Вы тут

Марыя Багатыр: «Невыканальных заданняў няма»


Марыя Багатыр з'явілася на беларускім тэлебачанні не так даўно. Аднак ужо паспела заваяваць сэрцы многіх тэлегледачоў сваёй чароўнай усмешкай, непасрэдным падыходам да работы і абавязкова добрым настроем. Спачатку яна зараджала энергіяй на ўвесь дзень гледачоў ранішняй праграмы «Сталічнага тэлебачання», а затым з галавой акунулася ў спорт і цяпер практычна штодня распавядае пра спартыўныя навіны з экрана тэлеканала «Беларусь 5».

У сваім інтэрв'ю Маша падзялілася тым, як трапіла на тэлебачанне, расказала аб кур'ёзных момантах у працы і прыадкрыла сакрэт свайго асабістага жыцця.


— Марыя, звычайна на тэлебачанні працуюць людзі, якія мараць быць вядомымі...

— Гэта дакладна не мой выпадак. Я выдатна разумею, што вядомай можна стаць за пяць хвілін, дастаткова зняць скандальны відэаролік і выкласці яго ў інтэрнэт. Толькі што потым рабіць з такой славай? Я заўсёды ведала: у якой сферы дзейнасці я ні буду працаваць, усюды стану профі, бо нельга інакш. Пакуль не магу сказаць, што ўжо з'яўляюся прафесіяналам на тэлебачанні, таму шмат працую, удасканальваюся і вучуся кожны дзень.

— Гэта значыць, што ў дзяцінстве аб тэлекар'еры не марылі?

— Я заўсёды чымсьці займалася: танцамі, вакалам, акцёрскім майстэрствам. Хацелася патануць у творчасці. Хоць аднойчы думкі з'явіліся і пра медыцыну. Казала бабулі, што стану доктарам і буду яе лячыць. Потым быў перыяд, калі марыла стаць стаматолагам і дарыць людзям добрую ўсмешку. Адным словам, мяне доўга адольвалі сумненні. А потым мама неяк кажа: «Маша, можа быць, журналістыка?» Так і вырашылася пытанне з маёй будучыняй. І трэба сказаць, ні разу не пашкадавала пра свой выбар! Калі паступіла ў інстытут, бачыла, як «гараць» гэтай прафесіяй мае аднакурснікі, а потым многія з іх проста «перагарэлі». У мяне ж атрымалася адваротная сітуацыя: мне падабалася вучыцца, штогадова праходзіць практыку. Спачатку думала, што буду пішучым журналістам, але ў нейкі момант адна з маіх выкладчыц прапанавала паспрабаваць сябе на тэлебачанні.

— Спадабалася адразу?

— Так, спачатку спрабавала сябе на АНТ, потым перайшла ў мастацкую дырэкцыю на СТБ, дзе рыхтавала сюжэты для ранішняй праграмы. Пазней супрацоўніцтва прапанаваў тэлеканал «Беларусь 5», але пагадзілася я толькі праз два гады, бо разумела, што быць проста вядучай не хачу. «Галава, якая гаворыць» — гэта, вядома, цікава, але мне хацелася чагосьці большага, таму доўгі час проста здымала рэпартажы і тым самым назапашвала вопыт. А потым неяк сяджу і пасылаю ў космас думку, што мне яшчэ якая-небудзь работа не зашкодзіла б. Вельмі хацелася паспрабаваць штосьці новае. Не паверыце, праз хвілін дзесяць прыходзіць паведамленне: «Маша, ці не хочаш яшчэ раз паспрабаваць сябе ў якасці вядучай?» Адказ быў відавочны.

— Памятаеце свой першы зняты сюжэт?

— Так, калі я толькі прыйшла працаваць на СТБ, у мяне спыталі: «Ты ўжо здымала сюжэты?» Я разумею, што калі скажу — не, то ніякага сюжэта мне не відаць. Таму адказала, што здымала, хоць, гэта, вядома, было не так. Першая мая тэма — «Далёкія падарожжы на аўтамабілі». Нічога не ведаючы пра гэта, я зрабіла, як потым аказалася, нядрэнны сюжэт.

— Зараз працуеце са спартыўнай тэматыкай. Ніколі не сутыкаліся са стэрэатыпам, што дзяўчына не можа добра разбірацца ў такіх мужчынскіх відах спорту, як хакей і аўтаспорт?

