасярод дарогі. Расцягнуўся і давай лаяцца.

Абрадаваўся тады я. Ну, думаю, галубок, нікуды ты ад мяне не дзенешся — будуць лапці мае! Ды як застагну з усяе сілы, што ажно рэха пайшло па лесе. Мужык сціх. Прыслухаўся.

— Гэй!... Хто там, — кажа, — енчыць?..

— Памажы, — кажу, — чалавеча… Ой-ой! Не магу на ногі ўстаць!

Той, відаць, абрадаваўся, што нехта з нагамі сябруе яшчэ горш за яго, і давай намагацца. Але ж не так лёгка і яму гэта далося. Крахцеў, крахцеў, і нарэшце-такі падняўся.

— Падыдзі да мяне, чалавеча. Памажы… — голас я, вядома, зрабіў такі жаласны, што і дрэва б расчулілася.

Бачу, ён рукі наперад выцягнуў і крочыць да мяне, хістаючыся. Мне аж неяк вусцішна стала. Але ж што рабіць, калі сам пазваў? Дабраўся ён такі да майго пагорка.

— Што ў цябе? — пытае, ледзь варочаючы языком.

— Ды вось, — кажу, — як скруціла мне спіну… Сяджу тут, устаць не магу. Дапамажы, чалавеча, калі ласка, падняцца.

Стаў той чалавек мяне паднімаць, а сам ледзь на нагах трымаецца. Я трохі прыпадняўся, ды і кульнуўся разам з ім на пагорак. Ледзь уніз не скаціліся.

— Не, — кажу. — Так мы з табой будзем толькі тузаць адзін аднаго. Трэба табе паспаць крыху, сіл набрацца…

— Ото так, — кажа. — Але ж я дадому іду.

— Чаго табе, — кажу, — цягнуцца аж дадому. Пераначуй у мяне. У хату я цябе запрасіць не магу, бо там цеснавата. А ў двары ў самы раз. Вунь, на лаву залазь…

Падпіхнуў я яго на пагорак, нібыта на лаву, і прапанаваў разуцца, каб ногі адпачылі. Ён паслухмяна сцягнуў абутак і аддаў мне свае лапці разам з анучамі, каб я іх развесіў на агароджы, а сам скруціўся, як той кот на пагорку. Пакуль я нацягваў сабе на ногі яго лапці, ён ужо храпеў, бы пшаніцу прадаўшы. Я нават не паспеў спытацца, хто ён такі і адкуль.

Абуўся я, значыць, і нарэшце адчуў сябе чалавекам. Гэта ж колькі часу я тут прасядзеў! Ледзь хадзіць не развучыўся.

Падабраў я на дарозе Сцяпанаў вузел. Абмяняю, думаю, яго на боты, калі ён упрэцца аддаваць. Неяк не па-людску, вядома, — свае боты выменьваць, але што ж не зробіш, абы толькі іх вярнуць.

Іду я, значыцца, ў вёску і ціха сабе чмурэю ад асалоды. Вельмі знудзіўся па вясковых хатах, па вясковых пахах і знаёмых гуках. А гукаў мне тут добра хапіла. Як толькі ўвайшоў у вёску, адразу пачалі брахаць сабакі. Відаць, адвыклі ад мяне, не пазналі. Такую вар’ятню учынілі — я ажно спужаўся, што вяскоўцы прачнуцца. Але нічога, абышлося.

Я вырашыў найперш пайсці да Сцяпана. Але Гэльчына хата знаходзіцца якраз па дарозе, то не мог я яе абмінуць. Моцна, бачыце, па Гэльцы знудзіўся. Падышоў да яе хаты і думаў спачатку ў дзверы пастукацца, а потым успомніў, што яна часта вакно пакідае адчыненым. Дай, думаю, зраблю неспадзяванку, ціхенька ў хату ўлезу, каб паказытаць ёй нос спрасонку. Дзеля смеху. І хоць за гэта можна атрымаць у вуха, бо Гэлька на руку вельмі скорая, але што там.

Падышоў да вакна. А яно зачыненае. Здзівіўся я. Але стаў калупацца, каб ціха адчыніць. Пакуль калупаўся з шыбай, пачало віднець. Я і забыўся, што зараз ночы такія кароткія. А ўспомніў, калі пеўня пачуў. Трэ, думаю, назад вяртацца, у хмызы. Нядобра будзе, калі хто мяне ўбачыць.

Вельмі не хацелася, але давялося назад пайсці, не пабачыўшы Гэлькі і сваіх ботаў у Сцяпана не забраўшы. Уздыхнуў я цяжка ды і кінуў вузел у Гэльчыным двары, каб яго назад не цягнуць. Мо заўтра прыду ды ад Гэлькі яго забяру… І падаўся да сябе ў хмызы.

Прыходжу назад, а мой госць так і спіць на пагорку з босымі пяткамі. Прыгледзеўся я да яго уважліва, бо стала святлей. І, значыцца, успомніў. Гэта ж Іван Дзежка! Царкоўны стараста з петрыкаўскай царквы.

А бачыў я яго апошні раз на хаўтурах. На маіх уласных хаўтурах, між іншым. Гэта ж ён, гад, сказаў, што — каб нябожчык па начах не цягаўся, асабліва той, хто пры жыцці з вядзьмарствам знаўся, — яго трэ босым у труну класці, бо босы ён і кроку ступіць пасля смерці не зможа.

Вось я і сядзеў тут, як дурань, столькі часу. Але нічога, бо зараз у мяне Іванавы лапці ёсць.

 

…Вунь, ужо і зноў сцямнела. Пайду да Сцяпана, свае боты забяру.

А потым у сваіх любімых ботах буду ў вёску кожную ноч хадзіць.

 

Наталля Саўрыцкая

Друкуецца ў часопісе "Маладосць"

 

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.