Вы тут

Сукенка з сакрэтам, або Нацыянальны касцюм на новы лад


Напэўна, не знойдзеш лепшай рэчы-візітоўкі для краіны, чым вопратка. Не кожны замежны госць дабярэцца да прыгожых мясцін, музеяў ці нават сувенірных лавак. А хіба ж ён не кіне вока на нашых модніц, апранутых у нешта асаблівае? Сэлфі з прыгажунямі ў вышыванках, якія б замежнікі выкладалі ў сацыяльнах сетках, былі б добрай рэкламай Беларусі. Тым больш што беларускі арнамент — асаблівая старажытная шыфроўка, пасланне. Раней майстрыхі пры дапамозе яго расказвалі пра свае мары і лёс, прасілі аб дабрабыце і каханні. Людзі нават верылі, што вытканыя сімвалы могуць засцерагаць ад нягод ці прыносіць шчасце. І чаму б такую «фішку», якая нічым не горшая за кітайскія іерогліфы, нам не выкарыстоўваць для сваёй ідэнтыфікацыі. Ды і спадніцы нашых прабабуль былі з сакрэтам: па ўзорах на іх людзі маглі адрозніваць, з якіх вёсак паходзяць уладальніцы. Не, мы не заклікаем усіх адразу ўлазіць у нацыянальныя строі. А вось паказаць, што беларускія касцюмы могуць быць цікавымі, моднымі, стыльнымі, усё ж паспрабуем.


Маладога дызайнера Надзею Кузняцову якраз нацыянальны касцюм натхніў на стварэнне новай калекцыі. Дзяўчына спрабуе прадставіць беларускае адзенне такім, якім бы яно выдатна ўпісвалася ў сучаснае жыццё.

— Беларуская вопратка сёння — гэта не гістарычная рэканструкцыя, а хутчэй інтэрпрэтацыя, пошук таго, як яна магла б выглядаць у нашы дні, — дзеліцца дызайнер. — Каб зацікавіць моладзь, я вырашыла выкарыстаць стылізацыю. Хачу паказаць, што такое адзенне можна насіць з сучаснымі сумкамі, хадзіць у ім на вучобу, нават спалучаць з кедамі. Крой сучасных строяў ад традыцыйнага розніцца разнастайнасцю формаў і канструктыўных ліній, рашэннем тэхнікі апрацоўкі швоў, пакроем рукава. Сукенкі і спадніцы я аздобіла кішэнямі.

Хачу паказаць беларускі касцюм у нетрадыцыйных для яго колерах, адысці ад стандартнага чырвона-белага. Так, у маёй калекцыі будуць карычневыя і малочныя таны. Некалькі камплектаў я рашыла паспрабаваць падаць у кантрасным спалучэнні аранжавага і блакітнага, гэта як сонца і неба. Так, прырода — крыніца майго натхнення. А зараз вясна, з ёй быццам і людзі абуджаюцца, хочацца чараваць, дзяліцца ідэямі.

Між іншым, распрацоўваць беларускую тэму Надзея пачала, калі працавала над калекцыяй спартыўнай вопраткі. Дзяўчына заўважыла, што ў людзей з'явілася цікавасць да рэчаў з беларускай «прыкметай». Васьміканцовыя зоркі, валошкі і нават проста беларускія словы сёння выкарыстоўваюцца ў стварэнні брэндаў для новых тавараў і паслуг, у афармленні кавярняў і гатэляў. Але чаму попыт «на беларускае» не абуджаць і праз стварэнне адметнай вопраткі?

— Летась на беларускім тыдні моды прайшоў паказ пад лозунгам «Я люблю Беларусь». Маладыя дызайнеры рабілі калекцыі з элементамі гістарычнага нацыянальнага касцюма. Прыезджыя госці, якія ўдзельнічалі ў паказе, адразу праявілі цікавасць да такога адзення. Так, сёння можна ўжо знайсці ў крамах вырабы з нашай сімволікай, вышыванкі. Але гэтага, лічу, недастаткова. У мінулым годзе на дзень горада ні ў парку, ні ў цэнтры я не сустрэла людзей, якія былі б у адзенні з беларускай сімволікай. Нават калі ездзіла ў Дудуткі, не пабачыла там ні афіцыянтаў у нацыянальных касцюмах, ні прадаўцоў. Думаю, што на турыстычных аб'ектах мы павінны знаёміць гасцей таксама і з беларускім арнаментам, касцюмам.

— Сёння мы добра ведаем пра асаблівасці адзення розных краін. А што павінны ўлічыць дызайнеры пры стварэнні беларускай вопраткі?

