Вы тут

У чаканні прыўкраснага. Частка 2


Даўняя традыцыя беларусаў — збірацца талакой на добрую справу — сёння працягваецца ў віртуальнай прасторы, займеўшы форму краўдфандынгу. Зрэшты, справа пры гэтым робіцца самая што ні на ёсць рэальная: выдаюцца патрэбныя і цікавыя кнігі. Пра іх і распавядзем.


Бясспрэчны геній

Так называюць Уладзіміра Дубоўку куратары праекта, скіраванага на выданне збору твораў паэта. Сродкі на двухтомнік Дубоўкі — найбольш поўны на сёння — ужо сабраныя. Цяпер справа за рэдактарамі ды выдаўцамі.

Чым кіраваліся ўкладальнікі-стваральнікі збору твораў Дубоўкі? «Пакуль што ва ўсім свеце няма ніводнага чалавека, які бачыў бы ўсе вартыя друку творы Уладзіміра Дубоўкі надрукаванымі. Не бачыў іх і ён сам, — пішуць яны. — У дваццатых, калі надзвычай таленавіты, імклівы, бясспрэчны лідар літаратурнага працэсу Дубоўка адзін за адным выдаваў зборнікі вершаў, шмат з іх пакідалася для дапрацоўкі, а пасля — друкаваць ужо не было як, бо імя і кнігі Уладзіміра Дубоўкі на трыццаць год былі забароненыя». Праз трыццаць гадоў выпрабаванняў Уладзімір Дубоўка вярнуўся да актыўнай літаратурнай працы. Выключны выпадак: пасля чатырох прыгавораў (усе — па палітычных працэсах), высылкі, лагера ён не толькі выстаяў, але й захаваў добры, не без гумару, погляд на свет (і ў літаральным значэнні гэтаксама), а яшчэ захаваў сваё слова. «Так, яго друкавалі з цяжкасцямі і агаворкамі. Так, яго вымушалі рэдагаваць і перапісваць старыя вершы на новы лад. Але ён вяртаўся тады — і працягвае вяртацца па сёння. Тыя вершы, якія не маглі пабачыць друку сорак год таму, нарэшце стала можна апрылюдніваць».

Збор твораў Уладзіміра Дубоўкі — амаль 900 старонак — чакаў свайго часу тры гады. Выдасць яго «Лімарыус», вядомы па анталогіях «Краса і сіла» і «Галасы з-за небакраю», серыі «Беларуская мемуарная бібліятэка» і біяграфічным альманаху «Асоба і час». Збор твораў Дубоўкі пабачыць свет у серыі «Галасы Айчыны».

Псіхалогія стасункаў

 Гэта й так рэч няпростая, а калі размова заходзіць пра стасункі між дарослымі і дзецьмі, ступень складанасці падвойваецца, бо тут разыходзяцца не толькі светапогляды дзвюх розных асоб, але й светапогляды розных пакаленняў, розных прыярытэтаў — спіс насамрэч бясконцы.

Нямецкі пісьменнік і эсэіст Эрых Кэстнер у сваім ХХ стагоддзі спрабаваў разабрацца ў гэтых стасунках. Ён напісаў дзіцячы раман «Падвоеная Лота» («DasdoppelteLottchen»), дзе паказвае, што часам дзеці бываюць мудрэйшыя за дарослых, іх галовы не затлумленыя лічбамі і сухімі фактамі, і яны, маленькія насельнікі Зямлі, лепш разумеюць сутнасць самога жыцця. Дарэчы, дзякуючы гэтаму раману і кнізе «Эміль і дэтэктывы» Кэстнер і набыў вядомасць.

Перакласці раман «Падвойная Лота» на беларускую мову ўзяўся Юрый Галамака, выпускнік лінгвістычнага ўніверсітэта. Кніга пры належнай падтрымцы выйдзе ў фармаце электроннай. Сам перакладчык распавёў: «Колькі год таму я вырашыў, што жадаю перакласці нешта з нямецкай на беларускую. Пачаў гэтым займацца, вынік не спадабаўся, і пераклад паловы кнігі знік. Праз пару гадоў, аднак, калі я ўжо быў у болей сталым узросце, вырашыў паспрабаваць яшчэ раз. І атрымалася. Спадзяюся, што атрымаецца і выданне».

