Вы тут

Залатыя гады беларускай паэзіі


Пабачыў свет 13 том «Залатой калекцыі беларускай літаратуры», куды ўвайшлі творы Уладзіміра Дубоўкі, Уладзіміра Жылкі, Язэпа Пушчы. Складальнікам і каментатарам тома выступіла выдатная знаўца беларускай паэзіі, адна з найлепшых спецыялістаў па літаратуры першай траціны ХХ стагоддзя, паэтэса і даследчыца Ірына Багдановіч.


Гэты том калекцыі не толькі прадставіў лепшае з творчасці сапраўдных лідараў літаратурнага працэсу дваццатых гадоў мінулага стагоддзя, але і новы навуковы спосаб рэпрэзентацыі творчай спадчыны.

Калі паслядоўна адкрываеш усе тры раздзелы, дзе змешчаныя творы выбітных прадстаўнікоў беларускай літаратуры, то міжволі звяртаеш увагу на даты пад вершамі класікаў — 1921, 1922, 1923 год. Cкладваецца ўражанне, што менавіта гэтыя тры гады сталі сапраўды залатымі для гісторыі беларускай літаратуры. І натуральна ўзнікае пытанне: з чым уласна звязаны трыумф паэтычнага слова менавіта ў гэты перыяд?

Адказаў, відавочна, можа быць некалькі… Але галоўнае, відаць, тут тое, што згаданыя гады былі часам доўгачаканага адпачынку пасля разбуральных гістарычных падзей (сусветнай вайны, сацыяльных рэвалюцый, тэрытарыяльных падзелаў), якія, па сутнасці, абнулілі мастацкую інерцыю папярэдняга перыяду. Нараканні на цяжкую долю селяніна, скаргі на няўдзячны лёс і адчуванне сябе ахвярай абставінаў, усё тое, што вобразна можна было б акрэсліць як «песні жальбы», імкліва сыходзіла ў нябыт як неадпаведнае самому духу эпохі.

Уладзімір Дубоўка.

«Смерць інерцыі» дае творцам унікальную мажлівасць абнавіць мову, а разам з ёю і рытміку, і вобразнае мысленне. Змяняецца не толькі агульны пафас творчасці, у якую, нарэшце, прыходзіць адчуванне радасці, паўнаты жыцця, маладосці, усведамленне маштабнасці перамен. Літаратура ва ўмовах новай сацыяльнай рэальнасці стварае новую канцэпцыю свету і чалавека ў ім, канструюе новыя, адпаведныя патрабаванням часу, узоры мастацкага пісьма.

Так, у вершы, які адкрываў цыкл «На чужыне», Уладзімір Дубоўка палемічна адстойвае сваё права на паветрана-паэтычнае жыццё насуперак абставінам лёсу.

 Ты дэкляруеш мне долю і волю?

 Мне на чужой старане трэ палацы?

Ты мне гаворыш, што злёт груганоў

 знішчыў мой край, смерць гняздо там звіла?..

Бедны ён? Пушчы? Балоты? Каменне?

Стонець народ пад пятой-жыцця-ката? —

 Годзе! Чакаю я толькі той дзень,

сталлю калі акуецца рука!

Вецер! Мой вольны браточак ты вецер!

Крылле мне!.. Крылле сваё ты пазычыш?! —

Я паляту, паляту… Хай жывець

Край сасонак, кляноў і лазы!

Дам тым вадзіцы, што б’юцца за шчасце,

тых пракляну, што нам Юдамі сталі…

Прыйдзе наш час, прыйдзе наш час!

Вецер! Мой любы! —

Чакаюць там нас…

Практычна аналагічнае супрацьстаўленне старога і новага, балотнай плесні і ветру над полем сустракаем у вершы Уладзіміра Жылкі «Я грамнічная свечка перад Богам». Абодва паэты ў гэты час, дарэчы, жылі не ў Беларусі, таму пачуццё радзімы ў іх было абвостранае і праз асабістыя абставіны. Але гэта прынцыпова іншая Бацькаўшчына, чым у іх літаратурных папярэднікаў! Нездарма сваё палымяна-палемічнае эсэ «Крыўя» Жылка пачынае з заўвагі, што тэма Бацькаўшчыны «можа быць вырашана толькі ў плоскасці сэрца і волі», бо Бацькаўшчына — «музыка, гама гукаў, свету, колераў і пахаў (абавязкова пахаў!), адчутая, адбітая і прынятая сэрцам».

Гэтае ўдакладненне, па сутнасці, тлумачыць асноўны паэтычны мэсэдж беларускай паэзіі гэтага часу, і ў прыватнасці гэтых трох паэтаў, якіх пазней абвінавацілі не толькі ў нацыянал-дэмакратызме, але і ў дэкадэншчыне. Без «Крыўі» і іншых крытычных і празаічных твораў, якія ўвайшлі ў гэты том «Залатой калекцыі», было б складана зразумець і творчыя credo трох самабытных літаратараў і, тым больш, адчуць спецыфічную атмасферу, у якой нараджаліся іх вершы.

