Вы тут

Больш чым 1500


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў прывітанне ўдзельнікам, гасцям і арганізатарам XXI Міжнароднай спецыялізаванай выстаўкі «СМІ ў Беларусі». «Гэта маштабная падзея мае ў нашай краіне вялікі грамадскі рэзананс. Штогадовая дэманстрацыя магчымасцей нацыянальных сродкаў масавай інфармацыі пераканаўча сведчыць пра іх значны патэнцыял», — гаворыцца ў прывітанні. Кіраўнік дзяржавы адзначыў традыцыйны ўдзел у выстаўцы прадстаўнікоў СМІ краін блізкага і далёкага замежжа. «Упэўнены, што правядзенне дыскусій, круглых сталоў, майстар-класаў вядучых журналістаў паслужыць павышэнню прафесійнага майстэрства і далейшаму развіццю дзелавых і творчых кантактаў у сферы сродкаў масавай інфармацыі», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.


У свята друку аглядаем айчынныя выданні ды іншыя медыя

Інфармацыя існавала заўсёды: на мурах сцен, калі яшчэ не думалі пра газеты, пісалі навіны, пасля — на драўляных табліцах, а ўжо потым — на паперы. Людзі не шкадавалі грошай на інфармацыю пра тое, што іх акаляла: плацілі за яе манетай пад назвай «газета», якая абазначыла з’яву. Але свет не стаіць на месцы, інфармацыйная прастора — у пастаянным руху, развіваецца — падлічыць, убачыць, прачытаць усё тое, што адбываецца ў свеце, стала немагчымым, але нікуды не падзелася прага інфармацыі. Доказ гэтаму — выстаўка «СМІ ў Беларусі», якая традыцыйна ладзіцца на пачатку мая і не застаецца без увагі. Чаму? Магчыма, з-за прыхільнасці людзей, для якіх давер да журналістаў і іх працы застаецца нязменным яшчэ з мінулых часоў. Беларускія СМІ цяпер адначасова і сучасныя, і традыцыйныя, але для іх узроўню па-ранейшаму істотныя прафесіяналізм, аб’ектыўнасць і адказнасць. Менавіта таму і дэвіз сёлетняй выстаўкі — «Нам давяраюць», але гэта не значыць, што ў вялікай айчыннай медыясферы няма пытанняў.

Міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Лілія Ананіч адзначыла, што на сёлетняй выстаўцы будуць гаварыць у тым ліку і пра складаныя рэчы і праблемы ў развіцці прафесіяналізму і адказнасці СМІ, каб медыйнае поле нашай дзяржавы магло гэтак жа аб’ектыўна бачыць не толькі сваю краіну, але і яе адносіны з суседзямі.

«Ужо больш як 20 гадоў мы вядзём гэты праект, развіваючы нацыянальную інфармацыйную прастору, — адзначыла Лілія Ананіч. — Вялікі клопат кіраўніцтва дзяржавы аб развіцці медыясферы дае плён: мы маем паўнавартасную нацыянальную інфармацыйную прастору, насычаную больш чым 1500 нацыянальнымі друкаванымі СМІ, больш чым 270 тэлеі радыёпраграмамі. Мы з’яўляемся адкрытай інфармацыйнай прасторай, калі да нас імкнуцца многія інфармацыйныя плыні. Я ўпэўнена, што гэтая выстаўка падорыць новыя творчыя кантакты і новыя творчыя сустрэчы».

Дарэчы, сёлетняя выстаўка «СМІ ў Беларусі» яшчэ больш акрэслівае добразычлівыя адносіны з іншымі краінамі: у форуме бяруць удзел яшчэ і Расія, Украіна, Азербайджан, Індыя, Балгарыя, Літва, Латвія, Германія, Турцыя, Грузія. Ганаровым госцем стала Кітайская Народная Рэспубліка, з якой Беларусь звязаная сяброўскімі адносінамі. Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Беларусі Цуй Цы Мін адзначыў: «Супрацоўніцтва ў сферы СМІ з’яўляецца адным з найважнейшых вектараў паміж Кітаем і Беларуссю».

Выстаўка «СМІ ў Беларусі» становіцца нагодай узгадаць і пра надыходзячыя святы — Дзень друку і Дзень радыё і тэлебачання, якія святкуюцца 5 і 7 мая. Але яшчэ адным важным днём для медыясферы стаў і дзень адкрыцця выстаўкі — Дзень свабоды слова, пра які нагадаў генеральны сакратар сусветнага кангрэса навінавых агенцтваў Максім Мінчаў: «Хочацца пажадаць калегам, каб у такі дзень яны заставаліся вернымі ўнікальнай, любімай, але вельмі хутка зменлівай прафесіі». Змены адбываюцца і ў выніку працы журналіста: месца звыклай папяровай газеты пачынае займаць электронная версія, замест складаных і доўгіх тэкстаў прыходзяць блогі, інфармацыя скарае інтэрнэт. Але, нягледзячы на тое новае, сучаснае, хуткае, што адбываецца з сусветнай інфармацыйнай прасторай, самым каштоўным была і застаецца якасная, карысная і цікавая інфармацыя — менавіта таму і падзея, датычная да СМІ, выклікае рэзананс у грамадскасці. «СМІ ў Беларусі» — гэта не толькі рэтраспектыва, экскурсія ў сусвет прэсы, але і дыялог паміж вытворцам і спажыўцамі інфармацыі, рух медыяпрасторы.

