Вы тут

Фартэпіяна колерам пад арэх


...Князь са сваёй светлавалосай княгіняй, элегантныя пары ў адпаведных строях, узвышаныя вальсы і мазуркі, задушэўныя размовы. У Шчучыне, у палацы князёў Друцкіх-Любецкіх, адкрытым пасля рэстаўрацыі, адбыўся сапраўдны баль — як тады, як некалі.

Сюжэт пра яго ў той жа вечар выйшаў на канале СТБ. А ў хуткім часе на электронную пошту Палаца творчасці дзяцей і моладзі прыйшоў ліст.


Свет­лы роз­дум Дзі­я­ны Сяр­гей, на­ву­чэн­кі гурт­ка «Фар­тэ­пі­я­на».

«Прозвішча маіх бацькоў — Зайцавы, — пісала Наталля Уладзіміраўна Шуба з Мінска. — Яны прыехалі ў Шчучын у 1949 годзе з г. Высокае, што на Брэстчыне, куды мама вярнулася пасля прымусовага вывазу ў Германію і дзе тата служыў у канцы вайны. Разам з бацькамі прыехаў і ўнікальны музычны інструмент. Людзей, якія валодалі ігрой на ім, амаль не было. Але ўсіх, хто дакранаўся да клавішаў, уражвала іх лёгкасць і гук. Майстры-настройшчыкі з Гродна казалі, што гэта варыянт канцэртнага піяніна.

Безумоўна, гады бралі сваё, і было відаць, як гінуць лямцавыя малаточкі ў ніжнім рэгістры, як губляюць бляск струны...

Я скончыла першую гарадскую і музычную школы. Мой педагог Галіна Вітольдаўна Барташэвіч — бліскучая піяністка, выпускніца кансерваторыі ў Варшаве. А сальфеджыа выкладаў педагог, які віртуозна іграў джаз на саксафоне. Дзіўны і непаўторны быў час!

Пяцьдзясят гадоў піяніна праслужыла аматарам фартэпіяннай музыкі ў нашым доме на вуліцы Леніна. Потым, на вялікі жаль, пайшлі з жыцця мае бацькі, сям'я пераязджала ў Мінск, нам трэба было вызваляць ад мэблі дзяржаўную кватэру. Габарытны і важкі інструмент работнікі домакіраўніцтва прапанавалі пакінуць у іх...»

«Піяністкай я не стала, — паведамляла пра сябе далей Наталля Уладзіміраўна. — Працавала педыятрам, галоўным урачом дзіцячай паліклінікі №19. Вельмі люблю Шчучын. Падтрымліваю сувязь з аднакласнікамі. Двойчы на год прыязджаю пакланіцца памяці сваіх родных. Цудоўна, што ў палаца з'явіліся новыя гаспадары, што там віруе жыццё... Няхай жа піяніна, наша сямейная рэліквія, упрыгожвае экспазіцыю музея».

Якім жа апантаным трэба быць у музыцы, каб з аднаго-двух кадраў на экране тэлевізара беспамылкова пазнаць сваё піяніна колерам пад арэх.

Дзесяць гадоў таму дырэктар палаца Ірына Пятроўна Дзегцярова надала інструменту, можна сказаць, другое жыццё. Ёй, як творчаму, сучаснаму кіраўніку ўстановы з мастацкім ухілам патрэбна ўсё — ад гітары да аркестра. Вось таму і пераехаў інструмент з тагачаснага ЖЭСа ў Дом культуры, у старажытны палац, каб юныя артысты маглі дакрануцца да амаль стагадовага інструмента вядомай у свой час нямецкай фірмы W. MЕNZЕL.

Прыходзьце, прыязджайце і вы, каб апынуцца ў палацы, у пачатку мінулага стагоддзя.

Рычард БЯЛЯЧЫЦ, г. Шчучын

Фота Людмілы НЕМНЫ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?