Вы тут

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі кітайскіх СМІ


Падзею, якая ўчора адбылася ў Палацы Незалежнасці, Прэзідэнт нашай краіны Аляксандр Лукашэнка назваў гістарычнай. Упершыню да нас завітала такая вялікая група кітайскіх журналістаў — у рамках прэс-тура. Ключавой яго кропкай стала прэс-канферэнцыя беларускага лідара сродкам масавай інфармацыі Паднябеснай. Пытанні былі сур'ёзныя і закраналі як у цэлым двухбаковае супрацоўніцтва, так і розныя яго кірункі.


Калі свет становіцца непрадказальным...

У Беларусь прыехалі прадстаўнікі цэнтральных і рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі Кітайскай Народнай Рэспублікі. Звыш 40 журналістаў прадстаўляюць 28 друкаваных і электронных сродкаў масавай інфармацыі Паднябеснай.

— Ведаю, што вы знаходзіцеся ў Беларусі некалькі дзён, і ўжо паспелі трошкі пазнаёміцца з нашай краінай, даведацца пра яе эканамічны, культурны, навуковы патэнцыял, атрымаць уяўленне аб характары, традыцыях Беларусі, — сказаў кіраўнік краіны напачатку размовы. — Гэта першая наша з вамі сустрэча ў такім фармаце, і яе важнасць абумоўлена шэрагам прычын.

Першая — сёлета Беларусь і Кітай адзначаюць 25-годдзе ўстанаўлення дыпламатычных адносін. Сустрэча кітайскіх журналістаў з беларускім лідарам — значнае мерапрыемства юбілейнага года.

— Сусветная эканоміка і палітыка, на жаль, сталі непрадказальнымі, — канстатаваў Прэзідэнт. — Але насуперак сусветным выклікам Беларусь і Кітай стварылі моцныя, трывалыя і надзейныя міждзяржаўныя сувязі, адносіны давяральнага, усебаковага, стратэгічнага партнёрства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. Відаць, не знойдзецца ў Еўропе больш блізкай для Кітая краіны, чым Беларусь. Мы дасягнулі значымых рэзультатаў і ў палітыцы, падтрымліваючы адзін аднаго ў міжнародных арганізацыях, і ў эканоміцы. Мы разам ствараем Кітайска-Беларускі індустрыяльны парк, рэалізавалі дзясяткі інвестыцыйных праектаў у энергетыцы, будаўніцтве. У гуманітарнай сферы ідзе абмен студэнтамі, развіваецца супрацоўніцтва ў галіне навукі, турызму.

Другая прычына, чаму сустрэча носіць асаблівы характар — прэс-тур арганізаваны спецыяльна напярэдадні саміта «Адзін пояс і адзін шлях», у якім прыме ўдзел і Беларусь. Падчас форуму запланавана асабістая сустрэча Прэзідэнта Беларусі і Старшыні КНР. На ёй лідары абмяркуюць як міжнародны парадак дня, так і развіццё двухбаковага ўзаемадзеяння. Трэцяя прычына, якую назваў Прэзідэнт, — прыезд кітайскіх журналістаў яшчэ раз падкрэслівае важнасць супрацоўніцтва паміж рэгіёнамі Беларусі і Кітая, бо менавіта там знаходзяцца асноўныя рэзервы ўзаемадзеяння.

«Знаёміліся» доўга

Журналіст Цэнтральнага тэлебачання Кітая (CGTN) пацікавіўся, як беларускі лідар ацэньвае ўзровень беларуска-кітайскіх адносін і якой бачыцца яму іх будучыня. Аляксандр Лукашэнка расказаў, з чаго пачыналася цяперашняе ўзорнае сяброўства:

— Калі я яшчэ быў дэпутатам парламента, яшчэ да прэзідэнцтва, я бываў у КНР. Тады на ўвесь свет Кітай славіўся сваімі свабоднымі эканамічнымі зонамі — як дзяржава, якая развіваецца. І нам, пасля распаду Савецкага Саюза трэба было неяк аднаўляць эканоміку Беларусі. Трэба было, калі казаць прама, ратаваць дзяржаву. А ратаваць дзяржаву можна толькі ратуючы эканоміку. Тады, каб вывучыць рэжым функцыянавання гэтых свабодных эканамічных зон, падатковы рэжым, урадавая дэлегацыя, і я быў у яе ліку, накіравалася ў КНР.

