Вы тут

Лепшыя выстаўкі мая: куды варта схадзіць?


Плошча Якуба Коласа

Што: Выставачны праект «Мастак і горад» сёлета мае назву «Залатая калекцыя беларускага жывапісу і графікі» і прадстаўляе работы трыццаці пяці беларускіх аўтараў.

 Дзеля чаго: Праект настолькі палюбіўся жыхарам горада, што дождж і холад не напалохалі аматараў мастацтва, якія прыйшлі на адкрыццё. Выстаўка будзе працаваць на плошчы Якуба Коласа да канца лета. За гэты час гледачы змогуць пазнаёміцца з творамі знакамітых прадстаўнікоў беларускага мастацтва, такіх як Гаўрыла Вашчанка, Леанід Хобатаў, Зоя Луцэвіч, Уладзімір Савіч, Руслан Вашкевіч, Ягор Батальёнак, Анатоль Бараноўскі ды іншых.

Мастацкія творы, якія дэманструюцца ў рамках праекта, належаць беларускім аўтарам розных пакаленняў і творчых поглядаў. Менавіта таму выстаўка на вольным паветры сёлета больш шырока прадстаўляе жыхарам сталіцы і яе гасцям свет айчыннага мастацтва.

Чаму ісці: Праект «Мастак і горад» стаў запатрабаваным. На гэта ўплывае сам фармат экспазіцыі. Бо не трэба спецыяльна ехаць у музей альбо галерэю. Тут, у самым сэрцы горада, на працягу некалькіх месяцаў тысячы людзей могуць атрымліваць асалоду ад лепшых узораў беларускага выяўленчага мастацтва. Выстаўка атрымалася разнастайнай і глыбокай. Дарэчы, для бацькоў гэта вялікая інфарматыўная пляцоўка, дзе яны могуць далучыць дзяцей да свету творчасці.


Мастацкая галерэя імя Міхаіла Савіцкага

Што: Выстаўка «Космас Івана Міско» прысвечана 85-годдзю народнага мастака Беларусі. Касманаўтыка — адна з галоўных тэм у творчасці скульптара, таму для арганізатараў не было цяжкасцю вызначыць тэматыку і сэнс мастацкага праекта.

Дзеля чаго: Сярод герояў работ Івана Міско — ледзь не ўсе касманаўты былога Савецкага Саюза. Пазіравалі мастаку і многія ўдзельнікі інтэрнацыянальных касмічных экіпажаў з Польшчы, Кубы, Румыніі, Манголіі, Францыі, Германіі, Балгарыі, Сірыі, Вялікабрытаніі, В’етнама, Аўстрыі… Практычна з кожным з іх скульптар знаёмы асабіста. Іван Міско адзначае, што прадстаўленая выстаўка падштурхнула яго да новых ідэй, якія аўтар паспрабуе рэалізаваць да Міжнароднага кангрэса па касманаўтыцы, які пройдзе ў Мінску ў верасні.

Чаму ісці: Выстаўка адметная гістарычным складнікам: скульптар прысвяціў сваю творчасць тэме космасу і не расчараваўся. Глядач зможа адчуць моцную энергію адначасова творчасці і космасу. Акрамя скульптурных партрэтаў госці выстаўкі могуць убачыць фотаздымкі, зробленыя на борце МКС, а таксама літаграфіі савецкага касманаўта Аляксея Лявонава і мастакафантаста Андрэя Сакалова.


Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Што: Юбілейны выставачны праект «Пра зямлю і неба» вядомага беларускага мастака Анатоля Кузняцова — вынік саракагадовай дзейнасці аўтара, жыццё і творчасць якога непарыўныя.

Дзеля чаго: Творчасць аўтара падзяляецца на перыяды, якія вызначаліся змяненнем абстаноўкі як у прафесійнай сферы, так і ў жыццёвых абставінах. Мастак пераносіць на палотны перажыванні, адлюстраваныя з дапамогай розных колераў, іх спалучэнняў. Кожная выставачная зала адлюстроўвае асобны перыяд творчасці, таксама пазначаны колерам. Ёсць зала рыжая, ёсць — зялёная, а ёсць і чырвоная.

Чаму ісці: Тэма зямлі і неба ў Анатоля Кузняцова звязана адной філасофскай думкай: чалавек на зямлі жыве з Богам. У прадстаўленай экспазіцыі гледачу зручна разважаць над штодзённымі працэсамі жыцця, адчуваць паэтыку мастацтва. Аўтар запрашае нас паглыбіцца ў свет гармоніі і спакою, дзе кожны адчуе прыемныя ноткі цяпла.


Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы

Што: Выстаўка «Цэлы край — родны мне й дарагі…» — канцэптуальны праект, які складаецца з мастацкіх твораў Барыса Аракчэева і яго дачкі — Аксаны Аракчэевай.

Дзеля чаго: Як кажа старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца, Аксана Аракчэева — рэдкі прыклад таго, як дачка трапятліва і шчыра беражэ любы ўспамін пра любімага бацьку. Кожны год да дня нараджэння мастака яна арганізоўвае новыя выставачныя праекты. Іх унікальнасць у тым, што экспазіцыя складаецца з невядомых гледачу раней мастацкіх твораў. Гэтым разам Аксана адабрала малюнкі і акварэлі майстра, зробленыя на пленэрах з 1960 па 2004 год. Тут жа прадстаўленая і яе ўласная серыя пейзажных замалёвак, якія нарадзіліся падчас паездак па Беларусі, — у Мядзеле, Свіры, на возеры Нарач.

Чаму ісці: Нягледзячы на тое, што Барыс Уладзіміравіч і Аксана Аракчэевы — прадстаўнікі адной дынастыі, іх стыль у мастацтве абсалютна розны. Як адзначае мастачка, ад бацькі яна пераняла галоўнае — адданасць мастацтву. А свой стыль, індывідуальны почырк набыла падчас асабістых пошукаў у творчасці. Таму, патрапіўшы на выстаўку, цікава не толькі пазнаёміцца з творчасцю мастакоў, але і прааналізаваць падабенства і адрозненне аўтараў.


Мастацкая галерэя "Універсітэт Культуры"

Што: Выстаўка з нагоды 40-годдзя кафедры харэаграфіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў — рэтраспектыва існавання і дзейнасці кафедры, адлюстраванне яе дасягненняў і адкрыццяў новых імёнаў у айчыннай культуры. Выстаўка ладзіцца ў межах XXV юбілейнага фестывалю мастацтваў «Артмажор».

Дзеля чаго: У экспазіцыі прадстаўлены фотаздымкі, якія адлюстроўваюць гісторыю станаўлення кафедры і яе жыццё сёння, сцэнічныя касцюмы і эскізы ў выкананні вядомага беларускага мастака Юрыя Піскуна, афішы. Арганізатары экспазіцыі адзначаюць, што выстаўка мае вялікае значэнне не толькі для супрацоўнікаў, але і для студэнтаў, якія могуць прасачыць эвалюцыю прыярытэтаў і скіраванняў кафедры.

Чаму ісці: Кафедра харэаграфіі з’яўляецца вядучым адукацыйным, навукова-даследчым і творчым цэнтрам па падрыхтоўцы спецыялістаў у галіне харэаграфічнага мастацтва, таму на выстаўцы можна ўбачыць самыя розныя сцэнічныя касцюмы: ад аўтэнтычных да сучасных, многія з якіх захаваліся са стварэння кафедры і былі адзначаны на розных міжнародных фестывалях.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».