Вы тут

"Закаханыя" і працяг


Шагалаўскія матывы ў творах айчынных мастакоў


Марк Шагал — адзін з самых вядомых авангардыстаў дваццатага стагоддзя, асоба якога важная і знакавая для Беларусі. Сёлета спаўняецца 130 год з дня нараджэння майстра. З нагоды юбілею ў Палацы мастацтваў ладзіцца самы маштабны выставачны праект гэтай вясны — «Вяртанне вобраза», удзельнікі якога паспрабавалі перадаць у творах шагалаўскі стыль і дух майстра.

Марк Шагал быў майстрам фантастычных адлюстраванняў і ператварэнняў у часе. У гэтым асаблівасць яго творчасці, якая сёння — дарагі скарб для сусветнага мастацтва. Сваім мастака лічаць французы, яўрэі, расіяне. Але асаблівая ўвага да твораў — на яго радзіме. Выставачны праект «Вяртанне вобраза» — доказ таго, як эпоха Марка Шагала працягваецца і развіваецца ў нашай краіне.

— Вельмі сімвалічна, што дэвіз выстаўкі — «Вяртанне вобраза». Тут прадстаўлены розныя вобразы: матэрыяльнай культуры, загадкавыя і супярэчлівыя. Але ўсе яны падкрэсліваюць непарыўнасць і пераемнасць традыцый авангарднага мастацтва, творчага пошуку. Выстаўка нагадвае і пра тое, што Беларусь была калыскай авангардызму на пачатку ХХ стагоддзя, — адзначыла першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Ірына Дрыга.

У выставачных залах Палаца мастацтваў размясцілася больш за дзвесце карцін і канцэптуальных арт-аб’ектаў. Графікі, скульптары, жывапісцы, майстры дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва — кожны працуе ў індывідуальнай аўтарскай тэхніцы, але задача для ўсіх адна: раскрыць у творах асобу Марка Шагала.

Невыпадкова пачынае выстаўку знакамітая работа мастака «Закаханыя» з калекцыі Белгазпрамбанка. Далей можна бачыць творы айчынных і замежных мастакоў — удзельнікаў шагалаўскіх пленэраў у Віцебску, якія ладзіліся ў 1994, 1997 і 2016 гадах. Творы выяўляюць спробу вылучыць новыя складнікі мастацтва ў традыцыйных жанрах, што было характэрна для творчасці Марка Шагала.

— Галоўнае патрабаванне арганізатараў выстаўкі — ніводная праца не павінна быць выпадковай, — падкрэсліў намеснік старшыні па выставачнай дзейнасці Беларускага саюза мастакоў Леанід Хобатаў. — Вядома ж, тут ёсць месца наіўнасці, прымітыўнасці і канцэптуальным рысам, якія былі непрымальныя ў грамадстве яшчэ гадоў дзесяць таму. На гэтай выстаўцы мы можам бачыць усе напрамкі сучаснага мастацтва. За кожнай працай — высокі прафесіяналізм, таму сёння ў Палацы мастацтваў мы можам казаць пра дасягненні беларускіх мастакоў. Дзякуючы гэтаму праекту ў мастакоў з’яўляецца больш шанцаў выказацца, пашыраецца прастора для думкі. На жаль, у нас не так шмат магчымасцяў, каб паказаць усяму свету, як выглядае сучаснае беларускае мастацтва, таму што ўсё залежыць ад арганізацыйных пытанняў, вырашыць якія нятанна. Але мы дэманструем свае ўменні, наколькі гэта магчыма.

Выставачная пляцоўка размеркавана на тэматычныя зоны, дзе мастакі з усёй Беларусі змаглі выказацца пра духоўнае і абстрактнае. Вогненныя колеры і філасофскія разважанні прысутнічаюць як у творах мастакоў старэйшага, так і малодшага пакалення. На пачатку выстаўкі ў вочы кідаюцца чырвоныя карціны земляка Марка Шагала — Леаніда Шчамялёва, які ў свае дзевяноста чатыры гады працягвае пісаць карціны. Арганічна ўпісваюцца ў кантэкст творы Сяргея Рымашэўскага: ён развівае, працягвае шагалаўскую гісторыю. Скульптурныя кампазіцыі Ліліі Нішчык падкрэсліваюць пераемнасць традыцый і стылістыкі. А некаторыя экспанаты здзіўляюць. Напрыклад, багіня Венера, зробленая з газет, альбо шкляны лес з бутэлек. Геаметрычныя шахматы на падлозе і каляровыя мазаікі на палотнах суседнічаюць з саламянымі закаханымі і дрэвамі з лямпачак…

— Сучаснае мастацтва зараз не толькі духоўнае або адчувальнае, яно яшчэ і інтэлектуальнае, — распавядае Леанід Хобатаў. — Таму выстаўка, прысвечаная Марку Шагалу, дазваляе не толькі пазнаваць стыль вялікага майстра ў працах сучаснікаў, але і вылучаць мастакоў, якія могуць прэтэндаваць на паспяховы творчы шлях. Многіх з іх сёння ведаюць па імёнах, многіх прымаюць ці, наадварот, катэгарычна адпрэчваюць. Элітарнае мастацтва скончылася, цяпер час актуальнай, канцэптуальнай творчасці, якая патрабуе дыялогу з гледачом. І глядач неабыякавы, ён больш не пасіўны і канкрэтна вызначае, што гатовы нават набыць карціну ва ўласнасць. Тут ёсць усе ўмовы, каб знайсці сваю працу, яна нават сама сябе прапануе.

Гледачы сапраўды ўглядаюцца ў творы, абмяркоўваюць канцэпцыю, спрабуюць расшыфраваць мастацкую задуму. А таксама яшчэ раз асэнсаваць адметнасць мастака, што праславіў Віцебск, замацаваць яго імя ў беларускай культуры.

Арганізатарамі выстаўкі выступаюць Міністэрства культуры Беларусі, Мінгарвыканкам, Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў пры падтрымцы Беларускага саюза мастакоў, Беларускага саюза дызайнераў, Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Выстаўка «Вяртанне вобраза» стала пачаткам цыкла адмысловых праектаў, арганізаваных Міністэрствам культуры. Так, у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў адкрылася другая частка экспазіцыі — выстаўка «Шорт-ліст», сабраная з работ намінантаў на Нацыянальную прэмію ў галіне выяўленчага мастацтва. Учора ў межах штогадовага праекта «Мастак і горад» адкрылася выстаўка «Залатая калекцыя», дзе ў выглядзе маштабных рэпрадукцый у гарадской прасторы прадстаўлены лепшыя работы жывапісу і графікі знаных прадстаўнікоў старэйшага і сярэдняга пакаленняў мастакоў.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».