кіраўнік дзяржавы, у яго і выпрацаваўся план па аднаўленні эканомікі ў Беларусі на аснове вопыту Кітая, у прыватнасці, развіцця свабодных эканамічных зон. Але з Кітаем адносіны завязаліся не адразу. Традыцыйна, гэтая дзяржава доўга вывучае патэнцыяльных партнёраў, глядзіць, як можна з імі працаваць.

— Праз прыкладна 15 гадоў мы ўжо дасягнулі ўзроўню, калі Кітай ніколькі не вагаўся, адказваючы на пытанне, як выбудоўваць адносіны з Беларуссю. Гэта была вельмі важная кропка, — упэўнены беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў — у нашай краіне вельмі цэняць, што КНР выдзяляе нам вялікія крэдыты.

— Мы гаворым пра тое, што зараз карыстаемся лініяй у 15 мільярдаў долараў, але кіраўніцтва Кітая заўсёды кажа, што калі нам патрэбны будуць грошы для развіцця эканомікі, крэдытныя рэсурсы, яно нам дапаможа настолькі, колькі ў нас будзе нармальных акупных праектаў. У гэтых адносінах у нас абсалютна ніякіх праблем няма, — заявіў Прэзідэнт Беларусі.

— У нас вельмі добрыя адносіны, і мы чакаем ад нашых адносін яшчэ большай рэзультатыўнасці. Нам вельмі важна зараз прасунуцца ў эканамічных пытаннях, больш аператыўна прыцягваць у індустрыяльны парк «Вялікі камень» самыя перадавыя прадпрыемствы з самымі перадавымі тэхналогіямі — заўтрашняга, а можа, і паслязаўтрашняга дня, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Амаль падваенне ВУП

Прадстаўнік Гуандунскай тэлерадыёкампаніі пацікавілася, як Беларусь разумее ініцыятыву «Адзін пояс і адзін шлях». Як краіна-заснавальніца ЕАЭС, якія магчымасці для гэтай арганізацыі бачыць наша дзяржава?

— Амаль усе ставяць нейкія палітычныя ўмовы, хоць рэалізуюцца эканамічныя праекты, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Кітай ніколі нікому падобных умоў не ставіць, і нам у тым ліку. Калі б ставіліся такія папярэднія ўмовы, у нас бы, відаць, з вамі былі такія адносіны, як з еўрапейцамі ці амерыканцамі. Але Кітай — не з ліслівасці кажу — мудрэйшая нацыя. Яны разумеюць, што інвестыцыі толькі тады будуць карысныя, запатрабаваныя, акупныя, калі ў дзяржаве будзе стабільнасць і бяспека.

Гэта Кітай знайшоў у Беларусі — і пачаў будаваць з намі адносіны без папярэдніх умоў.

Як вядома, новы Шаўковы шлях пройдзе праз многія краіны, не толькі праз нашу дзяржаву. Гэта і краіны Усходняй Еўропы, і азіяцкія краіны. Кітай інвестуе велізарныя сродкі ў эканоміку гэтых дзяржаў. Вось такі прыклад прывёў кіраўнік дзяржавы:

— Гэта валютная выручка ў 50 мільярдаў долараў — калі мы створым, як бачылася, гэты індустрыяльны парк. Гэта велізарная дапамога для нашай краіны. Гэта амаль падваенне ВУП Беларусі... Важна, што будуючы гэтыя адносіны, Кітай нас усюды падтрымлівае.

Прэзідэнт таксама зазначыў, што пасля таго, як Беларусь пачала больш глыбокае супрацоўніцтва з КНР, адкрыліся новыя магчымасці для экспарту нашай прадукцыі ў Паднябесную. Што да Еўразійскага эканамічнага саюза, то гэта велізарная тэрыторыя і магчымасці для КНР — і ў плане прыродных рэсурсаў, і ў плане высокакваліфікаванай рабочай сілы. У той жа час кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: для дасягнення нашых мэт трэба хутка прымаць рашэнні і хутка дзейнічаць, маруднасці ў сучасным свеце месца няма.

Задзел на будучыню

Журналіст «Жэньмінь жыбаа», афіцыйнай газеты Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Кітая, у працяг тэмы спытаў у Прэзідэнта, чаго чакае Беларусь ад удзелу ў саміце «Адзін пояс і адзін шлях».

