Вы тут

Як па-беларуску будзе правільна?


...Гучна аб'яўляць «Прэм'ера рубрыкі!» гэтым разам не хочацца. Магчыма, таму, што сам ліст, зварот у рэдакцыю, так бы мовіць, ціхі: спадар Алесь Катлянік з Мінска, чытаючы нашу газету, проста цікавіцца, чаму «Звязда» піша так, а не іначай, а ў выніку — як трэба пісаць і казаць, як па-беларуску правільна? Пры жаданні ці пільнай патрэбе адказы на гэтыя пытанні можна знайсці ў слоўніках ды адмысловых кнігах (калі яны пад рукой). А можна — у дасведчаных людзей. У рэдакцыі «Звязды» яны, вядома ж, ёсць. Менавіта іх, стыльрэдактараў Алеся Саламевіча і Льва Глушыцкага, мы папрасілі адказаць на ліст спадара Катляніка. І, напэўна, не толькі яго...

Ведаем, што так званыя моўныя пытанні часам узнікаюць і ў іншых чытачоў. То, калі ласка, звяртайцеся: нехта не дурны пісаў, што, каб вывучыць замежную мову, патрэбны лічаныя гады, каб вывучыць сваю, родную, — не хопіць жыцця. Дык давайце вывучаць яе разам! Такім чынам


Ліст у рэдакцыю

Дабрыдзень, паважаныя супрацоўнікі паважанай газеты! Дазвольце выказаць некалькі заўваг па выкарыстанні слоў у вашых тэкстах. Папярэджваю, што я не філолаг, беларускай мовай стаў карыстацца толькі на пачатку развалу СССР, таму заўвагі, магчыма, дылетанцкія, але ж...

1. У нумары за 31 студзеня ў загалоўку «Ці здолее Манголія выкарабкацца...», на маю думку, трэба пісаць выкараскацца. Тое ж з нумара за 1 лютага: «Арэнду падкарэкціравалі» — падкарэктавалі... (Дарэчы, у мятро (яно ж так па новым правапісе? Але вы ім чамусьці не карыстаецеся) у парадах па бяспецы слова траўміраванне ўжываюць замест траўмавання).

2. У нумары за 25 лютага загаловак: «Урокі скончыліся — шагам марш!» А чаму не «...крокам руш!»?

3. Часта сустракаю словы маладзёжная, маладажоны. А чаму не моладзевая, не маладзёны? Пасрэднік мільгае на старонках «Звязды». А дзе ж пасярэднік?

4. Чаму ўрэшце Стоўбцы ў тэкстах, а не Стоўпцы, Радашковічы, а не Радашкавічы, Аляхновічы, а не Алёхнавічы? Чаму Вільнюс? Ён жа не для нашага беларускага вымаўлення. Вільня — і не інакш! Нёман — праз ё, а не праз е... Нам жа трэба вяртаць спрадвечныя, правільныя назвы?

А ў цэлым я рады, што ў нас ёсць штодзённая беларускамоўная газета. Калі ласка, не спыняйцеся на дасягнутым. І ўсё ў Беларусі будзе добра!

Ліст з рэдакцыі

Прыемна, што чытачы цікавяцца не толькі зместам матэрыялаў, якія друкуюцца на старонках газеты, але і мовай газеты. А таму з ахвотай выкажам свае меркаванні па ўсіх заўвагах шаноўнага спадара Алеся.

Па-першае, абодва словы — і выкарабкацца, і выкараскацца — у сучаснай літаратурнай мове ёсць. У некаторых выпадках сапраўды трэба пазбягаць непажаданай сінаніміі. Але гэта датычыцца пераважна тэрміналогіі. Паколькі тут мы маем справу з нетэрміналагічнай лексікай, замену выкарабкацца на выкараскацца наўрад ці варта прызнаваць абавязковай.

На карысць першага з дзеясловаў і той факт, што менавіта яго мы знаходзім у найаўтарытэтнейшым даведніку (з тых, што выходзілі да вядомай рэформы 1933 года) — руска-беларускім слоўніку Сцяпана Некрашэвіча і Міколы Байкова 1928 года: выкарабкацца ў ім падаецца як адпаведнік рускаму выкарабкаться. Слова ж выкараскацца ў ім няма наогул.

