Вы тут

Кнігі сталі бліжэй


Падведзеныя вынікі першага этапу праекта movabox


Дарога да кнігі ў кожнага свая. Нехта кіруецца парадамі сяброў і калег, нехта знаходзіць новыя цікавыя творы праз сацыяльныя сеткі, а нехта — дзякуючы праекту падтрымкі сучаснай беларускай літаратуры movabox, які паўгода таму распачала кампанія velcom. Завяршыўся яго першы этап, але на гэтым праца па папулярызацыі кнігі і чытання не скончылася.

Так, як адзначыў падчас заключнай імпрэзы кіраўнік аддзела брэндменеджменту кампаніі velcom Зміцер Курловіч, за час працы праекта спецыяльны сайт наведала каля 50 тысяч чалавек. Больш за 20 тысяч прайшлі адмыслова распрацаваныя тэсты па кнігах. На кожную скрынку movabox, што змяшчае артэфакты, звязаныя з сюжэтам выданняў-удзельнікаў праекта, прэтэндавала каля 110 чалавек, якія пакінулі свае кантакты для сувязі.

Цягам паўгода чытачы атрымалі магчымасць стацца сведкамі прыгодаў Пранціша Вырвіча, здзейсніць вандроўку па казачным лесе разам з «Дзецьмі Аліндаркі», пабыць хуліганамі, пачытаўшы вершы са зборніка «Дзяцел і дупло» і заглыбіцца ва ўласны космас праз кнігу «Радзіва “Прудок”». Некаторыя шчасліўчыкі мелі шанец займець скрынкі з артэфактамі, а некаторыя — асабіста пазнаёміцца з любімымі аўтарамі. Таксама ў межах праекта — дыскусія пра сучасную беларускую дзіцячую літаратуру, а ў кавярнях сталіцы і сямі іншых гарадоў краіны былі ўстаноўленыя скрынкі для бясплатнага беларускамоўнага буккросінгу з кнігамі сучасных айчынных пісьменнікаў.

Кожны з пісьменнікаў-удзельнікаў праекта атрымаў новы досвед узаемадзеяння з публікай. Нехта адзначыў нечаканасць новага «ўвасаблення, апрадмечавання» твора ў скрынках movabox, хтосьці палічыў праект і яго шырокі грамадскі рэзананс доказам таго, што і ў сучаснай Беларусі праца пісьменніка не марная. Але ўсе пагадзіліся з адным: праект яшчэ раз пацвердзіў, што наша літаратура жыццяздольная, паўнавартасная і цікавая. Варта толькі паказаць чытачу шлях да кнігі, зрабіць больш шырокай і даступнай інфармацыю пра яе.

Дарэчы, на гэтым movabox не развітваецца з чытачамі. Скрынкі для буккросінгу час ад часу будуць папаўняцца новымі выданнямі, а атрымаць параду пра кнігу, якую варта было б прачытаць, можна дзякуючы новаму сервісу movabot, што працуе пры падтрымцы сайта kniharnia.by.

 Марына ВЕСЯЛУХА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?