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што плануе праінфармаваць свайго кітайскага калегу Сі Цзіньпіна, як ідзе развіццё індустрыяльнага парку, як развіваюцца іншыя сферы двухбаковага супрацоўніцтва — у тым ліку ў галіне бяспекі, барацьбы з тэрарызмам.

— Таму гэта вельмі-вельмі важны візіт. Ён будзе важным на будучыню — у плане, калі можна так сказаць, удасканалення нашых адносін па развіцці давяральнага ўсебаковага стратэгічнага супрацоўніцтва. Але самае галоўнае — стратэгія ў нас з вамі адна. Мы павінны зрабіць так, каб новыя пакаленні, якія з'явяцца ў Кітаі і Беларусі, ужо мелі фундамент адносін.

Журналістка газеты «Веснік Ганьсу» пацікавілася, як можна выкарыстаць магчымасці для пашырэння рэгіянальнага супрацоўніцтва.

— Гэта аснова нашых адносін, гэта тое, што можа значна прасунуць нашыя адносіны ў канкрэтных сферах, у канкрэтных абласцях, — адзначыў Прэзідэнт, падкрэсліўшы, што правінцыя Ганьсу, супрацоўнічаючы з Гродзенскай вобласцю, атрымае літаральна прамы выхад у Заходнюю Еўропу.

Прадстаўніца Міжнароднага радыё Кітая расказала цікавы факт: на базе яе СМІ працуе адзіны ў Кітаі інфармацыйны сайт на беларускай мове. Ён быў створаны ў 2010 годзе пры падтрымцы Белтэлерадыёкампаніі. На думку журналісткі, гэты сайт можна лічыць адным з доказаў цесных сувязяў паміж нашымі краінамі ў сферы СМІ. Цікавілася ж карэспандэнтка тым, як Беларусь і Кітай могуць супрацоўнічаць у плане паставак мяса-малочнай прадукцыі ў Кітай, які, дарэчы, з'яўляецца буйнейшым у свеце імпарцёрам такіх тавараў.

— Гэта датычыцца вельмі важнай праблемы ў нашых адносінах, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — У нас вялікі дэфіцыт у гандлі з КНР, і мы гэту праблему абмяркоўваем. Калі я на апошняй сустрэчы сказаў пра гэта Сі Цзіньпіну, то і ён, і ў наступным з кім бы з кіраўнікоў я не сустракаўся — заяўляюць: мы вельмі хочам дыверсіфікаваць нашы гандлёва-эканамічныя адносіны такім чынам, каб яны былі выраўненыя. Я веру ў гэтыя заявы кітайскіх кіраўнікоў, паколькі гэта абсалютна не парушыць тую стабільнасць, прыцягальнасць і тыя магчымасці кітайскага экспарту ў іншыя краіны, калі будзем мець парытэт у нашым гандлі.

Што да прадуктаў харчавання, то выйсці з імі на кітайскі рынак складана: вельмі высокія патрабаванні з боку органаў, якія кантралююць якасць такіх прадуктаў.

— Трэба мець вельмі высокі ўзровень прадуктаў харчавання. Але з намі — я нават здзівіўся — праблем не было. Мы за некалькі месяцаў сертыфікавалі мяса-малочную прадукцыю і сёння мы ўжо гандлюем самі мяснымі, малочнымі прадуктамі. І гэта не ў тэставым рэжыме, мы ўжо даўно прайшлі гэты шлях, — расказаў кіраўнік дзяржавы.

Вырашыць нешта без Кітая сёння немагчыма

Карэспандэнт агенцтва «Сіньхуа» спытаў, якой Беларусь бачыць ролю Кітая ў свеце.

— Гэта можна сказаць адной фразай: ні адно глабальнае ці рэгіянальнае пытанне без меркавання, удзелу Кітайскай Народнай Рэспублікі вырашыць сёння немагчыма, — лаканічна адказаў Прэзідэнт. — Дадайце да таго тое, што КНР з'яўляецца пастаянным членам Савета Бяспекі ААН. Гэта ядзерная дзяржава з велізарным патэнцыялам насельніцтва — паўтара мільярда чалавек. Гэта адна з найбуйнейшых тэрыторый у свеце. І самае галоўнае — гэта краіна, якая развіваецца гіганцкімі тэмпамі. У сілу гэтага Кітай займае дамінуючае становішча ў свеце. Без яго немагчыма сёння вырашаць ні дыпламатычныя, ні палітычныя, ні іншыя пытанні. Тое, што новаабраны Прэзідэнт ЗША перш за ўсё запрасіў да сябе, заўважце, Сі Цзіньпіна, якраз пацвярджае гэты тэзіс.

