Вы тут

«Пансіён Belvedere»: пяць зорак


Мы ўжо неяк і прызвычаіліся да таго, што ў Беларускім дзяржаўным тэатры лялек нас чакае еўрапейскі ўзровень, пошукі новых формаў і сэнсаў, знак якасці, у рэшце рэшт. Прэм’ера «Пансіёна Belvedere» зусім не расчаравала, а, наадварот, апраўдала чаканні аматараў тэатра. «ЛіМ» наведаў спектакль і вылучыў ажно пяць прычын, чаму і вам не варта абмінаць прэм’еру


Прычына 1: італьянская

«Пансіён Belvedere» — трэці беларускі спектакль рэжысёра з Вероны Матэа Сп’яцы. Нагадаем, што дагэтуль Матэа супрацоўнічаў з Рускім тэатрам, дзе паставіў дзве камедыі — «Viva Commedia!» і «Карчмарку». Такі прыклад міжнароднага тэатральнага супрацоўніцтва ў галіне рэпертуарнага тэатра ў Беларусі ўсё яшчэ нячастая радасць. Замежныя павевы трапляюць у наш тэатр часцей за ўсё падчас фестываляў і незалежных тэатральных праектаў. Аднак такія трапленні, па сутнасці, разавыя. Прайшоў фестываль, мінуў праект — і ўсё; ці будзе працяг банкету, ніхто не ведае. Плюс жа рэпертуарнага тэатра — у даўгавечнасці спектакля, а значыць, пазнаёміцца з іншым, не чыста беларускім выказваннем, змогуць многія гледачы. З такіх удалых міжнародных супрацоўніцтваў у рэпертуарных тэатрах варта ўзгадаць працу Саўлюса Варнаса ў Магілёўскім драматычным тэатры ці сумесныя праекты Іскандэра Сакаева з Маладзёжным тэатрам. Уліванне замежнай крыві ў беларускі тэатр, як паказаў і досвед узгаданых рэжысёраў, заўсёды ўплывае на яго па прынцыпе чароўнага пендалю. Асвяжаецца тэатр, трупа, аўдыторыя ды і сродкі масавай інфармацыі, для якіх замежныя імёны — нагода звярнуць большую ўвагу на свае тэатры.

Матэа Сп’яцы прыўнёс у беларускі тэатральны асяродак свой сонечны, свабодны, лёгкі і ў той жа час палкі італьянскі погляд на жыццё і тэатральнае мастацтва. Што мы бачым і на прыкладзе «Пансіёна Belvedere»? Калі гісторыя пра старых жыхароў пансіёна ў беларускіх майстроў, здаецца, набыла б усе адценні чорнага дый шэрага, то ў Сп’яцы галоўныя колеры — светлыя, да таго ж максімальна насычаныя. Замежны рэжысёр па-іншаму паглядзеў і на форму спектакля. У прыярытэце пастаноўкі — не звыклы для нас псіхалагічны тэатр, а тэатр прадстаўлення. Традыцыйны італьянскі жанр камедыі дэль артэ, на якой спецыялізуецца Матэа, лунае і каля гэтай пастаноўкі. У «Пансіёне Belvedere» таксама прысутнічаюць маскі, праўда, сучасныя, імправізацыя, інтэрактыў, замест гатовай драматургіі — толькі схема, што запаўняецца ўжо падчас стварэння спектакля сумесна рэжысёрам і акцёрамі.

