Вы тут

Цені пунцовых ветразяў


Выдатна справіўся з перакладчыцкай задачай Генадзь Аўласенка. Красавіцкі «Нёман» прэзентуе, а дакладней нават рэпрэзентуе, паэзію Людмілы Рублеўскай у рускамоўным гучанні. Здаецца, справа звыклая: па-руску на старонках «Нёмана» гучалі ці не ўсе паэты беларускамоўныя. Аднак тут ёсць нюанс: пачынала пісаць Людміла Рублеўская якраз паруску. Знаёмства з Віктарам Шніпом у Літаратурным існтытуце Горкага стала пераломным момантам, па словах самой паэткі. І нёманская публікацыя — «І апошняга сна Атлантыды ніхто не адкрые» — можа разглядацца як альтэрнатыўная рэальнасць. Рэальнасць, у якой Людміла Рублеўская засталася рускамоўным паэтам, пры гэтым не адмовіўшыся ад улюбёнай тэмы: гістарычная мінуўшчына і яе сувязі з сучаснасцю. Сувязі гэтыя гучаць мінорнымі струнамі: на фоне гераічных продкаў сучасныя беларусы, прынамсі, большасць, выглядаюць гэткімі «хома балоцікус» (пра што можна пачытаць у аднайменным вершы ў той жа падборцы). Вядома, руская мова надае добра знаёмым вершам Людмілы Рублеўскай асаблівае гучанне: трошку халаднаватае, адстароненае, у такой версіі адчуваецца нейкая знарок падкрэсленая шляхотная поза аўтара. У арыгінале мяккая беларуская мова згладжвае гэты пафас, так што застаецца толькі абвостраны сум замест мажлівай ганарыстасці, выразнае слова — замест зладжанага радка. Зрэшты, быць можа, тут справа і ў звычцы, і некаму перакладныя вершы Рублеўскай прыйдуцца больш да душы, чымся беларускія арыгіналы.

Сумніўным падаецца адно з мастацкіх рашэнняў, абраных Аленай Паповай у рамане-казцы «Ягоша і маленькія, маленькія матылькі...». Так, размова ідзе пра чалавека, ціхага абывацеля, які ўсё ж адчуваў непаўнату свайго жыцця. І вось яму надарылася пазнаёміцца са сваім анёламахоўнікам... Алена Папова прытрымліваецца звыклага для яе псеўданаіўнага стылю, дзе апавяданне падаецца вачыма галоўнага героя, які застаецца вялікім дзіцём. Пачатак рамана-казкі асабліва паказальны: дзяцінства і дарослае жыццё апісваюцца аднымі і тымі ж сродкамі, адным і тым жа простым тонам, што падкрэслівае кранальную інфантыльнасць героя — і прыхаваную інфантыльнасць чалавецтва ў цэлым. Суладны аповед парушае раптам узніклы анёл Міша. Алена Папова абрала для яго яркія, кантрасныя фарбы, так што ўрэшце замест прыгажуна з белымі крыламі чытач бачыць панкаватага хлопца, якому нішто чалавечае не чужое. І вось тут аўтар не дацягнула: каб сапраўды атрымаўся нечаканы, ашаламляльны вобраз, варта было дадаць экспрэсіі ў паводзіны анёла, зрабіць мову яго адметнай, быць можа, алагічнай. Але ў выніку атрымаўся недаанёл-недахуліган. Не верыш апавядальніку. Не верыш у натуральнасць прыроды аднаго з галоўных герояў. Цікавы ў цэлым твор моцна пацярпеў праз гэты недагляд.

На суд чытача прапануем дакументальную аповесць Уладзіміра Арлова «У цені пунцовых ветразяў». Знакаміты рэжысёр, як можна было здагадацца, зноў звяртаецца да свайго кінамінулага. Фармальна ён распавядае пра здымкі фільма, прысвечанага Алкясандру Грыну. Але насамрэч аповед ахоплівае бясконцую-бясконцую тэму — жыццё чалавека, улюбёнага ў сваю справу, у мора, уласна ў жыццё, у рэшце рэшт. Нягледзячы на дакументальную падаснову, чытаецца аповесць лёгка, як фрагмент аднаго вялікага рамана, прчысвечанага Чалавеку. Дасягаецца гэта тонкім адчуваннем асобы, мудрасцю, здабытай праз гады, якія ёсць у аўтара.

***

Выдатна. «Хадзіць па зямлі, прагнуць неба...» — пад гэтай назвай перакладчык Сяргей Сцяпан прапануе нізку вершаў вядомага польскага паэта Юльяна Тувіма. Думаць пра высокае і складанае — лёс большасці творцаў, але ў публікацыі Сяргея Сцяпана, як і ў вершаванай падборцы Васіля Зуёнка, найлепшымі падаюцца вершы пра «зямное» — пра птушак і аленяў, пра траву і крыніцы, а насамрэч пра хараство і веліч прыроды, пра яе бязмежную вабнасць. Некалькі вершаў Васіля Васільевіча, якія паўстаюць абагульненнем важкага жыццёвага досведу, будуць добрай парадай у час, калі бракуе разважлівасці і спакою, а будзённыя справы падаюцца занадта істотнымі.