— Не, мне заўсёды шанцавала на людзей. Калі запрасілі ў праграму «Піт-стоп», не магу сказаць, што добра разбіралася ў аўтаспорце. Але я ў сябе верыла, людзі ў мяне верылі, паступова ва ўсім разбіралася і працавала. Я лічу, што няма невыканальных заданняў, перад кожнымі здымкамі проста неабходна рыхтавацца. Пераглядаю ўсю стужку навін, цалкам спрабую паглыбіцца ў тэму. Не сорамна чагосьці не ведаць, сорамна не цікавіцца.

— Навіны вы ведзяце ў прамым эфіры, а ў ім ад нечаканасцяў застрахавацца немагчыма...

— Я заўсёды трохі хвалююся, таму што не ведаю, як можа павесці сябе тэхніка, ну і чалавечы фактар, вядома ж, прысутнічае. У адзін з рабочых дзён у мяне вельмі моцна балела горла, нос быў закладзены, тэмпература і самае страшнае, што я ўвесь дзень чхала. І як вы думаеце, чаго я баялася больш за ўсё? Вядома, чхнуць у эфіры. Мне здаецца, што ўсе мае думкі былі засяроджаны на адным: каб толькі не апырскаць камеру бактэрыямі (смяецца).

— Марыя Багатыр на экране і па-за ім — гэта розныя людзі?

— Не, абсалютна аднолькавыя. Я заўсёды вельмі эмацыянальная і жыццярадасная, бо лічу сябе вельмі шчаслівым чалавекам. І галоўнае маё шчасце заключаецца ў тым, што я хачу быць шчаслівай. Для мяне працуе такая методыка: нават калі ты сумны, стомлены, напружаны — прымусь сябе ўсміхнуцца. Мышцы, якія ўдзельнічаюць у гэтым працэсе, пасылаюць у мозг сігнал і арганізм пачынае выпрацоўваць эндарфін.

— Работу прадстаўнікоў найперш публічных прафесій заўсёды ацэньваюць. Як ставіцеся да каментарыяў у свой адрас?

— Я іх не чытаю. Гляджу на сваіх знаёмых, якія ў той ці іншай ступені звязаны з медыйнай сферай, і бачу іх перажыванні з гэтай нагоды. Негатыўныя каментарыі могуць раніць да глыбіні душы, а мне хочацца, каб вакол быў пазітыў. Дарэчы, яшчэ таму я вельмі хутка развітваюся з людзьмі. Калі мне аднойчы здрадзілі, падманулі, зрабілі нейкую подласць, усё роўна, колькі я кантактую з гэтым чалавекам, развітваюся імгненна.

— Вы ўжо паспелі пабываць і замужам...

— Так, была такая гісторыя ў маім жыцці, і яна аказалася нядоўгай. Я не такі чалавек, каб шкадаваць пра штосьці, таму разглядаю сваё замужжа, як адно са звёнаў ланцужка, які ў выніку прывёў мяне да таго, што я маю сёння.

— Зараз вы хаваеце сваё асабістае?

— Так, я проста шчаслівая, навошта камусьці штосьці расказваць або паказваць. Нават у сацыяльных сетках агульных здымкаў з маім мужчынам няма. У мяне там наогул вельмі мала асабістага. Не бачу ў гэтым сэнсу.

— Што вы больш за ўсё цэніце ў мужчыне?

— Розум, пачуццё гумару і самае галоўнае — прыстойнасць. Заўсёды і пры любых абставінах трэба заставацца прыстойным чалавекам.

— Кожны дзень на вас глядзяць тысячы людзей, як падтрымліваеце сябе ў выдатнай форме?

— Галоўны сакрэт — добры настрой і сон. Вельмі добрыя лекі для маіх мышцаў — танцы, магу пабегаць і патрэніравацца ў трэнажорнай зале. Што тычыцца догляду за тварам, не выкарыстоўваю асаблівых масак ці працэдур, мне яшчэ не так шмат гадоў (смяецца).

— Аб чым вы марыце?

— Скажу шчыра, заўсёды загадваю адно і тое ж жаданне, Новы год гэта ці падаючая зорка. Хачу, каб я ніколі не страціла ўменне быць шчаслівай, каб у любых, нават самых цёмных тунэлях, знаходзіла тое самае святло. Таму што ўсё астатняе, дакладна ведаю, я змагу.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?