Вы тут

Мадэрнізацыя ў Кітаі вачыма беларускага палітолага


Кітайская тэма ўсё больш займае розум вучоных, даследчыкаў у Беларусі. І прадметам вывучэння становяцца не толькі беларуска-кітайскія адносіны ў розных галінах дзейнасці. Гісторыкі, палітолагі, эканамісты, філосафы імкнуцца зразумець, як, за кошт якіх рэсурсаў Паднябесная і яе народ змаглі дасягнуць такіх неверагодных поспехаў. Як змаглі адолець многія палітычныя супярэчнасці і вырвацца далёка наперад. Пра Кітай, пра тое, чым яго вопыт можа быць карысным для Беларусі, — наша размова з палітолагам, кандыдатам гістарычных навук Віктарам ГЕРМЕНЧУКОМ.


— У Выдавецкім доме «Звязда» пабачыла свет ваша кніга «Кітай. Крылы Дракона». Што падштурхнула для даследавання такога характару? Пра Кітай жа ўжо столькі напісана...

 — Сапраўды, шмат і вельмі шмат напісана. Ды не заўсёды добра, грунтоўна. Асабліва па праблемах палітычнай мадэрнізацыі краіны. Якраз пра гэта і расказвае мая кніга. Візітоўка большасці даследаванняў пра стары і новы Кітай — неразгаданыя таямніцы Усходу.

У сілу гістарычных абставін сваёй «бліскучай ізаляцыі» гэтая краіна стала добра вядомай еўрапейцам толькі ў ХVІІ—ХVІІІ стагоддзях. Захапленне выклікала літаральна ўсё: амаль 5 тысяч гадоў гэтай найстаражытнейшай на зямлі цывілізацыі, велізарная тэрыторыя і колькасць насельніцтва, яе багацці, выкшталцоная кітайская культура, якая не можа не прывабліваць, не дарыць новыя мастацкія сюжэты. Тады — у час адкрыцця, пазнання — нікому і ў галаву не прыходзіла лічыць Кітай адсталай дзяржавай. Кітайская эканоміка вырабляла ў гэты час прыкладна 30 працэнтаў сусветнага валавога прадукту. Амаль ні ў чым краіна не саступала іншым дзяржавам у тэхналагічных і арганізацыйных адносінах. А ў палітычным плане Кітай нават пераўзыходзіў еўрапейскія дзяржавы.

Як вядома, вынаходніцтва самога фармату «Захаду», заходняй цывілізацыі належыць часу эпохі Асветніцтва. Але не ўсім вядома, што адкрыты выклік асветнікаў такім «ганебным з'явам», як прывілеі царквы і каралеўскай улады, засноўваўся на спасылках якраз на гісторыю кітайскай дзяржаўнасці. Менавіта Канфуцый стаў святым анёлам-ахоўнікам эпохі Асветніцтва. А канфуцыянства было абвешчана, у адрозненне ад хрысціянства, верай розуму, верай, свабоднай ад усялякіх прымхаў, забабонаў і абсурдных легендаў. На аснове канфуцыянства больш за дзве тысячы гадоў назад была створана ўнікальная дзяржаўная машына, якая кіравала велізарнай тэрыторыяй, большай, чым сама Рымская імперыя, і падавалася адной з самых жыццядзейных палітычных сістэм, якія калі-небудзь ствараліся чалавекам. На думку Вальтэра, кітайскі палітычны рэжым з'яўляецца дэспатызмам толькі па форме. На самай справе, лічыў філосаф, гэта асветніцкая манархія з імператарам-філосафам на троне. Таму, пісаў ужо Гальбах, каб знайсці народ шчаслівым, дзякуючы ўстановам, у якіх палітыка цесна звязана з мараллю, дзе народ, дзяржаўны лад цалкам адпавядаюць ідэалу і заслугоўваюць пераймання еўрапейскімі ўрадамі, патрэбна накіравацца менавіта ў Кітай.

