Вы тут

Віленскае Евангелле 1575 г.: віртуальнае «інтэрв’ю»


Пра што можа расказаць старадрукаваная кніга XVI стагоддзя? Што помніць яна з пражытых чатырох вякоў? 


Віленскае Евангелле (1575 г.).

Насамрэч шмат чаго: і пра сваіх уладальнікаў, і пра чытачоў, і пра час і месца, у якім давялося пабываць за доўгае жыццё. Толькі раскажа пра гэта не ўсім. Звесткі неабходна расчытаць, расшыфраваць. Даследаваннем інфармацыі, якую захоўвае старадрукаваная кніга, займаюцца супрацоўнікі аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

 Асобнік, які сёння даў згоду на «інтэрв’ю», незвычайны. Евангелле было надрукавана ў Вільні ў 1575 г. у друкарні Мамонічаў славутым беларускім майстрам Пятром Мсціслаўцам. Таму і статус кнігі самы высокі.

Хто быў першым уладальнікам кнігі?

Высветліць гэтую асобу ўдалося толькі нядаўна. На экзэмпляры захаваўся запіс скорапісам канца XVI ст.:

«Сіе еv(ан)г(е)ліе тетр печатное положил игумен Евфіміе в селе А(н)гг(е)лове. А подписал сам игумен Еуфіміе, Б(о)га ради г(о)с(под)не с(вя)щенник ім(я)р(е) к служащіи в с(вя)тем храме семь Успеніа Пр(е)с(вя)тыа Б(огороди) ци, незабвены име и д(у)ша н(а)ша в с(вя)тых своих м(о)л(и)твах».

 Аналіз матэрыялу з розных крыніц, параўнанне почырку дазволілі ўстанавіць, што аўтарам запісу з’яўляецца Елеазар Туркоў (раней 1524 — пасля 1.10.1587), які прыняў пострыг пад імем Яўфімій.

Згаданае ў запісе сяло Ангелава з вёскамі ў 1532 г. было куплена манахамі Іосіфа-Валакаламскага манастыра. Вартасцямі набытага ўладання былі блізкасць да Масквы і размяшчэнне каля вялікай дарогі.

З Іосіфа-Валакаламскім манастыром быў цесна звязаны лёс Яўфімія Туркова. На працягу 12 гадоў ён быў вучнем былога архіепіскапа наўгародскага Феадосія. У 1560-я гг. Яўфімій прызначаны ўстаўшчыком манастыра, сачыў за правільным правядзеннем царкоўных службаў, папаўненнем сінодзіку, у 1571 — 1572 гг. ён стаў таксама выконваць абавязкі манастырскага скарбніка. Сан ігумена Іосіфа-Валакаламскага манастыра 26 ліпеня 1575 г. Яўфімій атрымаў па патрабаванні самога цара Івана Грознага.

У сваім запісе ігумен звяртаецца да наступнага служыцеля царквы з просьбай аб памінанні: «І кто будет поп в той ц(е)ркви служител, и тому попу поминати, ігYмена в животе за здрав(и) е а по смерти за упокои, да родителеи его Іона да иноку Марину».

Дзякуючы запісам Яўфімія захаваліся звесткі пра яго сям’ю. Бацькам Яўфімія быў Іван Туркоў, які памёр 14 лістапада 1524 г. Маці паходзіла з дваранскага роду Ямскіх, у манастве насіла імя Марына.

Ва ўкладным запісе ігумен Яўфімій прасіў таксама памінанаць душу «служащаг(о) в с(вя)тем храме сем с(вя)щенноінока Мисаила понеж(е) он велію веру имел к Пр(е)ч(и)стей Б(огоро)д(и)ци». У публікацыі, прысвечанай інакам Іосіфа-Валакаламскага манастыра, згадваецца Місаіл (свяшчэннаінак у 1571 г.). Ён не быў колькі-небудзь вядомай асобай, не належаў да землеўладальнікаў, таму меў у манастыры сціплы статус.