Гэты рух заўважны на выстаўцы СМІ: яна стала яшчэ і выстаўкай дасягненняў тэхнічнага прагрэсу: такой колькасці тэхнікі і робатаў на форумах мінулых гадоў не было. Разам з тым узгадалі і пра традыцыі…

Сэлфі на ўспамін

Традыцыі беларускага масавага друку закладваліся ў тым ліку выданнямі, што аб’яднаныя ў Выдавецкім доме «Звязда». Да яго сёлета асаблівая ўвага. Па-першае: адзіная грамадскапалітычная штодзённая газета на беларускай мове сёлета святкуе 100-гадовы юбілей. Газета ўнікальнага лёсу заўсёды мела свой характар, здолела яго праявіць нават у гады фашысцкай акупацыі: выдавалася ў падполлі. Таму падчас адмысловай прэзентацыі «Звязда» раскрыла сваю гісторыю патэнцыйным чытачам: дарэчы, ці ўсе ведаюць, колькі помнікаў пастаўлена гэтай газеце?.. Але ў Выдавецкім доме «Звязда» некалькі выданняў, якія могуць ганарыцца сваёй гісторыяй: часопіс «Полымя» рыхтуецца да 95-годдзя, і ўжо 85 гадоў у Беларусі выходзіць штотыднёвік «ЛіМ». Наша прэзентацыя сёлета сканцэнтравалася вакол Скарынавай тэмы: своеасаблівы эксперымент па спалучэнні журналісцкай апытанкі з мультыплікацыяй увасобіў мастаканіматар Глеб Куфцерын.

Таксама стагоддзе з пачатку існавання адзначае газета «Гомельская праўда», таму яе супрацоўнікі вырашылі прадэманстраваць, якой журналістыка была ў ваенныя гады, у часы, калі фотаапарат быў амаль стацыянарным з-за сваёй велічыні. Яшчэ больш даўнія часы ўзгадалі ля стэнда Віцебскай вобласці. Тут і першадрукар, і рамка для фотаздымкаў, выкананая з газет, і вялізныя боханы хлеба з назвамі газет. Але самым каштоўным экспанатам можна лічыць торт-слоўнік. Нават калі «слоўнік» з’ядуць, мова ўсё роўна застанецца.

Да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання ўжо падрыхтаваліся і ў Брэсцкім рэгіёне. Тут знаёмяць з беларускай культурай наогул: танцы, песні, касцюмы, мова, а яшчэ можна паглядзець на майстэрства вырабу манет і нават навучыцца вырабляць грошы самому...

А Магілёўская вобласць паказвае кніжную мудрасць праз стагоддзі: старажытныя рукапісы і іх ахоўнік-першадрукар нагадвалі пра багацце беларускай літаратурнай спадчыны і вярталі ў часы, калі журналістыкі ў сучасным уяўленні наогул не было.

У Гродзенскай вобласці сёлета ладзіўся конкурс на лепшую самаробную кнігу — у ім удзельнічалі і маленькія дзеткі. Лепшыя экзэмпляры прадставілі на выстаўцы: тут і вокладкі, сплеценыя з лазы, саломы, лёну, зробленыя з дапамогай вышыўкі і аплікацыі. Пераможцам конкурсу стала кніга, якой сапраўды месца ў музеі «Астравеччыны маладая рунь», — збор твораў вядомых беларускіх літаратараў, «надрукаваны» на ільняных старонках з драўлянай вокладкай. А калі хочацца паспрабаваць сябе ў друкарскай справе — калі ласка, Ваўкавыская друкарня дае такую магчымасць!

Намеснік прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Васіль Жарко, міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Лілія Ананіч каля стэнда ганаровага госця выстаўкі — Кітайскай Народнай Рэспублікі.

Ля стэнда сродкаў масавай інфармацыі Мінскай вобласці людзей здзіўлялі… людзьмі! Маленькія вундэркінды ў касцюмах вучоных паказвалі хімічныя вопыты, дэманстравалі цуды ведання геаграфіі, зацікаўлівалі расповедамі пра космас — адзначылі Год навукі.

Дзіцячыя газеты і часопісы, як заўжды яркія, сталі прыцягальнай пляцоўкай нават для дарослых. Дарослыя ж выданні прываблівалі тэхнічным прагрэсам. Газеты для настаўнікаў выклікалі на дапамогу вялізнага робата, вайсковыя выданні прапаноўвалі пагуляць у «Танкі» ці «пастраляць» з віртуальнага гранатамёта ці радара супрацоўніка ДАІ. Словам, паглыбіцца ў медыясферу не толькі рэальную, але і віртуальную, можна лёгка.

Дарэчы, тым, хто марыць паспрабаваць сябе ў журналістыцы, такі шанец даецца і на выстаўцы «СМІ ў Беларусі»: АНТ прапануе зняцца ў выпуску навін, а радыёстанцыі — пакіраваць пультам радыёвядучага.

Тэхнічны прагрэс на выстаўцы «СМІ ў Беларусі»

Геаграфія выстаўкі, як і саміх сродкаў масавай інфармацыі, выклікае захапленне: розныя дзяржавы, розныя традыцыі і ўвасабленні, розныя менталітэты, але зразумелая кожнаму мова медыя — няважна, спрабуем мы сябе ў ролі першадрукара ў беларускай друкарні ці адціскаем старонку з кітайскімі іерогліфамі, угадваем, чым славіцца Гомельская вобласць, ці лічым, колькі газет у рэгіёнах Расіі. Менавіта ў зносінах, інфармацыі, якую мы чытаем у інтэрнэце ці газеце, чуем па радыё ці на тэлебачанні, і адчуваецца наша агульнае, праглядае падабенства і ўзнікае жаданне пераадолець адлегласці.

Маргарыта ДЗЯХЦЯР

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.