Прычына 2: акцёрская

Цяжка ўзгадаць, калі яшчэ пасля спектакля зала так цёпла сустракала акцёраў. І гэта пры тым, што ў «Пансіёна Belvedere» яны былі пазбаўленыя сваіх галоўных прафесійных прылад — голасу і мімікі. Твары закрытыя маскамі, а ўвесь спектакль праходзіць без слоў. «Размаўляюць» на сцэне хіба што тэлевізар і радыё. Адзіны козыр у руках акцёраў — пластыка, але ж і тая даволі сціплая, бо старэчая. Нягледзячы на такую абмежаванасць інструментарыю, жыхары пансіёна ўлюбляюць у сябе па дзвюх прычынах. Першая — гэта зліццё сціплай, свайго роду драўлянай пластыкі са статычнымі маскамі, зробленымі мастачкай тэатра Таццянай Нерсісян. У спектаклі няма лялек, аднак такі дзіўны сінтэз нерухомага твару і маларухомага цела робіць саміх акцёраў на здзіўленне падобнымі да лялек. Трупа тэатра асвоіла ўжо і традыцыйную працу з лялькай, калі яна адна пануе на сцэне і закрывае сабою акцёра, і новае, папулярнае сёння раўнапраўнае існаванне лялькі і акцёра. І вось цяпер яшчэ адзін варыянт, які дэманструе бясконцыя магчымасці тэатра лялек: поўнае зліццё лялькі і выканаўцы, якое распаўсюджваецца на ўвесь спектакль, на кожнага героя. Пастаноўка заканчваецца — і «лялькі» ажываюць, прыводзячы залу ў дзіцячае захапленне. Бо з-пад маршчыністых масак на нас пазіраюць маладыя твары; целы, што хвіліну назад былі старымі, напаўняюцца жыццём — маладосць здымае адзенне гадоў. І зразумелым становіцца рашэнне Матэа Сп’яцы задзейнічаць у спектаклі пра старасць маладых акцёраў. Так акцэнтуецца ўвага на філасофскім змесце прэм’еры: старэе цела, а вось ці старэць душою, кожны вырашае сам.

Другая прычына крыецца ў падрыхтоўчым працэсе. Матэа Сп’яцы застаецца верным сабе і стварае спектакль у суаўтарстве з акцёрамі, што, па-першае, максімальна раскрывае іх патэнцыял, а па-другое, робіць пастаноўку надзвычай жывой. Акцёры працуюць не на чыюсьці думку, а на сваю ўласную, беручы ўдзел у стварэнні сюжэта, сваіх персанажаў, тэатральнага мэсэджу, таму яны так наэлектрызаваны энергіяй, што перадаецца кожнаму гледачу. Такі тэатр, што ствараецца ўсімі (ад рэжысёра да мастака), сёння пакрысе прыходзіць і да нас, руйнуючы рэжысёрскую манаполію.

Прычына 3: тэматычная

 Матэа Сп’яцы, вядома, не адкрывае Амерыку: і без «Пансіёна Belvedere» ёсць у нас спектаклі, якія з розных бакоў падыходзяць да актуальнай ва ўсе часы тэмы старасці. Так, «Вечар» у Купалаўскім тэатры акцэнтуе ўвагу на старасці з беларускім прысмакам: у глухой вёсачцы засталіся дажываць свой век трое старых, заблытаўшыся ва ўласных гадах. Іншай, больш меладраматычнай атмасферай прасякнуты спектакль «Крыху пяшчоты» ў Тэатры юнага гледача. У цэнтры пастаноўкі — каханне, якое можа пасяліцца і ў доме міласэрнасці. Прэм’ера ж знайшла сваю, яшчэ непратаптаную сцежку да набалелых пытанняў, паказаўшы старасць вачыма маладосці (нагадаем, што ўзрост як рэжысёра, так і акцёраў яшчэ далёкі да пенсіённага). Мо таму і атрымалася так светла і цёпла? Маладосць жа заўсёды верыць у лепшае.

«Пансіён Belvedere» не абапіраецца на тэкставую аснову ў выглядзе айчыннай ці замежнай п’есы. Гэта такі спектакльразвага стваральнікаў на тэму таго, як можа выглядаць адзін дзень з жыцця пансіёна састарэлых. Напачатку дзеянне нагадвае даволі павольную рэалістычную замалёўку, якая лёгка магла б ператварыцца ў паўнавартасны дакументальны спектакль. Аднак адбываецца процілеглае: у няспешную побытавую рэальнасць украпваюцца зусім нерэальныя, нават казачныя рэчы. Званкі смерці, сама нелагічная загадкавая смерць і, у рэшце рэшт, фінал з каханнем у квадраце, шчасцем у кубе. У рэальнасць яго проста немагчыма паверыць, але ж і не трэба, бо ў дадзеным выпадку мэта — не фіксацыя рэальнасці, а спроба насычанымі, прамымі, часам грубымі прыёмамі (камедыя дэль артэ ізноў нагадвае пра сябе) стварыць аптымістычны, светлы настрой. А праз стварэнне адпаведнага настрою — паўплываць і на думкі гледачоў, якія пасля такога ўсплёску эмоцый свежым вокам паглядзяць на свае стасункі з бацькамі, бабулямі, дзядулямі і на ўласную старасць.