Гэта ўжо пасля ўсялякія сур'ёзныя стасункі Кітая з Захадам пачалі нагадваць хутчэй вуліцу з аднабаковым рухам. Прысвоіўшы выключна сабе права называцца ўніверсальнай цывілізацыяй, еўрапейцы настойліва заняліся распрацоўкай і распаўсюджваннем міфа пра інертны, закасцянелы і дэспатычны Усход.

 — І былі нават на той час тэорыі, якія сёння не дужа сур'ёзна і ўспрымаюцца...

 — Як, напрыклад, і гэтае перакананне. Узвышэнне еўрапейцаў над кітайцамі Мантэск'е тлумачыў, дарэчы, падбадзёрлівым кліматам Еўропы. Паколькі «спешчанасць людзей у цёплым клімаце заўсёды рабіла іх рабамі». Да гэтага хору «добразычліўцаў» адразу ж далучыліся Ліней, Юм, Кант і іншыя прызнаныя навуковыя аўтарытэты. Яны пераконвалі сваіх чытачоў у тым, што кітайцы, аказваецца, увогуле іншы від людзей, «жоўтыя азіяты». У адрозненне ад белай расы яны, маўляў, не здольныя да сапраўднай цывілізацыі і гістарычнай творчасці. Так, не паспеўшы нарадзіцца ў розумах асветнікаў, еўрапейская цывілізацыя стала жыць па ўласным разуменні, пачала прэтэндаваць на выключную місію.

 — Вось ужо гэтыя памкненні да «выключнасці»...

 — Энергія думкі падпітвала энергію дзеяння. Яна пераўтварала памкненне да поспеху ў базавую ўласцівасць асобы чалавека і еўрапейскага грамадства ў цэлым. Абвясціла надоўга экспансію і каланіялізм у якасці асноўнага прынцыпу і метаду цывілізацыйнага лідарства. Параўнальная сусветная гісторыя, непасрэдны кантакт старажытнай кітайскай і маладой еўрапейскай цывілізацый закончыўся «трыумфам сучаснасці» ў Еўропе і Амерыцы і «эпохай прыніжэння» ў Кітаі. Гэтыя дзве крайнасці цывілізацыйнага развіцця пакідаюць адкрытым пытанне пра тое, што чакае свет ва ўмовах, калі асноўныя гульцы памяняюцца месцамі. Калі Захад па-ранейшаму лічыць нармальным абыходжанне з ужо новым Кітаем як абыходжанне з дрэнным вучнем, «жоўтай пагрозай», а не з партнёрам.

 — Яшчэ на пачатку перабудовы ў Савецкім Саюзе і пасля ўжо ў суверэннай Беларусі многія палітолагі, ды і палітыкі-практыкі, азіраліся і нават сёння азіраюцца ў выбары мадэлі ўладкавання новага жыцця выключна на Захад, Амерыку... А вы неаднойчы ў сваёй працы гаворыце пра тое, што сам Захад выявіў жаданне вучыцца ва Усходу... У чым жа гэта выяўляецца? Якія мадэлі дзяржаўнага ўладкавання бярэ, з вашага пункту гледжання, на ўзбраенне Захад з вопыту Кітая ці іншых краін Паўднёва-Усходняй Азіі найперш?

 — Гісторыю заўсёды пісалі пераможцы. Аднак заходняя цывілізацыя ў сваім гарачым жаданні быць усеагульнай нормай для чалавецтва проста пераацаніла свае сілы і магчымасці. Аднолькава сумна канулі ў Лету размовы пра «місію белага чалавека», развіццё рынкавай эканомікі і дэмакратыі, вартасці глабалізацыі для народаў усіх краін. «Шукайце ісціну ў фактах», — раяць кітайцы. Ідэя «канца гісторыі», яе завяршэння ў касмапалітычную эпоху свабоднай рынкавай эканомікі і ліберальнай дэмакратыі, закончылася для Захаду і ЗША знішчальным канфузам. Так што не такі ўжо і прагматычны Захад, калі навідавоку істотная філасофска-палітычная разгубленасць...

 — Атрымліваецца, што многія тэорыі проста праваліліся?

