Вы тут

Францыск Скарына як індыкатар самасвядомасці


Ролю першадрукара ў фарміраванні беларускай ідэнтычнасці прааналізавалі падчас прэзентацыі новай кнігі.


Кнігу «Францыск Скарына. Са слаўнага горада Полацка» прэзентавалі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. У выданне, створанае дзякуючы супольнай працы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і выдавецтва «Мастацкая літаратура», увайшлі нарысы і артыкулы Усевалада Ігнатоўскага, Вацлава Ластоўскага, Максіма Гарэцкага, Кандрата Крапівы, Уладзіміра Караткевіча, Алеся Адамовіча ды іншых вядомых беларусаў, прысвечаныя постаці Францыска Скарыны. Тэксты змешчаныя ў чатырох раздзелах («Дзеі Скарыны», «Слова Скарыны», «Слава Скарыны», «Сусвет Скарыны»), каб ахапіць асноўныя моманты жыцця і творчасці першадрукара.

— Кніга «Францыск Скарына. Са слаўнага горада Полацка» пабачыла свет, дзякуючы цэламу стагоддзю намаганняў беларусаў: вучоных, журналістаў, палітыкаў, грамадскіх і царкоўных дзеячаў, якія так ці інакш працавалі над вобразам, успрыманнем і разуменнем першадрукара, — расказаў укладальнік кнігі, намеснік дырэктара па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Алесь Суша. — Скарына — рукатворны вобраз. Бронзавая скульптура на ўваходзе ў Нацыянальную бібліятэку — гэта тое, што знаходзіцца ў галовах беларусаў, што мы разумеем пад Францыскам Скарынам, а не тое, чым ён насамрэч з'яўляўся. Сёння беларусы пачынаюць іначай глядзець на саміх сябе, мяняюцца сродкі рэпрэзентацыі нацыянальнай культуры, і паступова ўзнікае новая форма разумення Скарыны.

Хто такі Францыск Скарына? Першадрукар, асветнік, гуманіст, доктар медыцынскіх навук, славуты выпускнік Падуанскага ўніверсітэта і... зусім невядомая асоба. У нейкім сэнсе ён стаў лакмусавай паперкай беларускасці — постаць першадрукара ўзнялася на паверхню з глыбіні гісторыі толькі ў 1909 годзе. Да таго часу — некалькі стагоддзяў маўчання. Алесь Суша прызнаецца, што для яго стала адкрыццём тое, што беларусы фактычна стварылі Скарыну, калі пачалі звацца беларусамі, казаць пра сваю нацыянальную адметнасць і самабытнасць, змагацца за права быць нацыяй і мець асобную дзяржаўнасць. Кніга «Францыск Скарына. Са слаўнага горада Полацка» прэзентуе чытачам не проста асобу першадрукара, а тое, як праз вобраз Францыска Скарыны канструявалася цэлая нацыя.

Калі на пачатку ХХ стагоддзя беларусы звярнуліся да Скарыны, аднавіць яго жыццё і творчасць дапамаглі раннія публікацыі замежных даследчыкаў — расійскіх, польскіх, чэшскіх, нямецкіх, літоўскіх ды іншых. Дарэчы, юбілей нашага першадрукара ўнесены ў Каляндар памятных дат ЮНЕСКА і шырока адзначаецца не толькі ў Беларусі. Так, 4 мая ў Вільні пачалося еўрапейскае турнэ міжнароднага выставачнага праекта «Дарогамі Скарыны з Белгазпрамбанкам». У Нацыянальным музеі «Палац вялікіх князёў літоўскіх» літоўцы ўпершыню сустрэнуцца з арыгіналам «Малой падарожнай кніжкі», надрукаванай Францыскам Скарынам у 1522 годзе ў Вільні, і кнігай «Іоў», вылучанай для ўдзелу ў праекце са збору Нацыянальнай бібліятэкі. Акрамя кніжных экспанатаў, для еўрапейскага гледача падрыхтаваны дакументальны фільм пра жыццё і творчасць Францыска Скарыны, а таксама падарожжа ў майстэрню друкара пры дапамозе шлема віртуальнай рэальнасці.

Прэзентацыя кнігі «Францыск Скарына. Са слаўнага горада Полацка» таксама не абышлася без інтэрактыву. Ідэю выдання ў новай ды арыгінальнай форме прадэманстравала жартоўнае анімацыйнае відэа, дзе агучылі думкі сучасных беларусаў пра Францыска Скарыну.

— Даследаванні, прысвечаныя першадрукару, пачаліся 100 гадоў таму, ідуць зараз і працягнуцца заўтра. Будзе яшчэ шмат кніг пра Францыска Скарыну, бо ён — легенда, наша ява і будучыня, — кажа паэт, празаік, галоўны рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Віктар Шніп. — Алесь Суша знайшоў шмат цікавых матэрыялаў, і нам давялося выбіраць, што з іх надрукаваць у кнізе. У выніку атрымалася цудоўнае выданне, непаўторнае па змесце і афармленні.

Дар'я ЧАРНЯЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».