Вы тут

Прагматычны інтарэс


Як сесія ПА АБСЕ ў Мінску дапаможа развіццю эканамічных сувязяў Беларусі і ЕС.

Літаральна праз два месяцы наша краіна акажацца ў цэнтры ўвагі не толькі рэгіёна, але і свету — у Мінску адбудзецца 26-я сесія Парламенцкай асамблеі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (ПА АБСЕ). Пра тое, чаго чакае ад мерапрыемства наша дзяржава і як ідзе арганізацыйная падрыхтоўка да сесіі, журналістам расказаў Баляслаў ПІРШТУК, намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі.


Фота: БЕЛТА

Палітыка і бізнес

Нядаўна віцэ-спікер ніжняй палаты беларускага парламента прыняў удзел у пасяджэнні Бюро ПА АБСЕ, якое адбылося ў Капенгагене (Каралеўства Данія). Па яго словах, да нашай дзяржавы як да арганізатара пытанняў там няма. Відаць, не сумняваюцца, што ўсё будзе на найлепшым узроўні:

— Нам, па вялікім рахунку, ніякіх пытанняў не задаюць. Мы працуем у рамках той праграмы, якая была зацверджана. Спадарыня Мутонен (старшыня ПА АБСЕ. — «Зв.») падзялілася ўражаннямі ад Беларусі — яна была ў нас у сакавіку. Крысцін Мутонен сказала, што ўпэўнена: беларускія ўлады вельмі зацікаўленыя і вельмі адказна ставяцца да будучага мерапрыемства.

Каментуючы пытанне «Звязды» пра тое, чым Беларусь можа здзівіць замежных гасцей падчас сесіі, Баляслаў Пірштук сказаў:

— Складана сёння многіх парламентарыяў здзівіць нечым. Бо яны вельмі мабільныя, перамяшчаюцца па ўсім свеце: прадстаўніцтва АБСЕ ўключае ў свой склад 57 краін. Паступова яны вось так аб'язджаюць увесь свет. Але да нас падыходзяць розныя дэлегацыі, нешта ўдакладняюць. Многія ведаюць нашы брэнды, нашы моцныя бакі, многія цікавяцца ў тым ліку і тэхналогіямі. Яны знаёмыя з высокім узроўнем нашай ІТ-індустрыі, нашы дасягненні ў медыцыне таксама не сакрэт. Не кажу ўжо пра нашы традыцыйныя галіны рэальнага сектара. Многія, асабліва нашы постсавецкія рэспублікі — у тым ліку прыбалтыйскія краіны, цікавяцца беларускім вопытам у галіне сельскай гаспадаркі, прыходам сюды бізнесу.

Так, расказаў парламентарый, некаторыя чулі пра тое, што ў нас ёсць Кітайска-беларускі індустрыяльны парк, які прадугледжвае для сваіх рэзідэнтаў вялікія прэферэнцыі. Швецыю ж, напрыклад, цікавіць усё, што звязана з дрэваапрацоўкай, лесам.

— Шведскія парламентарыі папрасілі, каб у рамках сесіі была магчымасць прывезці з сабой прадстаўнікоў дзелавых колаў і каб мы паказалі нашы патэнцыяльныя магчымасці, — расказаў віцэ-спікер. — Мы не хаваем, што вельмі зацікаўленыя ў росце інвестыцый у нашай краіне. Сустракаючыся з нашымі калегамі на гэтых пляцоўках, безумоўна, абмяркоўваем у тым ліку нашы прыярытэты, прэферэнцыі, эканамічныя зоны.

Заваяваць перспектыўны рынак

— Парламентарыі велізарную ўвагу ўдзяляюць эканамічнаму супрацоўніцтву, — яшчэ раз падкрэсліў віцэ-спікер Палаты прадстаўнікоў. — Таму з кіраўніцтвам ПА АБСЕ, прадстаўнікамі шэрагу нацыянальных дэлегацый абмеркаваны перспектывы гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва. Нядаўна мы сустракаліся з нашымі эстонскімі калегамі на чале з кіраўніком групы па супрацоўніцтве з беларускім парламентам Валерыем Корбам. Тут таксама была пацверджана ўзаемная зацікаўленасць у наладжванні эканамічных сувязяў. Мы не хаваем, што вельмі зацікаўленыя ў больш цесным супрацоўніцтве з краінамі Еўрапейскага саюза.