Карэспандэнт агенцтва «Чайна ньюс» пацікавілася асабістымі адносінамі лідараў Беларусі і Кітая.

— У палітыцы ад асабістых адносін многае залежыць, а ў адносінах з асобымі дзяржавамі залежыць усё. Калі асабістыя адносіны выключныя, значыць, выключныя адносіны міждзяржаўныя, — адказаў беларускі лідар. — У нас з Сі Цзіньпінам вельмі сяброўскія адносіны. Ён бываў у мяне дома, я ад яго нічога не хаваю... Глыбіня нашых адносін — гэта, перш за ўсё, яго адносіны да нашай краіны і да нашага народа. Мы гэта вельмі цэнім.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Удзельнікі размовы дзеляцца ўражаннямі

Кірыл РУДЫ, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Кітаі:

— Беларусь наладзіла добрыя адносіны з ініцыятарам ідэі «Адзін пояс і адзін шлях» Сі Цзіньпінам яшчэ да таго, як ён стаў Старшынёй КНР і прапанаваў рэалізаваць гэты праект. Мы хутка ўліліся ў яго і ўжо маем адносна іншых краін пэўныя перавагі. Зараз, калі Кітай спрабуе намацаць практычныя пункты, як рэалізаваць гэтую ідэю, хоча паглядзець на першыя вынікі, то мы адны з першых, дзе створана інфраструктура і з'яўляюцца першыя кампаніі. Прыклад Беларусі даказвае рэальнасць ініцыятывы, і наша краіна з'яўляецца добрым прыкладам для іншых. Кітай, думаю, не шкадуе і ганарыцца тым, што мы разам рэалізуем такі праект у Беларусі.

Цуй Цымін, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Беларусі:

— Гэтыя мерапрыемствы маюць гістарычнае значэнне. Яны адбыліся ўпершыню за 25 гадоў дыпламатычных адносін паміж нашымі краінамі. Ваша краіна запрасіла больш за 40 журналістаў з розных рэгіёнаў. Яны мелі магчымасць задаваць пытанні Прэзідэнту аб адносінах Беларусі і Кітая, пра тое, як мы будзем разам будаваць эканамічны пояс Шаўковага шляху. Прэс-тур кітайскіх журналістаў у Беларусь, іх сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам — важны крок у развіцці двухбаковага супрацоўніцтва.

Жэнь Ці, карэспандэнт газеты «Чайна Дэйлі»:

— Падчас сустрэчы быў выбудаваны прыемны, добразычлівы дыялог паміж Прэзідэнтам і нашымі СМІ. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Беларусь і Кітай у розных галінах падтрымліваюць вельмі высокі ўзровень узаемадзеяння і партнёрства. Мне спадабалася, што адказы Аляксандра Лукашэнкі былі вельмі шчырымі, і мы ўдзячныя за гэты адкрыты дыялог. Думаю, што ён з'яўляецца сімвалам нашых беларуска-кітайскіх партнёрскіх узаемаадносін і сведчыць пра высокі ўзровень узаемадзеяння паміж краінамі.

Юань Бааго, карэспандэнт Шаньдунскай тэлерадыёкампаніі:

— Ваш Прэзідэнт вельмі добра ведае Кітай і дасведчаны аб дасягненнях у развіцці нашай краіны. Ён вельмі дакладна і ўсебакова распавёў пра беларуска-кітайскае супрацоўніцтва. Аляксандр Лукашэнка з'яўляецца вельмі добрым сябрам для нашай краіны, бо паміж нашымі дзяржавамі склалася моцнае супрацоўніцтва. Мы павінны шанаваць яго і прасоўваць, таму што такія добрыя, шчырыя адносіны паміж дзяржавамі вельмі важныя для іх народаў. Мы павінны браць прыклад з вас, вашага Прэзідэнта, як неабходна ствараць моцныя, сяброўскія сувязі паміж краінамі.

Загаловак у газеце: Давяральнае, усебаковае, стратэгічнае...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».