Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў


Надзейны метад

Гэта адбылося шмат гадоў таму, калі на змену пральным машынам «Рыга» ды «Малютка» сталі прыходзіць так званыя аўтаматы. Яны сапраўдным цудам былі, бо гэта ж трэба — закінуў у барабан нешта бруднае, кнопку націснуў і гуляй сабе: тэлевізар глядзі, газеты чытай... Машына ўсё памые, папалошча ды, адціснуўшы, сігнал падасць — «скажа», што ўсё гатова, можна развешваць. Ну ці ж не любата?!

Дык вось неяк напярэдадні жаночага свята мае знаёмыя бацька з сынам (у кожнага па два метры росту, па пяць пудоў вагі) купілі тую заморскую цацку — новенькую, бліскучую. Прывезлі дамоў, падключылі, пачыталі інструкцыю — праўда, спехам.

— Першае мыццё — за мной. А далей — як сабе хочаце, — сказаў гаспадар.

Адкрыў ён барабан, закінуў туды свае рэчы, націснуў на патрэбныя кнопкі. Машына ўключылася, загула — «працэс пайшоў». «Стараецца, бач, мые», — узрадаваўся гаспадар і толькі хацеў адхінуцца, як з ягонай пралкай нешта зрабілася. Спачатку яна затрэслася, бы тая ігруша, на якой сабралася ўся дзятва, а потым... сарвалася з месца.

Васіль, каб спыніць, падмяў яе пад сябе, абхапіў рукамі.

Гэта, як быццам, дапамагло, але толькі спачатку, бо потым, прыбавіўшы абаротаў, машына проста «павезла» Васіля па ванным пакоі:

— Рама-а-а-н, — закрычаў бацька, — дапамагай!

Удвух яны неяк саўладалі — утаймавалі свавольніцу, хоць і змарыліся...

— Калі кожны раз яе трэ будзе гэтак трымаць, — выціраючы пот, прамовіў бацька, — то прападзі яно пропадам — вернемся да «Малюткі».

...Кропку ў гэтай гісторыі паставіла больш кемлівая дачка Васіля. Яна ўжо карысталася падобнай тэхнікай і таму адразу ж спытала ў мужчын:

— А вы балты для транспарціроўкі адвінцілі? Не? Вось яна і «сарвалася».

...З тае пакупкі гадоў з пятнаццаць прайшло. Не так даўно ёй на змену іншую прывезлі, і Васіль, здымаючы блакіроўку, сказаў Раману:

— З машынкай на чатыры кіло загрузкі мы некалі саўладалі, а з гэтай, на сем, — справімся?

Сын замест адказу стаў моўчкі загружаць свае брудныя рэчы:

— Зараз праверым, — сказаў. — Метадам тыку.

Генадзь РЫНЯК, г. Бялынічы


«Гуляй, Вася?..»

...Стамілася я ў той дзень — набегалася па крамах. Да таго ж і час яшчэ быў да адпраўлення аўтобуса. Так што прыплялася на вакзал, села ў зале чакання, дастала з сумкі часопіс — думала пачытаць. Але ж, чую, на лаўку, што ў мяне за плячыма, нейкія дзецюкі садзяцца, гамонку вядуць.

— ...У мяне таксама быў момант, калі думаў, што ўсё, канец — жонка не даруе, — казаў адзін. — А ўсё праз што? Праз дурное! Мая, значыць, разам з дзецьмі паехала ў вёску да бацькоў. Я — атрымліваецца — нічым не звязаны. Вось і загуляў: добра «накаціў» з сябрамі — дадому ледзьве прыпоўз. Але ж раздзеўся, з бутэлькай піва ўваліўся ў крэсла, уключыў тэлевізар, закурыў (кайфаваць дык кайфаваць!) і... заснуў. Колькі там праспаў — не ведаю. Прахапіўся ад таго, што нешта пячэ... І трусы... дымяцца. Я на іх піва — плюх... Крэсла пада мной, чую, мокрае-мокрае... Але ж, дзякаваць богу, цэлае — не спаліў... Факт, што назаўтра, — расказваў мужчына, — я пра гэта забыўся б. Але ж не: адчуваю, што нешта са мною не так: то свярбіць там, дзе не павінна, то смыліць... Няўжо, думаю, адпіўшы мазгі, я з нейкай бабай пабыў? Няўжо заразы якой падчапіў? А тут і жонка ўжо хутка вернецца... Ад думак пра гэта ні есці, ні спаць не магу! Трэба, думаю, схадзіць да доктара. Няёмка, але ж адважыўся... І там цярпеў, пакуль той глядзеў мяне: круціў і так, і гэтак. Не іначай, думаю, благую хваробу знайшоў? Я давай тады спавядацца: казаць яму, што жонцы не здраджваю, хіба па п'янцы чорт падбіў... «Гэта не чорт, — пасміхаецца доктар. — Гэта — чартоўка: калі будзеш і далей гарэлку піць ды ў крэсле курыць, — не толькі да чужой, да ўласнай жонкі не пойдзеш, бо не будзе з чым. А пакуль — гуляй, Вася: лёгкі апёк і болей нічога!»

Пачуўшы гэта, я ад радасці ледзь з портак не выскачыў. І — ці паверыш? — кінуў курыць! А вось выпіць — яшчэ магу. Праўда, у меру. Адну на дваіх і досыць, так?»

З гэтымі словамі мужчыны выйшлі з вакзала. Але ж ці спыніліся пасля першай, я не ведаю.

Галіна НІЧЫПАРОВІЧ, Уздзенскі раён


Гара з гарой...