 — Я сказаў бы крышачку іначай. Гэта нават не правал, а вялікі і сістэмны крызіс палітыкі ваяўнічага заходняга індывідуалізму і настойлівага прытрымлівання ўласных інтарэсаў. Заслужаная расплата за пастаянную экспансію, рабства, каланіялізм, рабаванне, адабраную гісторыю і будучыню ў мільярдаў людзей. Многія з іх даўно ўсумніліся ў прыродзе і прыярытэтах сучаснага капіталізму, годнасці заходняй палітычнай сістэмы.

Больш за тое, уважлівыя аналітыкі даўно звярнулі ўвагу, што заходняя цывілізацыя сама страціла веру ў прагрэс. З гэтым звязаны пастаянныя прароцтвы пра крах Захаду. Ужо для Шпенглера ў «Заняпадзе Еўропы» гісторыя ператвараецца ў працэс «з узвышанай бязмэтнасцю», калі цывілізацыі «з'яўляюцца, выспяваюць, вянуць і ніколі не паўтараюцца». Стомленасць ад уласнай гісторыі — гэта сур'ёзная хвароба, паважаныя панове. Яна вельмі небяспечная ў сваім памкненні ператварыць уласнае пахаванне ў паніхіду па ўсёй чалавечай цывілізацыі. Таму будучыню штурмуюць «пераможаныя». У кітайцаў ёсць для гэтага відавочныя перавагі. Яны даўно навучыліся не звяртаць увагу на ўсе агучаныя глупствы пра ўласную краіну і перспектывы сусветнага развіцця. Захад прапаноўвае шукаць «новую Айчыну» ў «змене арыенціраў». А мадэрнізацыя ў Кітаі разглядаецца як «вяртанне да сябе». Таму «няхай мерцвякі самі хаваюць сваіх мерцвякоў», а не блытаюцца пад нагамі ў жывых, якія поўныя сілы і амбіцый. Новы Кітай з самага пачатку ніякім чынам і не збіраўся паўтараць вопыт Захаду і кіравацца яго парадамі.

Поспехі мадэрнізацыі Кітая і іншых краін Паўднёва-Усходняй Азіі можна патлумачыць толькі гэтымі перакананнямі. Пачынаючы пад'ём да вышынь росту і развіцця, «азіяцкія тыгры» стварылі на базе традыцыйных канфуцыянскіх каштоўнасцяў тып «разумнай дзяржавы». Яе стрыжнем з'яўляецца своеасаблівая грамадская дамова паміж урадам і кіруемым насельніцтвам адносна мэт развіцця, пераадольвання эканамічнай адсталасці, беднасці і няроўнасці.

Гэта забяспечыла актыўную падтрымку рэформаў, сацыяльны мір і палітычную стабільнасць. Значэнне гэтых фактараў для паспяховага развіцця лепей за ўсіх разумеюць якраз тыя ўрады, дзе гэтыя ўмовы адсутнічаюць. Незадаволенасць і абурэнне грамадзян няздольнасцю сваіх кіраўнікоў забяспечваць эканамічны рост і паляпшаць сітуацыю з сацыяльнай роўнасцю перакулілі многія палітычныя рэжымы і пахавалі самыя амбіцыйныя планы рэформаў. Гэта стала прычынай шматлікіх крызісаў лідарства, імпічментаў, канстытуцыйных і ваенных пераваротаў, з'яўлення значнай колькасці дзяржаў, якія не адбыліся.

 — Вы збіраецеся працягваць свае даследчыцкія работы па кітайскай тэматыцы?

 — А я і не спыняўся, нягледзячы на тое, што кніга была напісана і рыхтавалася да друку. Мяне вельмі цікавіць фармат уяўленняў пра Кітай у астатнім свеце. Бачу, што вельмі часта грамадская думка кіруецца стэрэатыпамі. Вось і стараюся іх абвяргаць. Сённяшняя рэчаіснасць у Кітаі — унікальны матэрыял для філасофскіх і паліталагічных разваг.

Гутарыў Кастусь ЛАДУЦЬКА

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.