Вы тут

Тры цуды Мёраў


Што схавана за школьнымі сценамі?


Пра школьныя музеі, вы, пэўна, начутыя. Там — у гонар знакамітага земляка. Тут — народнага побыту… Але калі нехта прапануе вам наведаць музеі мёрскай школы № 3 — не адмаўляйцеся. Нават не раздумвайце. Такога вы яшчэ не бачылі.

Захавальнік мёрскай гісторыі Вітольд Ермалёнак.

Гісторык па імені Вітаўт

Калі заязджаеце ў Мёры з боку Шаркаўшчыны, павярніце ад касцёла направа. Крыху далей па вуліцы Кірава вы ўбачыце школу — звычайны будынак, дрэвыгазоны… Зрэшты, што гэта ў глыбіні двара? Хата?..

Сапраўды, сялянская хата. Гэта — адзін з музеяў, заснаваны не мёрскімі ўладамі, і нават не школай, а аднымадзіным чалавекам. Вітольд Ермалёнак больш як сорак гадоў працуе тут настаўнікам гісторыі. Тут жа працуюць ягоныя жонка й сын. Іх сям’я, пад нязменным кіраўніцтвам Вітольда Антонавіча, заснавала на тэрыторыі школы тры музеі: першы — Народны гістарычны, другі — Музей кнігі і друку, і самы новы — якраз тая самая хата, этнаграфічны музей.

Патрапіць сюды мы змаглі дзякуючы праекту «Літаратурнае падарожжа», распачатаму Дзяржаўным літаратурным музеем гісторыі беларускай літаратуры яшчэ ў 2012 годзе. Праект быў разлічаны на два гады, але аказаўся настолькі ўдалым, што жыццё яго працягваецца. Актыўна падтрымлівае «Літпадарожжа» новы дырэктар музея Зміцер Яцкевіч, і на мапе праекта неўзабаве з’явяцца новыя цікавыя маршруты. Так, ужо заяўленыя вандроўкі ў Чарэю на радзіму Оскара Мілаша і ў Парэцкую школу — на радзіму Яўгеніі Янішчыц.

Гэтым разам удзел у падарожжы ўзялі літаратары Генадзь Пашкоў, Людміла Рублеўская, Іна Фралова, Міхал Бараноўскі. На сёння музей зладзіў больш за 20 мерапрыемстваў у межах праекта (гэта пры тым, што вядзецца вялікая праца з фондамі, якія налічваюць больш як 60 тысяч адзінак захавання). Выязджалі ў мясціны Багушэвіча, Міцкевіча, Быкава, Кляшторнага, нават у Эстонію, дзе жыў Ян Скрыган. Нязменны куратар вандровак — Лідзія Шагойка, загадчык культурна-адукацыйнага аддзела музея гісторыі беларускай літаратуры. Да яе з прапановай наведаць Мёры і звярнуўся Вітольд Ермалёнак (якога мы падчас экскурсій называлі Вітаўтам — і ён быў не супраць).

Мёры і мора

Адна з удалых знаходак — старадаўні турэцкі бубен

Заходзім у Народны гістарычны музей, заснаваны ў 1986 годзе.

— Разганяцца не трэба, гэта не Эрмітаж. Але ў нас ёсць экспанаты, якіх няма і ў Эрмітажы, — кажа спадар Вітольд.

Экспанаты, выстаўленыя тут, знойдзеныя ім самім і «Арганаўтамі мінулага» — удзельнікамі гуртка, які існуе вось ужо сорак гадоў. 90% рэчаў — мясцовыя знаходкі. Многае спадар Вітольд падараваў раённаму музею, таксама — музеям Польшчы, Расіі, Кітая ды іншых краін.

 Тут даведваемся, што на месцы старажытных Мёраў (а ім не менш як пяць тысяч гадоў) было мора: пра тое сведчаць выкапні, прыкладам, каралы, якім 200 млн гадоў. Бачым старажытныя ўпрыгожанні, прылады працы. Цікавая гісторыя звязаная з вітым бранзалетам ХІІ стагоддзя, знойдзеным… у калгасным кар’еры. Тады аказалася, што на месцы планаваных работ знаходзіцца старажытнае пахаванне, прычым, унікальнае — чалавечыя косці былі проста закапаныя (а ў той час целы альбо спальвалі, альбо насыпалі над імі курганы). Неўтаймоўны гісторык тлумачыў старшыні калгаса, які камандаваў работамі, што тут капаць нельга. Гістарычная каштоўнасць! Пахаванне!.. На што старшыня толькі вылаяўся і, каб давесці сваю ўладу, загадаў трактарыстам раскопваць гэты самы кар’ер. Аднак пахаванне ўдалося выратаваць: у ход пайшла традыцыйная для вёскі валюта... Пасля ўжо мясцінай стала апекавацца Акадэмія навук. А вось той самы прадмет, якому пазайздросціць славуты Эрмітаж: арабскі дырхем Х стагоддзя — прычым, фальшывы, мядзяны. У Беларусі такіх больш няма. Як няма і кітайскіх фыняў з «узростам» 2300 гадоў. У маленькім школьным пакойчыку суседнічае неахопная гісторыя: бранебойныя стрэлы, якімі касілі крыжакаў, старажытны турэцкі бубен, грошы розных часоў і краін (ад рымскага дынарыя Веспасіяна, таго самага, што «не пахне», — да 10 більёнаў зімбабійскіх долараў), японская ваза, соуснік з Галандыі, зброя 1812 года… Ёсць пярсцёнак з жабраў шчупака, які пражыў 109 гадоў. І асаблівы гонар музея — люстэрка Эміліі Плятэр.

