Вы тут

Калі, дзе і як можна заключыць шлюбны дагавор


На пытанні адказвае Алена МІРОШНІКАВА, галоўны спецыяліст упраўлення натарыята і загсаў Міністэрства юстыцыі Беларусі.


У хуткім часе плануем зарэгістраваць шлюб. Будучы муж настойвае на заключэнні шлюбнага дагавора. Калі, дзе і як гэта можна зрабіць?

Марына П., г. Бабруйск

— Шлюбны дагавор — гэта па сутнасці пісьмовае пагадненне паміж асобамі, якія ўступаюць у шлюб ці ўжо жанатыя, у якім вызначаюцца правы і абавязкі мужа і жонкі ў шлюбе, а таксама ў выпадку яго скасавання. Так што скласці гэты дакумент можна да шлюбу, пасля яго рэгістрацыі, а таксама на працягу ўсяго знаходжання ў шлюбе.

Згодна з часткай першай артыкула 13-1 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям'і (далей — Кодэкс), шлюбны дагавор заключаецца пісьмова і павінен быць засведчаны натарыяльна.

Дзеянне шлюбнага дагавора пачынаецца з дня рэгістрацыі заключэння шлюбу для асоб, якія ўступаюць у шлюб, або з дня яго натарыяльнага засведчання для тых, хто ўжо жанаты.

Умовы шлюбнага дагавора, якія з'яўляюцца ці могуць стаць падставай узнікнення, пераходу, спынення правоў, абмежаванняў (абцяжарванняў) правоў на нерухомую маёмасць, уступаюць у сілу з дня дзяржаўнай рэгістрацыі шлюбнага дагавора ў арганізацыі па дзяржрэгістрацыі нерухомай маёмасці, правоў на яе і здзелак з ёй.

Асаблівасць названага дакумента ў тым, што яго нельга заключыць праз прадстаўніка, паколькі ён мае выключна асабісты характар.


Чытала, што пры складанні шлюбнага дагавора ў яго змест можна дадаць свае пункты. Што дакладна можна ўключыць у гэты дакумент?

Вераніка Т., г. Слонім

Заканадаўства не абмяжоўвае пералік умоў, якія можна ўключыць у шлюбны дагавор. Разам з тым яны павінны быць выканальнымі, не супярэчыць заканадаўству і не парушаць правы і законныя інтарэсы іншых асоб. Нельга, каб абмяжоўвалася праваздольнасць і дзеяздольнасць мужа ці жонкі, іх правы на зварот у суд па абарону сваіх правоў і законных інтарэсаў або каб адзін з іх трапляў у надта неспрыяльнае становішча.

У шлюбным дагаворы можна вызначыць наступнае:

  • парадак раздзелу маёмасці, якая з'яўляецца агульнай сумеснай уласнасцю мужа і жонкі;
  • што з сумесна нажытай маёмасці будзе перададзена кожнаму з бакоў пасля скасавання шлюбу;
  • умовы адносна змянення ўстаноўленага заканадаўчымі актамі Беларусі рэжыму агульнай сумеснай уласнасці мужа і жонкі шляхам устанаўлення долевай уласнасці або ўласнасці кожнага з бакоў на ўсю маёмасць, якая падлягае аднясенню, згодна з заканадаўчымі актамі краіны, да агульнай сумеснай уласнасці, ці на асобныя віды такой маёмасці;
  • умовы адносна немагчымасці прызнання маёмасці кожнага з бакоў іх агульнай сумеснай уласнасцю, калі падчас шлюбу за кошт агульнай маёмасці мужа і жонкі або асабістай маёмасці другой паловы будуць зроблены ўкладанні, якія значна павялічаць кошт гэтай маёмасці (капітальны рамонт, рэканструкцыя і г. д.);
  • іншыя пытанні ўзаемаадносін паміж мужам і жонкай (парадак нясення кожным з іх сямейных выдаткаў і іншае), бацькамі і дзецьмі, калі гэта не парушае правы і законныя інтарэсы іншых асоб і не супярэчыць заканадаўству Беларусі.

У шлюбным дагаворы можна таксама вызначыць правы і абавязкі мужа і жонкі па ўзаемным утрыманні, у тым ліку пасля скасавання шлюбу, і іншыя пытанні іх узаемаадносін.

Пытанні ўдзелу ў выхаванні сваіх непаўналетніх дзяцей, устанаўлення іх месца пражывання з адным з бацькоў і парадак стасункаў з другім у выпадку асобнага пражывання маці і бацькі, а таксама пасля скасавання шлюбу, выезда дзяцей за мяжу, памер аліментаў і іншыя пытанні ўтрымання і выхавання дзяцей таксама можна прапісаць у шлюбным дагаворы.


Наш шлюбны дагавор прадугледжвае, што ў выпадку скасавання шлюбу я абавязаны матэрыяльна ўтрымліваць былую жонку і штомесяц выплачваць ёй па 20 базавых велічынь на працягу пяці гадоў пачынаючы з наступнага пасля разводу месяца. Я трапіў у складанае жыццёвае становішча і выкананне гэтай умовы для мяне цяпер стала вельмі складаным. Ці можна змяніць дагавор, калі былая жонка згодна на гэта?

Вячаслаў Раманенка, Скідзельскі раён

Так, калі былая жонка згодна, вы можаце змяніць умовы свайго шлюбнага дагавора.

Згодна з артыкулам 13 Кодэкса дзеянне шлюбнага дагавора спыняецца з моманту скасавання шлюбу, калі іншае не прадугледжана гэтым дакументам, Кодэксам ці іншымі актамі заканадаўства Беларусі. Калі ж у шлюбным дагаворы прапісаны правы і абавязкі былых мужа і жонкі пасля скасавання шлюбу, то гэты дакумент дзейнічае да іх выканання.

Шлюбны дагавор па ўзаемнай згодзе могуць змяніць або скасаваць асобы, якія толькі ўступаюць у шлюб, муж і жонка да скасавання шлюбу, а таксама былыя муж і жонка — падчас дзеяння гэтага дакумента ў форме і парадку, якія прадугледжаны для яго заключэння. Аднабакова адмовіцца ад выканання шлюбнага дагавора нельга.

Шаноўныя чытачы, калі ў вас узніклі пытанні юрыдычнага характару, дасылайце іх на наш паштовы або электронны адрас sіdаrоk@zvіаzdа.bу. У «Прававой гасцёўні» разам са спецыялістамі Мінюста мы будзем шукаць на іх адказы.

Ірына СІДАРОК

sіdarok@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.