Што датычыцца формаў дзеясловаў на -ірава- (-ырава-) і на -ава- (-ява-), то гэта пытанне пакуль не закрытае. Слоўнікі фіксуюць толькі карэкціраваць, траўміраваць. Але з фармулёвак «Правілаў беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» вынікае, што дапускаецца ўжыванне і карэктаваць, траўмаваць. Такім чынам, пары карэкціраваць — карэктаваць і траўміраваць — траўмаваць, відаць, можна дадаць у наступны пункт Правілаў:

У некаторых выпадках ужываюцца дзве формы: дэмаскіраваць — дэмаскаваць, акупіраваць — акупаваць, курсіраваць — курсаваць, калькіраваць — калькаваць, базіраваць — базаваць.

Варта дадаць, што больш уласцівыя беларускай мове сапраўды варыянты на -ава- (-ява).

Назоўнік метро адназначна павінен пісацца праз е. Гэта запазычанае слова, яно не падпадае пад агульнае правіла пра перадачу якання. Слоўнікі фіксуюць яго менавіта ў форме метро.

Шагам марш — устойлівы выраз (каманда) з вайсковай сферы. У такой форме ён існуе ў нашай мове даўно. Яго мы знаходзім яшчэ ў «Практычным беларускім вайсковым слоўніку» (1927). Падаюць яго і сённяшнія нарматыўныя даведнікі. Каманду «крокам руш!» змяшчае «Расейска-беларускі вайсковы слоўнік» 1997 года. Мы аддаём перавагу першаму выразу, улічваючы яго наяўнасць у шматлікіх крыніцах і працяглую гісторыю ў беларускай мове. Дарэчы, само слова марш са значэннем загаду паходзіць з французскай мовы і, акрамя беларускай (у якой з'явілася яшчэ ў часы існавання старабеларускай пісьмовай мовы), ёсць і ў рускай і, напрыклад, у польскай.

З'яўленню слова «моладзевы» паспрыяла ўяўленне, што мовы павінны развівацца па строга лагічных законах: калі ёсць «моладзь», то павінен быць і прыметнік «моладзевы» (або «маладзёвы»). Аднак такое ўяўленне памылковае. «Нелагічнасці» ў мове сустракаюцца вельмі часта. Напрыклад, ёсць ваверчаня і зайчаня, але няма слоў свінняня (ад свіння), каравяня (ад карова), каняня (ад конь).

Такім чынам, якое б ні было паходжанне слова маладзёжны, гэты прыметнік з'яўляецца агульнаўжывальным у нашай літаратурнай мове. Яго можна знайсці як у мастацкіх творах, так і ў нарматыўных слоўніках.

Слова маладзён мае ў слоўніках пазнаку «абласное». Яно можа ўжывацца ў значэнні выказніка і тады адпавядае рускаму «молод». У іншым значэнні гэтым словам называюць непаўналетняга хлопца або маладога чалавека наогул, кажучы па-руску — юношу, юнца.

Маладажоны ў беларускай мове (і, вядома ж, газеце!) па-іншаму могуць называцца маладымі. Як, дарэчы, і пасрэднікі (паводле сучасных нарматыўных слоўнікаў) — пасярэднікамі (паводле тых, што выходзілі раней). На карысць другога варыянта гаворыць і больш уласцівае беларускай мове поўнагалоссе ў корані. А таму на старонках «Звязды» можна сустрэць абодва гэтыя словы.

Што датычыцца геаграфічных назваў, спрэчкі вакол якіх не сціхаюць ужо даўно, то пытаннямі ўнармавання правапісу рэдакцыя, вядома ж, не займаецца. У краіне кожны населены пункт мае сваё найменне. Усе яны змешчаны ў спецыяльных тапанімічных даведніках — яшчэ і для таго, каб, напрыклад, ні ў кога не ўзнікала праблем пры тых жа паездках, бо, згадзіцеся, наяўнасць маршрутаў «Мінск — Вільнюс» і «Мінск — Вільня» ўносіла б разнабой, які ў пэўных выпадках мог бы каштаваць пасажырам і часу, і грошай.

...А ўвогуле шчыры дзякуй чытачу за ўвагу да газеты, за пытанні, за яго просьбу-пажаданне не спыняцца на дасягнутым, за веру, што ўсё ў Беларусі будзе добра!

Іншымі словамі, працуйма пільна — і тут будзе Вільня.

Каментары

Дзяржава па просту ня хоча прынімаць назву “Вільня”. Бо ў уладзе знаходзяцца не патрыёты. Усе іншыя дзяржавы называюць гарады і краіны па-свойму, толькі дзіўная прарасейская Беларусь у гэтых пытаннях не займаецца.

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.