Уладзімір Жылка

Як сапраўдныя неарамантыкі, Ул. Дубоўка, Ул. Жылка, Я. Пушча бунтуюць супраць мастацкай інерцыі нядаўняга мінулага, вылучаюць для сябе новыя творчыя аўтарытэты і разам з тым адстойваюць сваё права пісаць пра тое, што іх сапраўды хвалюе, у тым ліку пра асабістыя пачуцці. І хоць у беларускай літаратуразнаўчай традыцыі не прынята многа гаварыць пра тагачасныя беларускі сімвалізм, акмеізм, футурызм, імажынізм, росквіт якіх прыйшоўся на гэтае ж яскравае трохгоддзе, зразумела, што гэтыя плыні таксама маюць для беларускай літаратуры вялікае эстэтычнае значэнне, яскравым доказам чаго з’яўляецца выхад менавіта гэтага тома «Залатой калекцыі».

Той факт, што плыні гэтыя ў нас не моцна даследаваліся, звязаны і з асабістым трагічным лёсам паэтаў, і з тым, што ў беларускага чытача не было магчымасці чытаць іх творы ў арыгінальнай аўтарскай рэдакцыі, бо за савецкім часам яны падвергліся бязлітасным праўкам, якія часцяком змянялі не толькі асобныя словы і радкі, але і агульны змест твора. Таму пры складанні 13-га тома «Залатой калекцыі беларускай літаратуры» выкарысталі тэксталагічны падыход, калі за аснову тэксту браліся аўтэнтычныя выданні 1920-х гадоў. Такі падыход стаў неабходным яшчэ і таму, што ў выданнях пазнейшых гадоў, акрамя рэдактарскіх парушэнняў аўтарскай волі, хапала і ўласна пісьменніцкіх самамістыфікацый, калі вершы ранейшага перыяду няшчадна перапрацоўваліся, часцяком з істотнымі зменамі першапачатковай творчай задумы ці, наогул, свядома датаваліся іншым часам. Так, Ул. Дубоўка, да непазнавальнасці перарабляючы вершы часоў маладосці ў 1950 — 1960-х, датаваў іх 1920-мі гадамі, што, несумненна, дадало працы ўкладальніцы тома.

Даследчыцы, відавочна, было важна не толькі адабраць лепшае з лепшага, але і ўзнавіць творчую атмасферу тых сапраўды залатых гадоў. І. Багдановіч выступае ў гэтым выпадку нават не столькі ўкладальнікам і каментатарам, колькі рэканструктарам паэтычнага духу. І тут маюць значэнне не толькі досвед гісторыка літаратуры і архівіста, але і ўласна густ паэта, як, напрыклад, у тым выпадку, калі І. Багдановіч становіцца на бок рэдактараў, а не аўтараў. Напрыклад, у вершы «Бяспынна, глуха процьма часу…» Ул. Жылкі ўкладальніца пакідае выпраўлены рэдактарам А. Луцкевічам радок «Адзначыў свежае дзярно…», не пагаджаючыся з аргументамі паэта, які свядома ўжываў слова «дзярмо» ў значэнні «дзёран», матывуючы гэта тым, што так ён «чуў на Навагрудчыне». Падалося апраўданым захаваць і некаторыя праўкі А. Адамовіча да Жылкавых «Вершаў спадзявання». Наогул, праца з вершамі Ул. Жылкі вымагала асобнай даследчыцкай увагі хаця б таму, што сам паэт сышоў з жыцця вельмі рана і ў адрозненне ад сваіх калег не мог парупіцца пра сваю паэтычную спадчыну. І хоць многае для яе ўзнаўлення зрабілі Ул. Калеснік і М. Скобла, І. Багдановіч, засталося яшчэ вялікае поле дзейнасці. Так, упершыню ў разгляданым выданні «Залатой калекцыі» цалкам друкуецца верш «Праметэй», удакладняюцца даты напісання паасобных вершаў, уносяцца папраўкі ў раней апублікаваныя творы (напрыклад, «Вершы аб Вільні», «Экспрэс», «Віно звініць» і інш.). Усё гэта стала магчымым дзякуючы працы ўкладальніцы з аўтографамі паэта, якія захоўваюцца ў аддзеле рукапісаў Бібліятэкі імя Урублеўскіх Акадэміі навук Літвы ў Вільнюсе.

Язэп Пушча.

