Вы тут

Таемныя знакі Пушчы, або Падзел Рэчы Паспалітай у коміксах


Такі цікавы фармат аповеду пра гісторыю двух народаў абраў польскі аўтар Томаш Самойлік. Яго, да слова, можна знайсці ў коміксе: праз 137 гадоў па завяршэнні асноўнай гісторыі дзеці блукаюць па Белавежы з апантаным сваёй справай гідам-натуралістам... Ці не сам гэта пан Томаш?


Навуковец, супрацоўнік Інстытута даследавання сысуноў Польскай акадэміі навук у Белавежы, Томаш Самойлік прафесійна займаецца даследаваннем натуральнай гісторыі Белавежскай пушчы. Як многія натуралісты, якім хочацца падзяліцца сваёй любоўю да жывога (згадаем хоць бы непаўторнага Джэральда Дарэла), ён піша кнігі для дарослых і дзяцей, і асобны від творчасці ў гэтым рэчышчы — коміксы. Казка «Бортнік Ігнат і скарб пушчы», якую на беларускую мову пераклала Вольга Гуд, — адзіны беларускамоўны комікс-казка на сёння. Выданне з’явілася дзякуючы «Галіяфам» у 2015-м, аднак за два гады новых кніг у такім жанры так і не з’явілася. Так, комікс як літаратурны жанр (калі сур’ёзныя даследчыкі дазволяць так сказаць) у беларускай кніжнай прасторы існуе. Згадаем, прыкладам, «Дзікае паляванне караля Стаха»: адзін з найвядомейшых твораў Уладзіміра Караткевіча стаўся літаратурнай асновай для графічнага аповеду (зрэшты, гэта й не зусім комікс у класічным разуменні). Можна таксама згадаць такую экзатычную з’яву, як аповеды Васіля Быкава, укладзеныя ў жорсткія межы графічна-літаратурнага твора. Такія «прадукты» неабходныя для разнастайнасці кніжнага рынку, для папулярызацыі класікі сярод школьнікаў ці нават ленаватых студэнтаў, але функцыю строга літаратурную яны наўрад ці могуць адолець. Тут на першы план выходзяць работы мастакоў. «Бортнік Ігнат і скарб пушчы» ў гэтым кантэксце — напраўду ўнікальная кніга. Тут тэкст і малюнак раўнапраўныя, бо ўзнікалі паралельна. Гэта арыгінальная казка, а не адаптаваны да жанру комікса мастацкі тэкст.

Сюжэт казкі закручаны вакол гісторыі пра падзел (мяркуючы па ўсім, першы) Рэчы Паспалітай. Так, сярод герояў комікса — Кацярына ІІ, сквапны генерал, яго паплечнікі, сяляне, якім новая ўлада не да густу, але смеласці на змаганне не хапае... Ёсць і «сівая легенда» — паданне пра Белага Бортніка, што ўвасабляе сабой клопат пра прыроду і самую справядлівасць, непазбежнае пакаранне за зладзейства. Словам, сюжэт архетыповы — абарона сакральнага месца; а вось арыгінальным робіць яго нацыянальны каларыт і ў пэўным сэнсе — экалагічная праблематыка. Што цікава, Томаш Самойлік пераводзіць канфлікт на вышэйшы ўзровень, дзе гутарка ідзе пра Дабро і Зло, а не пра падзел нейкіх пэўных палітычных ды геаграфічных межаў і ўплываў. Да слова, дзеянне ў коміксе разгортваецца не адно ў Беларусі ды Польшчы, але й на тэрыторыі сучасных Літвы і Украіны. Было б цікава параўнаць пераклады казкі на мовы літоўскую, украінскую ды нашую: якія акцэнты расставяць перакладчыкі?.. Як загаворыць украінская і літоўская Кацярына ІІ? Такія лінгвістычныя нюансы могуць многае распавесці пра погляд пэўнага пацярпелага ад падзелаў народа на гэты самы падзел.

Анатацыя пазначае, што выданне будзе цікавае не толькі дзецям. І гэта праўда: рэплікі персанажаў, іх міміка, вымалёўка характараў проста-такі палымнеюць дасціпным гумарам. Падаецца, дарослым комікс прынясе нават большае задавальненне, чым дзецям: для іх гратэскная прамалёўка антыгероя — справа звыклая; усякая эмоцыя ў комісе заўжды ўзмоцненая, што абумоўлена самім жанрам. А вось дарослы чытач (пры ўмове, што ён дасведчаны ў гісторыі краю) ад душы пасмяецца са спробаў царыцы выглядаць маладзейшай ды падхалімажу быццам бы смелага генерала, усміхнецца рамантычнаўзнёсламу, аж да камізму, паэту. Безумоўна выйгрышны вобраз малой Люцыі, якую выхоўваюць у духу Русо, гэта значыць на вольніцы, з лазаннем па дрэвах і басаногімі шпацырамі. Такое вольнае, смелае дзяўчо — сімвал нонканфармізму, які ў дзецях пажадана выхоўваць дзеля іхняй жа будучыні. У нечым Люцыя падобная да Піпі Доўгайпанчохі (прынамсі, я ўпэўненая, што яны між сабой цудоўна б паладзілі).

Падкрэслім, што комікс пра бортніка Ігната не толькі забаўляльны, але й асветніцкі, прычым патрэбныя дзеля ведання сваёй гісторыі звесткі ён не пхае ў дзіцячую памяць наўпрост: праз гумар, дыялог інфармацыя засвойваецца натуральным чынам. Сапраўды, калі дзеці ведаюць біяграфію Супермена, але не ведаюць гісторыю Каліноўскага, што замінае нам зрабіць з Кастуся супергероя? Тым больш што такі ён і ёсць. Проста сухі стыль падручніка забівае рамантызм вобраза — а дарма, бо якраз асобам жывым, неідэальным, супярэчлівым і цікавая гісторыя.

Наста ГРЫШЧУК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».