Прычына 4: трагікамічная

Што ж рабіць, італьянскае сонейка дый мора прыцягваюць больш аптымізму, чым нашыя лясы дый частыя хмары. Нездарма ж і сам Матэа Сп’яцы здзіўляецца: чаму гэта ў Мінску так замала ўсміхаюцца. Яго тэатр — гэта тэатр усмешак, прычым, зусім не сціплых. Вось і «Пансіён Belvedere» — ізноў камедыя, толькі з прыметнікам «горкая». Вядома, ад горкіх трагічных момантаў нікуды не падзецца, калі гаворка ідзе пра старасць. Тут табе і горкая немач, калі без мыліцы ці інваліднай каляскі нікуды, і аднастайнасць жыцця, калі сапраўднай падзеяй робіцца звычайны медыцынскі агляд ці абед у сталоўцы, і стасункі з дзецьмі, якія ўспамінаюць сваіх бацькоў толькі дзеля подпісаў у завяшчанні.

З гумарам прадстаўлены тыповыя праявы старасці. Напрыклад, залежнасць старых ад тэлебачання паказана яркай гумарыстычнай замалёўкай, калі барацьба жанчын і мужчын за магчымасць паглядзець серыял ці футбол ператвараецца ў бой стратэгічнага значэння. Усмешку выклікае і сляпая любоў старых да сваіх дзяцей, нават калі тыя і не заслугоўваюць яе. Звычайная шакаладка, прынесеная сынам, вядома, з карыснымі мэтамі, робіцца прадметам неверагоднай гордасці. З добрым гумарам паказаны і самі старыя жыхары пансіёна, дакладней — іх слабасці. Заляцанні старых мужыкоў, п’яны дэбош немаладой кабеты, падпольныя гандлёвыя аперацыі вакол сталоўкаўскіх страваў. Аднак усмешкі выклікаюць не толькі старыя, але і маладыя разам са сваімі слабасцямі, што робіць спектакль сапраўды сумленным. Абыякавае стаўленне да сваёй працы і пагардлівае — да жыхароў пансіёна, папулярнае сёння захапленне сэлфі, якое часцяком проста скажае рэальнасць, — ёсць над чым пасмяяцца... Прэм’ера знайшла залатую сярэдзіну паміж смехам і роздумам, калі спектакль пры захаванні сур’ёзнасці пасылу дасягае яшчэ і моцнай менавіта пазітыўнай энергетыкі. Такому якаснаму выкарыстанню гумару ў спектаклях з няпростай тэмай нам яшчэ трэба павучыцца ў італьянцаў.

Прычына 5: выніковая

 Апошняя зорачка «Пансіёна Belvedere» складаецца з усіх вышэйзгаданых. Гэтым разам у тэатра атрымалася стварыць спектакль, які, з аднаго боку, зацікавіць шырокага гледача, з другога — не страціць і аўдыторыю прыдзірлівых тэатралаў. Сітуацыя ўнікальная, бо дагэтуль дарослыя спектаклі тэатра былі сапраўдным інтэлектуальным, культуралагічным, эстэтычным іспытам, адолець які можа далёка не кожны.

Прэм’ера ж знайшла ключыкі для ўсіх. Тэатралаў яна прыцягне свежай італьянскай рэжысурай, простай, але выйгрышнай сцэнаграфіяй, дзе ўсё да месца і ўсё працуе, арыгінальнымі акцёрскімі работамі; звычайнага гледача — багаццем гумару, адсутнасцю тэматычнага дый культуралагічнага бар’ераў. Спектакль не абмяжоўвае аўдыторыю зваротам да пэўнай літаратуры, ці то Арыстафан, Караткевіч, Мальер або Чэхаў (калі для поўнага пападання ў сэрца і розум гледача той павінен усё ж такі валодаць літаратурнай крыніцай, прычым, лепей — не павярхоўна). Цяжка ўявіць, каб такі спектакль трапіў у душу, напрыклад, прудкаўскіх жыхароў Горвата, якія вырашылі б пазнаёміцца са сталічным жыццём. «Абы-што!» — сказала б цётка Дуня. Але штосьці падказвае, што «Пансіён Belvedere» цалкам уцягнуў бы іх у сваю шчырую, простую, да таго ж кароткую (усяго 70 хвілін!) гісторыю, а каларытныя персанажы яшчэ доўга ўспаміналіся б у размовах.

Нягледзячы на свае пяць зорак, «Пансіён Belvedere» ўмясціў нумары на любы густ і тэатральны «бюджэт».

Паліна ЛІСОЎСКАЯ

Фота Станіслава Відгорчыка.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».