Выхад на гэты рынак для Беларусі — важны кірунак. Як вядома, пастаўлена задача — 30% нашага знешняга таваразвароту павінна быць з ЕС. Гэта мэта павінна быць выканана да канца пяцігодкі.

— Мы таксама над гэтай тэмай, паралельна з выканаўчай уладай, працуем, — заявіў Баляслаў Пірштук. — У цэлым жа правядзенне сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ ў Мінску дазволіць нам прэзентаваць магчымасці нашай краіны, у тым ліку як важнай міжнароднай перагаворнай пляцоўкі. Менавіта беларускі бок сфармуляваў тэму сесіі, з якой пагадзіліся нашы калегі: «Умацаванне ўзаемнага даверу і супрацоўніцтва ў імя міру і працвітання ў рэгіёне АБСЕ».

З перакладамі праблем не будзе

Ужо на гэтым тыдні пачынаецца візіт дэлегацыі Міжнароднага сакратарыята ПА АБСЕ ў нашу краіну. Адпаведна, арганізацыйныя пытанні паступова вырашаюцца. Адказваючы на пытанне карэспандэнта «Звязды» пра тое, дзе адбудуцца галоўныя мерапрыемствы сесіі, Баляслаў Пірштук паведаміў:

— Афіцыйнае адкрыццё будзе па праспекце Пераможцаў, 14. Асноўныя мерапрыемствы — пасяджэнні камітэтаў — пройдуць у «Прэзідэнт-атэлі». Пражываць нашы госці будуць у атэлях, якія яны самі падабралі. За харчаванне і пражыванне плацяць самі замежнікі.

— Мы будзем выкарыстоўваць шмат транспарту для перамяшчэння гасцей да месцаў правядзення мерапрыемстваў, — расказаў віцэ-спікер Палаты прадстаўнікоў, — будзем арганізоўваць у тым ліку і культурную праграму: асноўнае мерапрыемства пройдзе ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета. Будуць прапаноўвацца выязныя экскурсіі, музеі, гістарычныя аб'екты...

— Да нас прыедуць госці з самых розных краін. Як будзе вырашацца моўнае пытанне?

— Што да перакладаў, то ёсць міжнародны стандарт: павінна быць шэсць замежных моў, — растлумачыў Баляслаў Пірштук. — Мы ўсе гэтыя стандарты прынялі. Да гэтага часу мы рыхтуем усё неабходнае абсталяванне. Павінна быць надзейная сувязь, трансляцыя, умовы для журналістаў... У нас ёсць вялікая група валанцёраў з веданнем замежных моў, якія будуць працаваць з моманту прыезду дэлегацый, ад сустрэчы ў аэрапортах і да месца размяшчэння, іх суправаджэння. Валанцёры будуць ва ўсіх гасцініцах, дзе размесцяцца замежныя парламентарыі.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як у магiлёўскiх хлопчыкаў i дзяўчынак фармiруюць асновы крэатыўнага мыслення

Як у магiлёўскiх хлопчыкаў i дзяўчынак фармiруюць асновы крэатыўнага мыслення

Школа «Альфа+» iснуе ў Магiлёве ўсяго год, але ў яе ўжо ёсць пастаянныя наведвальнiкi.

Палітыка

«Рэальнае жыццё нi ў якi нават самы дасканалы закон не ўмесцiш». Як дзейнічае Вярхоўны суд?

«Рэальнае жыццё нi ў якi нават самы дасканалы закон не ўмесцiш». Як дзейнічае Вярхоўны суд?

Пра першы год жыцця Вярхоўнага суда ў новым будынку — Валерый Калiнковiч.

Спорт

СААЗ рэкамендуе займацца спортам у хатнiх умовах

СААЗ рэкамендуе займацца спортам у хатнiх умовах

Сядзячы спосаб жыцця i нiзкi ўзровень фiзiчнай актыўнасцi могуць аказаць негатыўны ўплыў на здароўе.