Вы тут

Адкуль такі спрыт?


На сусветнай арэне адбываецца цікавая трансфармацыя. Той самы Дональд Трамп, які не адчуваў ніякай цікавасці да знешняй палітыкі ЗША і ішоў на выбары з велізарнай праграмай рэформаў у сферы эканомікі, пачынае нашмат больш актыўна займацца знешняй палітыкай, чым эканомікай. Пра самыя цікавыя моманты ніжэй.


Нанесены ракетны ўдар па сірыйскім аэрадроме, нібыта ў адплату за выкарыстанне хімічнай зброі, якое прыпісваецца гэтай краіне, але на самай справе, каб падчас перамоў уразіць старшыню КНР Сі Цзіньпіна сваёй непахіснасцю і магутнымі ракетамі. Тое, што на гэта не было атрымана дазволу Савета бяспекі ААН, Трампа не спыніла, як не спыняе ізраільцян і Турцыю.

Складваецца адчуванне, што ў КНДР надышлі сапраўды цяжкія часы. Укараненне сістэмы супрацьракетнай абароны ў Паўднёвай Карэі сумесна з ЗША, нягледзячы на актыўныя пратэсты Кітая, стала толькі першым крокам. У заявах Трампа дамінуе ваяўнічая рыторыка, ваенна-марскія злучэнні перадыслацыруюцца да берагоў КНДР, вашынгтонскія аналітыкі агучваюць магчымыя сцэнарыі ваенных дзеянняў супраць краіны.

Самая буйная амерыканская няядзерная бомба ўпершыню падарваная на тэрыторыі Афганістана. Але ж падземныя збудаванні былі там у талібаў і раней.

Думаецца, галоўная прычына ў тым, што крокі Трампа на ўнутранай арэне паспяхова блакіруюцца яго сапернікамі. Першай няўдачай стаў крах спроб Белага дома не дапусціць у краіну падазроных грамадзян з буйных ісламскіх краін з дапамогай судовай сістэмы. Былі зроблены дзве спробы і абедзве праваліліся. Для Трампа гэта вынік, які вельмі расчароўвае.

Не лепшая сітуацыя складваецца ў сферы рэформы аховы здароўя. Гэта быў адзін з найважнейшых пунктаў перадвыбарчай праграмы новага прэзідэнта. 24 сакавіка Дональд Трамп адклікаў з Кангрэса новы законапраект па рэформе аховы здароўя, які павінен быў прыйсці на змену сістэме медыцынскага страхавання Оbаmасаrе. Прычына банальная — нягледзячы на дамінаванне рэспубліканскай партыі ў парламенце, прыхільнікі законапраекта з ліку членаў рэспубліканскай партыі не змаглі набраць дастатковую колькасць галасоў для яго праходжання.

Вялікім расчараваннем стала і праходжанне каманды Трампа праз Кангрэс. І навошта пасля такіх праблем мець партыйную большасць?

Кучу непрыемнасцяў прынеслі і пастаянныя абвінавачванні саветнікаў Трампа ў рабоце на Расію.

У выніку становіцца зразумела, чаму прэзідэнт, які падчас перадвыбарчай гонкі пазбягаў знешнепалітычнай тэматыкі, які, дзесяцігоддзямі займаючыся бізнесам у Амерыцы, марыў усё перарабіць так, як яму падабаецца, раптам так актыўна заняўся міжнароднымі адносінамі. Трамп вельмі самалюбівы чалавек. Ён не прывык да пастаянных расчараванняў, яму вельмі важны ўласны імідж паспяховага прэзідэнта. Дональд Трамп выявіў, што кардынальныя рэформы ўнутры ЗША справа вельмі няпростая для амерыканскага лідара, у якога складаныя адносіны з уласнай партыяй, не кажучы ўжо пра апанентаў. Тыя ўсё не могуць дараваць Трампу перамогу на выбарах меншасцю з перавагай на карысць Хілары Клінтан у тры мільёны выбаршчыкаў. Трамп — сапраўды лідар, абраны меншасцю выбаршчыкаў, хоць і не вінаваты ў гэтым, бо такія нюансы састарэлай выбарчай сістэмы ЗША.

Ну, а калі рэформы ўнутры ЗША суправаджаюцца пастаяннымі расчараваннямі, Дональд Трамп заняўся знешняй палітыкай. Ён выявіў, што тут у амерыканскага прэзідэнта вельмі вялікія паўнамоцтвы, мінімальна абмежаваныя іншымі галінамі ўлады. Аддаў загад аб запуску крылатых ракет па Сірыі — яны адразу ж узляцелі ў паветра, і ніякі амерыканскі суддзя не зможа вярнуць іх на месца базіравання. А Кангрэсу можна паведаміць аб прынятым важным рашэнні ў знешняй палітыцы ўжо пастфактум.

У выніку рызыка ў прыняцці знешнепалітычных рашэнняў з боку Дональда Трампа, якая палохае шмат каго, ёсць лагічны вынік яго няздольнасці рэалізаваць уласную праграму рэформаў з-за празмерных перашкод з боку апанентаў і негатоўнасці ўвесь час цярпець расчараванні новага вельмі самалюбнага амерыканскага лідара. Але такія рысы характару не найлепшая камбінацыя для знешняй палітыкі самай узброенай дзяржавы на планеце, якой з'яўляюцца ЗША. Трамп сапраўды не вельмі кампетэнтны ў сферы знешняй палітыкі і не ведае, што большасць праблем у гэтай сферы нельга вырашыць ужываннем зброі або пагрозамі яе выкарыстання. Таму маюць рацыю тыя, хто кажа, што ў выніку бяспека ў свеце знаходзіцца пад пагрозай. Застаецца толькі спадзявацца, што сітуацыя ва ўнутранай палітыцы ЗША зменіцца, Трамп атрымае больш магчымасцяў для правядзення сваіх эканамічных рэформаў, і аслабне яго ўвага да ідэі набыць сабе лаўры ў сферы знешняй палітыкі з дапамогай агрэсіўных паводзін.

Сяргей КІЗІМА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».