Пералік можна доўжыць і доўжыць, а калі распавядаць пра кожны такі экспанат… Але больш за кітайскі фынь і люстэрка нашай Жанны Д’Арк дзівіць упартасць, нястомнасць і неверагодная прафесійная інтуіцыя збіральніка цуда-музея.

У полымя па кнігу

Тры эпохі — у адной хаце

Наступны музей прысвечаны кнізе і друку. Працуе ён з 2009 года і прапануе ажно 17 экскурсій. Пачынаем з вытокаў пісьма: тут маюцца сапраўдныя егіпецкі папірус, кітайскі шоўк і гліняныя дошчачкі, пергамент ХVІІІ стагоддзя (на ім — яўрэйскае пісьмо; з гэтага пергаменту пачалі было шыць боты; музей захоўвае тое, што ацалела).

 — А вось гэты экспанат вельмі любяць шведы, — кажа спадар Вітольд не без гонару. Яно не дзіўна: прасліца ХІІ стагоддзя… з шведскімі рунамі. Адзіная ў Беларусі. Гісторык распавёў, як браў удзел ва ўратаванні аднаго з чатырох Барысавых камянёў, што знаходзіліся ў гэтым рэгіёне. З дна ракі камень выкопвалі тры дні, а пасля яшчэ тры месяцы намагаліся выцягнуць на сушу. У музеі застаўся аскепак таго каменя.

Што да кніг, найстаражытныя рукапісныя і старадрукі належаць да ХVІІІ стагоддзя. Насупраць іх — мара бібліяфіла: арыгінальныя «Рунь» Гарэцкага, «Першае чытанне для дзетак беларусаў», прыжыццёвыя кнігі Гаруна, Зоські Верас, Коласа і Купалы… Багата ў музеі старой духоўнай літаратуры, шмат польскіх кніг і перыёдыкі, ёсць выданні па розных галінах навукі на розных мовах, што сведчыць пра высокую адукаванасць мясцовых жыхароў.

Пры ўсім багацці збору ёсць тут дзве кніжачкі, якія асабліва дарагія спадару Вітольду, — іх ён выцягнуў з агню голымі рукамі. Было так: чакаў аўтобус у Друі, і з прыпынку заўважыў вогнішча. Дзядок паліць смецце, звыклая справа. Прыгледзеўся — а там кнігі! Ды якія!.. Вітольд Антонавіч, нядоўга думаючы, кінуўся проста ў агонь. Куртка згарэла па локаць, абгарэлі да крыві рукі. Затое цяпер вядома, што ў Друі ў ХІХ — ХХ стагоддзях жыў аптэкар Аўгуст Адлер, вучоны-самавук. Ён ліставаўся з замежнымі навукоўцамі, пісаў работы па агранаміі і сацыялогіі: выдаў вершаваную паэму пра заганы бальшавізму (і гэта ў той час, калі партыя толькі-толькі прыйшла да ўлады).

Дадатак у назве музея — «…і друку» — тлумачыцца калекцыямі паштовак, марак, календароў, філуменістычным зборам, якія таксама захоўвае Вітольд Ермалёнак. Ёсць, дарэчы, калекцыя марак, падараваная музею Сяргеем Панізнікам.

Хэнд-мэйд па-беларуску

Гэта цяпер хэнд-мэйд — моднае хобі. Даўней толькі ўласнымі рукамі і можна было абшыць сям’ю, накарміць і стварыць неабходныя прылады, якія тое дазволяць зрабіць. Якраз такія рэчы, сапраўдныя, не бутафорскія, сабраў Вітольд Ермалёнак у этнаграфічным музеі «Сялянская хата». Адкрыты ён пару гадоў таму, а вось самой хаце (да слова, выкупленай самім гісторыкам) — 120 гадоў. Ужо на падворку бачым экспанаты: тачыла, якому 200 гадоў, польская малатарня 1731 года… Першы пакой падрабязна паказвае традыцыйны беларускі побыт ХІХ стагоддзя (дый ранейшага): вось «пральная машына» з алешыны, жорны, якія выбіў прадзед гісторыка, калатоўка, посуд, лыжкі страшных памераў, прызначэнне якіх без расповеду экскурсавода застаецца незразумелым, куфар з адзежай — сапраўднай, даматканай і ўласнаручна шытай (і надзіва прыгожай), пад бэлькай — лекавыя травы, па якіх праводзіцца асобная экскурсія (а ўсяго іх тут 17). Проста тут, у хаце, можна змалоць, прасеяць і спячы хлеб, балазе, усе «інструманты» рабочыя, як і печ.

Наступны пакой — польскі «праваслаўны», за ім — «каталіцкі». І пра кожную рэч спадар Вітольд распавядае не тое што з цвёрдым веданнем справы — нават з бацькоўскаю цеплынёй.

На гэтым мёрскі гісторык не спыняецца: неўзабаве адкрые чацвёрты музей, прысвечаны адукацыі Мёршчыны.

***

…Словам, ехаць у Мёры варта не на дзень і не на два. З гэтымі мясцінамі звязаныя лёсы Язэпа Драздовіча, Вацлава Ластоўскага, Генрыха Дмахоўскага, Генадзя Цітовіча, Сяргея Панізніка, Франца Сіўко і іншых культурных дзеячаў, літаратараў. А калі вы раптам маеце прагалы ў веданні гісторыі нашай краіны, за які-небудзь тыдзень тут можна сур’ёзна падцягнуць свае пазнанні. І трэнер у вас будзе ці не адзін з лепшых у Беларусі.

Наста ГРЫШЧУК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?