Вы тут

Гродзенец — пра сакрэты пакарэння гор Кіліманджара і Эльбрус


«Стаў на ляднік — і панік», — цытуе песню Высоцкага Васіль Еўсікаў. Сёння гродзенец упершыню адкрые сакрэты пакарэння гор Кіліманджара і Эльбрус. Голая праўда пра страх, сяброўства, дабрыню, каханне і здраду на вышыні 6 тысяч метраў над узроўнем мора. Васіль не ўтоіць нічога, раскажа пра няпростыя моманты, пра тое, аб чым звычайна маўчаць.

Пацалунак скалы, шыпучыя горныя рэкі, зламаная нага, спыненне дыхання, мокрыя спальнікі на марозе — і гэта толькі пачатак. Як горы зрываюць маскі? Чаму людзі рызыкуюць жыццём дзеля мэты, якую каля падножжа бачаць вар'яцкай? Калі горнае паветра змывае праблемы, хлусню? Што адчуваеш на вяршыні і каго клічаш у сне?


Кіліманджара.

Забіць маманта

Эльбрус — самая высокая вяршыня Еўропы, Кіліманджара — Афрыкі. Гэта 5895 метраў над узроўнем мора ў другім выпадку і крышку менш у першым. Штурмаваць гару едуць не прафесійныя альпіністы, а падобныя да нас з вамі людзі. Боязь вядзе рэй ужо каля падножжа. «Дзе наш гатэль?» — пытаюць за спінай. Мёртвая цішыня, дзікі снежны пейзаж — і вочы ў многіх вялікія. «Не, хлопцы, бывайце здаровы, а я еду дадому-дахаты». З першага дня горы адправілі «рыцараў» і панты назад, у цывілізацыю.

«Па-першае, я паехаў на Эльбрус, каб знайсці сяброў, — кажа Васіль Еўсікаў. — Каштоўнасці моладзі нярэдка ўпіраюцца ў айфоны, інстаграм. Людзі выкладваюць фота з начных клубаў. Для мяне гэта тое ж, што паход у гіпермаркет дзеля сэлфі з каўбасой. Крутасці тут не бачу. Вось і захацелася знайсці тых, хто ведае смак сапраўднага жыцця. Па-другое, прырода стварыла мужчыну, каб ён, умоўна кажучы, «паляваў», а не сядзеў за камп'ютарам. Бег, рызыка. Разумееце? І хоць сёння кусок мяса дае работа ў офісе, у глыбіні мужчыны дрэмле адрэналін».

«Забіць маманта?» — пытаю.

«Так!» — усміхаецца Васіль.

Кашмары на Эльбрусе

«На Эльбрусе мы не ведалі, што нас чакае. Праз метр «падбадзёрвалі» мемарыяльныя таблічкі, — дзеліцца альпініст. — Быў першы, а таму самы лёгкі дзень. Думаю: «Як можна было загінуць тут?» Азіраюся: вось гара, сцежка, а далей — рэзкі спуск і шыпіць горная рэчка. Аступішся — і звалішся ў ваду. Лёс вырашыць спадарыня ўдача: знойдзецца на тваю галаву камень ці не? Значыць, за 10 дзён загінуць можна ў любы момант».

«Я гавару пра сябе. Можа камусьці было лёгка. Калі ў апошні дзень інструктар сказаў, што далей кожны ідзе сваім тэмпам, адзін хлопец пайшоў вельмі хутка, яго праз паўгадзіны не было відаць. Важна правільна абраць таварыша, не ныціка, не жвавага лася, а сваю роўню», — лічыць Васіль Еўсікаў, і сяброў ён знайшоў. Чым вышэй падымаліся, тым выразней было бачна: хто ёсць хто? Горы зрывалі з вачэй шоры, разбівалі на друзачкі маскі, агалялі душы. Першабытнае паветра ачышчала арганізм ад хлусні. І кожны знаходзіў тых, хто мог дапамагчы, падтрымаць, натхніць, супакоіць, падпітаць баявы дух.

«На Эльбрусе быў момант, і я знянацку зразумеў Высоцкага: «Стаў на ляднік і панік», — цытуе песню наш герой. — Здаецца, вось яшчэ ішоў па снезе. Тут ступіў на лёд. Усё! А пад вяршыняй чакаюць 62 градусы нахілу. Адчуванне слізоты пад сняжком рве нітачку дзесьці ў жываце. Вельмі многія далей не пайшлі».

Поруч падымаюцца муж з жонкай, яна млее на вачах. Інструктар кажа: «Ёй дрэнна. Ідзіце ўніз!» Муж: «Я занадта шмат прайшоў, каб спыніцца». І ён адпраўляе жонку ўніз адну ў кепскім стане ноччу ў дваццаціградусны мароз, калі нельга адпачыць, бо замерзнеш. Скалы Эльбруса славяцца расколінамі. Чым яны жудасныя? Упаў з вышыні — мігам разбіўся. Калі ж патрапляеш у расколіну, марудна паміраеш пад зямлёй ад пераахаладжэння ці смагі.

Для тых, хто ідзе ў кампаніі, няма прычыны баяцца, бо іншыя паклічуць дапамогу. У адзіночніка шанцаў няма.