Чытаю «Звязду» ды іншыя кніжкі-газеты і цешуся: колькі ж розных мудраслоўяў у нашай беларускай мове!

Нехта можа дадаць: «І адкуль жа яны бяруцца?..»

А я — ведаю: з жыцця... З нашай вёскі Лучын.

Ну вось, напрыклад, людзі кажуць: «даў (нечага), як Мендэль глісніку».

Гэта ад нас пайшло, бо некалі па ваколіцах гандляр такі ездзіў, прадаваў розныя рэчы, лекі... А глісніку — яго ж мала трэба? Мендэль столькі і даваў. Можа, яшчэ і хітраваў крыху — у свой бок. У адрозненне ад жонкі. Яна, ягоная Сора, Сорка, як гэта ні дзіўна, нічога ў грашах не разумела. Адкуль і показка: «глядзіш, як Сорка ў грош».

Ці вось яшчэ: «загарнуў, як немец сала». Гэта — з вайны засталося: немцы доўга ў вёсцы стаялі (з нашай царквы нават мост цераз Дняпро перакінулі). Людзям страху было, бо фрыцам жа што стрэльнуць, што плюнуць... Але і цікавасці, бо прыглядаліся да немцаў. І заўважалі шмат... У тым ліку — як яны сала захоўваюць.

Ад нас і показка: «што ў багатага ў клеці, тое ў язя ў галаве», бо язь жа, і праўда, рыба карысная. Можа, нават самая карысная з усіх рачных, таму нашы гурманы раяць галовы іх разбіраць і абсмоктваць да апошняй костачкі.

...Показка «гарой з гарой не сходзіцца, а чалавек з чалавекам могуць» не з Лучына, на жаль, але ж пра нас — далібог, бо сходзяцца людзі пры самых неймаверных абставінах. Ну вось напрыклад: родныя брат і сястра. Вайна... У 1944-м яго часць стаіць на Гомельшчыне, яна служыць у Мурманску. Адчуваеце адлегласць? Да таго ж — тут армія, там — флот... Але яны — сустрэліся: у Гомелі, на чыгуначным вакзале, без ніякіх мабільнікаў і дамоў!

Зрэшты, зараз не пра гэту сустрэчу — пра іншую, але таксама неймаверную.

У канцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя многія нашы маладыя мужчыны падаліся на заробкі ў Сургут. Працавалі там вельмі цяжка, да таго ж — у страшэнныя маразы, на ветры... Затое — капейку мелі, адпачынак цягам трох месяцаў і на адзін з іх (калі не болей) ехалі, напрыклад, на Чорнае мора. Прычым — са сваім аўтобусам. «Загрузяць» яго ў самалёт («Сургутнафта» ж не бедная), ды і паляцелі. Затое потым выгада: не ўсё ж на пляжы смажыцца, — можна «сваім ходам» у нейкі рэстаран матнуцца, на канцэрт альбо на экскурсію.

Цікавасць да іх мела і наша Ляшчыха. Прафсаюз ёй неяк пуцёўку ў санаторый выдзеліў. Пражыванне, харчаванне ды розныя працэдуры — сучаснай мовай кажучы — уключаны, а вось экскурсіі — ужо за грошы.

Заплаціла яна, пачуўшы, што людзі на нейкі Афон збіраюцца, — першай запісалася. З ранку падхапілася — яшчэ дзень не займаўся, — села ў аўтобус ды едзе, час ад часу носам клюе, бо нікога не ведае — паразмаўляць няма з кім...

А аўтобус тым часам па серпанціне «кругі наразае», у гару ўсё вышэй і вышэй падымаецца. Кіроўца — адпаведна — за дарогай глядзіць. Але ж не толькі: перад носам люстэрка задняга віду: усе пасажыры там — нібы на далоні! А сумненні між тым застаюцца: няўжо Ляшчыха ля вакна сядзіць? Ды быць не можа! Бо дзе той Лучын, а дзе Афон? А з іншага боку падобна!

Не вытрымаў, карацей:

— Ляшчыха! Ты? — спытаў праз мікрафон. — Здарова!

Кабета прахапілася, азірнулася — нічога не разумее: хто гэта пытае?

— ...Дык ты адна тут ці з Ляшчом?

Голас быццам з нябёсаў. Ды і хто Ляшча можа ведаць? Толькі Бог... Ці архангелы?

Кабета — бедная — давай хрысціцца.

— Ты што — не пазнаеш мяне? — кіроўца аж галаву з кабіны высунуў. — Гэта ж я, Гулік!

(У нас, каб хутчэй прызналі, трэба мянушку сказаць...)

Кабета ўсё роўна веры не дае, бо Гулік жа ў Сургуце... Яна таксама не ў Лучыне.

Вось такая была сустрэча... Прыемная для абаіх. А для Ляшчыхі дык яшчэ і выгадная, бо тая потым па ўсіх тамтэйшых «Афонах» «рассякала» на знаёмым аўтобусе.

Дамоў вярнулася цалкам шчаслівая, з прывітаннем Ляшчу і з паведамленнем, што Гулік ужо ў дарозе, хутка ў вёсцы будзе — без самалёта, але ж з аўтобусам.

...Што ні кажы, а некалі ўсё прасцей было і шчырэй: людзі радасць мелі ад паездак, ад сустрэч. Цяпер, здаецца, — хіба ад грошай ды ад сябе, па святах.

Соф'я КУСЯНКОВА, в. Лучын, Рагачоўскі раён

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

dounar@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.