— Па-першае, гэта натуральныя тканіны. У пашыве аўтэнтычнага адзення не выкарыстоўваецца сінтэтыка. Па-другое, крой. Беларуская вопратка закрытая, няма адкрытых плеч і каленяў, ніякай пошласці, празрыстых дэталяў, каб прасвечвалася бялізна. У сукенках — вузкі выраз гарлавіны, у некаторых мадэлях я выкарыстоўваю каўнер-стойку. Наша вопратка быццам падкрэслівае дзявочую сціпласць і тым дадае загадкавасці, выклікае інтарэс. Можна спалучаць традыцыйны крой з тым, што зараз модна. Напрыклад, чаму б сучасную сукенку не зрабіць з вялікім пакроем рукава? Спадніца з кішэнямі і поясам можа быць доўгай і пышнай, як у той час.

Далей — гэта разнастайнасць арнаменту, гэта нашы абярэгі. Яшчэ і цяпер можа бачыць, як людзі засцерагаюцца шпількамі ці чырвонымі ніткамі. Я бачу, што многія мае равеснікі цікавяцца значэннем арнаменту. А расказаць сапраўды ёсць што. Мне напрыклад, вельмі падабаюцца арнаменты з сімволікай кахання, а яны ёсць розныя — так, асобныя расказваюць пра пачатак пачуцця, другія — пра яго росквіт. Раней дзяўчаты рабілі такія вышыўкі на сваіх сукенках. Як бачыце, праз вопратку мы можам прыўносіць у свет інфармацыю і пра сваю культуру, традыцыі.

Калі Надзея на Тыдні моды ўдзельнічала ў паказе «Новыя Імёны», працавала з беларускім ільном. Ёй спадабалася структура матэрыялу, і яна смела з ім эксперыментуе, тым больш што сённяшні выбар тканін дазваляе рабіць касцюмы ў розных колерах.

— Я спрабую дэкаратыўныя льняныя тканіны, выкарыстоўваю нават мешкавіну ў стварэнні мадэляў, — дзеліцца Надзея. — Не абмяжоўваюся толькі работай над сукенкамі, сарафанамі, кашулямі, а раблю поўныя камплекты. Працую з беларускім сукном, шыю палітовыя вырабы, накідкі. Нават з арнаментам можна пачараваць. Так, у некаторых мадэлях ён традыцыйны — гэта вышыўка крыжыкам, а ў іншых — прынт ручной работы. Я паспрабавала і стылізацыю. Так, выразала арнамент з сукна: гэта тканіна не сыплецца, што дае магчымасць для эксперыментаў. Калі ручная вышыўка замяняецца на машынную, ці малюнак ствараецца акрылавымі фарбамі, гэта дазваляе рабіць рэчы больш таннымі. Пераважна мая калекцыя разлічана на моладзь, такая вопратка не павінна быць дарагой, каб студэнты маглі дазваляць сабе падобныя пакупкі са стыпендыі. Я ж бачу, што апошнім часам менш становіцца індывідуальных заказаў, больш людзі рамантуюць, аднаўляюць вопратку. Самы бюджэтны варыянт для тых, каму вельмі хочацца чагосьці беларускага, — зрабіць арнамент, напрыклад, на любімую баечку.

— Твая самая першая калекцыя «Джынсавыя нябёсы», якая з поспехам вытрымала сем беларускіх паказаў, была створана для падлеткаў. Не плануеш яшчэ працаваць над адзеннем для дзяцей?

— Я нядаўна стала мамай. І, безумоўна, мне захацелася зрабіць для немаўляці кашулі з абярэгамі. У мяне столькі ідэй! Летась разам з Аляксандрам Варламавым мы стваралі дзіцячыя калекцыі, і такі вопыт быў вельмі карысны. Сёння я працую над уласнай калекцыяй з беларускай сімволікай. Пяць пробных камплектаў для дзяўчатак я ўжо стварыла. Цяпер дапрацоўваюцца аксэсуары — сумачкі, галаўныя ўборы, накідкі. Таксама я прапаную для дзаўчатак стылізаваныя вяночкі, якімі можна аздобіць валасы. Павязкі з арнаментам можна выкарыстоўваць нават у камплектах са спартыўнай вопраткай. Таксама я прапаную стылізаваныя шапачкі. Пакуль дзіцячыя сукенкі, сарафаны я стварыла як адзенне для паўсядзённага выкарыстання, але, магчыма, трэба папрацаваць і над той вопраткай, якую можна насіць як школьную форму. І хоць я зараз у дэкрэце і пры гэтым яшчэ працягвую вучобу ў Інстытуце сучасных ведаў, не спыняюся, раблю фотасесіі сваіх калекцый, дэманструю, шукаю аднадумцаў, дзялюся сваёй творчасцю.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

dziadziula@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.