Заканчваецца запіс урачыстым словам, звернутым да свайго пераемніка, служыцеля царквы: «А Еv(ан)г(е)ліе сіе прочитаи с страхом і с трепетом и с великим б(е)реженіем як пред самым Х(ри)с(т)омъ і Б(о)гом предстоиш». Для глыбока веруючага чалавека таго часу Евангелле ўяўляла сакральны прадмет, вышэйшую духоўную сутнасць.

Яўфімій Туркоў быў адным з таленавітых пісьменнікаў свайго часу. Ён збіраў творы настаўнікаў і вядомых сучаснікаў, перапрацоўваў іх, рэдагаваў, пісаў прадмовы.

Што здарылася з асобнікам пасля смерці Яўфімія Туркова?

 Асобнік Евангелля з укладным запісам ігумена, відавочна, некаторы час пасля смерці ўкладчыка знаходзіўся ў багатым кнігазборы Іосіфа-Валакаламскага манастыра, які ў канцы XVI ст. быў у Рускім царстве трэцім па велічыні пасля Троіца-Сергіева і Кірыла-Белазёрскага манастыроў. Вядома, што да XVIII ст. кнігазбор манастыра значна скараціўся і складаўся ўсяго з некалькіх дзясяткаў кніг, у асноўным друкаваных. Бурныя падзеі XVII ст., відавочна, не дазволілі затрымацца ў манастыры і нашаму асобніку.

Манахі маглі пазбавіцца ад выдання з папсаванай рэпутацыяй пасля падзей 1627 г., калі патрыярх Філарэт падвергнуў цэнзуры богаслужбовыя выданні і загадаў выключыць з ужывання кнігі «літоўскага» друку. Не магла не адбіцца на лёсе асобніка царкоўная рэформа патрыярха Нікана, 1650 — 1660-х гг., накіраваная на ўніфікацыю праваслаўнага богаслужэння, выпраўлення богослужбовых кніг. Цэрквам і веруючым было забаронена карыстацца ў богаслужэнні старадрукаванымі кнігамі як з «новопечатными несогласными». С гэтага часу кнігі, выдадзеныя да 1652 г., канфіскоўваліся, выключаліся з ужытку і замяняліся «новоисправленными».

Старадрукаваныя «даніканаўскія» кнігі ў цэркваў і манастыроў пачалі выкупаць і выменьваць стараабрадцы. Дарэформенныя кнігі былі асновай захавання іх веры.

Новы віток у лёсе асобніка быў звязаны з указам цара Мікалая II ад 17 красавіка 1905 г. «Об укреплении начал веротерпимости». Гэтым дакументам дэклараваліся роўныя правы прадстаўнікам усіх раней прыгнечаных канфесій, у тым ліку стараабрадцам, якім дазвалялася будаваць храмы і займацца грамадскай дзейнасцю. Стаабрадцы цяпер ужо адкрыта збіралі і захоўвалі асобнікі «даніканаўскага» друку, вялі гандаль царкоўнымі рэчамі і кнігамі. Дзякуючы стараабрадцам дайшла да нас большасць старадрукаваных выданняў, якія захоўваюцца цяпер у дзяржаўных зборах, такі лёс напаткаў і наш асобнік.

Хто быў апошнім уладальнікам кнігі?

У XX ст. на кнізе з’явіўся штамп: «Собственное собрание старопечатных и рукописных книг Стефана Федоровича Севастьянова». Такім чынам, уладальнікам асобніка стаў стараабрадзец Сцяфан Севасцьянаў (1872 — 1944), а потым і яго сын Міхаіл (1928 — 2006).

Сцяфан Севасцьянаў быў родам са стараабрадніцкага хутара Падсцепнага, станіцы Есаулаўскай, вобласці войска Данскога (цяпер тэрыторыя гэтага паселішча залітая водамі Цымлянскага вадасховішча). Да рэвалюцыі служыў у казачым палку аховы Мікалая II трубачом, пасля пасяліўся ў Растове-на-Доне і пачаў служыць устаўшчыком Увядзенскай стараабрадніцкай абшчыны. У гады НЭПа займаўся камерцыяй, быў адным з асноўных папячыцеляў згаданай абшчыны.