Што датычыць твораў Ул. Дубоўкі і Я. Пушчы, то тут даследчыцы давялося праявіць у пэўным сэнсе і навуковую волю, і скарыстаць уласную творчую інтуіцыю, выбіраючы варыянт, які найбольш адпавядаў духу эпохі. Напрыклад, у выпадку з паэмай «Штурмуйце будучыні аванпосты» Ул. Дубоўкі, машынапісны варыянт якой адшукаўся ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва ў асабістым фондзе Л. Бэндэ, за аснову ўзятая пазнейшая аўтарская рэдакцыя, аднак найбольш адметныя фрагменты ранейшых рэдакцый змясціліся ў каментарах.

У выпадку з вершам «Раніца», які адкрывае раздзел твораў Я. Пушчы, наадварот, была выбраная першая рэдакцыя твора, якая дае адчуць, што паэт быў сапраўдным імажыністам. Для параўнання: у пушчынскай кнізе «Вершы і паэмы» (1960) чытаем з пазнакай «1923»:

Бярозка усміхаецца,

Цалуючы прамень.

Умыўшы шчокі раніцы,

На сіні выган

Выганяе

Сонца пасвіць дзень.

Плаксівую смугу

Памялом

Змяло.

І сонца па шляху

Пабегла у сяло.

З сявенькай працы на плячах

Ратай яго спаткаў.

Уцеха сонца у вачах

І ў росах

Кожнага лістка.

Падшывалец-вецер

Лапоча у лістве:

Радзіме сонца свеціць,

І жыць на свеце

З сонцам нам лацвей.

Гэты ж аптымістычна-бравурны тэкст бачым мы і ў іншых друкаваных і электронных выданнях, менавіта ён стаў хрэстаматыйным. Між тым «Раніца» першапачаткова выглядала зусім па-іншаму і прадстаўляла Я. Пушчу як імажыніста, не горшага за любімага ім С. Ясеніна. Адмыслова цалкам працытуем той жа верш і ў першай аўтарскай рэдакцыі, каб прадэманстраваць, як можна з паэтычнага твора цалкам выкінуць нават не слова, а стрыжнявы вобраз:

У сутонні п’яніцай

Хістаецца пад плотам цень

Умыўшыся яркай раніцай,

на сіні выган

выганяе

сонца пасвіць дзень.

Плаксівую смугу

Памялом змяло,

І промень сонца на шляху

Пабег у сутулае сяло.

З сявенькай працы на плячох

Ратай спаткаў яго,

Уцеха хлынула з вачэй

І гойснула ў сінь бягом.

Падшывалец-вецер

Лапоча песняй у лістве:

Разбіўся мутны вечар

Аб сонца ў сіняве!

Можна толькі ўявіць, які боль прыносілі такія праўкі эстэту Я. Пушчу, аўтару грунтоўнага артыкула «Вобраз у беларускай паэзіі», дзе аглядалася гісторыя беларускай паэтычнай вобразнасці ад фальклору да сярэдзіны дваццатых. (Артыкул гэты, між іншым, меў характар дыскусійны, у прыватнасці, аўтар пісаў у ім пра другаснае значэнне вобраза ў творчасці сваіх папярэднікаў Якуба Коласа і Янкі Купалы.)

Такія выпадкі дапамагаюць зразумець, куды ж падзяваліся беларускія імажыністы, сімвалісты, акмеісты, футурысты. Менавіта для ўзнаўлення эстэтычных прыярытэтаў пачатку 1920-х гадоў і патрэбна было новае выданне твораў Ул. Дубоўкі, Ул. Жылкі, Я. Пушчы, і прыменены тэксталагічны падыход, які патрабаваў шмат гадоў. Уласна кажучы, 13-ты том «Залатой калекцыі» ўнікальны тым, што ён адначасова з’яўляецца і мастацкім выданнем, разлічаным на шараговага беларускага чытача, і ў той жа час — паўнавартасным навуковым выданнем, якое ў многім ламае звыклыя стэрэатыпы.

Гэты том стаў нечым большым, чым проста кнігай з серыі. Гэта яшчэ і напамін пра людзей, забытых сучаснікамі, але вельмі важных для інтэлігенцыі 20-х… Такой была, напрыклад, сястра Максіма і Гаўрылы Гарэцкіх Ганна, светлай памяці якой была прысвечаная першая кніга Ул. Дубоўкі «Строма».

Гэта і ўрок таго, як трэба выказваць удзячнасць сваім калегам і папярэднікам, якія працавалі над рукапісамі нашых класікаў раней, сярод якіх асобна хочацца вылучыць Л. Мазанік.

Гэта і ўскосны зварот да тых, хто працуе сёння з мастацкім словам, — карэктараў, рэдактараў, выдаўцоў: «Лягчэй! Вы не богі!» Не пазбаўце ж нас у сваім працоўным ірвенні новых Дубовак, Жылак і Пушчаў, каб не даводзілася некаму пазней узнаўляць старыя электронныя носьбіты ў пошуках сапраўднага, годнага, вечнага.

Ганна КІСЛІЦЫНА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.