 Трэцяя дзяржаўная

Ці можа трасянка быць літаратурнай мовай? У сэнсе — мовай мастацкай літаратуры. Снобы расцягнуць транспаранты з гучным і катэгарычным «Не!», а мы, людзі простыя, лёгка прызнаем, што так. Сірожка Пістончык (Сяргей Прылуцкі), Анка Упала (Алена Казлова), паасобныя тэксты Дзяніса Хвастоўскага, творчасць таямнічай Дуні Марцінкевіч, дый «Родныя дзеці» Ніла Гілевіча, якія не-літаратурай ніяк не прызнаеш, — усё гэта сведчыць на карысць нашага дэкламаванага «так».

А вось яшчэ адзін святар гумарыстычна-філалагічнага культу: Ярыла Пшанічны (сапраўднае імя Уладзімір Банько). Ён паспеў выдаць адну кнігу вершаў — «Пішчавыя лішкі», у 2011 годзе. А праз чатыры гады паэта не стала. Цяпер сябры аўтара ды аматары яго творчасці ўзяліся за выданне другой кнігі, якая мае назвацца «Атамная лучына». Кнігу абвясцілі вясёлай, вострасацыяльнай і багата ілюстраванай.

Ярыла Пшанічны стаў вядомы ў літаратурных колах дзякуючы сваёй адданасці трасянцы. Аднак не толькі ў тым «фішка», як кажуць: насамрэч, трасянка — цудоўны гумарыстычны інструмент, які дазваляе сказаць вельмі многа, не называючы рэчаў наўпрост. Гэта падвойнае задавальненне для чытача: пасмяяцца і разгадаць прыхаваны сэнс тэксту.

Зборнік «Атамная лучына» будзе многа аб’ёмнейшы за першую кнігу, аздоблены графічнымі работамі Пшанічнага і фотаздымкамі. Назву кнізе дала аднайменная паэма, над якой Ярыла Пшанічны працаваў на працягу 2010 — 2011 гг. Гэта сатырычны водгук паэта на экалагічныя праблемы сучаснасці, стылізаваная пад фальклор і фантастыку. Разглядаючы адзіную прыжыццёвую кнігу Ярылы Пшанічнага, крытыкі зазначалі: «Так, блазенства і сур’ёзнасць, бяздумная радасць і горкі смутак — у жыцці зусім побач стаяць, і маюць уласцівасць вокамгненна трансфармавацца адно ў адно» (Міхась Южык, «Тэксты», 2012, № 2). Акрамя паэмы кніга змяшчае вершы Ярылы Пшанічнага, якія пісаліся з 2000 па 2015 год і ў папярэдні зборнік не ўвайшлі. Яны таксама працягваюць сатырычна-іранічны кірунак, зададзены ў першай кнізе. Паэт парадзіруе заштампаванасць прыёмаў мастацкай вобразнасці, звяртаецца да трэш-эстэтыкі: «Сонца градусам калоціць / Кулаком па галаве». Уклаў кнігу паэт і літаратуразнавец Віктар Жыбуль, а выдаць яе збіраюцца «Галіяфы». Меркаваны аб’ём «Атамнай лучыны» — 360 старонак, наклад — 300 асобнікаў.

Туга і хіндзі

Алеся Макоўская — выпускніца Інстытута Хіндзі (Агра, Індыя). Яна займаецца перакладамі з хіндзі на рускую мову, удзельнічае ў грамадзе беларуска-індыйскай сябрыны, арганізатар і кіраўнік анлайн-студыі мовы хіндзі «Аланкар».

Спадарыня Алеся прапаноўвае чытачу падтрымаць яе праект, прысвечаны паэзіі сучаснага індыйскага аўтара Нарэша Кумара Удаса. Зборнік перакладаў мае назву «Вершы тужлівых дзён». Пры гэтым перакладчыца тлумачыць: «Зусім не значыць, што ў вершах толькі туга. Разам з тугою ў іх заключаная і плынь думак. Туга адзіноты гэта ці нейкая іншая нагода для суму, якое б там ні было гора ці пакута. Калі чалавеку даводзіцца несці цяжар адзіноты, яго спачуванне і суперажыванне робяцца больш насычанымі. І тады ён напоўніцу ўсведамляе хуткаплыннасць і мітуслівасць свету. Ён задумваецца, што ж такое жыццё?..» Гэтаксама аўтарка праекта адзначае, што паэтычны талент і ўменне суперажываць у Нарэша Кумара Удаса спалучаюцца арганічна, не шкодзячы адно адному: паэзія не забівае вольнасць думкі і пачуцця, а пачуцці не робяць верш сентыментальным. Пры паспяховым завяршэнні збору сродкаў чытача чакае знаёмства з сучаснай індыйскай паэзіяй, памножанае на 200, — такі планаваны наклад кнігі.

Наста ГРЫШЧУК

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.