«Пачынаецца буран, цямнее, нулявая бачнасць. Сонца за чорнымі хмарамі. Мой таварыш знімае балаклаву (спецыяльная маска для альпінізму. — Рэд.), але нават цяпер промні апякаюць скуру, як гарачая духоўка», — здзіўляе Васіль Еўсікаў. Горная хвароба бярэ сваё. З палатак не выходзяць, а выпаўзаюць. Ноччу прачынаешся, бо 15 секунд не дыхаў, а пасля рэзка глытаеш паветра з падвоенай сілай. Гэты сімптом называюць «дыханнем Чэйна-Стокса». На вышыні арганізму мала кіслароду. Мозг працуе горш і горш, адключаецца маўленне. Але чым фізічна цяжэй, тым лягчэй псіхалагічна. Знікаюць думкі, праблемы. І вось ён, момант, калі мэта ясная. Яна адна, і няма перашкод, працягні руку.

Эльбрус.

Перад штурмам вяршыні Эльбруса ад Васіля не адстаюць два браты. Снег прыцерушыў лёд. Мужчыны ідуць у кошках (металічныя прыстасаванні для альпінізму, прымацоўваюцца да чаравікаў. — Рэд.). Яны ўгрызаюцца ў лёд і так ступаюць па слізоце. Адзін з братоў няўдала ставіць нагу, падае спінай на лёд і разганяецца ўніз. Камень! Зламаная нага. Дзякуй, што не шыя. Пад крык болю брат гаворыць брату: «Я занадта шмат прайшоў». І штурмуе Эльбрус адзін.

«Аднойчы я прачнуўся, бо мужчына ў сне клікаў маму. Па скуры пабеглі дрыжыкі, падумаў: можа, і я таксама клічу ўначы, проста мне ніхто пра гэта не гаворыць? Але страх уласнай смерці не можа спыніць. Цяпер лічу такое імкненне вар'яцтвам, — прызнаецца Васіль Еўсікаў. — А ў гарах быў толькі я і мая вяршыня».

І вось ён, пік Эльбруса. Эйфарыі няма, адна нечалавечая стомленасць. Радасць прыйдзе пасля, з кожным крокам уніз, а разам з ёй задаволенасць сабой, сваім жыццём і ўпэўненасць, што на ўзроўні мора ты цяпер зможаш усё.

Пацалункі на Кіліманджара

Кілі, як называе Васіль Еўсікаў Кіліманджара, — залатая жыла Танзаніі. Цана пакарэння гары — 3—5 тысяч долараў. Таму ў кнізе водгукаў найчасцей сустракаюцца англічане, амерыканцы, шведы. Па фінансах б'е экіпіроўка: ужо згаданая балаклава, трэкінгавыя палкі, тэрмабялізна, воданепранікальныя курткі, нагавіцы з мембранай для адвядзення пары ад цела, каб не адчуваць спёку, як у лазні. Апрача гэтых адмысловых рэчаў і платы інструктару, наймаць па 2—3 насільшчыкі на чалавека прымушае закон, бо народ жыве аднымі бананамі. Каб стварыць больш працоўных месцаў, насільшчыкі і інструктары — толькі з мясцовых. «Мы панясём усё сваё самі». «Добра, нясіце самі, але насільшчыкам плаціце!»

Кіліманджара як ніякая іншая афрыканская гара багатая на рэкорды. Так, самаму маленькаму пакарыцелю было 7 гадоў. Рэкорд самага старога альпініста спрабуюць біць штогод, пакуль ён належыць 87-гадоваму французу. Таму бабулі 80+ на марсіянскіх пейзажах Кілі — гэта не рэдкасць.

«Значыць, і дзядзька з суседняга пад'езда можа дайсці?» — пытаю.

«Як казаў інструктар, далёка не ўсе вельмі накачаныя людзі даходзяць. Груз мышцаў патрабуе многа кіслароду, з якім у гарах дэфіцыт. Таму спартсменам, калі яны не прафесійныя альпіністы, яшчэ цяжэй. Даходзяць курыльшчыкі і худыя, — смяецца Васіль. — Арганізм курыльшчыка і так звык да кіслароднага галадання, а ў худых мала мышцаў. Добра адаптуюцца дзяўчаты».

Тры разы на тыдзень Васіль бегае па 10 кіламетраў, і яму няцяжка, на вышыні больш за 4 тысячы метраў і 10 крокаў — гэта подзвіг, асабліва на Скале пацалункаў.

Афрыканскія горы славяцца ўчасткам, дзе трэба пераступіць цераз бездань. Прыстаўным крокам, прыціснуўшыся тварам да скалы, ступаеш цераз прорву. Ззаду прорва і толькі наперадзе — скала, таму кожны максімальна прыціскаецца да яе і трэ сваім целам, значыць, цалуе. Рамантыкі дадаюць экватарыяльныя дажджы ў лістападзе. «Аднойчы лівень ішоў 5 гадзін, — успамінае альпініст. — Караскаешся па скале, з якой цякуць ручаі, кладзеш рукі на выступ, вада льецца ў рукавы. Сушыцца няма як, на вышыні вогнішча развесці нельга. Спім у мокрым, лёгкі мароз».

Хутка штурм вяршыні Кіліманджара. Група ідзе тэмпам самага слабага. Пачатак штурму заўжды ноччу, яшчэ крок, апошні рывок! Вось яна, Афрыка на далоні. Васіль Еўсікаў запомніць світанак на Кіліманджара на ўсё жыццё, праўда? Беларуса чакае самая высокая вяршыня Аўстраліі, і называецца яна — гара Касцюшкі.

Маргарыта САДОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Хадзем у горы!

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.

Грамадства

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

На юбілейнай выстаўцы Нацыянальнай акадэміі навук.

Эканоміка

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

«Звязда» ўжо неаднойчы пісала пра гэту незвычайную жанчыну.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.