Сумніўна. З празаічных твораў гэтага нумара вылучаецца аповесць Васіля Макарэвіча — найперш сваімі станоўчымі якасцямі, хаця і без сумніўных момантаў не абыходзіцца. Пяць гісторый пра балоты ды журавіны, успаміны пра спрытную рухавую бабулю — гэта вяртанне ў даўнейшую вёску, адметнае яркімі апісаннямі прыроды, жывой дасціпнай мовай, сустрэчамі з каларытнымі героямі. Аднак першая частка, прысвечаная ваеннаму часу, падаецца зацягнутай — 17 старонак з 40! Вядома, на тэму «Вайна і вёска» беларускія пісьменнікі напісалі нямала, і аўтар, валодаючы матэрыялам, пачуваўся ўпэўнена. Тым не менш дыялогі і некаторыя эпізоды здаюцца надта доўгімі, і нават калі ўспаміны ды гістарычныя звесткі вельмі каштоўныя для пісьменніка, першую частку, верагодна, можна было скараціць да кароткай навелы. Тэма савецкага гаспадарання, якая раскрываецца ў трэцяй частцы, падаецца не менш цікавай — і трэба думаць, што Васіль Макарэвіч мае ў запасе яшчэ багата назіранняў і ўспамінаў.

На суд чытача. У гэтым нумары адкрываецца новая рубрыка «Кніга_Log», задуманая як «музей найноўшай гуманітарыстыкі», дзе будзе аналізавацца фарміраванне найноўшай нацыянальнай гуманітарнай прасторы. Першай публікацыяй рубрыкі стала рэцэнзія Ірыны Шаўляковай-Барзенка на манаграфію Анжэлы Мельнікавай «Нацыянальна-светапоглядныя каардынаты беларускай літаратуры першай трэці ХХ стагоддзя». Даследчыца прадэманстравала, што рэцэнзія на навуковае выданне можа быць захапляльным інтэлектуальным трылерам — і «Кніга_Log» чакае аўтараў, гатовых ісці гэтым шляхам.

***

Выдатна, што красавіцкая «Маладосць» атрымалася змястоўнай і разнастайнай: і проза (К. Мядзведзева, В. Гапееў), і паэзія (Зм. Крэс), і літаратуразнаўства (Ю. Пацюпа)… Нават самы спрэчны і нераўнамерны паводле глыбіні аўтарскіх разважанняў раздзел публіцыстыкі гэтым разам атрымаўся цікавым.

Даўно не навіна, што надзвычай арыгінальныя і гарманічныя ў стылёвым сэнсе творы пішуць непрафесійныя літаратары. Магчыма, таму, што, жывучы ў іншым атачэнні, давяраюць выключна ўласнай творчай інтуіцыі, а не творчым аўтарытэтам. Гаворка пра паэтычную падборку ўрача-ангіяхірурга Зміцера Крэса «Вялесава племя». Вядома, зварот да гістарычнапатрыятычнай тэматыкі — прадказальназаканамерная з’ява для чалавека, повязі якога з беларускай культурай абумоўленыя цікавасцю да свайго радаводу, некаторыя радкі гучаць напаўзабытым надакучлівым рэхам адраджэнцкай паэзіі 1980-х. Аднак па іншых вершах, дзе лірычны герой звяртаецца да сучаснасці, відаць, што «Маладосць» прадстаўляе сваім чытачам моцнага паэта, які даволі ўпэўнена пачуваецца ў розных вершаваных формах.

Удалым стаўся і паэтычны дэбют Кацярыны Нарваткінай. Большасць з прадстаўленых у нізцы «Верасовы звон» вершаў, безумоўна, заслугоўвае ўвагі. Магчыма, паэтэсе варта выйсці за межы лірыкі кахання, бо ўжо цяпер можна заўважыць небяспеку павярхоўнай рамантызацыі.

Сумніўна, што аўтару беларускай фантастычнай прозы варта капіяваць сюжэты галівудскіх фільмаў пра здзяйсненне навуковай місіі на іншых планетах. У фантастычным апавяданні Юліі Кісель з такой беларускай назвай «Знічка» так многа Браўнаў, Эліс, Рояў, Рональдаў, Стэнаў, што гэткае галівудскае дэжавю не пакідае падчас чытання ні на хвілю.

Асобна варта адзначыць публікацыю Алеся Сушы «Статут ВКЛ у кантэксце кніжнай культуры Беларусі», прысвечаную недастатковай вывучаснасці аднаго з самых галоўных дакументаў у нашай гісторыі менавіта з пункту гледжання кнігазнаўчых і кнігавыдавецкіх аспектаў.

На суд чытача прадстаўлена даволі вялікая падборка матэрыялаў «Толкін і Ко», прысвечаная біяграфіі і творчасці знакамітага пісьменніка. Ёсць спадзеў, што тая аўдыторыя, на якую арыентаваліся аўтары, з удзячнасцю адгукнецца на публікацыю.

 Наста Грышчук, Алеся ЛАПІЦКАЯ, Жана КАПУСТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.