 Міхаіл Севасцьянаў таксама быў вернікам Увядзенскага стараабрадніцкага храма ў Растове-на-Доне. У 1946 г. ён келейнік у Вінніцкай стараабрадніцкай абшчыне, у 1953 — 1960 гг. служыць у Кіславодскай стараабрадніцкай абшчыне. У свой час Міхаіл Севасцьянаў скончыў Кабардзіна-Балкарскі дзяржаўны ўніверсітэт. На працягу жыцця неаднаразова абвінавачваўся ў антысавецкай дзейнасці, быў пад арыштам. З 1984 г. служыў устаўшчыком у Растоўскай стараабрадніцкай абшчыне.

 Паведамлялася аб канфіскацыі кніг з калекцыі Сцяфана ў 1933 г. і Міхаіла ў 1969/1971 г. Аднак канфіскаваныя былі, відавочна, не ўсе кнігі. Дзякуючы прадпрымальніцкай дзейнасці Міхаіла па набыцці кніг у асяроддзі стараабрадцаў і іх наступным продажы (пра што ёсць і негатыўныя водгукі) гэтыя кнігі атрымалі шырокае распаўсюджванне. У цяперашні час яны захоўваюцца ў фондах некалькіх бібліятэк, а таксама ў сына Міхаіла Івана (Іаана) Севасцьянава.

Як кніга трапіла ў ЦНБ НАН Беларусі?

ЦНБ НАН Беларусі набыла ў Міхаіла Севасцьянава экзэмпляр Евангелля 1575 г. у 1973 г. У аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў бібліятэкі захоўваецца перапіска 1973, 1991 гг. былой загадчыцы аддзела Лідзіі Збралевіч (1930 — 2012) і Міхаіла Севасцьянава ў сувязі з купляй кніг з калекцыі Севасцьянавых.

Міхаіл Севасцьянаў пераслаў Лідзіі Збралевіч аддрукаваную на машынцы кароткую даведку пра свайго бацьку «Стефан Фёдорович Севастьянов и его коллекция старопечатных и рукописных книг», у якой паведамляў, што значную частку калекцыі Сцяфан атрымаў ад свайго дзядзькі, але асноўная частка была сабрана самім Сцяфанам Севасцьянавым галоўным чынам у перадрэвалюцыйныя гады, падчас Першай сусветнай, грамадзянскай войнаў і ў першыя гады савецкай улады. У мірны час (20 — 30-я гады) Сцяфан збіраў кніжныя рэдкасці і ў сваіх адзінаверцаў.

 З даведкі вынікае, што Сцяфан быў захопленым калекцыянерам, шмат падарожнічаў па мясцінах, дзе пражывалі стараабрадцы. Перад смерцю Сцяфана яго калекцыя старадрукаваных і рукапісных кніг дасягала 700 тамоў.

Што набыў і што страціў асобнік?

Першапачатковы пераплёт асобніка Евангелля напрастольнага 1575 г. не захаваўся, цяпер асобнік «апрануты» ў сціплую кардонную аправу, зробленую ў акадэмічнай бібліятэцы ў 1970-х гг. Залаты абрэз кніжнага блока з чаканам дазваляе меркаваць, што асобнік калісьці меў традыцыйны для Евангелля напрастольнага багата ўпрыгожаны аклад.

На асобніку захаваліся шматлікія кроплі свячнога воску, найбольш іх на аркушах з малітвай «Отче наш» і наступнай прыпавесцю пра надакучлівага сябра, верагодна, кнігу часта адкрывалі і чыталі на гэтым месцы.

Вось тое, што мог бы паведаміць у віртуальным «інтэрв’ю» адзін з самых прыгожых старадрукаў XVI ст. з калекцыі аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі.

Алена ЦІТАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.